Вы тут

Як святкуюць Новы год у жаночай калоніі


Гэта пяты Новы год, які Наталля сустракае далёка ад сям'і. У гэтае свята яна ўкладвае вялікія надзеі — у 2018-м у яе ёсць шанц датэрмінова вызваліцца:

— Кожнае першае студзеня думаеш: сёлета ўсё будзе лепей...


* * *

ПК-24 — былая ваенная часць СССР — існуе амаль чвэрць стагоддзя на тэрыторыі Рэчыцкага раёна. Невялікі квадрат зямлі, акружаны лесам, сёння трымае больш за тысячу зламаных лёсаў. Зламаных мінімум двойчы. Тут знаходзяцца жанчыны, якія неаднаразова траплялі ў месцы пазбаўлення волі. Туманная дажджлівая раніца наганяе на гэтае месца яшчэ больш тугі.

Дзмітрый Палын, намеснік начальніка па папраўчым працэсе, працуе тут з 1999 года. За гэты час падпалкоўнік унутранай службы, які пабачыў нямала горкіх жаночых лёсаў, вызначыў тры ключавыя прынцыпы сваёй працы: законнасць, гуманнасць, справядлівасць.

— Тут знаходзяцца розныя катэгорыі асуджаных, — расказвае Дзмітрый Палын, праводзячы экскурсію па тэрыторыі ПК. — Самая распаўсюджаная — па артыкуле 174 Крымінальнага кодэксу — абавязаныя асобы (тыя, хто пазбаўлены бацькоўскіх правоў і ўхіляецца ад выплат на ўтрыманне дзяцей). Таксама нярэдка сюды трапляюць з-за бытавых злачынстваў. Часцей за ўсё ў дачыненні да сужэнцаў.

Дзмітрый Паўлавіч выводзіць мяне праз прапускны пункт у прасторны і выбелены туманам двор. Па розных яго кутках віднеюцца скапленні сініх паліто. Гэта тыя, хто будзе працаваць у другую змену. З самай раніцы жанчыны нетаропка вырашаюць бытавыя пытанні: ідуць па пакупкі ў мясцовы магазін, мяняюць пасцельную бялізну, кураць і балбочуць пра тое-сёе.

* * *

У гэты час першая змена ўпарта працуе. Перадавіцы швейнай вытворчасці, дарэчы, зарабляюць да 600 рублёў у месяц. Шыццём віды работ не абмежаваныя: у калоніі вырабляюць паштовыя канверты, драўляныя паддоны, вяжуць банныя паясы і выпякаюць хлеб. Тут усе працаўладкаваныя, акрамя пенсіянераў і інвалідаў І і ІІ груп.

— Штогод пяць—шэсць абавязаных асоб цалкам пагашаюць свае запазычанасці, якія часам дасягаюць 500 «старых» мільёнаў, — расказвае Дзмітрый Паўлавіч, пакуль мы рушым у жылую зону...

* * *

Доўгія жоўтыя калідоры былой казармы нагадваюць школьныя. Гірлянды і мішура, святочныя насценгазеты і выразкі, ёлка і агеньчыкі — усё крычыць пра набліжэнне Новага года. Не даюць забываць, дзе ты знаходзішся, толькі песні Ірыны Круг, якія даносяцца здалёк.

— Паглядзіце, якая далей прыгажосць! Вельмі вялікая прыгажосць! Усё сваімі мазалямі! Вельмі вялікая прыгажосць! Усё сваімі мазалішкамі! — перабівае Ірыну Круг жанчына гадоў пяцідзесяці з цыганскім акцэнтам і запрашае паглядзець на ўбранне пакоя, дзе спяць асуджаныя.

На столі вісяць самаробныя гірлянды з ваты, на сценах — прылепленыя надпісы «2018» і «З Новым годам!», папяровы сабачка. Практычна кожная дэкарацыя пранумаравана. У ПК-24 традыцыйна праходзіць конкурс упрыгажэнняў. Надпіс «тры» каля папяровага Дзеда Мароза паказвае, што гэта праца трэцяга атрада.

Цяпер тут упрыгожана ўсё — ад бібліятэкі да медчасці. Падрыхтоўка да свят пачынаецца з сярэдзіны снежня. Але дэкарацыі — толькі частка стварэння навагодняй атмасферы.

— Нядаўна асуджаныя запісалі відэавіншаванне на дысках і адправілі сваім родным, у тым ліку і дзецям. Адна запрасіла Дзеда Мароза і Снягурку на спатканне са сваім дзіцем, — расказвае Дзмітрый Палын. — Раней праводзілі акцыю «Дарослы свет дзяцінства» сумесна з рэчыцкім домам-інтэрнатам, дзе знаходзіліся дзеці нашых асуджаных. Прывозілі дзятву сустрэцца з мамамі.

* * *

Падчас экскурсіі па калоніі да Дзмітрыя Паўлавіча раз-пораз падбягаюць асуджаныя і ўдакладняюць дэталі падрыхтоўкі навагодніх нумароў — да 31 снежня тут ладзяць канцэрт з песнямі, танцамі і тэатральнымі пастаноўкамі. Адпраўляемся на яго рэпетыцыю.

У актавай зале група мілых дзяўчат з прыгожымі ўсмешкамі танцуе пад Dеsрасіtо, атрымліваючы ад гэтага задавальненне. На тры хвіліны і 47 секундаў забываю, дзе знаходжуся. Потым асуджаныя выконваюць традыцыйныя навагоднія песні, сярод якіх «аббаўская» Hарру Nеw Yеаr. Усё як і па той бок.

* * *

31 снежня ў калоніі выхадны. Але гэта не значыць, што жанчыны адпачываюць у ложках цэлы дзень. З раніцы — выхаваўчыя мерапрыемствы (гутаркі і трэнінгі), да вечара — канцэрт, гатаванне ежы. Кожная прадумвае сабе касцюм. Робіцца гэта з перадсвяточным хваляваннем. У Новы год адбой замест 22.00 — у гадзіну ночы. Апоўначы ўсе слухаюць прамову Прэзідэнта, загадваюць жаданні, глядзяць навагоднія канцэрты і віншуюць адзін аднаго. Пад'ём 1 студзеня а 9-й раніцы замест 6-й.

Вольга сустракае тут Новы год другі раз.

— Для мяне гэта сямейнае свята. Мы заўсёды збіраліся ў бацькоў: жарты, весялосць, падарункі, пах мандарынаў... Мае любімыя фільмы — «Карнавальная ноч» і казка «Марозка». Яны нагадваюць пра дзяцінства... — настальгічна расказвае яна. — Тут мы гатуем тарты, салацікі — збіраемся за агульным сталом. Дзелімся ўспамінамі. Хтосьці ледзь ёлку не падпаліў, нехта раней часу знайшоў падарунак — гісторыі заўсёды звязаныя з дзяцінствам, з нечым цёплым і прыемным.

— Думалі ўжо, як сустрэнеце першы Новы год на волі? — пытаюся.

— Я жыву адным днём, не думаю пра гэта. У мяне тэрмін — 13 гадоў, а сяджу толькі тры. Калі выйду адсюль, мне будзе 47. Проста не хачу пра гэта думаць. Калі і пачынаю марыць, мне становіцца вельмі сумна, таму абсякаю сябе.

Наталля — актывістка тутэйшага «творчага свету» — пастаянна ўдзельнічае ў спектаклях, канцэртах і конкурсах. Звычайна яна іграе маладую дзяўчыну, якая хоча чагосьці дасягнуць у жыцці альбо вырашае пэўную праблему. У рэальнасці ў яе, як і ва ўсіх тут, адна праблема.

— Гэта пройгрыш у жыцці. Я спрабую неяк рэанімавацца тут, — яна не падымае ад падлогі вялікіх бліскучых вачэй. 2018-ы дае дзяўчыне шанц выйсці датэрмінова. Наталля марыць абняць маму, а таксама стварыць сваю сям'ю. — Дома чакаюць. Нягледзячы ні на што, там мы любімыя.

Навагодніх пасылак ад родных заўсёды чакаюць з асаблівым хваляваннем. Перадачы звычайна напаўняюцца ласункамі і іншымі прысмакамі, прыгожымі рэчамі.

* * *

І Наталля, і Вольга апынуліся тут праз захапленне наркотыкамі: «хацелася зрабіць сваё жыццё ярчэйшым». Цяпер жанчыны накіроўваюць сваю энергію ў творчасць. Маладосць патрабуе яркіх фарбаў.

А вось Любоў Яфімаўна — «бабуля — божы дзьмухавец» — у свае 74 хоць і хваліцца здароўем, але Новы год сустракае непрыдзірліва. — Накушаюся, і ўсё! — задаволена расказвае яна.

Так, пачуўшы пра святочнае меню ў ПК-24, я нават пазайздросціла.

— Да Новага года ў нас будзе бульбяная бабка, рыба смажаная, саленні, рысавая запяканка з тварагом. Усё як звычайна, паўнавартасны рацыён, — расказалі супрацоўніцы тутэйшай сталовай.

Пакуль я думаю пра бульбяную бабку, Любоў Яфімаўна працягвае:

— Тут я амаль чатыры гады. Нават сяброўку няможна знайсці, людзі вельмі цяжкія, хлусы ўсе, — кажа яна, моцна спяшаючыся, нібы баіцца, што не дадуць усяго выказаць. — У мяне пяцёра дзетак, усе ад аднаго мужа. Ён быў непапраўны. Біўся. Але цярпела. Аднойчы ўдарыў мяне стульчыкам. За ягонае забойства далі два гады. Выйшла. Мяне пачаў моцна біць адзін з сыноў. Сказала яму: яшчэ раз кранеш — я цябе заб'ю... Вось і забіла, — усё цішэй расказвае бабуля.

На пытанне аб тым, ці верыць яна ў цуды, Любоў Яфімаўна адказвае станоўча.

— Я хачу, каб быў мір на зямлі. Асабліва ў Беларусі. Колькі людзей пацярпела ў вайне (Вялікай Айчыннай. — Аўт.)! Каб усе дружненька жылі, вучыліся, адно аднаго не крыўдзілі, — нараспеў кажа бабуля і робіцца весялейшай.

— А сабе чаго жадаеце? — пытаюся.

— Пажыць у сваім доме. Я аптыміст.

Напэўна, тут нельга не быць аптымістам.

* * *

Наогул, жыццё ў ПК-24 набліжана да звычайнага і звязанае з ім. Гэта выяўляецца не толькі ў святкаванні Новага года. Тут знаёмяцца з процілеглым полам — па перапісцы. Жэняцца — часта ненадоўга. Чытаюць — класіку, гістарычную і дзіцячую літаратуру, часопісы аб падарожжах. Атрымліваюць адукацыю — наладжаны псіхалагічныя, цырульніцкія і камп'ютарныя курсы. Гуляюць у валейбол і бадмінтон. Пішуць іконы, вершы і прозу. Бяруць удзел у конкурсах талентаў. Спальваюць пудзіла зімы на Масленіцу. Любяць і мараць. Вераць у цуды.

Дар'я СПЕВАК

dаshаsреvаk@gmаіl.соm

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Бульбяная бабка і вера ў лепшае

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.