Вы тут

Названы пераможцы конкурсу сярод маладых навукоўцаў


Нацыянальная акадэмія навук і Алфёраўскі фонд назвалі пераможцаў конкурсу сярод маладых навукоўцаў 2017 года.


Прэмія ў галіне фізікі, матэматыкі, інфарматыкі, фізіка-тэхнічных і тэхнічных навук прысуджана старшаму навуковаму супрацоўніку Інстытута фізікі імя Б. І. Сцяпанава НАН Беларусі, кандыдату фізіка-матэматычных навук Аляксандру МІХАЛЫЧАВУ за работу «Новыя метады квантавай інфарматыкі». Фактычна размова ідзе пра цыкл работ, якія адносяцца да кірунку сучаснай навукі, што развіваецца найбольш імклівымі тэмпамі. Пераможца атрымаў вынікі, якія істотна пашырылі патэнцыял квантавых метадаў апрацоўкі і перадачы інфармацыі. Ён мае каля сямі дзясяткаў публікацый, у тым ліку ў вядучых замежных высокарэйтынгавых навуковых часопісах, шмат выступленняў на міжнародных форумах і канферэнцыях. Вынікі навуковай дзейнасці маладога вучонага былі ўключаны ў «ТОП 10 фундаментальных вынікаў навуковых даследаванняў вучоных НАН Беларусі 2016 года» і ўжо знайшлі прымяненне пры выкананні шэрагу міжнародных праектаў.

Прэмію ў галіне біялогіі, хіміі, медыцыны, аграрных навук і навук аб Зямлі было вырашана прысудзіць малодшаму навуковаму супрацоўніку хімічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Яўгену Бандарэнку за работу «Эфект гіганцкага квантавага выхаду фотатоку ў электрахімічных працэсах на нанаструктураваных паўправадніковых плёнках оксасульфіду вісмуту». Даследчыку ўдалося ўстанавіць унікальную з'яву ў фотаэлектрахіміі паўправаднікоў — генерыраванне фотатоку з анамальна высокім значэннем квантавай эфектыўнасці, якая дасягае некалькі тысяч працэнтаў. Малодшы навуковы супрацоўнік хімічнага факультэта БДУ з'яўляецца аўтарам 12 навуковых работ (з іх дзве былі апублікаваныя ў замежных часопісах), двух артыкулаў у зборніках работ і васьмі тэзісаў канферэнцый.

Дыпломы лаўрэатам прэміі будуць уручаны напярэдадні Дня беларускай навукі. Памер прэміі ў кожнай з намінацый складае ў беларускіх рублях суму, эквівалентную 2,5 тысячы долараў.

Прэмія НАН Беларусі і Алфёраўскага фонду за навуковыя работы і вынаходніцтвы, якія маюць важнае значэнне для фундаментальнай і прыкладной навукі, была заснавана ў 2014 годзе ў мэтах заахвочвання маладых (да 35 гадоў) беларускіх вучоных. Гэтая ініцыятыва належыць нобелеўскаму лаўрэату, віцэ-прэзідэнту Расійскай акадэміі навук, замежнаму члену НАН Беларусі, акадэміку РАН Жарэсу Алфёраву. Згодна з Палажэннем, удзельнічаць у конкурсе можа адзін аўтар або група аўтараў у складзе не больш за тры чалавекі.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkаlаеvа@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Фаварыты Алфёраўскага фонду

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?