Вы тут

Дэкрэт аб развіцці прадпрымальніцтва ёсць. Ці будзе клімат?


Расстаноўка прыярытэтаў часта адбываецца пасля таго, як негатыўныя сцэнарыі ўжо спраўдзіліся. У перыяд глабальнага эканамічнага крызісу і нестабільнасці сусветных рынкаў у Беларусі павольна, але паслядоўна пазбаўляюцца ад усяго лішняга і, здаецца, зноў адшукалі кропкі росту. Раптам стала відавочна, што краіна не з'яўляецца турыстычнай Меккай, у яе няма выхаду да мора, няма і вечнай крыніцы вуглевадародаў. Лагічна, што стаўку зрабілі на прыцягненне інвестыцый. І праўда, лепш ужо позна, чым ніколі. Аднак перш чым, і для таго, каб іх прыцягнуць, трэба стварыць адпаведны дзелавы клімат. Увесь 2017 год рабіліся захады па разняволенні бізнесу. За арыенцір узялі прыклад Еўропы, дзе малыя і сярэднія прадпрыемствы ствараюць каля 50 % ВУП. У Беларусі гэтая лічба амаль удвая меншая, але на бізнес ускладаюцца вялікія надзеі і яго вызначаюць асноўным драйверам росту нашай эканомікі на будучыню. Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка ў канцы лістапада падпісаў дэкрэт № 7 «Аб развіцці прадпрымальніцтва». Ключавы дакумент аб лібералізацыі і паляпшэнні бізнес-клімату прадугледжвае кардынальнае змяненне сумеснай работы дзяржаўных органаў і бізнесу, памяншае верагоднасць умяшання службовых асоб у работу прадпрымальнікаў. Але ці азначае гэта, што беларускі бізнес ужо сёлета запрацуе ў поўную сілу, без страхаў і асцярог?


У барацьбе за інвестара

Старшыня прэзідыума Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Уладзімір Карагін неаднаразова заяўляў, што ўдзел у распрацоўцы пакета дакументаў па лібералізацыі бізнесу Беларусі — значнае дасягненне для бізнес-асацыяцый. Спектр пытанняў быў настолькі вялікі, што прыняцце пакета дакументаў неаднаразова адкладвалася. Першапачаткова было даручана прапрацаваць гэтае пытанне да сакавіка. Прамаруджванне паўплывала на рэйтынг Dоіng Busіnеss — 2018. Беларусь спусцілася з 37-га на 38-ы радок сярод 190 дзяржаў. Зніжэнне звязана з тым, што іншыя краіны правялі больш актыўныя рэформы. Разам з тым у гэтым рэйтынгу краіна за дзесяць гадоў добра прасунулася. Дыялог паміж бізнесам і ўладай атрымліваецца ўсё больш канструктыўны. Ёсць спадзяванне, што Беларусь праз некалькі гадоў зможа апынуцца на 10-м месцы.

А што на выхадзе?

Да чаго ж прыйшлі бізнесмены і дзяржаўныя чыноўнікі ў фарміраванні дзелавога асяроддзя. Дэкрэт № 7 — як ключавы дакумент усяго пакета нарматыўных прававых актаў па спрашчэнні ўмоў вядзення бізнесу сістэматызуе ўсе падпісаныя раней дакументы. Ён ахоплівае сферы, у якіх засяроджана каля 95 % малога і сярэдняга бізнесу. Дзякуючы бонусам дэкрэта для таго, каб пачаць шэраг відаў дзейнасці, дастаткова падаць адзінае апавяшчэнне ў выканкам праз службу «адно акно» або з дапамогай партала электронных паслуг. Працаваць можна будзе ўжо на наступны дзень. У сферах грамадскага харчавання, бытавога абслугоўвання і гандлю прадпрымальнікі могуць усталёўваць рэжым працы без узгаднення з органамі ўлады. Таксама яны могуць вызначаць асартыментныя пералікі, парадак афармлення і ўліку рахункаў пры разліках з афіцыянтамі. Няма неабходнасці ў вырабе пячаткі пры рэгістрацыі камерцыйнай арганізацыі. Скарачаецца колькасць пажарных, санітарна-эпідэміялагічных, экалагічных, ветэрынарных патрабаванняў. Спрашчаецца магчымасць міжнародных аўтамабільных перавозак — афармленне дарожных лістоў сыходзіць у мінулае. Інтэрнэт-крамам сёлета дадзена права прымяняць спрошчаную сістэму падаткаабкладання. Акрамя таго, караць прадпрымальнікаў абяцаюць не так жорстка — суразмерна характару здзейсненага суб'ектам гаспадарання правапарушэння і яго наступстваў.

На думку бізнесу асцярогі ўсё яшчэ выклікае магчымасць для росту падатковай нагрузкі. Акрамя таго, дзелавая супольнасць не атрымала інстытут бізнес-амбудсмена.

Тэма прыватызацыі (у тым ліку і ў дачыненні да аб'ектаў, якія не выкарыстоўваюцца) — таксама не раскрыта. Арэнда плошчаў усё яшчэ застаецца замацаванай за курсам замежных валют, а не за беларускімі рублямі, што з'яўляецца важнай праблемай у першую чаргу для развіцця малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў краіне.

Разам з тым Савет па развіцці прадпрымальніцтва ўжо працуе над карэкціроўкай Падатковага кодэкса. Старшыня Савета Аляксандр Турчын адзначыў, што вялікая работа будзе праведзена па яго адаптацыі. Рабочая група ва ўрадзе створыцца ўжо ў студзені. Да 1 верасня дакумент павінен быць гатовы. Як расказаў міністр па падатках і зборах Сяргей Налівайка, у краіне да 2020 года ўведзены мараторый на павышэнне падатковых ставак і ўвядзенне новых падаткаў, але пры гэтым захавана індэксацыя. На яго думку, хваляванне з нагоды таго, што гэта стане шчылінай для павышэння падатковай стаўкі, неапраўданае. Ён нагадаў, што індэксацыя вызначаецца паводле працэнту інфляцыі.

Дзелавы аптымізм

Выканаўчы дырэктар аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Яраслаў Раманчук, які з'яўляецца членам Савета па развіцці прадпрымальніцтва пры Прэзідэнце, адзін з тых, хто праводзіць вымярэнне індэкса дзелавога аптымізму ў Беларусі. Гэты паказчык разлічваецца на базе апытання 500 індывідуальных прадпрымальнікаў, кіраўнікоў мікра-, малых, сярэдніх і буйных прыватных прадпрыемстваў Беларусі аб стане эканомікі і стане дзелавога клімату ў краіне. У верасні 2017 года даследаванне праводзілася ўжо ў 12-ы раз. Паводле вынікаў, значэнне індэкса павялічылася адносна папярэдняга перыяду, аднак застаецца ў зоне дамінавання «ўмеранага скептыцызму». На пытанне аб тым, ці задаволеныя яны станам дыялогу бізнесу і ўлады, толькі 9,7 % рэспандэнтаў адказалі станоўча, 69,8 % — адмоўна, астатнія ўстрымаліся. На думку апытаных, топ-5 асноўных праблем беларускага бізнесу застаюцца: немагчымасць планавання; залішнія адміністрацыйныя працэдуры; высокая падатковая нагрузка; несуразмернасць адміністрацыйных пакаранняў; дарагія крэдытныя рэсурсы. Магчыма, сёлета гэтыя індыкатары зменяцца ў лепшы бок, бо дзяржаўныя чыноўнікі паказалі сваю прыхільнасць да дыялогу з бізнесам.

Але ўжо цяпер становіцца зразумела, што пакет дакументаў аб разняволенні бізнесу не вырашае ўсе праблемы, а толькі задае вектар развіцця. Наперадзе яшчэ шмат працы. Добра было б, каб сувязь бізнесу і ўлады пры гэтым была бесперабойнай.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

krуzhеvісh@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Па ўсёй краіне наступіў час школьных базараў

Па ўсёй краіне наступіў час школьных базараў

Скідкі, растэрміноўкі і шырокі асартымент

Грамадства

Ча­му зні­кае ва­да з кра­наў

Ча­му зні­кае ва­да з кра­наў

Спё­ка — час для эка­но­міі ці па­лі­ву ага­ро­даў?

Грамадства

Водар лаванды вабіць на Веткаўшчыну

Водар лаванды вабіць на Веткаўшчыну

Як выглядае «беларускі Праванс», дакладна ведаюць жыхары глыбінкі Гомельскай вобласці.