Вы тут

Як любімыя ўсімі намі святы ў розны час адзначалі на Лідчыне


Сёння цяжка ўявіць Новы год без пухнатай ёлкі, рознакаляровых феерверкаў, паху мандарынаў, салаты аліўе і шампанскага. А між іншым, старэйшае пакаленне памятае, як у першы дзень календара ўсе дружна ішлі на работу, а святкаванне Новага года і Раства Хрыстовага ўвогуле было пад строгай забаронай...


Ма­лень­кім на­вед­валь­ні­кам да­зва­ля­юць па­ся­дзець у сан­ках, якія не­ка­лі вы­ра­біў май­стар ка­валь.

Каб пераканацца ў тым, як хутка мяняліся традыцыі, Лідскі гісторыка-мастацкі музей прапануе зазірнуць у «навагоднія» кватэры лідчан розных перыядаў ХХ стагоддзя. Вандроўку ў мінулае найбольш доўгачаканых і любімых у беларусаў свят здзейснілі і карэспандэнты «Звязды».

А пад ёлкай... дубчыкі

Фрагмент інтэр'ера лідскай кватэры пачатку ХХ стагоддзя сведчыць аб тым, што тут магла жыць заможная сям'я. Праўда, на яловых лапках не адшукаеш шыкоўных цацак і бліскучай мішуры. Навагодняе дрэва адлюстроўвае рэаліі таго часу. Замест цацак — бульба, морква, абаранкі, шышкі, драўляныя чалавечкі, пацеркі ручной работы. Апошнія, дарэчы, у якасці майстар-класа наведвальнікам прапануецца зрабіць тут жа. Звычайная вата і вада, з дапамогай якіх ствараецца эфект прыцярушанасці снегам, не папсуюць «імідж» і сучасных лясных прыгажунь.

Паколькі ў гэтай частцы экспазіцыі размова ідзе аб святкаванні Раства яшчэ да рэвалюцыі, то пад ёлкай можна ўбачыць не толькі падарункі. Святы Мікалай прыносіў дзецям і дубчыкі, якія ў павучальных мэтах прызначаліся для асабліва непаслухмяных.

— Я вельмі сумленны экспазіцыянер, таму выстаўка атрымалася праўдзівая, — пераканана куратар экспазіцыі, старшы супрацоўнік Лідскага гісторыка-мастацкага музея Таццяна НІКІФАРАВА. — Тут паказаны не толькі рамантычны характар даўно любімых намі свят, а і ўся праўда жыцця, якая была звязаная з імі. Многія, напрыклад, дагэтуль лічаць, што Кастрычніцкая рэвалюцыя наклала табу на святкаванне Раства Хрыстовага. Насамрэч, з мэтай ліквідаваць «усю Нямеччыну» (традыцыя ўпрыгожваць ёлку пайшла менавіта з Германіі) адзначаць свята і аздабляць яе сімвал забаранілі з пачаткам Першай сусветнай вайны. На вялікі жаль, рэвалюцыянеры гэту ідэю падтрымалі.

Замест духоўнасці — зімовыя забавы

Афіцыйнай падставай забароны святкаваць Новы год і Каляды стаў лозунг аб буржуазнасці ёлкі. Што ж людзям прапанавалі ўзамен? «Выходзьце на вуліцу, дыхайце паветрам, катайцеся на каньках і санках», — падобныя заклікі можна было ўбачыць не толькі ў газетах, а і на плакатах.

Лідчане актыўна падключыліся да моды на здаровы лад жыцця, аб чым сведчаць фотаздымкі 20-х гадоў мінулага стагоддзя. Адсюль мы, напрыклад, даведваемся, што акурат у сценах Лідскага замка быў каток, а на санках па заснежаных вуліцах месцічы каталі не толькі сваіх малых дзяцей, а і жонак.

— Здавалася б, што тут дрэннага? — разважае Таццяна Нікіфарава. — Але заклікаючы людзей да актыўнага ладу жыцця, іх вельмі элегантна пазбавілі не толькі святкавання Раства і Новага года, а і духоўнасці.

Сёлетняй зімой з асаблівай зайздрасцю і настальгіяй глядзіш на дзіцячыя каваныя санкі ручной работы і на канькі, якім ужо пад сто гадоў. Сярод апошніх ёсць нават двухпалозныя: прызначаліся для тых, хто толькі вучыўся стаяць на іх. Дарэчы, у экспазіцыі няма ніводнага навадзелу, усё арыгінальнае! Многія прадметы, якія вяртаюць нас у тую зімнюю эпоху, у музей прынеслі самі лідчане.

Стол з авоські і ватны Дзед Мароз

У канцы 1934 года публікацыя ў газеце «Правда» афіцыйна вярнула насельніцтву святкаванне Новага года. Раства Хрыстовага гэта, натуральна, не датычылася...

Нягледзячы на тое, што Новы год святкаваць было дазволена, ажно да 1954 года 1 студзеня заставалася працоўным днём. Не трэба забываць, што 1950-я гады — гэта эпоха мінімалізму. У авосьцы сямейнай пары, якая позна вечарам 31 снежня вяртаецца з работы, ляжаць тавары паўсядзённага ўжытку. Дэфіцыт быў не толькі харчовых тавараў, але людзі ўсё роўна хацелі свята, таму ўмелі радавацца малому. На стале — сціплы посуд, створаны на мясцовым шклозаводзе «Нёман». Пад пахай у гаспадара — ватны Дзед Мароз. Адсутнічаюць дарагія падарункі і пад ёлкай. Напэўна, для людзей, якія амаль на дзесяцігоддзе былі пазбаўлены навагодніх свят, інструкцыя па яе ўпрыгажэнні (яна таксама ёсць у экспазіцыі) выглядала не настолькі абсурднай, як цяпер.

Акурат у 1950—1960-я гады ў Савецкім Саюзе пачалі выпускаць шкляныя цацкі, якія сёння так цэняць калекцыянеры. Гэта былі своеасаблівыя мастацкія творы, створаныя рукамі майстроў, якія хутка замяніла канвеерная вытворчасць.

Спа­да­ры­ня Тац­ця­на не толь­кі пра­во­дзіць рэй па вы­ста­ве, але і на­ву­чае вы­раб­ляць па­цер­кі на ёл­ку са звы­чай­най ва­ты.

— Сучасныя дзеці вельмі здзіўляюцца, калі бачаць тагачасныя пасылкі: не ведаюць, што гэта такое, — расказвае куратар выставы. — Я пытаюся, ці ёсць у іх сваякі ў іншым горадзе. Безумоўна! Тады кажу, каб яны ўявілі, што, напрыклад, цётка ці бабуля даслала гасцінцы на Новы год, і прапаную зазірнуць у адну з такіх пасылак, дзе ляжаць невялікія падарункі, пячэнне, варэнне, вязаныя шкарпэткі...

Не зразумець сённяшняму пакаленню, якое штогод шчыруе ў новых уборах на ёлцы, і тагачасных навагодніх касцюмаў. Напрыклад, кажушок Снягуркі маці для дачкі магла пашыць за ноч: дастаткова было звычайнай белай прасціны, бітых ёлачных цацак ды ваты.

Пах маці і нямыя сведкі

У 1960-х Новы год святкавалі ўжо ў нашмат весялейшай абстаноўцы. Гэта адчуваецца і па яркім адзенні святкуючых, і па больш элегантнай мэблі светлага колеру, на якой стаяць дасягненні айчыннай электратэхнікі: прайгравальнік, партатыўны транзістар, знакамітая брытва «Харкаў», прас, пыласос. Прыкметы часу — нейлонавыя мужчынскія кашулі і першыя капронавыя панчохі. І, безумоўна, пахі: флаконы з адэкалонам «Шыпр», «Чырвоная Масква», «Трайны» вяртаюць наведвальнікаў у мінулае.

— Калі адной з наведвальніц я прапанавала панюхаць «Чырвоную Маскву», яна раптам адышла і расплакалася, — расказвае Таццяна Нікіфарава. — Я падумала, што чымсьці яе пакрыўдзіла. Аказалася, што гэта быў пах яе маці... А іншая жанчына шчыра ўзрадавалася, калі ўбачыла адрыўны каляндар са сваім годам нараджэння: тут яна ўпершыню даведалася, што нарадзілася не ў панядзелак, як казала ёй мама, а ў нядзелю.

Атмасфернай экспазіцыю робяць карціны на зімнюю тэматыку, створаныя лідскімі мастакамі ў розныя перыяды ХХ стагоддзя. Быццам нямыя сведкі, яны перадаюць тагачасную рэчаіснасць.

Не абышлося і без падтэксту: тут і намёк на «адлігу», і на тое, што было пасля. Дадаюць настрою і святочныя паштоўкі: ні ў адным электронным лісце не знойдзеш столькі шчырасці і цеплыні.

Віват Калядам і пратэст 1990-м

Менавіта ў разгар «адлігі», бліжэй да 1970-х, крыху прыадчынілі дзверы цэрквы і касцёлы. З таго часу падчас Раства вяскоўцы аднавілі калядныя вячоркі. У экспазіцыі — зімовы вазок, у якім калядныя прысмакі і музычныя інструменты, а таксама шархуны, што чаплялі на шыю коням.

Наўмысна згадваецца экспазіцыянерам і любімая ўсімі намі савецкая кінастужка «Іронія лёсу, або З лёгкай парай!». Гэта візітная карткА 1980-х. Шматлікія дарогі на карцінах нагадваюць аб тым, што акурат у той час была паднята жалезная заслона. Адных зацікавілі замежная культура і мастацтва, іншыя замест кніг і музыкі ўпадабалі наркотыкі, хтосьці ступіў на шлях інтэрдзяўчынак...

— Нягледзячы на тое, што дарогі адкрыліся вельмі розныя, прысутнічае тут намёк і на інтэлектуальныя 1980-я, — працягвае куратар выставы. — Бабінны магнітафон, а значыць запісы Высоцкага, творы Салжаніцына, шахматы, класічная музыка...

Якім чынам святкавалі Новы год і Каляды ў 1990-я, Таццяна Нікіфарава наўмысна не ўспамінае. Як і ўвогуле эпоху. Такі пратэст аўтара супраць таго часу. За малінавыя пінжакі, ланцугі на шыі, накачаныя мышцы, рэкет, за тое, што ў прыярытэце была жорсткасць...

Як адзначаюць Новы год і Каляды ў ХХІ стагоддзі, дастаткова зразумець дзякуючы тэматычным фотазонам, якія ў большасці нагадваюць нашы кватэры напярэдадні гэтых свят. Наведвальнік можа зрабіць тут не толькі навагоднюю фотасесію, але і проста адпачыць. Для самых маленькіх прапануюцца «заснежаныя» мультфільмы. Увогуле «Вельмі навагодняя выстава» атрымалася даволі інтэрактыўнай і тактыльнай. У адрозненне ад традыцыйнага «не дыхайце на шэдэўр», тут да ўсяго можна дакранацца рукамі, сесці за любы стол, паглядзець на канапе альбомы з зоркамі тагачаснага тэлеэкрана і адчуць сябе ўдзельнікам свята. Такая магчымасць ёсць яшчэ да 25 студзеня.

Вераніка КАНЮТА

kаnуutа@zvіаzdа.bу

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

г. Ліда

Загаловак у газеце: Вандроўка... у Новы год і Каляды

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».