Вы тут

Гісторыі, падобныя на казку


Часам людзі расказваюць такія рэчы, што міжволі ўсміхнешся і перапытаеш: «Няўжо так бывае»? Пераглядаю свае старыя запісы, інтэрв'ю і заўважаю, што ўжо назбіралася цэлая калекцыя рэальных гісторый, пасля якіх хочацца паверыць у цуды.\


Той самы цудадзейны Барысаў камень у Полацку. Фота носіць ілюстрацыйны характар.

Як зоркі сышліся

Аповеды пра тое, што ў бясплодных пар, пасля таго, як яны ўсынаўляюць дзяцей, нараджаюцца свае, даводзілася неаднойчы чуць у розных дзіцячых дамах. «Я адчыніла цудоўную патаемную дзверцу, за якой выдаюць дзяцей», — жартавала шматдзетная жанчына, якая пасля ўсынаўлення нарадзіла яшчэ трох малых. — І ўпэўненая, што менавіта прыёмны хлопчык, як магніт, прыцягвае да нас бусла».

Але часам адбываюцца і іншыя неверагодныя рэчы, калі здаецца, што нейкая найвышэйшая сіла клапоціцца пра пакінутых хлопчыках і дзяўчынках. Так, у адным сталічным дзіцячым доме пачула такую гісторыю. Неяк прыйшла да іх жанчына. Сказала, што свае дзеці выраслі і яна хоча ўзяць маленькую дзяўчынку. Пазнаёмілі яе з малымі, а кабета не верыць: «Няўжо ўсіх паказалі?» І тут успомнілі, што адна дзяўчынка ў ізалятары з вятранкай. Убачыла яе госця і адразу сказала, што будзе афармляць дакументы на ўдачарэнне, бо менавіта гэтае дзіця ёй прыснілася.

Здавалася, нешта неверагоднае адбываецца, калі вырашаўся лёс Ксюшы Савіцкай. Супрацоўнікі дзіцячага дома расказвалі, што адчуванне было, нібыта ўсе зоркі сышліся над гэтай дзяўчынкай. Ва ўстанове на той час знаходзілася больш за семдзесят дзяцей, але ўсім была патрэбна толькі Ксюша. Пры гэтым розныя людзі адначасова тэлефанавалі, цікавіліся, як справы ў дзяўчынкі. Штодзень да яе з падарункамі наведваўся адзін прафесар. Забраць малую ў прыёмную сям'ю хацела і жанчына, якая напярэдадні была на адным са свят у дзіцячым доме. А тут і родная маці дзяўчынкі аб'явілася, павінілася, што раней ёй было сорамна прыходзіць — не мела чаго прынесці. А цяпер яна вывучылася на кухара, працуе ў школьнай сталовай, афармляе адносіны з грамадзянскім мужам — надзейным, працавітым. «Як забяру Ксюшу, мы распішамся», — запэўнівала жанчына.

Праз нейкі час калектыў дзетдома ездзіў у Заслаўе на экскурсію, і раптам жанчына, якая яе праводзіла, пацікавілася пра Ксюшу Савіцкую. Аказалася, што паўтара года таму яна хацела забраць гэтую дзяўчынку, але муж выбраў іншую. Жанчына ўвесь час малілася, каб толькі ў Ксюшы ўсё было добра. Можа яе малітвы сапраўды былі пачутыя?

А вось наступная гісторыя, якую расказалі мне на Гомельшчыне, наогул нагадвае сюжэт з нейкага фільма. Ірына (імя зменена) цяжка перажыла трэція роды. Памятае, што ёй стала дрэнна, страціла прытомнасць, што пасля кесарава падпісвала нейкія паперы, што дзіця не выжыла... Але праз некаторы час жанчыне пачынае сніцца нябожчык бацька, які гаворыць: «Твой сын жывы»...

Прайшло некалькі гадоў. Ірына змяніла месца працы. І калі яна дабіралася да яго, праходзіла міма дзіцячага дома. Тут гулялі дзеці, і яна не магла адарваць вачэй ад аднаго з хлопчыкаў — так ён быў падобны на двух яе сыноў. Дзіця заўважыла доўгі позірк, павіталася, загаварылі. У наступныя дні хлопчык ужо сам пільнаваў, калі новая знаёмая будзе ісці з работы. Цяжка перадаць, што перажыла Ірына, калі высветлілася, што яе маленькі сябар з дзіцячага дома нарадзіўся ў той жа самы дзень і ў тым жа самым месцы, дзе ў жанчыны прайшлі трэція роды. Яна ўпэўненая, што сустрэла свайго сына, з якім яе разлучылі ў выніку нейкай страшэннай памылкі. І сёння, калі яны ўжо жывуць разам (жанчына забрала малога з дзетдома), ёй нічога не хочацца высвятляць, каб не расчаравацца ў сваім цудзе.

Цуд на Каляды

Многія людзі заўважаюць, што неверагодныя рэчы часта з імі адбываюцца менавіта пад Новы год і Каляды. Ці не таму, што ў гэтыя дні мы так чакаем цудаў, загадваем столькі жаданняў, якія, дарэчы, часта спраўджваюцца? А можа, у зімовыя святы мы проста больш уважлівыя да таго, што адбываецца з намі, а на рэчы, якія здараюцца ў іншы час, проста не звяртаем увагі?

Калі Таццяна Рыжкова на Каляды варажыла са сваімі сяброўкамі, ёй выпала, што на працягу года яна выйдзе замуж і народзіць дзіця. Яна толькі пасмяялася — надта ўжо хуткае развіццё падзей, тым больш што на той момант у яе нават хлопца не было. Але ўсё спраўдзілася. Варажба нават падказала імя жаніха. Дзяўчаты ставілі на стол паднос з вадой, клалі абапал паперкі з мужчынскімі імёнамі і запускалі лодачку, каб спынілася каля імя нарачонага. Таццяна разоў з сем раскручвала лодачку, але ўвесь час тая прычальвала каля аднаго і таго ж імя.

Аднойчы пад Новы год, калі дызайнер Эла Даурава гандлявала каляднымі сувенірамі, да яе падышла адна з былых кліентак і пахвалілася: «Ведаеце, летась мне прыснілася дзіця-анёльчык. На кірмашы я ўбачыла вашыя лялькі-анёлы — ну як з майго сну. Набыла адну цацку — і ў мяне насуперак усім дыягназам нарадзілася дзіця».

Калі Валерыю Свірыдаву сябры паклікалі на Каляды, яна спачатку адмовілася, а ў апошні момант спахапілася, абы як сабралася, выскачыла з дома і панеслася да аўтобуса. Але да сяброў яна так і не даехала. Паслізнулася. Незнаёмы хлопец, што стаяў на прыпынку побач, падхапіў, не даў упасці. Ці трэба гаварыць, што ён стаў яе мужам?

Вольга Бурык са сваім хлопцам нечакана рассталася 31 снежня. Усю навагоднюю ноч праплакала. А ўжо на Каляды пазнаёмілася з хлопцам, з якім шчасліва жыве сем гадоў. І яна ўпэўненая, што нічога ў жыцці не бывае выпадкова. Відаць, сварка з першым хлопцам была неабходная для таго, каб яна не прапусціла сапраўднае каханне.

Але нарачоных, аказваецца, можна і выпрасіць. Падчас экскурсіі па Полацку я звярнула ўвагу на шыкоўна апранутую жанчыну з яркім макіяжам, на высокіх абцасах. Бачна было, як той цяжка даецца дарога ў такім адзенні, асабліва, калі трэба было падымацца па прыступках да Барысавага каменя, які нібыта выконвае жаданні. Нават экскурсавод спыталася: «Вы ж ведалі, што давядзецца шмат хадзіць, чаму ж так апрануліся?» А турыстка адказала: «Я столькі гадоў была адзінокая. А калі ў мінулы раз прыязджала сюды, папрасіла ў каменя «хоць якога-небудзь мужчыну». І прыбіўся да мяне адзін, праўда, выпіць любіць. А цяпер я ў каменя хачу «заказаць» ужо нармальнага мужчыну».

А можа сапраўды, каб жыць у казцы, трэба ў яе паверыць?

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

dziadziula@zviazda.by

Загаловак у газеце: Так бывае, або Гісторыі, падобныя на казку

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.