Вы тут

Саша Нэма: Люблю дарыць жонцы кветкі


Саша Нэма станавіўся найлепшым беларускім поп-выканаўцам і нават змог трапіць у Кнігу рэкордаў Гінеса — за самы працяглы бесперапынны гастрольны тур. Ён раз'язджае з канцэртамі па ўсёй краіне, але самыя адданыя паклонніцы чакаюць яго дома: жонка Святлана і дочкі — 13-гадовая Аня і 5-гадовая Маша. Пра тое, як дзеці мяняюць сваіх бацькоў, дзеля якіх момантаў хочацца спяшацца з гастроляў дадому і ў чым роля таты, гутарым са спеваком.


«Сям'я — гэта пастаянны кампраміс»

— З жонкай вы пазнаёміліся яшчэ падчас вучобы ў Гродзенскім дзяржаўным каледжы мастацтваў. Памятаеце тую сустрэчу?

— Гэта было на фестывалі ў Навагрудку. Мы выступалі на адной сцэне: Света са сваім калектывам танцавала, а я спяваў. Потым два месяцы не мог яе знайсці. Я вучыўся на эстрадным аддзяленні, а жонка на харэаграфічным — а там усе дзяўчаты аднолькавыя: з зачасанымі валасамі, у чорнай форме... Пазней была студэнцкая дыскатэка. Калі заіграла павольная кампазіцыя, я ўзяў за руку першую дзяўчыну, што трапілася, і ёй аказалася менавіта Света. Вось так лёс звёў нас.

— Пэўна, першыя гады жылі сціпла?

— Калі мы пераехалі ў Мінск, у нас была торба з адзеннем, падушка, магнітафон і пяць долараў у кішэні. За кватэру першы час плацілі Свеціны бацькі. А я стараўся зарабіць як мог — спяваў на вяселлях, у рэстаранах. Не спяшаўся жаніцца, бо разумеў, што не магу яшчэ забяспечваць сям'ю з дзецьмі. Толькі калі адчуў, што моцна стаю на нагах, прапанаваў пайсці ў загс.

— Які перыяд у адносінах быў самы складаны?

— Не буду ўдавацца ў падрабязнасці, але здараліся моманты, калі ўсё вісела на валаску. Прызнаюся, 99 працэнтаў «касякоў» — мае. Мы дагэтуль разам дзякуючы жонцы. Я заўсёды ведаў, што гэта мой чалавек.

Мне здаецца, любы канфлікт павінен прайсці выпрабаванне часам. Мусіць узнікнуць паўза, каб усе бакі памаўчалі і ацанілі абстаноўку. Бо з гарачкі можна нагаварыць многа лішняга.

— Ваша жонка перастала даваць інтэрв'ю і не хоча быць публічнай. Чаму?

— У яе свае ўнутраныя правілы, забабоны, магчыма. Ёсць прыватная прастора, у якую не хочацца пускаць. Мы нават у сацыяльных сетках жывём паасобку. І пільна назіраем адно за адным (смяецца).

З жонкай Святланай Саша Нэма пазнаёміўся 18 гадоў таму.

— Калі адзін з сужэнцаў — публічны чалавек, складаней захаваць адносіны?

— Складаней, калі абое публічныя. Калі б мая жонка была спявачкай, шлюб цягнуўся б нядоўга. Для гэтай прафесіі характар павінен быць дастаткова дзёрзкі, і двум артыстам ужыцца ў адной прасторы, мне здаецца, нерэальна. Я не ведаю, як такія сем'і трымаюцца.

— Вы разам ужо 18 гадоў. У чым сакрэт?

— Сям'я — гэта пастаянны кампраміс. Як звядзенне песні: калі адзін інструмент глушыш, другі пачынае выбівацца, а трэба трымаць баланс. Інакш ніяк. І тое, што я не кожны дзень мазолю вочы дома і ў мяне ёсць прыватная прастора, каб працаваць, таксама адыграла ролю.

Трэба падтрымліваць адно аднаго. Хоча жонка адкрыць салон (і вашы фінансавыя магчымасці гэта дазваляюць) — калі ласка, няхай паспрабуе. Калі будзеш да ўсіх ідэй ставіцца скептычна, у чалавека апусцяцца рукі і знізіцца самаацэнка.

«Самыя складаныя канцэрты — у родным Слоніме» 

— Колькі дзён на год праводзіце на гастролях?

— Не лічыў, вельмі шмат. Але калі ты ў межах Беларусі, можна спакойна вяртацца начаваць дадому. Іншая справа, што ты а пятай раніцы прыязджаеш, да абеду спіш і з'язджаеш, так ні з кім не павітаўшыся. У гастрольную паўзу на пару дзён магу пагрузіцца ў студыйную работу.

Улетку спявак з сям'ёй выбіраецца на мора.

— Сям'я ходзіць на вашы канцэрты?

— Так, але я не люблю, калі мае блізкія знаходзяцца ў зале. Цяжэй працаваць. Самыя складаныя канцэрты для мяне — у родным Слоніме, хоць заўсёды ведаю, што будзе поўная зала. Падчас канцэрта я размаўляю з публікай: расказваю гісторыі, адказваю на пытанні. А калі ў зале сядзяць мама з татам, асабліва не развернешся (усміхаецца).

— Падчас канцэртаў вам перадаюць шмат запісак. Што ў іх? Паклонніцы прызнаюцца ў каханні?

— Некаторыя прапануюць стаць зяцем! Бываюць і падарункі, дзесьці наіўныя. Дзяўчаты хочуць вылучыцца, спадабацца і ў грымёрку што толькі не прыносяць: мяккія цацкі, шакаладкі, шампуні. А вось каб ключы ад «Бэнтлі» — такога не было. Праўда, я і не хацеў бы. Не ведаў бы, як рэагаваць. Не прывык да падарункаў.

— Жонка не раўнуе?

— Хто ж яе ведае — не прызнаецца. Істэрык ніколі не было. Можам нават пажартаваць з запісак. А як без паклонніц? Што я тады раблю на сцэне? У мяне канцэрт заканчваецца, і я яшчэ гадзіну не магу сысці са сцэны, бо не адмаўляю нікому ў аўтографах і фота.

Жонка мне давярае. Яна не тэлефануе па дзесяць разоў і не пытае, дзе я. Мне ў гэтым плане пашанцавала. А вось калі Света некуды выходзіць, я ёй праз кожныя пяць хвілін званю.

— Дзеля якіх момантаў спяшаецеся дадому?

— Калі вязу падарункі. Люблю рабіць сюрпрызы. На Восьмае сакавіка неяк жонцы машыну купіў. Апошнім часам мне падабаецца дарыць ёй кветкі проста так. Жонка настолькі радуецца букетам! Я заўсёды думаў, што гэта бессэнсоўна, але працуе — дазваляе зарабляць бонусы.

Кветкі з канцэртаў я дадому не вязу. Магу на запраўку любую заехаць і раздаць жанчынам.

«Добры тата — гэта нешта вельмі сентыментальнае»

— На сцэне ў вас вобраз хулігана. Дома вы такі ж?

— Не паверыце, але я магу нават прыборку зрабіць. Вельмі люблю чысціню. Я перфекцыяніст — у мяне ўсё павінна ляжаць роўненька. Не пачну працаваць, пакуль рэчы не на сваіх месцах. Магу а трэцяй гадзіне ночы прыехаць дадому і памыць посуд, хоць у нас ёсць пасудамыечная машына. Спадзяюся, жонка не прачытае, але мне падабаецца гэты занятак — такі момант медытацыі і рэлаксу.

— Дзеці мяняюць сваіх бацькоў?

— Адназначна. Яны выхоўваюць адказнасць. Стараешся пазбавіцца ад дурных звычак, каб быць для
дачок прыкладам. Такое адчуванне, што разам з дзецьмі ты пражываеш яшчэ адно жыццё. Я зноў у маленстве — мне цяпер 13 і 5. Гэта вялікае шчасце. Не ўяўляю, як дарослыя жывуць без дзяцей.

— Хто больш строгі — вы ці жонка?

— Я. Святлана спрабуе быць строгай, але дочкі не слухаюцца, бо мама заўсёды побач. Часта добрым матыватарам для дзяцей становіцца фраза: «Я зараз патэлефаную тату». Але пытанне павышанага тону ў сям'і не стаіць. За 18 гадоў сумеснага жыцця моманты, калі хтосьці прыкрыкнуў, можна па пальцах пералічыць. Таму дзеці і ў садку не змаглі знаходзіцца: выхавацелі не заўсёды захоўваюць спакой.

— У вашай сям'і часта гучыць слова «нельга»?

— Вельмі рэдка. Бо калі штосьці забараняць, дзіця будзе настойліва спрабаваць гэта зрабіць. А так цікавасць знікае імгненна. І бацькі нервы не трацяць.

— Вы казалі, што любіце рабіць падарункі. Дзеці не растуць разбалаваныя?

— Не. У дачок ёсць гіраскутары, планшэты, гульнявыя кансолі, але гэта ўсё не надта запатрабавана. Я іх у большай ступені для сябе купляў (смяецца). Старэйшая вельмі перажывае, калі ёй прыходзіцца прасіць у мяне грошы. Разумее, што тата працаваў, каб іх зарабіць. Грошы я ёй закідваю на банкаўскую картку. Няхай лепш так: я магу кантраляваць, дзе і за што дачка заплаціла.

— Чытала, што на вас ляжыць клопат пра школу, урачоў...

— Я такі сямейны адміністратар. Мая жонка без паняцця, якога чысла плаціць за святло і тэлефон. Таму ўсё на мне. Нават з участковай медсястрой знаёмы.

— У чым бачыце ролю таты?

— Быць стрыжнем, апорай. Добры тата — гэта нешта вельмі сентыментальнае: ён — і мяккі, і моцны адначасова. Ён як добры чараўнік, які незразумела як, але вырашыць любое пытанне.

«Разам з дзецьмі ты пражываеш яшчэ адно жыццё. Я зноў у маленстве — мне цяпер 13 і 5».

«Усе важныя рашэнні прыняў дзякуючы парадам Светы»

— Што слухаюць вашы дзеці?

— Не ведаю. Старэйшая дачка ў навушніках пастаянна. Натуральна, ім даводзіцца і маю музыку слухаць. Калі езджу ў машыне, часта ўключаю новыя песні і аналізую іх: ці не трэба дапрацаваць? Дома гучаць замежныя кампазіцыі — жонка любіць. А я стараюся меней упускаць у сваё жыццё чужой музыкі, якая мне падабаецца, бо воляй-няволяй пачнеш капіраваць.

— Кім дочкі хочуць быць?

— Старэйшая шэсць гадоў займалася мастацкай гімнастыкай, і былі добрыя дасягненні на рэспубліканскім узроўні. Але мы зразумелі, што ў дачкі няма дзяцінства. І вучыцца яна не паспявала. Таму скрозь слёзы вырашылі, што з гімнастыкай трэба заканчваць. Тым больш у сучасным спорце столькі несправядлівасці і падману. У дачкі толькі ў гэтым годзе былі першыя паўнавартасныя летнія канікулы. Цяпер Аня займаецца танцамі ў студыі. Ёй падабаецца хіп-хоп, вог. На танцы не так шмат часу ідзе, і ў гэтым больш імправізацыі і творчасці.

А малодшая Маша вельмі любіць жывёл. Гэтым яна пайшла дакладна не ў тату: я баюся ўсяго, што большае за хамяка (усміхаецца).

— Як любіце адпачываць сям'ёй?

— Калі ёсць некалькі вольных дзён, едзем да бацькоў у вёску. Любім на каток схадзіць ці ў парк. А летам выбіраемся на мора. Света мая загарае, а я з дзецьмі бегаю, бо не магу доўга ляжаць на сонцы.

— Адна з вашых апошніх песень называецца «Трэба нешта мяняць». А вы хацелі б штосьці памяняць у сваім жыцці?

— Кожны прыходзіць да нейкага этапу, калі трэба выбірацца з зоны камфорту, каб рухацца далей. Мяне падштурхоўвае жонка: усе глабальныя рашэнні, нават будаўніцтва ўласнай студыі, я прыняў дзякуючы яе парадам. Пастаянна прыходзіцца нешта мяняць у сваім жыцці, каб дасягнуць большага.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubnеuskауа@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ігар Петрышэка: «ЦТ — спаборніцтва, і перамога ў ім павінна быць чэснай!»

Ігар Петрышэка: «ЦТ — спаборніцтва, і перамога ў ім павінна быць чэснай!»

Сацыяльнае дыстанцыраванне і напаўняльнасць да 50 чалавек — такія патрабаванні да аўдыторый ЦТ.

Культура

22 чэрвеня 1941 года раздзяліла жыццё беларусаў на «да» і «пасля»

22 чэрвеня 1941 года раздзяліла жыццё беларусаў на «да» і «пасля»

Яны яшчэ не ведалі, што наперадзе — доўгія тры гады жыцця пад акупацыяй. 

Грамадства

Ва ўсім вінаваты... заяц. Як не падхапіць інфекцыю на прыродзе і падчас сельгасработ

Ва ўсім вінаваты... заяц. Як не падхапіць інфекцыю на прыродзе і падчас сельгасработ

Выпадак захворвання тулярэміяй зарэгістраваны ў чэрвені.