Вы тут

15 імгненняў «Еўрабачання»


Міжнародны конкурс песні «Еўрабачанне», удзел у якім на цяперашні момант пацвердзілі 43 краіны ад Аўстраліі да Швейцарыі, стане 63-м па ліку. Беларусь жа выступіць на шоу 15-ы раз. 15 — яшчэ не юбілей, але ўжо і не маленькая дата. Пакуль інтрыга вакол артыста або калектыву, які прадставіць нашу краіну ў Партугаліі, яшчэ толькі вырашаецца, «Звязда» згадвае найбольш яркіх і запамінальных, кожнага на свой лад, удзельнікаў нацыянальных адбораў мінулых гадоў.


Першыя ластаўкі

Як бы ні ацэньвалі выступленне сёння, Саша Кірсанава і Канстанцін Драпеза з дуэта «Аляксандра і Канстанцін» назаўжды ўвайшлі ў гісторыю як нашы піянеры на еўравізійнай сцэне. Безумоўна, мы падсвядома марылі адразу трапіць у дамкі, таму ўскладалі на канкурсантаў асаблівыя надзеі і чакалі ад іх занадта многа... І ўсё ж дэбют прынёс як мінімум арганізацыйную карысць — напрыклад, даў зразумець, што патрэбны PR-падтрымка, актыўныя стасункі з прэсай і што наогул дробязяў у падрыхтоўцы артыстаў не бывае (згадаць хоць бы злашчасныя турэцкія кандыцыянеры, з-за якіх наша спявачка страціла голас напярэдадні выступлення).

...Яшчэ адной прыкметнай з'явай самага першага нацыянальнага адбору стаў Аляксандр Саладуха. Будзем шчырымі, вельмі нямногія помняць, хто яшчэ быў у фінале ў той год, але большасць з вас лёгка напяе пару слоў на рускай ці англійскай з саладухаўскага хіта «Не перажывай» («Take іt easy guy»). Больш за тое, адным гэтым выхадам артыст прымусіў успамінаць пра сябе 10 гадоў, а потым зноў падагрэў інтарэс публікі, зняўшыся ў адборачным прома-роліку «Еўрабачання» ў вобразе гіганцкага каляровага матылька.

Што занадта...

У 2005-м пераможца нацыянальнага адбору Анжаліка Агурбаш вырашыла ўлічыць мінулы няўдалы вопыт і зрабіць усё па найвышэйшым разрадзе, дорага і з прыцягненнем міжнародных спецыялістаў. Конкурсную песню спявачка мяняла тройчы, абраўшы ў выніку кампазіцыю грэчаскіх аўтараў, прадзюсарскую падтрымку ёй аказваў кароль расійскай поп-сцэны Філіп Кіркораў, прома-тур ахапіў 26 краін. Выдаткі толькі на сцэнічны ўбор-трансформер ад Валянціна Юдашкіна склалі каля 40 тысяч долараў, а ўся еўравізійная кампанія абышлася ў некалькі мільёнаў — касмічная нават для дакрызісных часоў сума. Але вынік — 13-е месца ў паўфінале — безумоўна, не парадаваў ні саму Анжаліку, ні яе мужа-спонсара, ні беларускіх гледачоў.

А вось у 2013-м зварот да замежнай творчай каманды (бельгійскі кампазітар, грэчаскія стылісты, здымкі кліпа ў Турцыі, запіс песні ў Лондане, і г. д.) і значныя фінансавыя ўліванні ў «Еўрабачанне» сябе апраўдалі. Хоць памятная бліскучая міні-сукенка Алены Ланской, упрыгожаная стразамі Свароўскі, каштавала «ўсяго» 10 тысяч еўра, але спявачка з немудрагелістай, лёгка запамінальнай песенькай «Solayoh» упэўнена заняла 16-ю прыступку ў фінале конкурсу. Відаць, не сукенкай адзінай зачапіла беларуская артыстка пераборлівую еўравізійную публіку?

Зоркі сышліся

Дзмітрый Калдун, які прадставіў нашу краіну на «Еўрабачанні-2007», запомніўся не толькі як самы паспяховы за ўвесь час беларускі канкурсант (6-е месца ў фінале). Яму нейкім містычным чынам шанцавала ўсю дарогу. Так, ледзь паспеўшы падаць заяўку на праслухоўванне, спявак быў дапушчаны ў фінал адбору авансам, там вымушаны быў яшчэ раз тэрмінова змяніць песню і феерычна абышоў сапернікаў, у тым ліку папулярную спявачку з Расіі Дзіяну Гурцкую. Пасля Калдуна «дзялілі» паміж сабой два расійскія прадзюсары, Віктар Дробыш і Філіп Кіркораў, перасіліў у выніку апошні — і менавіта дзякуючы яму наш артыст атрымаў новы яркі вобраз, песню, кліп і сцэнічную харэаграфію.

А яшчэ — і гэта для нашых унутраных адбораў з'ява рэдкая — Дзмітрый умудрыўся заваяваць сімпатыі ўласна беларускіх гледачоў. Вакол яго хадзіў выключна «белы» піяр, яму шчыра зычылі поспеху, яго праводзілі і сустракалі ў аэрапорце не толькі дзяўчаты з фан-клуба, а дзясяткі паклоннікаў конкурсу... Што гэта, калі не тая самая магія, пра якую ішла гаворка ў песні Калдуна?

Узяць такую ж светлую і ўзнёслую ноту ўдалося толькі праз 10 гадоў — нашым леташнім прадстаўнікам «Navіband». Ксенія і Арцём стукаліся ў дзверы нацыянальнага адбору некалькі разоў, а пашанцавала толькі ў 2017-м, і зноў неяк усё супала: лёгкая і меладычная беларускамоўная песня, абаянне і харызма саміх артыстаў, гарачая падтрымка слухачоў з розных краін, конкурсны заклік да разнастайнасці... Дуэт прадставіў бадай самы рамантычны нумар ад Беларусі, а пацалунак салістаў у прамым эфіры спарадзіў эпідэмію паўтораў — і нават занятае ў фінале не самае высокае 17-е месца не сапсавала адчування свята.

Скандальны флёр

На жаль, у наступныя (пасля Калдуна) гады светлая паласа для нашых удзельнікаў «Еўрабачання» скончылася, і ніводны нацыянальны адбор не абыходзіўся без скандалаў ды ўнутраных разборак — дзіва, што не перасварыўся ўвесь айчынны шоу-бізнес. Прыкладам, у 2009-м фіналісты праекта «Еўрафэст» патрабавалі дыскваліфікацыі аднаго з фаварытаў адбору Пятра Ялфімава; а праз нейкі час ужо сам артыст не знайшоў паразумення з прадзюсарскай і творчай камандай тэлевізійнікаў. То спеваку не падабалася канцэпцыя конкурснага нумара, прыдуманага вядомым польскім рэжысёрам, то ён адмовіўся ўдзельнічаць у некаторых прома-паездках. Але апошняй кропляй стала нестрыманасць артыста пасля таго, як стала вядома, што Ялфімаў не прайшоў у фінал шоу — у правальным выніку артыст і прадзюсар публічна абвінавацілі арганізатараў, а таксама чамусьці журналістаў. Як мы памятаем, менавіта з-за гэтага скандалу «ЕўраФэст» быў закрыты, а выбар канкурсантаў для «Еўрабачання» перададзены зусім у іншыя рукі — у 2010 і 2011 гадах за нацыянальны адбор адказваў тэлеканал АНТ.

Па шляху скандалу перыядычна праходзілі і іншыя ўдзельнікі нацыянальных адбораў. Прыгадаем: у 2012-м гурт «Lіtesound» выкрыў спробу фальсіфікацыі галасавання і запатрабаваў перагляду яго вынікаў. Пуцёўку на конкурс з рук Алены Ланской хлопцам вырваць удалося, а вось пацвердзіць пасыл уласнай песні «We Are the Heroes» («Мы — героі») і заняць высокае месца на ім — не. Гурт стаў толькі 16-м у паўфінале шоу.

Таксама не прынесла плёну правакацыя, на якую пайшла творчая каманда ўдзельніка «Еўрабачання-2016» ІVAN`а (ён жа — выхадзец з гомельскай музычнай сям'і Аляксандр Іваноў). Помніцца, артыст збіраўся выйсці на сцэну аголеным і з драпежнікамі-ваўкамі — у парушэнне правілаў конкурсу. Але вылілася гэта ў эксплуатацыю вобразу сучаснага Маўглі з дапамогай 3D-праекцый ваўкоў і спевака, а таксама 12-е месца ў паўфінале.

З Беларуссю ў сэрцы

Мабыць, у 2011-м як ніколі часта аб прадстаўніцы нашай краіны пыталіся: «А хто гэта?». Спачатку адмысловая фокус-група выбрала зусім іншага прэтэндэнта — спявачку Кацю Лангер, раней вядомую як Corrіana, але пазней яе дыскваліфікавалі за парушэнне правілаў наконт даты выпуску песні. Імя ж студэнткі перакладчыцкага факультэта Мінскага лінгвістычнага ўніверсітэта Анастасіі Віннікавай, якая наступнай атрымала шчаслівы білет на «Еўрабачанне», шырокай публіцы не гаварыла зусім нічога. Канчатковы варыянт кампазіцыі «І love Belarus», а таксама кліп на яе былі гатовыя ўсяго за два дні (!), а нумар стаў самым патрыятычным выступленнем нашых артыстаў на міжнародным конкурсе, бо ад пачатку да канца быў зроблены сіламі айчынных спецыялістаў — ад рэжысёраў да дызайнераў. «Трэба памятаць, што тады быў пік санкцый супраць Беларусі, і мы разумелі, што ў фінал наўрад ці пройдзем, — нагадвае кампазітар конкурснай песні Яўген Алейнік. — Але ўсё адно працавалі на пад'ёме, прычым выкарыстоўвалі толькі беларускія творчыя сілы, гэта быў прынцыповы момант, каб заявіць аб сабе. Наколькі ўдалося? Гледачы прапусцілі Беларусь у фінал, а вось журы паставіла ледзь не на апошняе месца».

Яшчэ адной яркай спробай выкарыстаць нацыянальныя матывы стала выступленне дзявочага гурта «MІLKІ», адмыслова сабранага пераможцам конкурсу 2009 года Аляксандрам Рыбаком. На адборы да «Еўрабачання-2015» вышыванкі і англа-беларускамоўныя прыпеўкі давялі дзяўчат да фіналу адбору і... усё на тым.

Знак якасці

У кулуарах беларускага адбору ходзіць жарт, што калі б Гюнеш захацела, яна магла б скласці альбом са сваіх песень для «Еўрабачання». І ў гэтым значная доля праўды. Цяперашні адбор для спявачкі ўжо сёмы па ліку, і штораз яна прадстаўляе гледачам новыя, разнапланавыя і нечаканыя вобразы (асабіста мой любімы з ранейшых — эфектная Fantastіc Gіrl 2009-га). Некалькі разоў Гюнеш спынялася літаральна за крок ад перамогі. Чаму ёй не шанцавала? Спытайце што-небудзь лягчэйшае. Але рэч у тым, што артыстка, як сапраўдны баец і прафесіянал, сустракала няўдачы з высока ўзнятай галавой і адкрывала ў сабе ўсё новыя грані таленту, — уласна, сёлетняя яе песня пра жанчыну з моцным характарам гэта яскрава пацвярджае.

А за тыя некалькі гадоў, што Гюнеш прапусціла адборы, яна паспела ўзяць «серабро» альтэрнатыўнага ўсходняга конкурсу «Turkvіsіon», стаць мамай і назапасіць вялікае мноства новых творчых ідэй.

Нестандартны варыянт

На адборы да «Еўрабачання-2015» Белтэлерадыёкампанія ўпершыню вырашылася на эксперымент: зладзіла анлайн-трансляцыю праслухоўвання на сайце www.tvr.by, каб гледачы самі ацанілі, хто і што прапануе на конкурс. Такім чынам усе ахвотныя ўбачылі і пачулі фрыкаў, большасць з якіх звычайна не даходзіла да этапу тэлеэфіраў. Некаторыя, як удзельнікі адбораў 2014—2015 гадоў свежанькія зомбі з калектыву «Sweet Braіns», аказаліся даволі сімпатычнымі (але былі злоўленыя на плагіяце вядомай камп'ютарнай гульні і з барацьбы выбылі), а леташні гумарыстычны нумар баяніста-віртуоза Віталя Варанко сумесна з клоўнам Вадзікам Ракетай, белымі мядзведзямі ды балалайкай наогул стаў сапраўдным упрыгажэннем канцэрта.

Але штогод хапала і тых, хто скарыстоўваў праслухоўванне як бясплатную рэкламу для будучых карпаратываў, — таму журы даводзілася выслухоўваць і цыганскія ансамблі, і артыстаў-парадыстаў у вобразах аленя або Элвіса Прэслі, і персанажаў фэнтэзі, і аматараў шансона, і многіх іншых відавочна «нефарматных» прэтэндэнтаў.

Хто на новенькага?

Сёлетні адбор атрымаўся не самым масавым, але дакладна не менш яркім і эмацыянальным за папярэднія. Жаданне прадставіць Беларусь на «Еўрабачанні» выказалі папулярны ўкраінскі поп-спявак Alexeev і пратэжэ Пятра Ялфімава з Расіі Соф'я Лапіна, ураджэнка Таджыкістана Тахміна Ніязава і наша першая ўдзельніца дзіцячага «Еўрабачання» Вольга Сацюк, ветэраны нацыянальнага адбору Гюнеш і Жанэт, а таксама мноства амбіцыйных навічкоў. Хто з іх стане 15-м па ліку «імгненнем» вялікага шоу? На момант здачы нумара праслухоўванне яшчэ не скончылася, таму падрабязны расказ пра яго і спіс фіналістаў глядзіце на нашым сайце.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

tselyashuk@zviazda.by

Фота БЕЛТА, tvr.by і з сайтаў выканаўцаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На ад­ным ды­хан­ні. Па­гля­дзе­лі, што ад­бы­ва­ец­ца ў пуль­ма­на­ла­гіч­ным ад­дзя­лен­ні, дзе ле­чаць хво­рых на COVІD-19

На ад­ным ды­хан­ні. Па­гля­дзе­лі, што ад­бы­ва­ец­ца ў пуль­ма­на­ла­гіч­ным ад­дзя­лен­ні, дзе ле­чаць хво­рых на COVІD-19

Пя­тая клі­ніч­ная баль­ні­ца за­ста­ец­ца ад­ной з ме­ду­ста­ноў Мін­ска, ку­ды шпі­та­лі­зу­юць хво­рых на COVІD-19.

Грамадства

Ежа па-іншаму: што б такога з'есці, калі сам не ведаеш, чаго хочаш?

Ежа па-іншаму: што б такога з'есці, калі сам не ведаеш, чаго хочаш?

Чым можна падсілкавацца, і навошта гэта ядуць.

Калейдаскоп

«Ураджайны» тэст

«Ураджайны» тэст

Надыходзіць жнівень — самы ўраджайны, працоўны, смачны час. І наш чарговы тэст менавіта пра ўраджай і ўсё, што з ім звязана.