Вы тут

У Магілёве рыхтуюцца да Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі


Упершыню Форум плануецца правесці не ў сталіцы Расіі або Беларусі, а менавіта ў рэгіёне. І ў якасці такой пляцоўкі разглядаецца Магілёў. Па-першае, ён знаходзіцца бліжэй за іншыя да Расіі. Па-другое, колькасць сумесных беларуска-расійскіх праектаў тут год ад году павялічваецца. Праграма Форуму пакуль усё яшчэ напаўняецца рознымі прапановамі з абодвух бакоў. Арганізатары мерапрыемства — Савет Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі і Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі — звяраюць асноўныя яе моманты. У Магілёўскай вобласці таксама створаны аргкамітэт па падрыхтоўцы да Форуму на чале з губернатарам Уладзімірам Даманеўскім. Зараз вызначаюцца пляцоўкі для пленарных і секцыйных пасяджэнняў, аб'екты для наведвання, выконваюцца неабходныя будаўнічыя работы. Разам з гэтым аналізуецца вопыт міжрэгіянальнага супрацоўніцтва ў маштабах вобласці, вызначаюцца тэмы для будучых абмеркаванняў. Карэспандэнт «МС» паназірала за тым, як у Магілёве ідзе падрыхтоўка да прадстаўнічага мерапрыемства.


Па­лац куль­ту­ры воб­лас­ці па­ўста­не пе­рад удзель­ні­ка­мі Фо­ру­му рэ­гі­ё­наў  у аб­ноў­ле­ным вы­гля­дзе.

Запрашаем на тыдзень інтэграцыі

Канферэнцыі, круглыя сталы, сумесныя пасяджэнні пастаянных камісій Савета Рэспублікі і камітэтаў Савета Федэрацыі — падрыхтоўка да саюзнай сустрэчы вядзецца вельмі сур'ёзная, паведамілі ў Магілёўскім аблвыканкаме. Напярэдадні і падчас правядзення Форуму запланавана шмат сустрэч эканамічнага і навукова-адукацыйнага характару, культурных і спартыўных мерапрыемстваў. Усё больш актыўна прыцягваецца да саюзных спраў моладзь. Нядаўна ў Маскве прайшоў Расійска-беларускі маладзёжны форум, на якім было прапанавана стварыць Маладзёжны парламент пры Парламенцкім сходзе Саюза Беларусі і Расіі. Маладыя актывісты дзвюх краін павінны назапашваць вопыт узаемаадносін на, умоўна кажучы, раннім этапе. Дарэчы, наступны маладзёжны форум, як было вырашана ў Маскве, адбудзецца сёлета ў Магілёве, разам з Форумам рэгіёнаў Беларусі і Расіі. І моладзь Магілёўшчыны таксама актыўна рыхтуецца да гэтай сустрэчы. Узгадняюцца пытанні па спецыялізаванай выстаўцы, а таксама шмат іншых арганізацыйных момантаў.

— Асаблівасцю сёлетняга Форуму будзе тыдзень інтэграцыі, — паведамілі ў аблвыканкаме. — Напярэдадні яго правядзення раёны Магілёўскай вобласці запросяць сваіх партнёраў з расійскіх рэгіёнаў, каб прадэманстраваць ім інвестыцыйныя, прамысловыя, культурныя дасягненні. Прычым не толькі раённага ўзроўню, але і абласнога. Гасцям будзе дадзена магчымасць наведаць магілёўскія прадпрыемствы, культурныя мясціны вобласці, ацаніць наш турыстычны патэнцыял, каб яны атрымалі найбольш поўнае ўяўленне пра Магілёўшчыну і змаглі завязаць з намі як мага больш дзелавых, культурных і іншых кантактаў.

Размова за агульным сталом

Плануецца, што ўдзельнікамі Форуму ад рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі і абласцей Беларусі стане каля 500 чалавек. Гэта прадстаўнікі буйных прамысловых прадпрыемстваў, навукоўцы, аграрыі, бізнесмены, моладзь. З улікам гэтага вядзецца распрацоўка тэм для будучых перагавораў. Будзе магчымасць абмеркаваць пытанні аграрнага спектра, гарманізацыі заканадаўства Саюзнай дзяржавы, маладзёжнай палітыкі, эканамічнага супрацоўніцтва. Для правядзення секцыйных пасяджэнняў плануецца задзейнічаць пляцоўкі не толькі ў Магілёве, а яшчэ і ў Горках і Шклове.

Распрацоўваюцца пытанні для разгляду на пленарным пасяджэнні з удзелам старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіла Мясніковіча і старшыні Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі Валянціны Мацвіенкі.

— Мы таксама сфармулявалі свае прапановы наконт развіцця рэгіянальнага супрацоўніцтва, — паведаміў галоўны спецыяліст Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў Яўген Нальгачоў. — Яны датычацца рэалізацыі міжпарламенцкіх пагадненняў і пагадненняў паміж рэгіёнамі аб гандлёва-эканамічным, навукова-тэхнічным, культурным і памежным супрацоўніцтве, распрацоўкі і дзеяння рэгіянальных праграм Саюзнай дзяржавы. Ёсць неабходнасць пагаварыць на тэмы прыгранічнага супрацоўніцтва, рэалізацыі сумесных праектаў і акцый паміж гарадамі-пабрацімамі.

Галоўная мэта сустрэчы — знайсці новыя шляхі развіцця кааперацыі паміж краінамі. Падчас яе будзе прапанавана шмат новых унікальных ідэй і праектаў, рэалізацыя якіх дасць магчымасць узняцца яшчэ на адну прыступку вышэй і згуртавацца больш цесна.

— У ходзе работы V Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі плануецца падпісанне пагадненняў аб супрацоўніцтве паміж рэгіёнамі Беларусі і Расіі на 2019 год, канкрэтных камерцыйных кантрактаў, — падкрэсліваюць у аблвыканкаме.

Магілёў наводзіць глянец

Гіс­та­рыч­ная част­ка Ма­гі­лё­ва  (ву­лі­ца Ле­нін­ская).

— Для горада прымаць мерапрыемства такога ўзроўню вялікі гонар, — адзначае Аляксандр Пацёмкін, першы намеснік старшыні Магілёўскага гарвыканкама. — Мы гатовы прадэманстраваць расійскім калегам свой вопыт і апошнія напрацоўкі, паказаць, як гэта ў нас прымяняецца на практыцы. Нам будзе цікава даведацца пра дасягненні расіян і, магчыма, нешта пераняць.

Летась Магілёў адзначыў сваё 750-годдзе, шмат што было зроблена для развіцця інфраструктуры горада. Сёлета гэта тэндэнцыя працягваецца. Горад вядомы сваімі прамысловымі і культурнымі дасягненнямі, у яго багатая і цікавая гісторыя. І робіцца ўсё магчымае, каб ён паўстаў перад гасцямі ва ўсей сваёй прыгажосці.

— Будзе зроблена рэканструкцыя фасадаў па найстарэйшай вуліцы горада Ленінскай, — кажа Аляксандр Пацёмкін. — Мы захаваем яе гістарычны настрой і ў той жа час пакажам, наколькі арганічна тут спалучаецца мінулае і сучаснасць.

Адна з жамчужын пешаходнай вуліцы — жылы дом канца ХVІІ — пачатку ХVІІІ стагоддзяў купецкага роду Аношак, цяпер тут размяшчаецца музей Бялыніцкага-Бірулі (філіял Нацыянальнага мастацкага). Ён пакуль на рэканструкцыі, але падзея саюзнага значэння прымусіла паскорыць працэс. Плануецца, што яго адкрыццё адбудзецца ў рамках Форуму рэгіёнаў з удзелам высокіх гасцей.

У Магілёве знаходзіцца сумесны Беларуска-Расійскі ўніверсітэт, які рыхтуе высокакваліфікаваныя тэхнічныя кадры для дзвюх краін. Адпаведнае пагадненне паміж урадамі Беларусі і Расіі было падпісана ў 2001 годзе. Тут вядзецца навучанне як па беларускіх, так і па расійскіх адукацыйных стандартах з атрыманнем дыплома аб вышэйшай адукацыі дзяржаўнага ўзору Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі. Ёсць спадзяванні, што дзякуючы Форуму рэгіёнаў нарэшце будзе завершана будаўніцтва новага корпуса гэтага ўніверсітэта.

— Мы падрыхтавалі праект у адрас Саюзнай дзяржавы па развіцці інфраструктуры адукацыйнага працэсу і навуковых даследаванняў нашага ўніверсітэта, цяпер ён знаходзіцца ў стадыі ўзгаднення, — паведаміў першы прарэктар універсітэта Міхаіл Лусцянкоў. — На нашай базе мяркуецца пасяджэнне адной з секцый Форуму, прысвечанае адукацыі і навуцы. Мы чакаем далейшага ўмацавання сувязяў паміж нашымі краінамі ў гэтым кірунку. Наш універсітэт — рэальны прыклад інтэграцыі адукацыйных прастор дзвюх краін.

Новае аблічча атрымае і шэраг іншых будынкаў, якія цяпер знаходзяцца ў стадыі падрыхтоўкі. Сярод іх і галоўная сцэна рэгіёна — Палац культуры вобласці.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zigulya@zviazda.by

Фота Галіны ХІТРЫКАВАЙ

Загаловак у газеце: Яшчэ на крок бліжэй

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На ад­ным ды­хан­ні. Па­гля­дзе­лі, што ад­бы­ва­ец­ца ў пуль­ма­на­ла­гіч­ным ад­дзя­лен­ні, дзе ле­чаць хво­рых на COVІD-19

На ад­ным ды­хан­ні. Па­гля­дзе­лі, што ад­бы­ва­ец­ца ў пуль­ма­на­ла­гіч­ным ад­дзя­лен­ні, дзе ле­чаць хво­рых на COVІD-19

Пя­тая клі­ніч­ная баль­ні­ца за­ста­ец­ца ад­ной з ме­ду­ста­ноў Мін­ска, ку­ды шпі­та­лі­зу­юць хво­рых на COVІD-19.

Грамадства

Ежа па-іншаму: што б такога з'есці, калі сам не ведаеш, чаго хочаш?

Ежа па-іншаму: што б такога з'есці, калі сам не ведаеш, чаго хочаш?

Чым можна падсілкавацца, і навошта гэта ядуць.

Калейдаскоп

«Ураджайны» тэст

«Ураджайны» тэст

Надыходзіць жнівень — самы ўраджайны, працоўны, смачны час. І наш чарговы тэст менавіта пра ўраджай і ўсё, што з ім звязана.