Вы тут

У Магілёве расказалі, чым будзе здзіўляць «M.@rt.кантакт — 2018»


У Магілёве запахла вясной, якая ўжо больш за дзесяць гадоў асацыюецца ў гараджан з правядзеннем міжнароднага тэатральнага форуму. Дарэчы, гэты «M.@rt.кантакт» будзе 13-ы па ліку, і арганізатары абяцаюць, што гэта містычная лічба таксама будзе цікава абыграна.


Праграма форуму больш чым насычаная. На працягу тыдня — з 21 па 27 сакавіка — будзе паказана 23 спектаклі 22 тэатраў з дзевяці  краін свету — Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Казахстана, Літвы, Латвіі, Славакіі, Германіі. Асноўныя ўдзельнікі — намінанты і лаўрэаты міжнародных тэатральных прэмій. Некаторыя з іх ужо добра знаёмыя па ранейшых фестывалях і ўпадабаныя магілёўскім гледачом. Жанравая палітра як заўсёды разнастайная і інтрыгуючая — ад больш звыклых для слыху драмы і трагікамедыі да, напрыклад, гісторыі для раяля, скрыпкі, тэрменвокса і голасу або гульні ў людзей. Нікога ў Магілёве ўжо не здзіўляе, што пастаноўкі могуць быць прадэманстраваны і на альтэрнатыўных пляцоўках, напрыклад, у кавярні або ў музеі. Апошнія два гады вельмі ўдала для тэатральных паказаў выкарыстоўваўся этнаграфічны музей. «Гэты вопыт здаўся нам вельмі ўдалым, таму аргкамітэт ініцыяваў сёлета ў якасці эксперымента задзейнічаць плошчы абласнога мастацкага музея імя П. Масленікава», — паведаміў намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Андрэй Кунцэвіч. Свой праект «Цудоўнае і жахлівае» тут пакажа арт-група «Med a prach / Мёд і пыл» са Славакіі. Гэта нешта сярэдняе паміж галерэйнай інсталяцыяй, спектаклем і канцэртам.

У афішы — славутыя тэатральныя калектывы сусветнага ўзроўню — Тэатр юнага гледача імя А. Бранцава і Тэатра Дзі Капуа з Санкт-Пецярбурга, кіеўскі тэатр «Залатыя вароты», нямецкі тэатр «Руская сцэна», Дзяржаўны акадэмічны тэатр імя Я. Вахтангава з Масквы, Маскоўскі губернскі тэатр, якім кіруе Сяргей Бязрукаў. Пастаноўкі амаль спрэс авангардныя. «Толькі тры спектаклі паводле класічных твораў, астатнія — эксперыментальная тэатральная мова, дзесьці музыка і пластыка», — удакладняе дырэктар Магілёўскага драматычнага тэатра Андрэй Новікаў.

Дарэчы, Магілёўскі драмтэатр, парадуе сёлета гасцей форуму пастаноўкай «Жанчына мора» паводле Генрыка Ібсена ў інтэрпрэтацыі таленавітага тандэма ў складзе галоўнага рэжысёра тэатра Саўлюса Варнаса і мастачкі Юратэ Рачынскайце. Стваральнікі спектакля разам са славутым аўтарам даследуюць метафізіку кахання, жаночы пачатак, імкненне чалавека да шчасця.

Не менш насычаная будзе спецыяльная праграма. Аматараў сцэны чакае майстар-клас ад славутага тэатральнага мэтра Генадзя Трасцянецкага — прафесара, кіраўніка акцёрскіх і рэжысёрскіх курсаў Расійскага дзяржаўнага інстытута сцэнічных мастацтваў, уладальніка шматлікіх прэстыжных тэатральных прэмій. Будзе працаваць майстэрня маладой рэжысуры. Пад кіраўніцтвам вучаніцы Трасцянецкага Камілі Хусаінавай магілёўскія артысты на працягу тыдня падрыхтуюць эскіз да спектакля паводле апавядання Васіля Быкава «Жоўты пясочак».

Неад'емнай часткай форуму сталі штодзённыя абмеркаванні пастановак прафесійнымі крытыкамі і тэатразнаўцамі. Гэта практыка працягнецца. Больш за тое, актыўна будзе прыцягвацца да гэтых гутарак моладзь, ад тэатральных крытыкаў-пачаткоўцаў чакаюць смелага аналізу і яркіх аналітычных публікацый для спецвыпуску форуму.

Білеты на пастаноўкі «M.@rt.кантакта» з'явяцца ў касах Магілёўскага абласнога драмтэатра ўжо 18 студзеня. Адначасова можна будзе забраніраваць месца ў зале праз сайт тэатра. У сярэднім задавальненне далучыцца да тэатральнага свята каштуе 15—20 рублёў. Самы дарагі спектакль — «Крык лангусты» Дзяржаўнага акадэмічнага тэатра імя Я. Вахтангава, білет на яго каштуе больш за 35 рублёў. Бюджэт фестывалю сёлета складзе каля 170 тысяч рублёў. Палову сумы акупяць білеты, усё астатняе датуе абласны бюджэт.

Заснавальнікамі папулярнага тэатральнага фэсту з'яўляюцца Магілёўскі аблвыканкам, галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама, Магілёўскі абласны драматычны тэатр. За гады існавання «M.@rt.кантакта» ў Магілёве было паказана 190 спектакляў з 20 краін. Іх паглядзела больш за 40 тысяч гледачоў.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zіgulya@zvіazda.by

Фо­та Га­лі­ны ХІТ­РЫ­КА­ВАЙ

Загаловак у газеце: Гледачам пакажуць гульню ў людзей

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.