Вы тут

Вечарына з прэтэнзіяй


Альбо Сучасная трансфармацыя балю.

У стары Новы год, 13 студзеня, адбыўся традыцыйны Навагодні баль у Вялікім тэатры оперы і балета. Ужо дзявяты па ліку. Гэта адна з нямногіх імпрэз, дзе можна пакрасавацца ў бальнай сукенцы, фраку на старадаўні манер і станцаваць вальс і польку. Праўда, баль, вобраз якога трымаецца ў нашай свядомасці, значна адрозніваецца ад яго трансфармаванага пад сучаснасць фармату. Калі раней баль — гэта высакароднае мерапрыемства для танцаў і камунікацыі, то Навагодні баль у Вялікім тэатры — камерцыйная забаўляльная імпрэза. Праўда, на такі тавар знаходзіцца шмат купцоў.


Цудоўна, што менавіта Вялікі тэатр дзевяць гадоў таму падхапіў ідэю арганізацыі сапраўднага балю і ўвасобіў яе ў жыццё. Яго калоны, ляпныя аздобы, жырандолі і нарэшце статус установы, якая трымаецца ідэалаў высокага мастацтва, выдатна падыходзіць для мерапрыемства такога кшталту. Бо гэты антураж можа надаць асаблівае адчуванне, недасяжныя ў звычайным жыцці артысты Вялікага могуць спець і станцаваць, а бальныя сукенкі прыходзяцца тут на рэдкасць дарэчы.

На ўбранні ў гэты вечар сапраўды было цікава глядзець: пышныя сукенкі, бліскучыя тканіны, глыбокія дэкальтэ, вееры і спецыяльныя прыдумкі накшталт карабля на жаночай шляпцы. Былі і абцягваючыя міні-сукенкі, пэўна з-за нейкага збою ў сістэме.

Але арганізатары падышлі да мерапрыемства ўсё ж з пазіцый патрабаванняў сучаснай публікі, а не аднаўлення традыцый, таму прастора тэатра разбілася на некалькі зон, сярод якіх госць мог выбраць нешта на свой густ. Да астролагаў і майстроў карт таро выстраілася доўгая чарга, можна было звярнуцца да мастака-грымёра і майстра мехендзі, шмат хто аказаўся задзейнічаны ў чатырохэтапным арт-квэсце, публіка разышлася па шматлікіх дэкарацыях, каб зрабіць фотаздымкі.

На танцавальнай пляцоўцы ў суправаджэнні падказак госці балю кружыліся ў старадаўніх танцах, а паверхам ніжэй артысты тэатра, сярод гулу і звону бакалаў, выконвалі вакальныя партыі і танцавальныя нумары. Прафесіяналы ў сваёй справе праводзілі майстар-класы, а госці гучна размаўлялі і смяяліся за зарэзерваванымі столікамі з ежай і пітвом.

Пасля канцэрта-сюрпрызу, дзе былі адзначаны найлепшыя артысты тэатра, для гасцей былі арганізаваны «Навагодняе караоке» і бармен-шоу. Канешне, на працягу ўсяго вечара тут гучала музыка розных калектываў, а госці мелі магчымасць станцаваць. Але нароўні з азартам перад такой колькасцю варыянтаў баўлення часу адчувалася і разгубленасць перад фарматам: ці то мы на баль прыйшлі, ці то на нейкі балаган. Шмат у чым да такога кшталту мерапрыемстваў не гатова сама публіка: дзёрзкая, гучная і часам у кароткіх сукенках, якой баль у яго традыцыйным значэнні не патрэбны — патрэбна назва.

Толькі назва засталася і ў багатай праграме саміх арганізатараў: свой івэнт яны, канешне, называюць высакародна, але высакароднай атмасферы стварыць не здолелі. Калі ісці за эксклюзівам, то Вялікі навагодні баль, магчыма, сапраўды нешта здольны даць: магчымасць «выгуляць» доўгую сукенку і пакружыцца ў вальсе. Па ўсіх іншых прыкметах мерапрыемства аказалася вечарынай з прэтэнзіяй, а старадаўнія танцы не дапамаглі перакрыць адчуванне няшчырасці.

Ты быццам аказваешся перад багатым выбарам: паслухаць музыку, выпіць шампанскага, станцаваць, запытацца пра сваю будучыню ў астролага, схадзіць на канцэрт-сюрпрыз, але няма галоўнага, чаго ты чакаў. Спіна сама сабой не выпростваецца, і ты не сыплеш французскімі словамі: на Навагоднім балі ў Вялікім тэатры ты ўсё ж такі знаходзішся на звычайнай вечарыне.

Сафія ПАЛЯНСКАЯ

Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».