Вы тут

Дзе пажылому мінчаніну знайсці новыя эмоцыі і натхненне?


Як заставацца шчаслівым, як жыць радасна і яскрава, калі вам ужо за ...? Тут чытач можа ўставіць сваю ўласную лічбу, якой ён баіцца. А вось некаторыя бясстрашныя мінчанкі лічаць, што, раз ніхто ў гэтым свеце не зможа ўцячы ад узросту, трэба знаходзіць станоўчыя моманты і радавацца жыццю, колькі б гадоў вам ні было. Галоўнае, каб быў занятак, які грэе душу. У мастацтвазнаўцы і тэатразнаўцы Галіны Махаевай, паэтэсы Лізаветы Палеес і музыказнаўцы Алы Агаркавай ёсць адна агульная страсць — мастацтва. Тры гады таму яны аб'ядналіся і стварылі Клуб здароўя і культуры «Маэстра» пры сталічным Палацы культуры ветэранаў і цяпер не толькі атрымліваюць значна больш задавальнення ад жыцця самі, але і робяць жыццё многіх іншых мінчан больш радасным і шчаслівым.


— Усё пачалося яшчэ ў 2013 годзе, і спачатку гэта быў клуб толькі для артыстаў, — расказвае адна з заснавальніц клуба «Маэстра» Галіна Махаева. — Але потым мы падумалі: артысты маюць свае творчыя саюзы, навошта ствараць для іх яшчэ адзін? І вырашылі выкарыстаць свае магчымасці — знаёмствы ў творчай сферы і ў сферы культуры, — каб стварыць клуб для ўсіх ахвотных, у першую чаргу для ветэранаў. Прычым сярод задач клуба — не толькі прапаганда беларускай культуры і мастацтва, але і культываванне здаровага ладу жыцця. Для пажылых людзей вельмі важнае здароўе. Бо хадзіць у тэатры і на выстаўкі можа толькі здаровы чалавек, для нездаровага ўсё гэта зачынена...

Два разы на месяц у клубе праходзяць заняткі, якія складаюцца з дзвюх частак. Першая — гэта лекцыя на медыцынскую тэму, другая — сустрэча з прадстаўніком якога-небудзь творчага саюза: пісьменнікам, мастаком, кампазітарам. Лекцыі на медыцынскія тэмы тут чытаюць прафесіяналы найвышэйшага класа — выкладчыкі, кандыдаты медыцынскіх навук і прафесары з Белдзяржмедуніверсітэта і Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі (БелМАПА). І ўсё гэта — дзякуючы арганізатарскаму таленту стваральнікаў клуба — для пажылых людзей цалкам бясплатна. Акрамя лекцый медыкі таксама праводзяць практычныя заняткі і адказваюць на пытанні слухачоў.

Таксама на сустрэчах клуба ўжо пабывалі самыя розныя дзеячы мастацтва, цікавыя творчыя людзі.

— Вельмі многія годныя прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі, таленавітыя людзі застаюцца невядомыя шырокай публіцы, — са шкадаваннем кажа Галіна Махаева. — А мы запрашаем іх выступіць перад намі. Для творчых людзей гэта вельмі важна — быць пачутымі. Мастакі, як дзеці, маюць патрэбу ва ўвазе да канца свайго жыцця — гэта асаблівасць творчай асобы. Мастак мае патрэбу ў публіцы — гледачах і слухачах — і мы гэтую публіку яму даём, прычым наша публіка вельмі ўдзячная. Мы слухаем, што называецца, раскрыўшы вочы і раты, цікавімся падрабязнасцямі, задаём шмат пытанняў, а потым прыходзім на канцэрт, спектакль, выстаўку... Таму творчыя людзі любяць бываць у нашым клубе.

Вось, напрыклад, хто стварыў новы чыгуначны вакзал у Мінску? Хто архітэктар новага будынка музея Вялікай Айчыннай вайны? Нацыянальнай бібліятэкі? Спытаеш — адкажа далёка не кожны. А гэта ўсё адзін чалавек — Віктар Крамарэнка, выдатны беларускі архітэктар. Ён лаўрэат міжнародных прэмій, прафесар Міжнароднай акадэміі архітэктуры. Нацыянальная бібліятэка Беларусі, між іншым, увайшла ў спіс 100 найцікавейшых будынкаў. Ён таксама пабываў на адной з сустрэч клуба «Маэстра», як і народная артыстка Рэспублікі Беларусь Марыя Захарэвіч і як спявак, заслужаны артыст Беларусі Алег Мельнікаў і многія іншыя дзеячы мастацтва.

«Мы ходзім у тэатры, віншуем артыстаў, арганізоўваем юбілейныя мерапрыемствы для творчых людзей. Апошняе такое мерапрыемства — юбілейны вечар нашай беларускай паэтэсы Лізаветы Палеес, прысвечаны яе 70-годдзю (дарэчы, гэта адна з заснавальніц клуба)», — расказвае наша суразмоўніца.

На сустрэчы і заняткі, якія праводзіць клуб «Маэстра», прыходзіць шмат народу. Людзі ва ўзросце падсілкоўваюцца тут натхненнем, пашыраюць свой кругагляд, а творчыя людзі шчодра дзеляцца з імі сваімі эмоцыямі. Пры клубе арганізавана пярвічная ветэранская арганізацыя Цэнтральнага раёна Мінска для ветэранаў працы. «Ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, на жаль, засталося ўжо вельмі мала, у нас толькі адна такая жанчына ў нашай арганізацыі», — кажа Галіна Махаева.

Усё гэта стала магчыма ў тым ліку і дзякуючы сталічнаму Палацу культуры ветэранаў і яго дырэктару Міхаілу Пінчуку, які выдзеліў памяшканні для клуба і забяспечыў тэхнічнае абслугоўванне. «Без яго мы проста не існавалі б!» — эмацыянальна расказвае наша суразмоўніца.

А зусім нядаўна, у кастрычніку, у клубе «Маэстра» правялі ўнікальную акцыю «Людзі, якія перамаглі час». З 600 мінскіх ветэранаў вайны і працы былі адабраны 20 чалавек ва ўзросце ад 85 гадоў і вышэй, якія працягваюць працаваць — на грамадскай працы ці на дзяржаўнай службе — настаўнікамі, дактарамі, навукоўцамі, ваеннымі. Усё гэта дзівосныя людзі, пра кожнага можна напісаць кнігу!

І наперадзе ў сяброў клуба мноства планаў і задумак. У найбліжэйшы час тут плануецца падключыць заняткі фізкультурай, бо здароўя не бывае без руху! Зараз клуб наладжвае сувязі з Беларускім дзяржаўным універсітэтам фізкультуры і чакае ад навучальнай установы валанцёраў, якія будуць праводзіць заняткі па стрэтчынгу (расцяжцы)

Святлана БУСЬКО

buskо@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».