Вы тут

Крыміналістыка з навуковым падыходам


Пагадненне аб супрацоўніцтве заключана паміж Нацыянальнай акадэміяй навук і Дзяржаўным камітэтам судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь. Акадэмія праводзіць навуковыя даследаванні ў розных галінах, цікавых і судовым экспертам. Гэта геномныя тэхналогіі, штучны інтэлект, нанаматэрыялы, біятэхналогіі і іншыя сферы.


Цяпер судмедэксперты змогуць выкарыстоўваць у сваёй рабоце самыя апошнія распрацоўкі вучоных. Супрацоўніцтва будзе праходзіць па некалькіх напрамках. Адным з іх з'яўляецца выкарыстанне банка ДНК Інстытута генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі пры правядзенні судова-геномных экспертыз. Мяркуецца, што праз паўтара-два гады па біялагічных слядах невядомага злачынцы можна будзе атрымаць звесткі пра яго ўзрост, пол, колер вачэй, валасоў, памеры носа, вушэй і іншыя параметры, неабходныя праваахоўнікам для затрымання падазраванай асобы.

Эксперты таксама зацікаўлены ў выкарыстанні лазерных установак Інстытута фізікі імя Б. І. Сцяпанава для ўстанаўлення характару і даўнасці паталагічных змен у біялагічных тканках чалавека. Варта адзначыць, што камітэтам ужо распрацоўваюцца тэхналогіі даследавання фрагментаў драўніны для ідэнтыфікацыі месца, дзе магло расці дрэва.

Для судова-экспертнага даследавання дэталяў транспартных сродкаў супрацоўнікі камітэта атрымаюць доступ да абсталявання Інстытута парашковай металургіі Акадэміі навук.

Акрамя таго, Дзяржаўны камітэт зацікаўлены ў распрацоўцы камп'ютарных праграм на аснове алгарытмаў саманавучання (нейрасеткавых сістэм). Такія праграмныя прадукты запатрабаваныя па многіх напрамках экспертна-крыміналістычных даследаванняў, напрыклад у мэтах аператыўнага высвятлення асобы чалавека па базах даных. Абмяркоўваецца распрацоўка тэхналогій 3D-мадэлявання, спецыялізаваных сродкаў фіксацыі абстаноўкі месца здарэння, у тым ліку з выкарыстаннем беспілотных лятальных апаратаў.

Варта адзначыць, што ў рамках праграмы «Навукаёмістыя тэхналогіі і тэхнікі на 2016—2020 гады» Дзяржаўным камітэтам сумесна з Інстытутам біяарганічнай хіміі НАН Беларусі ўжо ажыццяўляецца распрацоўка і асваенне тэхналогій вытворчасці набораў рэагентаў для крыміналістычнай ДНК-ідэнтыфікацыі біялагічных узораў асобных відаў дзікіх жывёл пры расследаванні спраў аб незаконным паляванні.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkаlаеvа@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».