Вы тут

Скульптар Сяргей Жыльскі — пра грыбы-гіганты і бетонныя сады


У вёсцы Зарыца, што каля Гродна, растуць грыбы, амаль роўныя з хатай, і дрэва, якое свеціцца ўначы. Гэтыя і многія іншыя цікавінкі створаны — вы не паверыце — з бетону!

У гэтыя навагоднія дні карэспандэнт «Звязды» схадзіла ў госці да Сяргея Жыльскага, адзінага ў Беларусі бетонных спраў скульптара. Убачым казачныя арт-аб'екты на ўласныя вочы.


Насаты Лесавічок і грыб вагою з цэнтнер

Аматарам ціхага палявання раю трымаць сябе ў руках. Каля хаты Сяргея ў вёсцы Зарыца нават зімой паляна грыбоў-гігантаў. Падасінавікі, падбярозавікі, баравікі — на любы густ. Кожны грыб памерам з плячыстага мужчыну, важыць цэнтнер і на дотык як жывы. Ранішняя раса робіць бетонныя шляпкі слізкімі, быццам у лесе. Ёсць у гэтай дачнай казцы і цар усіх грыбоў — яго вялікасць Лесавік, таксама з бетону.

«Сяргей, кажуць, гродзенская жаба-падарожніца побач з кнігарняй здзяйсняе жаданні. Ваш Лесавік таксама магічны?» — пытаюся.

«Ну, паспрабуйце даць яму манетку, — жартуе скульптар, а пасля адкрывае сакрэт бетоннага гіганта. — Наконт магіі не ведаю, але ён адзінкавы. Унутры — каркас з арматуры, абцягнуты сеткай. Цела грыба — гэта тры слаі цэментнага раствору. Месяц даводзіў Лесавіка да прыроднай формы, размалёўваў фасаднай фарбай, пакрываў лакам. Я хацеў зрабіць яму добры твар, мудрыя карыя вочы. Фішкай стаў, як ні дзіўна, нос, які, дзякуй люстэрку, ляпіў са свайго (усміхаецца)».

Летам у кошыку Лесавіка цвітуць сонечныя аксаміткі, восенню ён напаўняецца жоўтымі лістамі. А зараз у ім з'явіліся ёлачныя цацкі і сасновыя галінкі. Аднойчы Сяргей сказаў, што прадасць Лесавіка ў санаторый.

«Я прывыкла да яго насатага профіля, цябе нагадвае, праходзіш міма — і душа радуецца», — адказала мужу жонка Таццяна. Яе падтрымалі і суседзі: «Сярога, мы табе бетонныя грыбы грузіць дапамагаем? Дапамагаем. Лесавіка ў санаторый не аддадзім». Вось так гігант і прапісаўся сярод зеляніны ў Зарыцы. Цяпер кампанію яму складаюць сямейства каменных божых каровак, грэчаскія амфары, нулявы кіламетр.

Мастацтва лепкі з бетону — не проста навінка для Беларусі, а дзіва. Гэтага віду рамяства вы не знойдзеце ў тоўстым даведніку класіфікацый народнай дзейнасці. У нашай краіне Сяргей Жыльскі першы і пакуль адзіны бетонных спраў скульптар.

«Таня + Сяргей = каханне»

«Як дрэва вырасла ў электрычным слупе?» — здзіўляюцца мінакі. Ідуць бліжэй, працягваюць далоні. Не верыцца, але гэта таксама бетон. «Вырасціўшы» каля сваёй хаты дрэва з цэменту, Сяргей Жыльскі, па сутнасці, сказаў у рэдкім майстэрстве ўжо сваё слова.

Таму можна смела заявіць, што фірменны сакрэт скульптара — прыдуманы ім спосаб апрацоўкі і афарбоўкі бетону, дзякуючы якому і ствараецца гэтая самая ілюзія драўніны. Пляцоўка для фантазіі майстру адкрываецца бязмежная: цэментныя сады, альтанкі, мангальныя зоны. А ўявіце сабе дрэва-фантан! Усё з матэрыялу будучыні, а выглядае прыродным, з душой. Вага такіх арт-рэчаў дасягае тоны.

«Слуп электраперадачы з дзвюма скрынямі яўна псаваў від. Я знайшоў у нашым гродзенскім парку адно магутнае дрэва з цікавым перапляценнем каранёў. Занатаваў яго ў памяці і — калі ласка (любуемся арт-аб'ектам). А гэты надпіс «Таня + Сяргей = каханне» мне навеяла дзяцінства, калі выразалі літары на кары. Рамантыка. Бачыце, павесіў ліхтар. Хачу яшчэ ўвасобіць сцэнку з басні Крылова «Варона і ліса». Вось тут (паказвае на галіну) зляпіць варону, а пад ёй — лісіцу.
Вароне даць бінокль і ўманціраваць відэанагляд, каб днём і ноччу сцерагчы Лесавіка», — прызнаецца скульптар.

За пару гадоў жыцця грыба-дзядка за межамі плота неаднойчы крыўдзілі. То кавалак барады адсякуць, то непрыстойны надпіс зробяць. А між іншым, рамантаваць бетонныя скульптуры цяжка: цэмент нельга разрэзаць, падправіць наждачнай паперай. Інструменты для надавання формы таксама хэнд-мэйд ад Сяргея Жыльскага.

Майстар упэўнены: рэцэпт скульптуры нішто, калі ў аўтара няма мастацкага густу, а галоўнае — прасторавага ўяўлення. Так, наш герой не малюе эскізаў. Усё лепіць з галавы. За плячыма ў Сяргея няма і акадэмічнай адукацыі. Яе з лішкам кампенсуюць залатыя рукі, актыўная жыццёвая пазіцыя. З юнацтва майстар пісаў іконы, размалёўваў дошчачкі браткамі, а жонцы Таццяне — бэзам, рабіў кулоны-скарпіёны, выразаў з дрэва, а ў армейскія часы афармляў пяць паверхаў вайсковага будынка сваімі плакатамі. Вось і нядаўна за вечар зрабіў для ўнучкі Эміліі пясочніцу. Сяргей Жыльскі — гаспадар уласнага жыцця: ніколі не баяўся перамен, пераездаў, адкрыць сваю справу, адну, другую. «Хто не рызыкуе, той не п'е шампанскага», — кажа творца.

Бабёр-ратавальнік і добры лекар Айбаліт

«Ён, вядома, ратавальнік слабы, пастаўлены на Аўгустоўскі канал толькі за прыгожыя вочы. Але адно ўмее добра — весяліць», — гаворыць пра новую скульптуру аўтар. Бетонны бабёр у чырвонай камізэльцы ратавальніка з вёсламі напагатове — сюрпрыз да пачатку турыстычнага сезона і міжнароднага фестывалю «Нёманская вясна». Жывёла дэманструе абодва свае зубы на радасць дарослым і дзецям. Бабёр-інструктар — любімы фота-аб'ект не толькі ў беларускіх турыстаў, але і ў гасцей з Польшчы, Украіны, Расіі.

Для нас Сяргей Жыльскі прыадкрывае завесу над будучыняй: «Цяпер мяне чакае новы заказ, складанейшы за бобрыка: 2-метровы Айбаліт хутка ўпрыгожыць пляцоўку каля мясцовай аптэкі ў Зарыцы».

Ёсць у Сяргея Жыльскага цяга да казачных сюжэтаў. Так, скульптар дзеліцца маштабнымі ідэямі па ўладкаванні гродзенскага заапарка. Любімую гісторыю пра Маўглі Сяргей бачыць у зоне львоў і тыграў: «Бетонныя дрэвы, вадаспады, а на валуне — галоўны герой уласнай персонай. Таблічка: «Мы з табой адной крыві». Хацелася яшчэ зляпіць вялізарную пачвару над вадой. Па адзін бок моста — галава і шыя, па другі — хвост. Але ўсё ўпіраецца ў грошы».

Грабі рублі граблямі

«А ці прыбытковая гэта справа, Сяргей?» — цікаўлюся.

«Беларусы заказваюць збольшага грыбы, і на жыццё скульптару, вядома, хапае. Тут ключавую ролю іграе маштабнасць заказаў. Я пражыў многа гадоў ва Украіне, там служыў, ажаніўся. У Беларусь вярнуўся ў пачатку дзевяностых ужо з сям'ёй. Магу сказаць, што бетонная скульптура ва Украіне квітнее. Так, Уладзімір Калеснікаў для мяне ўзор. Калі гаварыць пра грошы, то ён сабраў моцную каманду, з якой выязджае за мяжу. Вось нядаўна атрымаў заказ ад атэля на Канарах. Грабуць рублі граблямі», — дзеліцца творца.

«Але ж у Беларусі многа выдатных разьбяроў па дрэве», — кажу.

«Так! — згаджаецца Сяргей і дадае: — Ведаеце, калі гаварыць пра дачу, можна аддаць перавагу класічным збанам, гіпсавым дзяўчатам рознай ступені аголенасці, можна — гному з найбліжэйшага супермаркета, а можна — аўтарскай скульптуры. Праўда, драўляныя жывёлы і птушкі нязменна носяць этнічны характар. Мароз, дождж, спёка і зноў мароз скарачаюць і без таго не самае доўгае жыццё такіх арт-аб'ектаў. Вось і нарадзілася ідэя зрабіць скульптуру не толькі крэатыўную, але і бессмяротную».

Маргарыта САДОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: «Поле цудаў» каля Гродна

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.