Вы тут

Як папярэдзіць пажар у гаражы


Шмат хто пагодзіцца з тым, што гараж у нас выкарыстоўваецца не толькі як месца для пастаяннага размяшчэння і рамонту аўтамабіля, але і ў якасці «ганаровай ссылкі» для буйнагабарытных рэчаў, якім з розных прычын не знайшлося месца ў доме. Гэта, як правіла, старая мэбля. Месца ў гаражы хапае, але ў такіх рэчаў ёсць вельмі небяспечны сусед — паліва і змазачныя матэрыялы. З-за гэтага нават невялікая іскра можа прывесці да істотнага пажару.

Але засцерагчыся ад такіх падзей можна даволі лёгка. Як? Аб гэтым карэспандэнту «Звязды» расказала афіцыйны прадстаўнік Міністэрства па надзвычайных сітуацыях па Мінскай вобласці Анастасія Швайбовіч.


Крыху хронікі

У кастрычніку мінулага года экіпаж ратавальнікаў выехаў на ліквідацыю пажару ў пасёлку Жамчужны Баранавіцкага раёна. Гарэў цагляны гараж. Пасля таго, як полымя патушылі, аказалася, што яно знішчыла «Фальксваген-Гольф» і ўсе рэчы, якія знаходзіліся ў гаражы. Пацярпеў і дах на плошчы ў пяць квадратных метраў. Меркаваная версія здарэння — парушэнне супрацьпажарных патрабаванняў пры правядзенні агнявых работ.

Месяцам раней ратавальнікі выязджалі тушыць гараж у Крычаве. А пятай раніцы там адкрытым полымем гарэлі два гаражы. Існавала небяспека перакідвання агню і на жылыя дамы, размешчаныя побач. Ад двух аўто засталіся толькі абгарэлыя шкілеты, адзін гараж згарэў поўнасцю, другі аказаўся моцна пашкоджаны.

А 14 мая давялося выклікаць пажарных у гаражны кааператыў па вуліцы Выгоцкага ў Мінску. У адным з гаражоў гарэлі дах і маёмасць. Полымя паспела перакінуцца на два гаражы побач.

Як бачым, праблема даволі вострая. Тым больш што асноўнае прыназначэнне гаража — надзейная ахова жалезнага каня ад ападкаў — можа сыграць дрэнны жарт.

Калі чалавек заўважыць дым, які прабіваецца з шчылін, то, хутчэй за ўсё, унутры канструкцыі ў гэты момант будзе ўжо адбываецца сапраўднае пекла. Ды і страты даволі істотныя — пагадзіцеся, адначасова выкласці некалькі тысяч долараў за аўтамабіль з уласнай кішэні можа далёка не кожны.

Хламу тут не месца

Якія самыя частыя прычыны ўзнікнення пажараў у гаражах?

— У сумным спісе лідзіруюць неасцярожнае абыходжанне з агнём, выкананне газазварачных і фарбавальных работ, няспраўная электраправодка і разагрэў рухавіка адкрытай крыніцай полымя — на жаль, паяльныя лямпы выкарыстоўваюцца дзе-нідзе ў вёсках і дагэтуль.

— Перш за ўсё, сачыце, каб гараж не ператвараўся ў склад непатрэбных рэчаў, — раіць Анастасія Швайбовіч. — Асобная тэма — правільнае захоўванне паліва. Зноў жа, рабіць з гаража філіял бензасховішча вельмі небяспечна. Дапускаецца трымаць у ім 20 літраў бензіну і 5 літраў масла, ды і тое выключна ў металічных каністрах. А месца, дзе стаяць ёмістасці з палівам, трэба адасобіць ад магчымых крыніц узгарання.

Акрамя таго, і пры ўзвядзенні гаража трэба падумаць пра магчымы пажар. Таму найлепшы матэрыял для каробкі — цэгла або блокі. Лепш зрабіць з металу вароты гаража. Як бы добра ні было апрацавана адмысловымі хімікатамі дрэва, яно ўсё роўна тэарэтычна можа загарэцца.

Істотная памылка — гэта пакіданне на сабе рабочай вопраткі пасля рамонту аўто. Скажам, чалавек корпаўся працяглы час у машыне, на спяцоўку трапіла некалькі кропель масла ці паліва. Але рамонт скончаны, ён на радасцях лезе па цыгарэту, прыкурвае і... ператвараецца ў жывы факел. Таму адразу пасля работы складзіце прамасленую робу ў спецыяльную металічную скрыню.

Калі прытрымлівацца ўсіх правілаў, аб якіх гаворка пойдзе далей, то пажару ў гаражы вам баяцца не варта. А правілы вельмі простыя.

— Калі, напрыклад, вы паставілі машыну «на прыкол» у гаражы, то адключыце ад акумулятара ўсю электрычную праводку, — кажа Анастасія Швайбовіч. — Не будзе крыніцы сілкавання — не будзе і чаму загарэцца. Падумайце аб сродках, якія змогуць вам дапамагчы пры пажары. Таксама прывядзіце ў парадак тэрыторыю вакол гаража. Смецце, якое можа загарэцца, трэба прыбраць. Тыя ўчасткі, дзе магло разліцца масла або паліва, засыпце пяском або зямлёй. Перыядычна правярайце праводку на прадмет цэласці ізаляцыі. Пераносныя печкі накшталт «буржуйкі» ў гаражы распальваць катэгарычна забаронена. Справа ў тым, што ў паветры могуць заставацца пары бензіну, якія ўспыхваюць вокамгненна.

А калі пажар узнік...

Самае галоўнае тут не паддацца паніцы, а цвяроза ацаніць абстаноўку. Калі агонь не вельмі вялікі і распаўсюджваецца не так хутка, то патушыць яго можна і сваімі сіламі. Ні ў якім разе нельга рабіць гэта з дапамогай вады! Калі праблема ўзнікла з-за праводкі, то вы рызыкуеце атрымаць удар ад электрычнага разраду. Таму ў гаражы, акрамя вогнетушыцеля, абавязкова мусяць быць скрыня з пяском і рыдлёўка. Калі ж бачыце, што самі не спраўляецеся і агонь падбіраецца да каністры з палівам, — застаецца толькі ўцякаць з гаража і выклікаць пажарных па нумары 101, а таксама апавясціць уладальнікаў суседніх гаражоў, каб яны паспелі выкаціць адтуль аўто.

Пажар у гаражы — тая бяда, якая можа здарыцца з кожным. Але, ведаючы правільны алгарытм дзеянняў, яго можна ліквідаваць яшчэ на пачатковай стадыі. Канешне, самы лепшы варыянт — гэта абсталяваць гараж аўтаматычнай сістэмай пажаратушэння. Яна імгненна адрэагуе на задымленне.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

sсhklеnnіk@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Старая канапа і каністра з бензінам побач не ўжываюцца

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».