Вы тут

Высокія адносіны


Таццяна не першы раз выбіралася на адпачынак. Справа для яе звыклая. Праўда, часцей яны ездзілі з мужам. Але бывала, калі вырвацца не дазваляла яго работа, адпраўлялася на курорт адна. Чалавек яна камунікабельны, лёгка сыходзіцца з людзьмі. Ды і якія там стасункі: за два-тры тыдні выпадала разам з суседзямі з'ездзіць на экскурсію, разы два павячэраць у адной кампаніі альбо схадзіць на мора, пагрэцца на пляжы. Усё ж весялей, чым удваіх, тым больш адной. Але тыя санаторна-курортныя знаёмствы, іншым разам нават вельмі прыемныя, заканчваліся найчасцей з сезонам адпачынку і гэтак жа хутка забываліся. А гэтым разам...


Ужо больш за год прайшло з той пары, як яна прыехала з санаторыя, галоўнай каштоўнасцю якога лічыцца гаючая мінеральная вада, а суседзяў сваіх успамінае да гэтага часу. Дзве сямейныя пары адразу заваявалі яе сімпатыю. Інтэлігентныя па выглядзе людзі былі яшчэ і аднадумцамі. Яны не проста хадзілі на абед-вячэру, прымалі працэдуры, пілі па графіку лячэбную ваду. Яны прыехалі амаль з гатовым планам адпачынку, які па хадзе падзей карэктавалі. Такім чынам кожны вечар у іх быў заняты. Сябры ладзілі велапаходы, для гэтага бралі напракат веласіпеды, удзельнічалі ў мерапрыемствах санаторыя, вечарам, бывала, адпраўляліся на шашлыкі. У выхадныя дні абавязкова ехалі на экскурсію.

Таццяна міжволі любавалася тым, як людзі ўмеюць змястоўна адпачываць. Сваёй энергіяй яны зараджалі іншых. Дзякуючы ім маладжавая пенсіянерка з Брэстчыны таксама наведала многія славутасці Заходняй Украіны, седзячы каля кастра, успомніла песні свайго студэнцкага юнацтва, з задавальненнем далучалася да дыскусій на тэмы літаратуры, мастацтва, палітыкі. Вечарам па вайберы дзялілася ўражаннямі з мужам. Гаварыла яму, што налета яны абавязкова падбухтораць сваіх прыяцеляў-суседзяў Лёню і Марыну паехаць з імі на адпачынак. І чаму гэта раней не прыходзіла ў галаву? Жывуць побач не адзін дзясятак гадоў, Новы год, дні нараджэння разам адзначаюць, а вось выбрацца куды-небудзь учацвярых не здагадаліся. Муж яе гэтыя разважанні ўспрыняў трохі скептычна: «Вой, Марына свае цяпліцы ды вялікі агарод у сезон не пакіне, Лёніка аднаго яна нікуды не адпусціць, ды ён і наогул не вялікі аматар падарожжаў».

Але як чалавек, што лёгка загараецца новай ідэяй, Таццяна ўсё ж у думках выстройвала планы адпачынку на будучы год. Пры выпадку рашыла распытаць сваіх новых таварышаў па паверсе, ці даўно яны сябруюць. Ёй здалося, што знаёмыя гэтыя людзі з часоў студэнцтва, а то і школы.

— Мы сябруем менш за дзясятак гадоў, — сказала Людміла, жонка душы гэтай кампаніі. — Мы — сваты. Пасябравалі адразу, як пазнаёміліся, з той пары разам стараемся ладзіць адпачынкі. Так весялей, ды і магчымасцяў больш — напрыклад, ажыццявіць тую ж экскурсію невялічкім калектывам абыходзіцца танней, чым дваім. Нанялі машыну і паехалі. Людзі мы небагатыя, у кожнай сям'і адзін з сужэнцаў працуе, другі на пенсіі. Але раз на год дазваляем сабе адпачынак, стараемся час правесці з карысцю.

— Калі вы так сябруеце, значыць, і дзеці вашы жывуць прыгожа, — заўважыла ў адказ Таццяна. — У такім разе можна выязджаць яшчэ большым калектывам.

— Нашы дзеці разведзеныя, — амаль што весела адказала суразмоўніца. — Але ж гэта не нагода нам псаваць свае адносіны.

Далей Людміла расказала, што ў дзяцей, дзякаваць богу, усё наладзілася. Кожны з іх уступіў у шлюб другі раз, і цяпер маладыя сябруюць сем'ямі.

«Вось так бывае, — падсумавала свой аповед суседкам па бальнічнай палаце Таццяна Пятроўна. — А я думала, падобнае толькі ў кіно паказваюць. Перад Новым годам, здаецца, усе каналы пракруцілі старую добрую стужку «Пакроўскія вароты». Там магутная характарам гераіня Маргарыта Паўлаўна так клапоціцца пра былога мужа, што гатовая забраць яго ў новую сям'ю супраць яго волі. Забаўны і смешны сюжэт, прыдуманы аўтарамі... А ў жыцці, аказваецца, усяляк бывае».

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».