Вы тут

Фокуснік Мікіта Казелька: Здзіўляць людзей — гэта прыемна


Кажуць, праграмісты ўмеюць ствараць цуды, напрыклад, адным націскам кнопкі могуць адрамантаваць камп'ютар. Будучага праграміста Мікіту Казельку дакладна можна назваць сапраўдным чараўніком: студэнт трэцяга курса БДУІР ужо больш за пяць гадоў захапляецца... фокусамі. Хлопец згадзіўся трохі прыадкрыць нам магічную заслону...


— Мікіта, з чаго пачалося тваё захапленне?

— Аднойчы яшчэ сямікласнікам зайшоў да сябра, а ў яго на паліцы стаяла кніжка пра фокусы. Вядома, там былі самыя простыя трукі, падобныя на тыя, якія нам у дзяцінстве паказваюць бацькі, але мяне яны чымсьці зачапілі. Хоць мае першыя вопыты мала каго ўразілі, я працягваў займацца. Спачатку купляў кнігі пра фокусы ў найбліжэйшай краме, пазней стаў заказваць больш сур'ёзную літаратуру па інтэрнэце. У выніку я знайшоў аднадумцаў, з якімі можна было падзяліцца досведам і атрымаць новыя веды.

— Дзе даводзілася выступаць?

— На розных мерапрыемствах, у тым ліку ўдзельнічаў у конкурсах. Маё самае яркае ўражанне, звязанае з «магічнай практыкай», — другое месца на міжнароднай канферэнцыі фокуснікаў «Magіc Grodno — 2014». Было прыемна атрымаць адабрэнне не толькі ад гледачоў, але і ад журы — прафесіяналаў, чые імёны гавораць самі за сябе.

— Напэўна, цябе часта просяць раскрыць сакрэт фокуса. Як не паддацца ўгаворам гледачоў і захаваць усё ў тайне?

— Ёсць адзін добры прыём: спытаць у гледача, ці ўмее ён захоўваць тайны. І пасля таго як той дасць станоўчы адказ у надзеі, што зараз спазнае сакрэт, адказаць: «Я таксама ўмею іх захоўваць». Для фокусніка вельмі важна правільна павесці сябе ў такой сітуацыі.

— А ці здаралася, што падчас выканання трук не атрымаўся?

— Вядома, такое бывае. Нярэдка даводзіцца спецыяльна рабіць выгляд, што фокус не атрымаўся, тады глядач трохі расслабіцца і наступны трук уразіць яго значна больш. У любым выпадку пасля няўдачы трэба здзівіць гледача, каб ён застаўся задаволены. Бо лепш за ўсё запамінаюцца першы і апошні фокусы.

Дарэчы, часам сутыкаешся з тым, што твае трукі выкрываюць. Калі гэта робіць іншы фокуснік, то мне не крыўдна, нават прыемна, бо ён можа паказаць на тыя моманты, дзе варта яшчэ патрэніравацца. Але калі мяне спрабуе выкрыць глядач, я перапыняю яго і тлумачу, што ў гэтым няма неабходнасці: навошта забіваць магію?

— Якімі якасцямі, на твой погляд, павінен валодаць сапраўдны фокуснік?

— Думаю, у першую чаргу гэта нават не спрытнасць рук. Ты павінен умець размаўляць з гледачамі, быць харызматычным. Гэта дапаможа з поспехам выйсці з нечаканай сітуацыі і адцягнуць увагу ў патрэбны час.

Самае складанае для фокусніка — пастаянныя трэніроўкі. Нават калі здаецца, што фокус ужо вось-вось гатовы, не варта адразу дэманстраваць яго публіцы — лепш яшчэ парэпеціраваць, давесці ўсё да «бляску». Даводзіцца доўгі час эксперыментаваць, каб атрымаць жаданы эфект. Затое ў якасці ўзнагароды ты атрымліваеш шмат станоўчых эмоцый ад гледача. А здзіўляць людзей — вельмі прыемна.

— Чыім прыкладам ты натхняешся?

— Калі браць рэальнага чалавека, то гэта ілюзіяніст Шын Лім. Ён валодае выдатнай тэхнікай і з'яўляецца наватарам у жанры мікрамагіі, у якім я часта працую сам. Калі ж гаварыць пра персанажа кіно, то мяне натхняе фокуснік Альфрэд Бордэн (акцёр Крысціян Бэйл. — Заўв. рэд.) з фільма «Прэстыж». Ён прыклад таго, як можна цалкам аддавацца сваёй справе.

— Калі б прадставілася магчымасць спазнаць сакрэт любога трука, які б ты выбраў?

— Хоць я далёка і не навічок, але ёсць шмат добрых фокусаў, якія да гэтага часу застаюцца для мяне загадкай.
І, шчыра кажучы, мне б не хацелася ведаць іх сакрэт. Прыемна проста расслабіцца і атрымаць асалоду ад выступлення фокусніка. Так я магу адчуць сябе на месцы гледачоў.

— Ці плануеш далей развівацца ў гэтай сферы?

— Нядаўна мне прыйшлося зрабіць выбар, якое з двух захапленняў выводзіць на першы план. У выніку вырашыў больш сіл аддаваць праграмаванню, а фокусы пакінуць як хобі. Але цяпер, пасля двухгадовага зацішша, падчас якога я выступаў даволі рэдка, планую вярнуцца ў жанр мікрамагіі і працягваць развівацца. Мне, як і кожнаму чалавеку, хочацца верыць у чараўніцтва. А фокусы — гэта інструмент, які дапамагае дакрануцца да цуду.

Ганна ЯЎСЕЙЧЫК, студэнтка ІІІ курса Інстытута журналістыкі БДУ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».