Вы тут

Навошта спартсмену ведаць «марзянку»


Запісаць пяць літар у секунду, расшыфраваць пасланне з кропак і працяжнікаў, знайсці перадатчык, схаваны за некалькі кіламетраў... Гэта не сцэна з баевіка, а звычайная трэніроўка. Для чаго школьнікам ведаць «сакрэтны код» і чаму будучыя чэмпіёны займаюцца з закрытымі вачыма, мы даведаліся ў адзінай у краіне спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай спартыўна-тэхнічнай школе па радыёспорце ДТСААФ.


Трэ­нер-вы­клад­чык Люд­мі­ла Ла­па па­каз­вае, як пра­цуе пры­ём­нік для по­шу­ку «ліс».

Добры слых і выдатная памяць

Школьнікі, якія займаюцца хуткаснай радыётэлеграфіяй, мала падобныя да спартсменаў у класічным уяўленні: сядзяць за партамі ў навушніках і пішуць нешта ў сшыткі. Так яны вучацца прымаць і перадаваць тэксты з дапамогай азбукі Морзэ. Сам тэкст — гэта выпадковы набор літар, лічбаў ці таго і другога, які перадаецца групамі па пяць знакаў.

— Да нас прыходзяць з васьмі гадоў, — расказвае трэнер-выкладчык і сяміразовая абсалютная чэмпіёнка свету Ганна ШЭВЯЛЕНКА. — Спачатку развучваем азбуку Морзэ: на гэта ў дзяцей ідзе два месяцы. Потым яны самастойна трэніруюцца. Адны працуюць за электроннымі ключамі (спецыяльнымі прыборамі) і перадаюць тэкст. Іншыя прымаюць «пасланні», якія ім выдае камп'ютар. Каб паспяваць запісваць, кожны трэнер прапануе сваю сістэму замен — «сакрэтны код». Замест літар і лічбаў ставім кручкі і палачкі. Так мы можам запісаць ад трох да пяці знакаў у секунду.

На спаборніцтвах на заданне даецца адна хвіліна. Хуткасць спартсмен выбірае сам — як штангіст вагу, якую зможа падняць. «Трэба ўзяць той варыянт, дзе, як табе здаецца, будзе меней промахаў і, адпаведна, болей ачкоў. Калі дапусціш больш за пяць памылак, работу не залічаць», — тлумачыць Ганна.

Ёй самой належаць тры сусветныя рэкорды. Апошні быў устаноўлены ў 2016 годзе: тады Ганна змагла прыняць літарны тэкст з хуткасцю 300 знакаў у хвіліну! Цікавімся, як дзяўчына трапіла ў гэты спорт.

— У школу прыйшоў трэнер і спытаў, хто з нас кемлівы, уседлівы і мае добрыя вынікі ў матэматыцы. Я запісалася ў секцыю, хоць тады нават не ўяўляла, што такое хуткасная радыётэлеграфія, — прыгадвае чэмпіёнка. — Знайшла новых сяброў, а потым уцягнулася ў спорт. Хацелася быць першай.

Каб дасягнуць поспехаў у гэтай дысцыпліне, у дзіцяці павінен быць добры слых. Як правіла, малых «пераманьваюць» з музычных школ і класаў харэаграфіі. Дзевяцігадовы Стас Чысцякоў якраз з такіх: раней ён вучыўся іграць на гітары. А потым з мамай трапіў на выставу тэхнічных відаў спорту, дзе і пазнаёміўся з новым для сябе кірункам. Цяпер чаргуе трэніроўкі па скачках у ваду з заняткамі па хуткаснай радыётэлеграфіі.

«Я запісваю 70 знакаў у хвіліну. Трэнер кажа, што гэта добрая хуткасць. Для мяне пакуль цяжка прымаць набор лічбаў, літар і знакаў прыпынку», — дзеліцца хлопчык. Стас ужо паспеў паўдзельнічаць у спаборніцтвах. З заданнем справіўся, праўда, так перахваляваўся, што не змог правільна перапісаць адказы ў бланк.

Звычайна ў тых, хто займаецца хуткаснай радыётэлеграфіяй, добрая паспяховасць у школе і выдатная памяць.

— Гэты спорт трэніруе мозг. У Еўропе яго нават практыкуюць для рэабілітацыі дзяцей з ДЦП — так малыя развіваюць слых і дробную маторыку, вучацца канцэнтрацыі, няхай і кароткачасовай, — кажа Ганна Шэвяленка. — Таму, калі дзіця няўседлівае, гіперактыўнае, прыводзьце яго да нас, мы гатовы папрацаваць.

11-гадовая Аня Ільюкевіч прыйшла ў радыёспорт пасля расказаў сяброўкі, якая тут даўно займаецца. «Усе дзеці пытаюцца: што ў гэтым цікавага? А мне падабаецца даведвацца пра штосьці новае». Любімыя Аніны прадметы ў школе — матэматыка і руская літаратура. А сярэдні бал дзяўчынкі — 9,2. Асвоіць азбуку Морзэ ёй было нескладана. А вось «сакрэтны код» вучыць давялося двойчы: школьніца займалася ў розных трэнераў, а ў кожнага з іх свая сістэма замен.

Што ў радыёспорце самае складанае? Прымусіць сябе пры мностве спакус сучаснага свету не сядзець у тэлефоне ці камп'ютары, а прыходзіць на трэніроўкі, лічыць Ганна Шэвяленка. Тыя, хто выйграе на спаборніцтвах, займаюцца пяць разоў на тыдзень. Дарэчы, за перамогу дзецям выплачваюць прызавыя. Сумы невялікія, 10—20 рублёў, але для школьніка гэта добры стымул імкнуцца да лепшых вынікаў.

Чэм­пі­ён­ка Ган­на Шэ­вя­лен­ка трэ­ні­руе юных спарт­сме­наў.

«Паляўнічыя» з прыёмнікамі

У суседнім класе дзеці «палююць на ліс». Не, ніякіх драпежнікаў у школе няма — «лісамі» называюцца радыёперадатчыкі (бо іх, як і гэтых жывёл, складана знайсці). Малыя шукаюць іх з дапамогай спецыяльнага прыёмніка з антэнай. А сама дысцыпліна называецца «спартыўная радыёпеленгацыя».

Спаборніцтвы звычайна праводзяцца ў лясах. Кожнаму ўдзельніку выдаецца карта мясцовасці, компас і адводзіцца 120 хвілін, каб вылічыць усіх «ліс». Мужчынам трэба знайсці пяць перадатчыкаў, жанчынам — чатыры, дзецям — два-тры. Дыстанцыя — ад трох да дзесяці кіламетраў у залежнасці ад узросту і полу.

— Спярша трэба праслухаць усіх «ліс», — уводзіць у курс справы трэнер-выкладчык Людміла ЛАПА. — А потым шукаць іх у правільным парадку — пачынаць ад той, што далей ад фінішу, каб не губляць час і не вяртацца па яе, пасля таго як сабраў астатнія. Пазыўныя, якія выдаюць перадатчыкі, адрозніваюцца апошнімі лічбамі, што дапамагае не заблытацца.

Прыёмнік ловіць сігнал у радыусе 90 градусаў. Чым гучнейшы гук у навушніках, тым бліжэй «ліса». Перадатчык працуе адну хвіліну, потым на чатыры замаўкае. Не паспееш засекчы адразу — згубіш пяць хвілін. Для спаборніцтваў гэта шмат.

З вясны да восені дзеці займаюцца на вуліцы — у парку ці лесе. А пакуль холадна, развучваюць у класе ўмоўныя абазначэнні на карце і трэніруюць слых — шукаюць перадатчыкі з закрытымі вачыма. Самым малодшым «паляўнічым» — 10 гадоў.

Складаней за ўсё знайсці «лісу», калі побач чыгунка ці аўтастрада, бо гэта перашкаджае лавіць сігнал. У гарах — а міжнародныя спаборніцтвы часам праводзяць менавіта на такой мясцовасці — таксама няпроста. Слухаеш пазыўныя — здаецца, што перадатчык знаходзіцца на вяршыні. Толькі дабег туды, сігнал вядзе ўніз.

Людміла Іванаўна, дарэчы, самы старэйшы «паляўнічы» краіны. Яна стала першым майстрам спорту СССР сярод жанчын па спартыўнай радыёпеленгацыі і абсалютнай чэмпіёнкай БССР.

— Я пачала бегаць з 1961 года, — успамінае Людміла Іванаўна. — У наш час гэты від спорту быў папулярны. Выйграць чэмпіянат Саюза было складаней, чым цяперашні чэмпіянат свету. На дыстанцыі бегла па 50 жанчын. Стаіш на старце — і такое напружанне, што ўсё дрыжыць. Калі ў канцы 1970-х гадоў мы набіралі ў спартыўную школу вучняў, вельмі шмат дзяцей запісвалася. Трэнераў столькі не было, каб усіх ахапіць.

Кар'ера трэнера і сувязіста

Сёння ў дзіцяча-юнацкай школе радыёспортам займаюцца 225 дзяцей і юнакоў з дзяўчатамі. З іх 165 у Мінску, астатнія — у філіялах у Магілёве і Валожыне. Рабіць гэта можна да 22 гадоў. Асвойваюць радыёспорт таксама ў секцыях пры структурах ДТСААФ у Брэсце і Светлагорску.

— Летась 20 нашых выхаванцаў удзельнічалі ў міжнародных спаборніцтвах, 14 з іх занялі прызавыя месцы, — расказвае дырэктар школы Ірына КАВАЛЕЎСКАЯ. — І ў хуткаснай радыётэлеграфіі, і ў спартыўнай радыёпеленгацыі ёсць чатыры віды практыкаванняў. Па кожным — асобны залік. Таму спартсмен, паехаўшы на спаборніцтвы, мае шанц стаць адразу чатырохразовым чэмпіёнам свету.

Ці можа захапленне радыёспортам перарасці ў прафесію? Выпускнікі школы часта застаюцца ў ёй працаваць трэнерамі. Некаторыя служаць у арміі сувязістамі — цікава, што гэты шлях выбіраюць пераважна дзяўчаты. Веды ў галіне радыёсувязі могуць таксама спатрэбіцца ў экспедыцыях.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Загаловак у газеце: Злавіць хвалю

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».