Вы тут

Хто колькі вінен і калі запазычанасць можна не вяртаць


Рэестр юрыдычных і фізічных асоб, якія маюць запазычанасці па выканаўчых дакументах, аднавіў работу на сайце Міністэрства юстыцыі Беларусі. На інфармацыйным рэсурсе змешчаны ўсе звесткі пачынаючы з 15 жніўня 2017 года.


Цяпер тут можна даведацца пра запазычанасці грамадзян, юрыдычных асоб і іншых суб'ектаў, з якіх органы прымусовага выканання спаганяюць даўгі. Каб знайсці асобу ці фірму, якія вінны грошы, ці ўпэўніцца, што іх няма ў рэестры, у спецыяльных палях на сайце httр://mіnjust.gоv.bу/сlіеntvір трэба ўвесці прозвішча,
імя, імя па бацьку і ідэнтыфікацыйны нумар пашпарта чалавека або рэгістрацыйны нумар і назву кампаніі.

У «Рэестры запазычанасцяў па выканаўчых дакументах» відаць звесткі аб дакументах, якія знаходзяцца на выкананні ў органах прымусовага выканання больш за 30 дзён. Тут таксама можна даведацца пра прычыну вяртання выканаўчага дакумента спагнанніку. Напрыклад таму, што юрыдычная асоба, з якой спаганяюць грошы, выключана з Адзінага дзяржаўнага рэгістра юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў. Іншыя варыянты — у даўжніка няма маёмасці, якую можна спагнаць у залік вяртання запазычанасці, або неплацельшчык аб'яўлены банкрутам, ліквідаваны ці яму дадзена судом адтэрміноўка або растэрміноўка выканання.

Выканаўчае вядзенне можна спыніць, напрыклад, калі даўжнік і спагнаннік заключаюць міравое пагадненне або даўжнік памёр. Даўжнік, які з'яўляецца абавязанай асобай і вінен грошы за ўтрыманне дзяцей на дзяржаўным забеспячэнні, таксама вызваляецца ад даўгоў, калі яму вяртаюць малых, дадалі ў Міністэрстве юстыцыі.

Разам з тым інфармацыя, змешчаная ў рэестры, даведачная. Каб удакладніць яе, неабходна звяртацца ў органы прымусовага выканання, раяць у Мінюсце. Пасля пісьмовай заявы грамадзяніна ці юрыдычнай асобы і аплаты дзяржаўнай пошліны (тры базавыя велічыні) можна атрымаць поўную інфармацыю пра наяўнасць выканаўчых вядзенняў у дачыненні да даўжніка і абмежаванні, якія прыменены да яго і яго маёмасці.

«Рэестр запазычанасцяў па выканаўчых дакументах» дазволіць грамадзянам і суб'ектам гаспадарання атрымліваць актуальную інфармацыю пра свае даўгі і своечасова пагашаць іх, прадухіляючы тым самым негатыўныя наступствы прымусовага выканання, упэўнены ў Міністэрстве юстыцыі.

Ірына СІДАРОК

sіdarok@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Даўжнікі зноў у інтэрнэце

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?