Вы тут

У Мінску праходзіць чэмпіянат па зімовым плаванні


Спаборніцтвы працягнуцца да 21 студзеня ў акваторыі Свіслачы за Палацам спорту ў адкрытым ледзяным басейне 25х25. У турніры бяруць удзел больш за 400 спартсменаў з 18 краін. Удзельнікі разбіты на 13 узроставых катэгорый, праявіць сябе могуць плыўцы любога ўзросту, самаму юнаму ўдзельніку — восем гадоў, а самы дасведчаны спартсмен размяняў дзявяты дзясятак — яму 87.


Насмарк і прастуды не пагражаюць

Спартыўная праграма ўключае ўсе дыстанцыі ад 25 да 450 метраў. На тое, каб падрыхтаваць ледзяны басейн, у арганізатараў сышло шэсць сутак, работа не спынялася нават уначы. Гэта сябе апраўдала, бо на беразе Свіслачы гэтымі днямі сабралася маса народу з добрым настроем і ў яркіх фарбах.

— Мы бачым, што з кожным годам людзей, якія займаюцца гэтым відам спорту, становіцца ўсё больш, — расказвае старшыня Беларускай федэрацыі загартоўвання і спартыўнага зімовага плавання Уладзімір ШУЛЬГАН. — За апошнія гады — сотні і тысячы акунанняў. У заключны дзень спаборніцтваў, 21 студзеня, пройдуць паказальныя выступленні спартсменаў, у гэты ж дзень паспрабаваць сябе ў нашым басейне зможа любы ахвотны.

 

Уладзімір Васілевіч адзначае, што яшчэ тыдзень таму планавалася праводзіць спаборніцтвы ў адкрытым басейне без лёду, таму стварылі пластыкавыя пантоны, але паколькі за некалькі дзён да старту выпаў снег і ўсталяваліся маразы, планы змяніліся. Сёння лёд на Свіслачы — 12 см, тэмпература вады — 1-2 градусы.

— У першы дзень турніру нават была завіруха, а спартсмены пераадольвалі дыстанцыю ў 450 метраў, такіх плыўцоў называюць «белымі маржамі», пазмагаўшыся на дыстанцыі, яны пераходзяць у яшчэ больш высокую катэгорыю — «белыя мядзведзі», — адзначае старшыня федэрацыі.

Насмарк і прастуды плыўцам не пагражаюць, бо гэтыя хваробы не могуць з'явіцца ад акунання ў ледзяную ваду, захварэць спартсмен можа толькі ад дрэнных умоў для пераапранання на сушы ўжо пасля заплыву. Арганізатары мінскіх спаборніцтваў паклапаціліся пра гэта выдатна: на беразе ўдзельнікаў чакаюць лазні і бочкі з гарачай вадой.

Тут жа, клапоцячыся пра бяспеку спартсменаў і гледачоў, дзяжураць атрады МНС і АСВОДа. Начальнік манеўрана-пошукавай групы вадалазна-выратавальнай службы Мінска Антон Профіт адзначае: нягледзячы на тое, што з надыходам маразоў працы ў яго службы значна дадалося, няшчасных выпадкаў на падобных спаборніцтвах ніколі не было.

— Ствараем бяспеку на вадзе на падобных мерапрыемствах пастаянна, назіраем за выкананнем правілаў бяспекі, гатовыя аказаць дапамогу, калі раптам чалавек у вадзе адчуе дыскамфорт, усё ж такі зімовае плаванне — гэта стрэс для арганізма, — адзначае спецыяліст.

Вада бадзёрыць

Правядзенне этапу Кубка свету ў Мінску — яшчэ своеасаблівая прэзентацыя Беларусі, бо наша краіна прэтэндуе на права правядзенне чэмпіянату свету па зімовым плаванні ў 2020 годзе. А ўжо ў студзені гэтага года планетарнае першынство пройдзе ў Эстоніі, у гэтым турніры прымуць удзел спартсмены больш чым з 40 краін.

Зараз і ў Мінску сабралася шмат гасцей, самая вялікая дэлегацыя прыбыла з Расіі, таксама мы заўважылі спартсменаў з Украіны, Польшчы, Латвіі, Швецыі і Эстоніі.

Плывец з Таліна Еркі Касенур з сябрамі вырашыў дабірацца да Мінска на машыне, у Рызе яна зламалася, таму, каб трапіць на турнір і не спазніцца, ім давялося перасесці на аўтобус.

— Год таму мне захацелася паспрабаваць у жыцці нешта новае, спачатку думаў заняцца парашутным спортам, але пазней убачыў, што ў Таліне праходзіць чэмпіянат па зімовым плаванні, падумаў, чаму б не. Раней плаваў толькі летам у рацэ ці моры. Да гэтага часу добра памятаю сваё першае акунанне, праз пару гадзін адчуў небывалы прыліў энергіі. У нас у Эстоніі гэты від спорту вельмі папулярны, ёсць цэлыя клубы. У лістападзе я быў на турніры ў Латвіі, у снежні — у Эстоніі, убачыў, што ў студзені спаборніцтвы сусветнага ўзроўню будуць у Мінску, ні разу не быў у Беларусі, таму вырашыў ехаць. Ужо ўдалося паглядзець ваш горад, ён вельмі ўражвае.

На турнір заяўляюцца цэлымі сем'ямі, прыклад гэтаму — Гнетчыкі. Мама Аксана ўдзельнічае тут са сваімі дзецьмі Акімам і Марыяй. Дарэчы, менавіта Акім — самы юны плывец: яму ўсяго восем гадоў.

— Усё пачалося з дачкі, ёй 13, але яна прымае ўдзел у чэмпіянатах па зімовым плаванні ўжо не першы раз, а вось у мяне гэта ўсяго другая спроба, як і ў Акіма, — расказвае Аксана.

У натоўпе ўдзельнікаў вока выхоплівае знаёмы твар, гэта ж трэнер нацыянальнай каманды па сучасным пяцібор'і Алена Нырцова, яна выходзіць з ледзянога басейна з усмешкай.

— Мне ж ужо за 50, а як быццам 20. Гэта сапраўды шлях да даўгалецця! Вада бадзёрыць! Прымаю ўдзел і ў нашых спаборніцтвах, і ў міжнародных ужо некалькі гадоў, самаадчуванне за гэты час змянілася, ніякіх прастудных захворванняў. Псіхалагічна складана настроіцца, але, пераадольваючы сябе, становішся на прыступку вышэй ва ўласных вачах, не кажучы ўжо пра блізкіх, сяброў, вучняў.

«Людзі з маім захворваннем прыкаваныя да ложка, а я стаю перад вамі»

Людміла Жураўлёва прыляцела з Хабараўска, перад стартам яна прызнаецца, што не спала ўжо суткі і вельмі змерзла на вакзале, але ў свае 79 холаду ў вадзе не баіцца.

— Я яшчэ спартсмен-пачатковец (смяецца), займаюся зімовым плаваннем усяго два гады, выступаю на дыстанцыях 25 м і 50 м вольным стылем. Пакуль у мяне ўсяго дзве ўзнагароды, спадзяюся дадаць медаль з Мінска. За час, як пачала маржаваць, ні разу не хварэла і не хадзіла ў паліклініку.

А вось 72-гадовая Рыма Васільчук з Арла ўжо куды больш дасведчаная плыўчыха, у яе актыве — 130 медалёў, 52 з якіх — залатыя.

— Ужо збілася з ліку ва ўзнагародах, я стала гартавацца з 7 класа, стаж маржавання — 16 гадоў, у спаборніцтвах па зімовым плаванні ўдзельнічаю 10—11 гадоў. У 2001-м атрымала пажыццёвую інваліднасць, у маладосці займалася спартыўнай гімнастыкай, маю 1-ы разрад па гэтым відзе спорту і 2-і — па скачках у ваду. Вялікі спорт разбурыў мой пазваночнік. Пасля нараджэння траіх дзяцей у 35 гадоў я звалілася з ног і толькі тады зразумела, што трэба нешта прадпрымаць. Дзякуючы зімоваму плаванню я жывая, з маім захворваннем людзі ляжаць на ложку ці ў магіле, а я стаю перад вамі, — дзеліцца Рыма Пятроўна.

* * *

Беларуская федэрацыя загартоўвання і спартыўнага зімовага плавання ўтварылася ў 2015 годзе. Звычайна сезон для беларускіх спартсменаў складаецца з шасці этапаў, усе яны ўваходзяць у міжнародны каляндар. Дарэчы, менавіта Беларусь стала першай краінай, якая афіцыйна прызнала зімовае плаванне спортам. Гэта адбылося ў канцы 2016 года, калі яго занеслі ў нацыянальны рэестр відаў спорту.

Звычайна вада ў палонцы прэснага вадаёма мае тэмпературу ад 0 да 4 градусаў. У моры ўмовы больш жорсткія.

У розных краінах маюцца таксама свае назвы, звязаныя з якой-небудзь марской істотай. У нас, у Расіі і ў Польшчы гэта — маржаванне, а людзі, якія займаюцца зімовым плаваннем, адпаведна — «маржы». У Фінляндыі — «выдры», «нерпы» і «цюлені», у Паўночнай Амерыцы — «белыя мядзведзі».

Найбольш папулярнае зімовае плаванне — у Фінляндыі, дзе яно звязана з культурай і распаўсюджанасцю саўны і лазні. Колькасць людзей, якія пастаянна займаюцца гэтым відам спорту, купаюцца ў палонцы 1-2 разы на тыдзень, каля 120 тысяч. Тут з 1989 года праводзяцца спаборніцтвы па зімовым плаванні. Дарэчы, у першым, у Тампэрэ, было ўсяго 110 удзельнікаў. Першы сусветны чэмпіянат прайшоў у Хельсінкі ў 2000 годзе. У 2008-м чэмпіянат свету ўпершыню прайшоў за межамі Фінляндыі — у Лондане.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Загаловак у газеце: «Маржы», «цюлені», «белыя мядзведзі»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».