Вы тут

Як першы сартавальны завод зрабіў пераварот у свядомасці людзей


Больш чым паўгода гродзенцы жывуць па новых правілах. Пасля таго як у горадзе ліквідавалі смеццеправоды, жыхары носяць смецце ў кантэйнеры на спецыяльных пляцоўках. А тут іх трэба яшчэ і сартаваць. І ўсё ж прыхільнікаў гэтай ідэі становіцца больш, заўважаюць работнікі Гродзенскага завода па ўтылізацыі і сартаванні адходаў. Калі напачатку гэты працэс быў незаўважны, дык зараз каля 20 працэнтаў смецця трапляе на завод ужо адсартаваным.


Першы ў рэгіёне

На заводзе для адсартаваных адходаў ёсць асобны адсек. Сюды і трапляе смецце са спецыяльных кантэйнераў на стадыі збору. Першыя месяцы работы тут было амаль пуста, заўважае майстар участка Уладзімір Казімірчык. Адсек загружаўся марудна. Зараз можна ўбачыць даволі прыстойную горку пластыку. Праўда, і ў гэтыя кантэйнеры часам скідваюць што папала. І ўсё-такі свядомы падыход відавочны. Гродзенцы пачынаюць сартаваць адходы «па фракцыях», як кажуць на заводзе. Уладзімір Казімірчык згаджаецца, што гэта працэс больш марудны, бо лягчэй усё згрузіць у адзін пакет, чым сартаваць паасобку — паперу, пластык, шкло... Але прагрэсіўных гараджан становіцца ўсё больш.

А пачалося ўсё дзякуючы будаўніцтву першага ў рэгіёне завода па ўтылізацыі і сарціроўцы адходаў, які размясціўся на тэрыторыі гарадскога палігона. Літаральна на сотні метраў высяцца горы цвёрдых бытавых адходаў, створаныя ўсяго за 13 гадоў. Кажуць, што тут больш за 2 млн тон смецця — практычна выбраны ўвесь рэсурс звалкі. Завод павінен у значнай ступені зняць нагрузку з палігона, забіраючы са смецця другасную сыравіну.

— Галоўная мэта, каб на палігон не траплялі другасныя матэрыяльныя рэсурсы, — адзначае дырэктар завода Вячаслаў Андрыеўскі. — А попыт на іх ёсць. Шкло ідзе на Гродзенскі шклозавод, палімеры — ажно на некалькі прадпрыемстваў у розных кутках рэспублікі, папера — на слонімскі завод «Альберцін». Алюмініевыя банкі — на «Другчармет». Пры гэтым мы атрымліваем і даход. Кожны рэсурс мае свой кошт: 50 рублёў каштуе плёнка, 640 — пэт-бутэлька — за тону. Пераапрацаваныя адходы зноў прыгодныя для выкарыстання.

Развялі па фракцыях

Шчыра кажучы, столькі смецця ў адным памяшканні не даводзілася бачыць ніколі. Сапраўдны Манблан. Сюды выгружаюць усе адходы, якія паступаюць з горада. У дзень смеццявозы прывозяць 230—260 тон. Раней уся гэта гара адразу трапляла на палігон, зараз з яе будуць «выцягваць» карысныя для вытворчасці рэчы.

Канчатковы «прадукт» займае некалькі вялікіх памяшканняў. Другасная сыравіна — пластык, папера і іншае — пабывалі пад прэсам і чакаюць вывазу. Памяшканне паступова пусцее, але новыя горы смецця робяць гэты працэс бесперапынным...

Жалезная «рука» экскаватара раз-пораз загружае смецце ў барабан, дзе адходы часткова сартуюцца: пакеты рвуцца, дробныя фракцыі падаюць кудысьці ўніз і затым вывозяцца на палігон, а іншыя рэчы трапляюць на лініі сарціроўкі. На першай лініі ідзе адбор паперы і шкла.

Заўважаю цэлы пагрузчык навагодніх ёлак. Іх даволі многа трапляе на завод. Ёлкі — з ліку буйнагабарытных адходаў, таму крышацца на дранку, як, напрыклад, мэбля, драўляныя вокны, дзверы і іншая сталярка. Мой «экскурсавод» Уладзімір Казімірчык адзначае, што зімой вязуць з горада ёлкі, а летам і восенню — яблыкі. Калі ёлкі можна спаліць у кацельнай, дык яблыкам — прамая дарога на палігон. Хаця ёсць паблізу кансервавыя заводы.

А яшчэ тут дробняць старыя шпалы. Некалькі гадоў яны звозяцца сюды з прадпрыемства «Гродна Азот», дзе адбываецца іх замена. Трэскі спальваць нельга, бо яны прамочаныя мазутам, таму пойдуць для перасыпкі дарогі на палігоне. Гледзячы на гару шчэпак, можна ўявіць, колькі старых шпал сюды завезлі.

Плітка са смецця

Як аказалася, на заводзе не толькі сартуюць смецце, але і самі яго перапрацоўваюць. Гэта палімерныя адходы нізкай якасці, такія як хрумсткія пакеты, упакоўкі ад тартоў і іншае. Гэтую сыравіну вытворцы не купляюць, таму на заводзе паралельна з сарціроўкай пачалі асвойваць выпуск тратуарнай пліткі. Набылі лінію па вытворчасці палімерна-пясчаных вырабаў. Працэс, па сутнасці, не складаны. Пластык дробніцца да стану трухі і змешваецца з рачным пяском. Сумесь награваецца да 220 градусаў, а затым ідзе пад прэс. Па словах дырэктара, такая плітка вельмі трывалая і, што важна, не слізкая зімой ці ў дождж, бо вада хутка сцякае. Да таго ж яна і таннейшая за звычайную. Пробная партыя разышлася па сваіх патрэбах. У якасці эксперымента з гэтай пліткі зрабілі невялікую пляцоўку — нават ад шматтонных грузавікоў яна не пашкодзілася.

Інтарэс да новай прадукцыі праяўляюць як камунальныя службы, так і прыватныя асобы. Магчыма, плітку будуць выкарыстоўваць для ўкладкі на кантэйнерных пляцоўках. Тых самых, куды гродзенцы носяць смецце. Дарэчы, падчас «смеццевай» кампаніі ў Гродне літаральна за некалькі месяцаў з'явілася больш за 850 новых пляцовак — амаль у тры разы больш, чым было.

Што датычыцца новых вырабаў з перапрацаванага смецця, то гэта можа быць не толькі плітка. Мяркуецца выпускаць іншыя віды: бардзюры, экапаркоўку, ліўневыя рашоткі, каналізацыйныя люкі. Розных формаў тут больш за сотню. Цяпер засталося прайсці сертыфікацыю на выпуск новых вырабаў і наладзіць бесперабойны цыкл. Тады яшчэ дзясяткі тон непрыдатнага смецця пойдуць у справу.

У турнэ па заводзе

На заводзе спрыяльна ставяцца да наведвальнікаў. Больш за тое — ім тут рады і нават ініцыіруюць уключэнне прадпрыемства ў турыстычны маршрут. І такая ідэя атрымала водгук. Супрацоўнікі турыстычнай фірмы з Мінска збіраюцца прапанаваць гэты аб'ект для наведвання і прадставіць на турыстычнай выставе. А ўразіць тут ёсць чым. Асабліва калі падысці да падножжа смеццевых гор. Майстар Уладзімір Казімірчык заўважае, што цяпер, пасля свят, адходаў паступае амаль на трэць больш. Каб справіцца з ачысткай пляцовак, у Гродзенскай спецаўтагаспадарцы на гэты час павялічылі колькасць брыгад. Але і ў звычайныя дні сюды прыбывае каля 100 машын-смеццявозаў.

Асабліва папулярны маршрут на завод у школьнікаў. А нядаўна тут пабывалі нават выхаванцы дзіцячага садка. Прывучаць да правільнай сарціроўкі варта з малых гадоў, лічыць Вячаслаў Андрыеўскі. Многія еўрапейскія краіны ішлі да гэтай справы дзесяцігоддзі.

Пакуль што на гродзенскі завод трапляе 20 % адсартаваных адходаў. І ўсё ж за няпоўны год зроблены значны крок у сістэме раздзельнага збору смецця. Такі падыход важны, кажа дырэктар завода, бо правільна адсартаваная папера менш псуецца, большы аб'ём даходзіць да перапрацоўкі. Адпаведна, гэта дазволіць захаваць першасныя рэсурсы, тыя ж дрэвы.

Маргарыта УШКЕВІЧ

margo@zviazda.by

Загаловак у газеце: Усё да кучы? Гэта мінулае стагоддзе

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.