Вы тут

Асобны збор і ўтылізацыя адходаў: што павінен рабіць кожны з нас?


З такім актуальным пытаннем мы звярнуліся як да профільных арганізацый, так і да звычайных людзей, неабыякавых да навакольнага асяроддзя і прыроды.


Галоўны спецыяліст па рабоце з насельніцтвам дзяржаўнай установы «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў» Ніна КУЛЬБЕДА:

— Першае: трэба зрабіць так, каб у двары ўсталявалі кантэйнеры для асобнага збору адходаў. Калі ў вашым двары не ўстаноўлены кантэйнеры для адходаў паперы, шкла, пластыку, а жыхары выказваюць гатоўнасць збіраць усё гэта асобна, калі ласка, звярніцеся з просьбай усталяваць кантэйнеры ў арганізацыю, якая вывозіць адходы, або ў раённы выканаўчы камітэт (у Мінску — у адміністрацыю раёна).

Навошта сартаваць, скажаце вы, калі ўсё роўна прыязджае смеццявоз і загружае ў адзін кузаў адходы з розных кантэйнераў? Асобныя кантэйнеры для паперы, пластыку, шкла павінны абслугоўвацца асобна: кожны ў свой час па асобным графіку спецыяльна выдзеленым для гэтага смеццявозам. Менавіта да такога стану спраў мы імкнёмся.

Што на практыцы? Пакуль далёка не ўсе жыхары краіны падтрымліваюць асобны збор адходаў. Таму змесціва кантэйнераў для паперы, пластыку, шкла моцна забруджана розным смеццем, перш за ўсё — харчовымі адходамі. З гэтай прычыны адходы з кантэйнераў для асобнага збору нельга наўпрост адправіць для выкарыстання на заводы. Важна ведаць, што і пры сумесным вывазе адходы з кантэйнераў для асобнага збору ніколі не вывозяць на звалку! Іх заўсёды вязуць на дадатковае сартаванне, пасля чаго — на перапрацоўчыя прадпрыемствы.

Куды выкідаць тэтрапакі? У Мінску адходы ўпакоўкі тыпу тэтрапак можна выкідаць у спецыяльныя секцыі-«заплечнікі», якімі абсталяваныя асобныя ярка-зялёныя кантэйнеры «Белгіпс-Эка» для збору макулатуры. Куды выкідаць металічную ўпакоўку? Яе здавайце ў прыёмныя пункты, якія вядуць нарыхтоўку лому чорных і каляровых металаў. Калі карыстацца паслугамі прыёмных пунктаў нязручна, мы рэкамендуем выкідваць металічную ўпакоўку ў кантэйнер для паасобнага збору адходаў з пластыку. Куды выкідаць пластыкавыя латкі ад яек? Пры цяперашняй разнастайнасці ўпакоўкі нават спецыялісту бывае цяжка вызначыць, з якога матэрыялу яна зроблена. Таму мы заклікаем у кантэйнеры для адходаў пластыку выкідваць упакоўкі, якія візуальна складаюцца ў асноўным з гэтага матэрыялу.

Вядучы спецыяліст аддзела па развіцці ТДА «Экалогія горада» Вольга ЖДАНОВІЧ:

— Мы павінны адказна ставіцца да асобнага збору адходаў, уважліва сачыць за тым, што і куды мы выкідваем, а таксама павінны ўсвядоміць, што раскладанне адходаў на смеццевых звалках — вельмі працяглы працэс, які наносіць велізарную шкоду экалогіі. Напрыклад, экалагічна чысты матэрыял папера раскладаецца на працягу дзесяці гадоў, а кансервавая бляшанка — да дзевяноста гадоў.

Штогод на сметніках назапашваецца вялікая колькасць пластмасы і бытавой сінтэтыкі. Ці ведаеце вы, што на сённяшні дзень выяўлена звыш пяці трыльёнаў часцінак пластыку агульнай вагой амаль у 270 тысяч тон у водах Сусветнага акіяна?

Спальваючы змешанае смецце, мы толькі нязначна памяншаем яго аб'ём, але ў той жа час па тэрыторыі населенага пункта распыляецца таксічны дым, а таксама вырабляецца атрутны попел і адходы газаачысткі, якія пасля пахавання забруджваюць грунтавыя воды. Асабліва небяспечнае спальванне пластыкавых адходаў, у працэсе якога вылучаюцца дыяксіны, уздзеянне якіх у 67 000 разоў мацнейшае за цыянід. Дарэчы, дыяксіны здольныя назапашвацца як у целе чалавека, так і ў навакольным асяроддзі.

Прараб Вячаслаў ЛАШМАНАЎ, г. Мінск:

— Я збіраю адходы асобна ўжо чатыры гады, пачаў з пластыку: бутэлькі з-пад малака, а таксама ад хімічных сродкаў, латкі ад яек. З цягам часу стала зразумела, што гэтага мала. Аднойчы ў метро я ўбачыў сацыяльную рэкламу, дзе была пазначана пэўная колькасць макулатуры, якая дапаможа выратаваць адно дрэва. І гэта мяне ўразіла.

У нас дома збіраецца шмат паперы, бо ў дачкі і жонкі работа звязана менавіта з дакументамі. На лецішчы мы выкарыстоўвалі выключна газеты, каб распальваць печку, а выкарыстаную паперу фармату А4 выкідалі ў сметніцу. І тады я задумаўся: чаму б не збіраць стосамі гэтыя аркушы паперы? За першыя месяцы, як мы пачалі гэта рабіць, назбіралася пяць велізарных пакетаў. З таго часу прайшло паўгода, але была праблема, куды яе аддаваць, бо вазіць у пункты збору далёка і часу на гэта не было. Жонка забірала гэтыя пакеты сабе ў машыну, потым адвозіла на работу, дзе яе збіралі, каб здаць на макулатуру. Раней побач з домам быў спецыяльны кантэйнер, але ён прадуваўся і быў без накрыўкі. Папера, якая там заставалася, размакала ад дажджу і снегу.

Нядаўна замест гэтага бака з'явіўся зручны металічны бокс. Цяпер мы кожны тыдзень, калі разбіраем адходы, адносім усе туды.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

lukashevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Кошт смецця

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».