«Аднойчы зімовым вечарам сустрэліся тры каралі на небасхіле...» Так магла пачынацца адна з казак, якую расказвала маці сваім дзеткам на беларускай зямлі некалькі стагоддзяў таму. Тры Каралі — гэта, як мы называем сёння, пояс Арыёна. Ён вельмі добра бачны зараз увечары. Настолькі яркі, што нават у засвечаным ліхтарамі горадзе яго даволі лёгка знайсці. Калі зазірнуць у планетарый, там раскажуць, што Арыён — гэта паляўнічы, які прыйшоў да нас з старажытнагрэчаскіх міфаў. А вось каб даведацца, адкуль узяліся Тры Каралі і якія іншыя назвы атрымалі вядомыя сузор'і ў народных беларускіх легендах, мы звярнуліся да Цімафея АВІЛІНА, навуковага супрацоўніка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Калі цмок золата нясе
У сваіх даследаваннях Цімафей займаецца этнаастраноміяй. Гэта навука, якая вывучае, як тыя ці іншыя нябесныя целы і з'явы адбіваліся на культуры, у тым ліку вызначае, адкуль пайшлі іх назвы. Нашы продкі даволі часта бачылі ў працэсах, якія не маглі растлумачыць, нейкі невядомы ім знак. Напрыклад, дзяўчаты выходзілі на Багатую куццю (вечар напярэдадні старога Новага года) паваражыць на каханага і гаварылі: «Гэта — твая зорка, а гэта — мая». Далей чакалі, пакуль зорка скоціцца, і на які бок сяла яна такім чынам пакажа — адтуль і жаніх прыйдзе. На Куццю, перад Калядамі, глядзелі на неба і думалі: калі шмат зорак, улетку будзе шмат грыбоў і ягад.
Вядома, старажытныя павер'і сталі асновай для многіх сучасных прыкмет. Калі ляціць метэор, цяпер мы глядзім на гэту «лятучую зорку» і загадваем жаданне. Такое павер'е пайшло ад таго, што зорка атаясамлівалася з душой. У першую чаргу лічылася, што, калі яна падае, — гэта хтосьці нараджаецца або памірае. Казалі: калі зорка хутка ляціць, дык і роды хуткімі будуць. Яркая або цьмяная — такі і чалавек будзе. Менавіта таму найбольш яркія зоркі і планету Венеру маглі параўноўваць з царом і гаварылі: «Царова зорка ўзышла». Цьмяную ж атаясамлівалі з ведзьмай або хворым. Тыкаць пальцамі ў зоркі нельга — можна так наткнуцца на сваю і скінуць з неба. Таксама лічылі, што з-за гэтага можа бародаўка на пальцы з'явіцца. Пры гэтым лячылі яе гэтым жа спосабам: калі ляцела зорка, трэслі рукой — бародаўку быццам скідвалі.
Асабліва яркія метэоры, іх цяпер называюць балідамі, параўноўвалі з цмокамі. У залежнасці ад таго, якога ён колеру, казалі, што цмок нясе золата або срэбра. У некаторых месцах так называлі д'ябла, які ператварыўся ў змяю. Таму адпаведна і людзі раней маглі на балід проста казаць: «Змей паляцеў». А яшчэ ў метэор ператвараецца ведзьма ці чараўнік, каб што-небудзь скрасці.
Традыцыя ж загадваць жаданне на зоркі, якія падаюць, звязана з верай у тое, што знічка — гэта анёл, які спускаецца на зямлю па душу чалавека, які адыходзіць у іншы свет. І нібыта, пакуль ён ляціць па небе, ён не можа нікому адмовіць.
Таму, атрымліваецца, чалавек са сваімі жаданнямі звяртаецца непасрэдна да анёла. Але метэор меў і канкрэтнае практычнае прымяненне: калі яго бачылі, адцягвалі валасы — які хвост у зоркі, настолькі доўгія і валасы будуць.
Таксама дзе-нідзе верылі, што калі зорка ўпадзе на зямлю, то на тым месцы разальецца смала і нельга будзе будаваць дом. Такое меркаванне часцей сустракаецца ва ўкраінскіх вераваннях. Там лічылі, што чорт гуляе па небе і спрабуе падмяніць зоркі на свае свечкі, а анёл скідвае іх. Знічка — гэта падае сам чорт або яго свечка, таму і разліваецца смалой, далятаючы да зямлі. Акрамя таго, сцягваць зоркі з неба маглі ведзьмы, выкарыстоўваючы пры гэтым звычайную нітку. Ім гэтыя нябесныя целы былі патрэбны для павялічэння магічнай сілы.
Як не пакрыўдзіць Месяц
Назвы сузор'яў таксама былі звязаны з легендамі, многія з якіх хрысціянізаваныя. Напрыклад, Вялікую Мядзведзіцу часта называлі Ільёў Воз: святы Ілья быў занесены на неба жывым у агністай калясніцы. Тым часам у літоўцаў захавалася назва, якая азначае Воз Перуна. У такім разе можна рэканструяваць, што асноўны вобраз калісьці раней мог быць звязаны не са святым, а з паганскім богам Перуном. У немцаў назва гэтага сузор'я гучыць як Воз Одзіна. Апісвалі яго так: воз і тры кані. Адам Міцкевіч у паэме «Пан Тадэвуш» піша пра Мядзведзіцу як пра Давыдаў Воз і кажа, што старыя літвіны называлі яго «возам злых духаў», таму што «На ім Люцыпар, калі Бога не паслухаў, / Дык млечным шляхам рваўся ўжо ў нябёс парогі, / Ды Міхаіл спыніў яго і збіў з дарогі, / І воз той паміж зор зламаны кавыляе — / Міхал-Архангел напраўляць не дазваляе».
Другая зорка ад канца ручкі каўша Вялікай Мядзведзіцы называецца Міцар, побач з ім — Алькор. Лічылася, асабліва ва ўкраінскіх вераваннях, што Алькор — гэта сабака, які прывязаны да Міцара. І, калі ён перагрызе вяроўку, будзе канец свету. Такі матыў сустракаецца і ў іншых міфалогіях. А ў палякаў Алькор называюць Фурманам. У эстонцаў выкарыстаны іншы вобраз: нібыта воўк хацеў з'есці ўсіх валоў, але пастух яго заўважыў і прывязаў вяроўкай да суседняй зоркі. Яшчэ ёсць павер'е, што адна з зорак Вялікай Мядзведзіцы з'яўляецца ў некаторых мясцінах, і, дзе яна спыніцца на Купалле, людзі будуць шчаслівыя.
Пояс Арыёна ў Беларусі называлі Тры Сястры, або Тры Пралі. Гэта нагадвае вядомы казачны матыў, калі тры дзяўчыны прадуць жыццё чалавека. Назвы Тры Каралі, або Тры Вешчуны, звязаны з адным з асноўных хрысціянскіх сюжэтаў — нараджэннем Хрыста. Таксама ўзыход сузор'я сімвалізаваў пачатак свята Вадохрышча. А зорку, якую бачылі на Каляды, называлі Бэтлеемскай. Прычым гэта магла быць і планета.
Гэтае ж сузор'е называлі Каромысел — тлумачылі тым, што быццам гэта дзяўчына нясе ваду. Гісторыя гучыць так: аднойчы дзяўчына ў поўню пайшла па ваду, набрала ў калодзежы, і штосьці ёй не спадабалася — была ў кепскім настроі — паказала яна азадак Месяцу. Ён пакрыўдзіўся і зацягнуў яе на неба. Гэта легенда — наказ людзям паважаць нябесныя целы, бо калісьці яны былі звязаны з рэлігійнымі ўяўленнямі, багамі і духамі. Напрыклад, у католікаў ёсць вобраз Маці Божай, якая сядзіць на паўмесяцы. І часта яркая зорка, намаляваная побач з паўмесяцам, і сімвалізуе яе.
Дарэчы, пра плямы на Месяцы ёсць некалькі крывавых гісторый. Казалі, што гэта Каін закалоў Авеля, ці гэта плямы ад крыві з крыжа, на якім Хрыстос быў распяты, ці гэта святы Юрый забівае змея. Нават гавораць, што гэта Адам забівае Еву. Але ёсць і іншае ўяўленне: гэта твар самога Месяца. А змену яго фаз тлумачылі так: у Перуна была жонка Заранка, і яна пачала сустракацца з Месяцам. Перуну, вядома, гэта не спадабалася, і ён яго рассек. Але Бог зрабіў так, каб ён кожны раз перараджаўся. Яшчэ адна легенда гаворыць: на небе ёсць баба, якая кожны раз замешвае цеста, і з яго з'яўляецца месяц нібыта блін. Але потым ён крышыцца на зоркі і зноў падае ў гэтую кадку. Пад вёскай Сцеберакі (Вілейскі раён) знайшлі шэраг камянёў, на кожным з якіх малюнкі нібы рагоў, але трошкі павернутыя. Лічыцца, што такім чынам людзі спрабавалі адлюстраваць змену фаз Месяца. На возеры Янава, недалёка ад Полацка, ёсць каменны комплекс, які называюць беларускім Стоўнхенджам. Даследчыкі спрабуюць звязаць яго з назіраннямі зорнага неба.
Сказ пра квактуху
Плеяды — зорны збор у сузор'і Цяльца — называлі проста Сіта і тлумачылі, што праз яго Бог прасеяў першыя зярняткі жыта, калі толькі сусвет зачынаўся. Ёсць цэлы шэраг назваў Плеяд, як Валасажар, Вісажар, Валосыня. Дакладная этымалогія незразумелая, але, магчыма, назвы звязаны з культам Вялеса (другі па значнасці бог пасля Перуна). Ёсць народная этымалогія, якая гаворыць, што Валасажар — гэта яркія валасы. Яшчэ адна з магчымых інтэрпрэтацый: так раней маглі называць пэўны від прычоскі ў замужніх жанчын. Па ўзыходзе ці захадзе Плеяд адзначалі пачатак свята Юр'я.
Ёсць павер'е, што зорачкі ў Плеядах — гэта кураняткі, а самая яркая — іх маці-курыца. Па харвацкай легендзе гэтая курыца выратавала царкву! Калісьці даўно была адна царква, якую хацелі зруйнаваць непрыяцелі. Прыйшлі тыя ліхадумцы ўвечары і ссеклі дрэва насупраць будынка, дзе сядзела квактуха. Яна ўпала, пачала лётаць і крычаць — прачнуліся сяляне і абаранілі царкву. Злачынцы збеглі, і іх аніяк не маглі знайсці. У гэты момант жыхары пачулі ў небе чыйсьці крык і пайшлі на яго, пакуль не знайшлі, дзе схаваліся злачынцы. І крык курачкі заціх. Калі арыштоўвалі злачынцаў, нехта паглядзеў на неба, а там была купка зорачак, падобная да квактухі, якую гэтак і назвалі — Квочка.
А што яшчэ?
Палярную зорку называлі Паўночнай або Зорным Калом. Хутчэй за ўсё апошняе — гэта татарскае запазычанне. Па іх легендах Вялікая Мядзведзіца — гэта конь, прывязаны да Зорнага Кала, які ходзіць вакол яго. Пра Паўночную зорку яшчэ гаварылі: «Стаіць, як цвік». Сузор'е Дракона, які ўецца паміж Малой і Вялікай Мядзведзіцамі, называлі проста Змеем. Па павер'і гэта яго забіў святы Юрый, а Бог павесіў каля самай высокай зоркі, каб людзі памяталі пра такі гераічны ўчынак.
Шмат іншых назваў сузор'яў маюць хрысціянскія карані. Паўночную Карону атаясамляюць з цярновым вянком, які паклалі на галаву Хрыста. Лебедзь — сузор'е, якое добра бачна летам і восенню, — называлі Цароў Крэст. Ён звязаны з вобразам крыжа, на якім быў распяты Хрыстос. Капэлу — яркую зорку ў сузор'і Возніка — называлі Казой, дарэчы менавіта так яна перакладаецца з латыні, і звязвалі яе з Калядамі.
Вядома, што не маглі народныя павер'і абысці адзін з найбольш яркіх аб'ектаў зорнага неба — Венеру. Яе называлі Заранкай, Вечарніцай, Воўчай зоркай, Ведзьмай, Дзянніцай, Мар'яй (ранішнюю) і Дар'яй (вячэрнюю), Звярынай зоркай.
Услед за птушкамі
Калі па грэчаскай міфалогіі Гера на небе малако разліла — і з'явіўся Млечны Шлях, то на беларускай зямлі вобраз нашай галактыкі на небе называлі Птушынай дарогай і казалі пра тое, што яна паказвае напрамак птушкам у вырай. Гавораць, што лётаюць па ёй кнігаўка, журавель, гусь, бусел і качкі. Яшчэ маглі называць яго Чумацкі Шлях — гэта палескі і ўкраінскі варыянт, таму што чумакі соль вазілі з поўначы на поўдзень. А ўзімку Млечны Шлях акурат такім чынам зарыентаваны. Шэраг назваў звязаны з гарадамі: Дарога ў Кіеў, Дарога ў Іерусалім. Можа, святыя ходзяць туды па гэтай зорнай дарозе. Але і ў нас існуе легенда пра малако: калі Бог яшчэ хадзіў па зямлі, ён забараніў чорту яго піць. А той выменяў збан з малаком на самагон. Але Бог гэта заўважыў, пачаў бегчы за чортам, а той усё і разліў — атрымаўся Млечны Шлях.
На жаль, наша надвор'е не заўсёды дазваляе паназіраць за зоркамі з-за аблокаў. Але ў любы час убачыць іх можна ў праграме «Стэларыум». Дарэчы, там можна паглядзець на зоркі і вачамі нашых продкаў. З Цімафеем Авіліным звязваліся распрацоўшчыкі праграмы, каб ён паведаміў ім гэтыя легенды, па якіх бельгійскі мастак Ёхан Майрыс зрабіў малюнкі вобразаў сузор'яў.
Слоўнік беларускіх зорак і сузор'яў:
Вялікая Мядзведзіца — Воз, Калёсы, Конь, Калясніца, Гражуля Колы, Іллёў Воз, Давыдаў Воз, Коўш, Стажар, Ваўчыца.
Малая Мядзведзіца — Малы Воз, Малы Конь.
Пояс Арыёна — Касцы, Тры Сястры, Каромысел, Тры Каралі, Граблі, Асілкі, Матавіла, Ляска Якуба.
Плеяды — Сіта, Валасажар, Вісажар, Валосыня, Стажар'е, Куркі, Сяўцы, Кучкі, Карона, Гняздо, Сем Мальцаў.
Палярная зорка — Паўночная зорка, Зорны Кол.
Дракон — Змей.
Валапас — Араты.
Лебедзь — Пятрова Палка, Цароў Крэст, Чэсны Крэст.
Касіяпея — Касцы.
Ліра — Нявеста, Два Браты, Сапернік (толькі ў Караткевіча).
Капэла — Каза.
Надзея АНІСОВІЧ
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.