Вы тут

«Белая Русь» пакуль не стала партыяй


А старшынёй арганізацыі абралі Генадзя Давыдзьку.

Такое рашэнне аднагалосна прыняў учора Рэспубліканскі савет «Белай Русі» на ІІІ з'ездзе грамадскага аб'яднання ў Мінску. Кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька адзначыў, што расцэньвае сваё абранне як вялікі аванс.


Дарэчы, цяпер ужо экс-старшыня «Белай Русі» Аляксандр РАДЗЬКОЎ застаўся ў складзе Рэспубліканскага савета арганізацыі. У сваім выступленні на з'ездзе ён адзначыў, што патэнцыял «Белай Русі» як грамадскага аб'яднання яшчэ не вычарпаны.

«За дзесяць гадоў свайго існавання аб'яднанне стала аўтарытэтнай грамадска-палітычнай арганізацыяй і магло б выступаць як самастойны суб'ект палітычных адносін, напрыклад, пераўтварыцца ў партыю, — сказаў Аляксандр Радзькоў. — Аднак прадметна вывучаючы тэндэнцыі, якія адбываюцца ў сучасным хутка зменлівым свеце, можна заўважыць відавочнае ўзмацненне раз'яднанасці сусветнай супольнасці. Гэта кідае выклік прыхільнікам традыцыйных палітычных партый, прыхільнікам левых і правых ідэалогій. Праведзены ў ходзе справаздачна-выбарчай кампаніі аналіз пацвердзіў, што з улікам сучасных сусветных тэндэнцый у існуючай палітычнай сістэме патэнцыял «Белай Русі» як грамадскага аб'яднання яшчэ не вычарпаны».

Напярэдадні з'езда Генадзь Давыдзька таксама выказаўся пра перспектывы змены статусу аб'яднання. «Мэта любой партыі — гэта барацьба за ўладу. «Белая Русь» за ўладу не змагаецца, яна змагаецца за росквіт нашага грамадства, — адзначыў ён. — «Белая Русь» — гэта армія патрыётаў, якая працуе на кансалідацыю і развіццё грамадзянскай супольнасці».

Аднак змены ў рабоце грамадскага аб'яднання ў найбліжэйшы час адбудуцца. Паводле слоў Аляксандра Радзькова, «Белая Русь» перанясе асноўныя акцэнты сваёй дзейнасці на ідэалагічнае суправаджэнне дзяржаўных рашэнняў, а таксама экспертную і аналітычную працу. Плануецца, што арганізацыя дасць грамадзянам магчымасць удзельнічаць у экспертызе законапраектаў, абмяркоўваць іх на этапе распрацоўкі. Такім чынам, упэўнены экс-старшыня аб'яднання, гэта будзе спрыяць развіццю грамадскай правасвядомасці, павышэнню даверу грамадзян, дапаможа папярэджваць і вырашаць сацыяльныя канфлікты.

Ён таксама адзначыў, што прафесійны вопыт аб'яднання можа быць накіраваны і на знешні контур, карысны пры вызначэнні аспектаў эканамічнага і сацыяльнага палітычнага развіцця. Акрамя таго, кадравы тэхнічны і тэхналагічны патэнцыял дазваляе гаварыць пра тое, што «Белая Русь» сёння — актыўны ўдзельнік у палітычнай, эканамічнай, сацыяльна-духоўнай сферах жыцця нашага грамадства.

Аляксандр Радзькоў таксама адзначыў, што «Белая Русь» хоча ўзяць пад патранаж бізнес малога і сярэдняга ўзроўню. «Гэта работа дасць магчымасць стварыць дадатковыя ўмовы для развіцця народнага прадпрымальніцтва, заняць прадпрымальную моладзь і захаваць жывы актыў у краіне», — дадаў ён.

На ІІІ з'ездзе аб'яднання падвялі вынікі работы за 2012—2017 гады, абмеркавалі прыярытэтныя кірункі на перспектыву, а таксама зацвердзілі новыя рэдакцыі статута і праграмы. Акрамя гэтага, абраны рэспубліканскі савет і цэнтральная кантрольна-рэвізійная камісія грамадскага аб'яднання.

Каментарый у тэму

Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля КАЧАНАВА:

— Калі будзе пасыл, неабходнасць у гэтым (у пераўтварэнні ў партыю. — Аўт.), і яна наспее, тады і магчыма будзе стварэнне партыі. Пакуль такога мы не ўбачылі і не пачулі. Значыць, пакуль не час. У краіне грамадскае аб'яднанне сябе зарэкамендавала.

Таксама Наталля Качанава адзначыла, што за мінулую пяцігодку арганізацыя прырасла колькасна, паспяхова вырашала пастаўленыя перад ёй задачы. Што датычыцца перспектыў, то Наталля Качанава падкрэсліла, што «Белая Русь» — гэта добры кадравы рэзерв для вертыкалі ўлады.

Намеснік старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Мар'яна ШЧОТКІНА:

— Пытанне пераўтварэння ў партыю вельмі складанае. Калісьці ў «Белай Русі» было анкетаванне — і большасць выступіла за грамадскае аб'яднанне. Усё ж такі партыя — гэта палітыка, партыйная дысцыпліна, партыйныя мэты, якія ўсе абавязаны выконваць. Таму, на мой погляд, грамадскае аб'яднанне «Белая Русь», вядома, ужо паспела для таго, каб стаць партыяй, але для гэтага патрэбна воля знутры, гэта значыць, само грамадскае аб'яднанне павінна пра гэта заявіць: мы хочам і мы гатовыя.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

lukashevich@zvіazda.by

Фо­та БЕЛ­ТА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.