Вы тут

Віктар Жыбуль. ТАВІЗ: па слядах легендарнага літаб’яднання


Сярод беларускіх літаратурных згуртаванняў міжваеннага перыяду бадай самым загадкавым з’яўляецца ТАВІЗ — «Таварыства аматараў выпіць і закусіць». У адрозненне ад «Маладняка» і «Узвышша» яно мела нефармальны характар і, адпаведна, не прадугледжвала ні статуту, ні пратаколаў пасяджэнняў, ні якой-кольвечы іншай афіцыйнай дакументацыі, па якой можна было б, напрыклад, скласці храналогію яго дзейнасці або меркаваць пра яго эстэтычную праграму.


Тодар Кляшторны.

Да нядаўняга часу ці не адзінай крыніцай інфармацыі пра ТАВІЗ з’яўляліся тэксты пісьменніка-эмігранта Юркі Віцьбіча (1905 — 1975). Упершыню ў друку ён згадаў пра ТАВІЗ у палемічным фельетоне «Цьвілікае шэранькі верабей» (у аўтарскім арыгінале — «верабейчык»), апублікаваным у нью-ёркскай газеце «Беларус» (1966, № 116, с. 2):

«Дарэчы, у 1930-х гг. у беларускім літаратурным асяродзьдзі нейкі час існавала, бяз статутаў, суполка «ТАВІЗ», або — Таварыства аматараў выпіць і закусіць. Да «ТАВІЗу» належалі Міхась Багун, Валеры Маракоў, Тодар Кляшторны, Сяргей Дарожны, Уладзімер Хадыка, Юрка Віцьбіч і шмат іншых, уяўляючы зь сябе дэманстрацыйную ў дачыненьні да Саюзу савецкіх пісьменьнікаў БССР сувора забароненую багему. Ня ў залях і габінэтах Дому пісьменьніка, а ў шынках па Савецкай й Камсамольскай вуліцах абмяркоўвалі таленавітыя тавізаўцы сваю творчасьць. Дагэтуль паміж рознымі фотакарткамі беларускіх літаратараў з прачулымі аўтографамі захавалася ў мяне фота Валерыя Маракова, які сядзіць у менскай «Шашлычнай» за кухлем піва, апрацоўваючы свой чарговы добры верш. А ўвогуле гарэлку п’е чалавек у той час, калі вераб’ю, каб спагнаць смагу, цалкам хопіць лужыны, спакінутае крылатым Пэгасам» [1, с. 200].

А ў 1997 г. дзякуючы літаратуразнаўцу і бібліёграфу Лявону Юрэвічу сталі вядомыя лісты Юркі Віцьбіча да літаратуразнаўца і гісторыка Антона Адамовіча, дзе інфармацыя пра ТАВІЗ дапаўняецца новымі падрабязнасцямі (першапублікацыя: Архіўная кніга. Нью-Ёрк: БІНІМ, 1997); з’явіўся і артыкул, прысвечаны ўдзельнікам літаб’яднання [2, с. 160 — 169]. Так, у лісце ад 5 снежня 1951 г. больш дакладна і разгорнута пазначаны месцы збораў гэтай суполкі: «Зьбіраліся звычайна або ў каго-небудзь на кватэры (пераважна ў Багуна), або ў 2-й гасьцініцы, калі я прыязджаў з Віцебску, або ў шашлычнай на вул. Камсамольскай, або ў маленькай піўнушцы — уніз па вул. Савецкай, або (у крайнім выпадку) у сутарэньні Дому пісьменьніка, дзе меўся пэўны час рэстаран» [3, с. 141]. Вынаходнікам іранічна-эпатажнай назвы згуртавання А. Адамовіч называе Міхася Багуна. У ліку іншых удзельнікаў ТАВІЗа ён згадвае Васіля Каваля, Алеся Дудара, Эдуарда Самуйлёнка, а таксама Максіма Лужаніна — цытуючы адзін з яго пасляваенных вершаў:

 

Тут плоціцца дзесяць марак

і ставіцца дзесяць чарак,

а мне трэба больш купіць —

і ўжыць,

і сябрам наліць [2, с. 142].

 

Даследчык архіваў беларускай эміграцыі Лявон Юрэвіч прыходзіць да высновы, што да ТАВІЗа належалі таксама Змітрок Астапенка і Юлі Таўбін [2, с. 165 — 169], якія да свайго арышту ў 1933 г. жылі ў Мінску.

Цяжка сказаць, наколькі абавязковым і прынцыповым атрыбутам з’яўляліся ў Таварыстве выпіўка і закуска. Думаецца, яны былі больш «для адводу вачэй», а галоўны акцэнт рабіўся ўсё ж на незалежнасці згуртавання, на яго непадкантрольнасці палітызаванаму літаратурнаму афіцыёзу, партыйным ідэолагам, цэнзарам. «На паседжаньнях багемы без старшыні і сакратара за кухлем ці кілішкам чыталіся творы, якія пісалі для сябе, а не для друку. Тут кожны адчуваў сябе самім сабой, тут скідваліся тыя «маскі», пра якія прыгадваў Язэп Пушча», — пісаў Ю. Віцьбіч, маючы на ўвазе радкі з Пушчавага верша «Прарокі і вучні» з цыкла «Перад скупым абліччам часу», упершыню апублікаваным у часопісе «Узвышша» (1929, № 5): «Усе, усе мы носім маскі, / Нат скінуць дома баімося. / Да слёз смяёмся ў вечар майскі. / Да слёз спяваема увосень» [3, с. 142].

Юрка Віцьбіч падкрэсліваў, што ТАВІЗ — гэта «зусім не згуртаваньне алкаголікаў», а «штосьці накшталт спробы арганізацыйна аформіць беларускую багему», «пратэст супраць існуючага «Пракрустава ложа»«, «супраціў стварэньня пісьменьніцкаму калгасу» [3, с. 141—143]. Пад апошнім вызначэннем (дарэчы, прапанаваным А. Адамовічам), як вынікае з ужо цытаванага фельетона, мог разумецца Саюз пісьменнікаў БССР. Ён быў створаны паводле пастановы ЦК ВКП (б) ад 23 красавіка 1932 г. «Аб перабудове літаратурна-мастацкіх арганізацый» і пастановы ЦК КП(б)Б ад 27 траўня 1932 г. «Аб перабудове літаратурна-мастацкіх арганізацый БССР», а арганізацыйна аформіўся на 1-м Усебеларускім з’ездзе пісьменнікаў (Менск, 8—14 чэрвеня 1934 г.). Гэта наводзіць на думку, што прыкладна ў гэты час узнік і ТАВІЗ.

Спрабуе Юрка Віцьбіч і акрэсліць суполку ў кантэксце вядомых яму падобных прыкладаў у іншых літаратурах — у прыватнасці, параўноўваючы з асяродкам расійскіх імажыністаў, якія таксама марылі адасобіць мастацтва ад дзяржавы. «Да нейкае ступені, вельмі невялікае ступені, гэты наш ТАВІЗ нагадвае ясенінска-марыенгофскую «Зойкину квартиру», — прыгадваў Ю. Віцьбіч. — І тут, і там — літаратарская багема, аднак на гэтым падабенства і канчаецца. У нас ТАВІЗ набыў характар ня толькі палітычнага, але й нацыянальнага супраціву...» [3, с. 144].

І вось тут варта нагадаць: Антон Адамовіч у той час збіраў інфармацыю акурат для сваёй манаграфіі «Супраціў саветызацыі ў беларускай літаратуры (1917—1957)». Здавалася б, інфармацыя, паведамленая Ю. Віцьбічам, мусіла мець для яго неацэнную каштоўнасць: гаворка ішла пра вяртанне з забыцця і ўвядзенне ў навуковы ўжытак цэлага апазіцыйнага пісьменніцкага згуртавання! Але А. Адамовіч чамусьці ніяк не скарыстаўся гэтымі звесткамі: ці то забыўся, ці то не надаў значэння, ці то… не даў веры ўспамінам Ю. Віцьбіча, хоць той спрабаваў падмацаваць свае словы адсылкамі да дакументальных крыніц: «Гэтая назва неаднойчы прыгадвалася і ў друку, і на паседжаньнях, і ў пратаколах гэтых паседжаньняў» [3, с. 141]. Сумняюцца ў рэальным існаваньні ТАВІЗ і некаторыя сучасныя даследчыкі, ад якіх неаднойчы даводзіцца чуць, што, маўляў, гэтае літзгуртаванне — ні што іншае, як выдумка-містыфікацыя Ю. Віцьбіча: іншых жа крыніц быццам бы і не захавалася!

Сёння ж ёсць падставы аспрэчыць падобныя сцвярджэнні. Найперш звернемся да публікацый, што з’явіліся ў друку непасрэдна ў час існаваньня суполкі. Так, у газеце «Савецкая Беларусь» № 26 ад 1 лютага 1931 г. сустракаем нататку пад разгромнай назвай «Арганізатарам багемы — ня месца ў радох пралетарскіх пісьменьнікаў», падпісаную крыптанімам Б. Б. Тэкст яе прыводзім цалкам з захаваннем правапісу арыгінала:

 

АРГАНІЗАТАРАМ БАГЕМЫ — НЯ МЕСЦА Ў РАДОХ

ПРАЛЕТАРСКІХ ПІСЬМЕНЬНІКАЎ

 

Багема сярод літаратараў, багема як адрыжка буржуазнай упадніцкай уласьцівасьці ў нашых умовах, ва ўмовах дыктатуры пралетарыяту перарастае ад бытавой язвы ў язву ідэолёгічнага характару. Праяву багемы з усімі яе спадарожнікамі, п’янкамі, хуліганствам, упадніцтвам, адрывам ад мас, мы ня можам інакш расцэньваць, як праяву клясава варожых адносін да пралетарскай літаратуры.

Група багемствуючых пісьменьнікаў знайшла сабе прытулак у доме Пісьменьніка і адчувала сябе там «як дома». П’янкі, п’яныя лаянкі, парнаграфічныя надпісы на сталох, кніжках, каляндарох, карэспандэнцыях — былі звычайнай зьявай. Усе прыгоды гэтай групы набываюць арганізаваны ўжо характар і вырастаюць у групу пад назваю «ТАВІЗ» (таварыства аматараў выпіць і закусіць).

Найбольш сумным зьяўляецца тое, што на чале «Тавізу» знаходзіліся такія пісьменьнікі як А. Звонак, Ул. Хадыка, Маракоў і інш.

У свой час Сакратарыят Белапу ўдарыў па гэтай арганізацыі, асудзіў удзел у ёй т. Звонака, але гэтым і абмежаваўся. Барацьба з багемшчынай вялася недастаткова і толькі нядаўна Белап ударыў па канкрэтных носьбітах багемы.

Трэба спадзявацца, што ў бліжэйшы час такая работа будзе праведзена.

Зусім нядаўна Сакратарыят Белапу выключыў з сваіх радоў Ю. Іаўрука. Справа ў тым, што за апошні час у творчасьці і паводзінах Іаўрука даволі выразна праяўлялася нацыянал-дэмакратычная ідэалёгія. Барацьба з беларускім нацыянал-дэмакратызмам ня сустрэла водгуку з боку Іаўрука нават і пасьля ўскрыцьця контр-рэвалюцыйнай дзейнасьці групы беларускіх нацыянал-дэмакратаў. Іаўрук да гэтага не асудзіў сваёй нацыянал-дэмакратычнай вылазкі.

Рады пралетарскіх пісьменьнікаў ачышчаюцца ад клясава-варожых людзей. Рады Белап’у перабудоўваюцца, правяраюцца і ачышчаюцца. Заклік ударнікаў у літаратуру яшчэ больш узмацняе рады Белап’у і папаўняе іх новымі кадрамі пралетарскіх пісьменьнікаў. Ачышчэньне радоў Белап’у ад нацыянал-дэмакратычнай цьвілі яшчэ раз пацьвярджае, што Белап стаіць на правільным шляху [4, с. 1].

 

Зважаючы на недахоп агульнай інфармацыі пра ТАВІЗ, зазначым, што кожная, нават найдрабнейшая дэталь можа стаць каштоўнай зачэпкай для даследчыка гісторыі напаўлегендарнага літаб’яднання. Такім чынам, што мы даведваемся з прыведзенай нататкі?

1. ТАВІЗ узнік не ў перыяд стварэння Саюза пісьменнікаў БССР, а ўсё ж раней — яшчэ пры існаванні Беларускай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў (БелАПП), якая таксама выконвала функцыю манапалізатара літаратурнага працэсу. Згадванне падзей, звязаных з ТАВІЗам, пераважна ў мінулым часе і фармулёўкі кшталту «ў свой час» сведчаць пра тое, што паміж утварэннем згуртавання і часам выхаду нататкі (1 лютага 1931 г.) была пэўная часавая разбежка. Але ТАВІЗ з’явіўся прынамсі не раней за арышт Антона Адамовіча (25 ліпеня 1930 г.) — інакш ён ведаў бы пра гэтую суполку і не стаў бы распытваць пра яе Юрку Віцьбіча. Атрымліваецца, што ТАВІЗ быў створаны прыкладна ў верасні 1930 г. — неўзабаве пасля хвалі масавых арыштаў беларускай інтэлігенцыі па сфальсіфікаванай справе «Саюза вызвалення Беларусі». Пагатоў, ніхто з асуджаных па гэтай справе як удзельнік ТАВІЗа ў лістах Ю. Віцьбіча не згадваецца.

2. Сходкі ТАВІЗа часам адбываліся ў Доме пісьменніка (тагачасны адрас: Мінск, вул. Савецкая, 68) — то бок, у афіцыйным месцы сходаў і пасяджэнняў БелАПП. Але магчыма, тут маецца на ўвазе не сам Дом пісьменніка, а рэстаран у сутарэнні яго, пра які пісаў Ю. Віцьбіч [3, с. 141]. Пісьменнік успамінаў, што аднойчы Эдуард Самуйлёнак назваў гэты рэстаран «паграбком Аўэрбаха», маючы на ўвазе вядомую лейпцыгскую піўніцу — месца дзеяння першай часткі трагедыі Ё. В. Гётэ «Фаўст». Віцьбіч неасцярожна пажартаваў: «А можа, паграбок Авербаха?» — і «ў той жа дзень меў афіцыйную сустрэчу з Андрэем Александровічам, які даводзіў мне геніяльнасць Леапольда Авербаха» [3, с. 141]. Крытык Леапольд Авербах (1903—1937) быў адным з галоўных ідэолагаў і генеральным сакратаром Усесаюзнай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў (УАПП), а паэт Андрэй Александровіч (1906—1963) — членам сакратарыята БелАПП, у пэўным сэнсе яго беларускім калегам.

2. Назву ТАВІЗ суполка насіла небеспадстаўна: яе ўдзельнікі сапраўды вялі багемны (ці блізкі да яго) лад жыцця, былі схільныя ўжываць алкагольныя напоі, а таксама забаўляць адно аднаго «парнаграфічнымі надпісамі». Зрэшты, усё гэта магло ўспрымацца самімі літаратарамі як у пэўным сэнсе маркёры духоўнай разняволенасці, вальнадумства, свабоды творчасці.

4. Тагачасныя арганізатары літаратурнага працэсу ў БССР сапраўды разглядалі ТАВІЗ як арганізацыйна аформленую багему і бачылі ў ім ідэалагічную небяспеку для развіцця афіцыйнай пралетарскай літаратуры.

4. Акрамя пералічаных Ю. Віцьбічам удзельнікаў ТАВІЗа (сярод іх У. Хадыка і В. Маракоў), у нататцы называецца яшчэ адзін — паэт Алесь Звонак (1907—1996), які нават быў асуджаны сакратарыятам БелАПП. Як і Максім Лужанін, Алесь Звонак пражыў доўгае жыццё, аднак нідзе ў сваіх успамінах пра ТАВІЗ не згадаў, хоць алкагольнай тэмы як такой не цураўся — прыгадваў, напрыклад, як піў разам з Паўлюком Шукайлам «ружовы лікёр, размешаны гарэлкай», адзначаючы сваё паступленне ў аспірантуру [5, с. 106]. Праўда, А. Звонак прабыў у ТАВІЗе нядоўга: у тым самым 1931 годзе ён паехаў «перавучвацца» на літаратурны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта [5, с. 105].

5. У справе з’яўляецца яшчэ адзін фігурант — «Ю. Іаўрук». Тут мы маем справу з відавочнай памылкай друку, а маецца на ўвазе перакладчык і паэт Юрка Гаўрук (1905—1979). Такое ўражанне, што альбо наборшчык кепска расчытаў почырк журналіста, альбо сам журналіст не ўяўляў, пра каго піша, а толькі выконваў чыюсьці ідэалагічную замову: у дачыненні да Ю. Гаўрука такая нататка выконвае бадай што ролю палітычнага даносу. З публікацыі, аднак, не зусім зразумела, ці Ю. Гаўрук меў непасрэднае дачыненне да ТАВІЗа, ці быў прыплецены да справы, так бы мовіць, «за кампанію» — таксама як з’ява аднаго шэрагу, «класава варожы элемент».

Ці была нейкая канкрэтная прычына для такога сур’ёзнага і небяспечнага для таго часу абвінавачання ў нацыянал-дэмакратызме? Натуральна, што ні ў сваёй аўтабіяграфіі, ні ва ўспамінах (большасць з іх склала кнігу «Ступень адказнасці», 1986) ён нідзе не напісаў, за што ж менавіта яго выключылі з БелАПП у студзені 1931 г. Вядома, што ў той час Ю. Гаўрук жыў і працаваў у Горках, таму наўрад ці ён уваходзіў у ТАВІЗ — хіба што мог завітаць на яго сход, будучы заездам у Мінску. Магчыма, крытыкі-вульгарызатары адшукалі крамолу ў якім-небудзь з апублікаваных незадоўга да таго твораў Ю. Гаўрука? З бібліяграфіі пісьменніка даведваемся, што цягам усяго 1930 г. ён апублікаваў тры вершы Аляксандра Пушкіна («Ліст у Сібір», «Зімовы вечар», «Сосны») у сваім перакладзе («Маладняк», № 2) і толькі адзін уласны твор — апавяданне «Памятка» («Чырвоная Беларусь», № 7) пра селяніна Дзямяна Салабуту, які шкадуе чырвонаармейца, які страціў у баі каня, і пасля ваганняў дорыць яму свайго. Цяжка зразумець, дзе ў гэтым апавяданні крытыкі маглі ўгледзець нацыянал-дэмакратычныя матывы; хутчэй за ўсё, такія падставай для такіх абвінавачанняў сталі нейкія непублікаваныя творы Ю. Гаўрука, якія абмяркоўваліся на сходах і пасяджэннях БелАПП.

Вось да такіх разваг і высноў падштурхнула нас невялічкая тэндэнцыйная газетная нататка ў «Савецкай Беларусі» 1931 года. Падказала яна і пэўны кірунак далейшых пошукаў: а раптам у прэсе пачатку 1930-х гг. (у тым ліку ў літаратурных хроніках) знойдзецца яшчэ што-небудзь датычнае ТАВІЗау?

Нават там, дзе назва згуртавання непасрэдна не згадваецца, можна «вылічыць» прысутнасць «тавізаўскага кантэксту». Напрыклад, у часопісе «Маладняк» (1931, № 1) паведамлялася:

«— Сэкратарыятам БелАПП за нацыянал-дэмакратычную дзейнасьць выключан з БелАПП Юрка Гаўрук.

— За адрыў ад работы БелАПП, за сыстэматычныя п’янкі выключаны з БелАПП Хадыка і Шалай» [6, с. 124].

Заўважым, што гэтая часопісная хроніка выйшла амаль адначасова з газетнай нататкай таямнічага Б. Б., і дзве цытаваныя навіны (пра Гаўрука і пра Хадыку з Шалаём) так і змешчаны — побач, адна за другой — так бы мовіць, адной «абоймай». Магчыма, і ў газеце, і ў часопісе папрацаваў адзін і той «інфарматар».

Пра згаданага тут Уладзіміра Хадыку як пра аднаго з завадатараў ТАВІЗа мы ўжо ведаем. Яго таварыш па прыгодах Макар Шалай (1906—1937) — таксама асоба неардынарная. Літаратурны крытык, колішні ўдзельнік постфутурыстычнай «Беларускай Літаратурна-Мастацкай Камуны», ён набыў вядомасць (хоць і пасмяротную) тым, што будучы арыштаваным у 1933 г. па справе «Беларускай Народнай Грамады», адкрыта здзекаваўся са следчых, сцвярджаў, што хацеў далучыць Беларусь да Індыі [3, с. 158—159], а пазней быў адпушчаны з турмы з псіхіятрычным дыягназам.

Архіў Беларускай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў (БелАПП), у адрозненне ад яе папярэдніка — «Маладняка», як адзінае цэлае не захаваўся. Але матэрыялы асобных сходаў і пленумаў захаваліся ў архіўным фондзе аднаго з ідэолагаў арганізацыі — крытыка і літаратуразнаўца Лукаша Бэндэ (Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва, ф. 66). У гэтых дакументах наўпроставых згадак пра ТАВІЗ мы таксама не знаходзім, але можам — як і па публікацыях у друку — прынамсі, прасачыць лінію барацьбы афіцыйных літаратурных колаў з літаратурнай багемай.

Вось вытрымка з даклада Рыгора Мурашкі «Барацьба з нацыянал-дэмократычнымі рыцарамі ў літаратуры», агучанага на пленуме праўлення БелАПП, што праходзіў 12—16 траўня 1931 г.: «Пленум адабрае захады Сакратарыяту па барацьбе з літаратурнай богемай, якая, уносячы разладжваньне ў шэрагі БелАПП’у, зьяўляецца перашкодай па падняцьці ідэйнага і тэорэтычнага ўзроўня белапаўцаў. Працягваючы ў далейшым рашучую барацьбу з богемай ва ўсіх яе відах і формах (тут і далей вылучэнні нашыя. — В. Ж.), неабходна адначасова ўзмацніць выхаваўчую працу дабіцца палепшаньня матар’яльнага становішча пісьменьнікаў, дабіцца правільнай нагрузкі і грамадзкай працай, творчасьцю, вучобай» [7, арк. 20—21].

У гэтым жа тэксце знаходзім яшчэ адно пацвярджэнне, што Юрка Гаўрук ужо на самым пачатку 1930-х гг. быў запісаны ў нацыянал-дэмакраты: «З 500 асоб у аб’яднаньні застаецца толькі каля 70, і характэрна, што сярод гэтых апошніх якраз пазаставаліся элемэнты наяўна чужыя і нават варожыя па сваёй нацыянальна-дэмакратычнай тэндэнцыі (Касьпяровіч, Купцэвіч, Жылка, Гаўрук і некаторыя іншыя). Чым далей у лес, дык болей дроў» [7, арк. 4].

А вось «Нататкі публіцыста пра чырвоную халтуру» В. Пінскага, напісаныя прыкладна ў пачатку 1932 г.: «Сымптомы заспакаеньня на значных посьпехах, якія аднак не ліквідуюць адставаньне — у асобных творчых адзінак пролетлітаратуры сям-там праяўляюцца.

Гэтыя сымптомы знаходзяць сваё прыватнае праяўленьне ў ажыўленьні провінцыяльнай з прэтэнзыяй на сталічную богемы, у актывізацыі за апошні час сям-там ячэства, графаманства…

Бязумоўна, ня гэта характарызуе сёнешняе становішча пролетлітаратуры, але гэтыя балячкі тармозяць перамаганьне адставаньня, і іх трэба перамагчы. Перамаганьне іх адна з перадумоў перамаганьня адста ваньня пролетлітаратуры, адна з перадумоў стварэння Магнітбуду ў літаратуры» [8, арк. 48].

І гэта толькі нямногія ілюстрацыі таго, што афіцыйныя пісьменніцкія сходы, а таксама літаратурныя дыскусіі тых часоў праходзілі пад знакам барацьбы з нацыянал-дэмакратамі і іншымі «класавымі ворагамі», у тым ліку на культурным фронце.

Нягледзячы на тое, што кіраўніцтва БелАПП прымала рашучыя меры па барацьбе з багемай, праблема не знікала, а па-ранейшаму заставалася актуальнай і праз некалькі гадоў — калі БелАПП ужо не існавала, а на яго месцы паўстаў Саюз савецкіх пісьменнікаў Беларусі (ССПБ). У газеце «Літаратура і мастацтва» ад 16 лютага 1935 г. чытаем: «За апошні час Праўленнем ССПБ ускрыта група пісьменнікаў, якая сістэматычна п’янствуе, прычым частка з іх (Дудар, Вольны, Маракоў) стала на шлях багемы, а багемшчык можа трапіць у балота нацыяналістычнай контррэвалюцыі. Праўленне ССПБ і пісьменніцкі актыў вельмі жорстка асудзілі халтуру і багемшчыну, п’янку і іх носьбітаў, і папярэдзіла пісьменніцкую арганізацыю: гэта арэна, на якой магчымы рэцыдывы і ўплывы нацдэмакратызма ў літаратуры і літаратурным асяроддзі. Праўленне ССПБ выключыла на 6 месяцаў з Саюза Кляшторнага і Маракова, абвясціла суровую вымову Дудару, Вольнаму, вымову С. Баранавых» [9, с. 3].

Дарэчы, Юрка Віцьбіч сцвярджаў, што Т. Кляшторны «за справы ТАВІЗа» быў прыняты ў ССПБ не сябрам, а толькі кандыдатам [3, с. 134], а ў энцыклапедычных артыкулах са спісамі сяброў саюза прозвішча гэтага паэта ўвогуле адсутнічае; вышэй цытаваная нататка, аднак, пацвярджае, што Т. Кляшторны ў саюз усё ж такі ўваходзіў.

Змест нататкі яшчэ раз падкрэслівае, што куды большым злом за багемшчыну і п’янкі ў вачах літаратурных ідэолагаў бачыўся нацыянал-дэмакратызм. А да праяў апошняга маглі быць залічаны, бадай, любыя выказванні пра самабытнасць беларускай культуры, як і нядаўняя спрычыненасць да ўжо згорнутай на той час беларусізацыі. Абвінавачанні пісьменнікаў у злоўжыванні алкаголем і ў нацыянал-дэмакратызме амаль што зліваліся ў адно. Як зазначыў Алесь Бельскі, «Залічэнне да «п’янай багемы», «адарванасць ад грамадства», «лінія ўпадніцтва» напрамую звязваліся крытыкамі-аглабельшчыкамі з прыналежнасцю да буржуазнага нацыяналізму» [10, с. 449]. Праз гэтую ідэалагічную прызму разглядалася і творчасць. Вось і В. Маракоў і Т. Кляшторны былі выключаныя з пісьменніцкага саюза адначасова і за «багему», і за супольнае напісанне «крамольнага» верша «Песня перамог», апублікаванага ў газеце «Піянер Беларусі» 6 лютага 1935 г. [11, с. 114]. Неўзабаве, 21 сакавіка, В. Маракоў быў арыштаваны органамі дзяржбяспекі і правёў тры месяцы ва ўнутранай турме НКВД. Як бачым, меры ў дачыненні да «багемшчыкаў» прымаліся рашучыя і радыкальныя, на якія была здольная ў той час таталітарная дзяржава. Але масавыя расстрэлы былі яшчэ наперадзе…

У тагачаснай характарыстыцы В. Маракова для НКВД, падпісанай старшынёй Праўлення Саюза пісьменнікаў БССР Міхасём Клімковічам, сярод іншага было зазначана: «Разгром нацдемовщины и арест близких друзей Морякова, видимо, заставил его отойти от прямых хвалебных од нацдемизму к большей маскировке: он начал опевать богему, по-кулацки показывать наши заводы, нашу действительность (см. его изъятую книгу «Права на зброю»)» [11, с. 111].

Яшчэ больш разгорнута тэза пра В. Маракова як «багемшчыка» і «буржуазнага нацыяналіста» прадстаўлена ў характарыстыцы «О творчестве Валерия Морякова», напісанай крытыкам Алесем Кучарам на запыт УГБ па даручэнні кіраўніка Саюза пісьменнікаў ад 20 траўня 1935 г.: «Белорусские буржуазные контрреволюционные националисты одним из оружий борьбы против советской власти избрали богему, богемский разврат и вырождение, упадничество и разложение. В этом смысле пьяная, разухабистая богема, упадничество, пессимизм, как в жизни, так и в творчестве, являлись оружием в руках буржуазных националистов в их борьбе против пролетарской революции. В. Моряков является наиболее ярким представителем богемско-упаднического отряда буржуазного национализма в белорусской литературе. Моряков исповедует в своем творчестве общие для всех буржуазных националистов идеи, однако, оттененные богемским упадничеством. Явно контрреволюционные нацдемовские произведения вроде «Беларусі», «Чуеш, Беларусь» (Кастусю Калиновскому), «Рахунак паэта, пададзены да аплаты», «Фабрыка Дзвіна», «Мая паэма» чередуются у него с есенинско-упадническими стихами, выражающими безнадежность и неверие поэта. Обратимся к раннему творчеству В. Морякова (1926—29 гг.), и мы увидим, что в первую очередь Моряков — белорусский нацдем и именно отсюда у него начинается упаднический, богемский разлад с действительностью. Советская действительность ему чужда, враждебна. Отсюда неверие ни во что, ни в какие перспективы, отсюда пессимизм. Линия упадничества, пьяной богемы идет через все три сборника Морякова, а так же через «Мою поэму». В сборниках «Пялёсткі», «На залатым пакосе», «Вяршыні жаданняў» всюду пьяный разухабистый и безнадежный пессимизм:

 

І так моцна, так глуха галосіць душа,

І на сэрца з трывогай кладзецца рука.

 

Этот лейтмотив проходит через все стихи Морякова» [11, с. 117—118].

Акрамя Валерыя Маракова, яшчэ адным арыштаваным у той час (8 лютага 1935 г.) беларускім літаратарам быў ужо згаданы ў сувязі з ранейшымі «багемнымі» справамі Юрка Гаўрук, хоць увогуле 1935 год, як зазначыў Леанід Маракоў, «на арышты быў даволі «сціплы»« [11, с. 108].

Багемны лад жыцця, у якім спрабавалі знайсці паратунак Валеры Маракоў (чый актыўны ўдзел у ТАВІЗе засведчаны нават дакументальна) і яго сябры, знайшоў адбітак у мемуарах некаторых сучаснікаў. Успамінаючы часы свайго юнацтва, паэт Сяргей Грахоўскі пісаў: «З гэтай пары [з вясны 1932 г. — В. Ж.] мы амаль пасябравалі з Мараковым: часта сустракаліся ў Доме пісьменніка, шпацыравалі па інстытуцкіх калідорах, па Савецкай вуліцы. А калі заводзіліся капейкі, выходзячы з бухгалтэрый выдавецтва ці «Чырвонай змены», заварочвалі на Камсамольскую вуліцу ў мясцовае «Стойла Пегаса» — прапахлую півам і нейкаю смажанінаю забягалаўку, названую «Капернаумам». Адразу станавілася шумна і весела. Потым «ідэолагі» нашы паходы ахрысцілі «амаральнай багемай», хоць і самі часам заварочвалі туды, каб сабраць назіранні дзеля далейшай «работы» ды і глынуць піва» [10, с. 409—410].

На той час Валеры Маракоў спалучаў творчую працу з навучаннем на літаратурна-лінгвістычнага аддзяленні Мінскага вышэйшага педагагічнага інстытута, жывучы то на ганарар, то на стыпендыю. Атрыманне грошай ён часам бурна адзначаў з сябрамі:

«У дні выплаты стыпендыі часам каля касы Маракова чакалі Кляшторны або Багун, спадзеючыся пазычыць нейкую дробязь. Выдавецтва ганарары па 30 капеек за радок цыркала нерэгулярна. На калідоры каля кабінета намесніка дырэктара Івана Адамавіча Бучукаса на дзіравай цыратовай канапе часта чакалі фінансавай ласкі паэты і празаікі. Аднойчы тут жа Маракоў склаў «слязніцу»: «“Бучукас, Бучукас, пашкадуй ты нас, дай адзін рубляс на куфляс півас”. Яна стала папулярнаю сярод пісьменнікаў, дайшла і да Бучукаса. Ён звычайна, падпісваючы паперку ў бухгалтэрыю, казаў: “Вось табе на куфляс півас”» [10, с. 408—409].

У фондзе Лукаша Бэндэ захаваўся машынапіс поўнага тэксту эпіграмы, нават з датай ці то напісання аўтарам, ці то перадруку на машынцы самім Бэндэ:

 

Новы ойча наш

 

Дзядзька Бучукас,

Пашкадуй ты нас,

У гэты страшны час

Пашкадуй хоць раз, —

Дай хоць паўрубляс

На адзін куфляс.

 

Сядзеў і ікаў

Ўладзімер Хадыка;

Скардзіўся крэпка

Пятрусь Глебка.

 

Стукаў кулаком

Валеры Маракоў.

Каб мог, вас зьмяў бы

Юлька Таўбін.

 

Хаваўся за зброю

Мікола Хведаровіч.

Бразгаў нажамі

Максім Лужанін.

 

А іншы народ

Стаяў каля варот,

Скрыгаў зубамі на нас,

Дзядзька Бучукас.

 

3/Х—1933 г. [12, арк. 1].

 

Магчыма, гэта і ёсць ці не адзіны ацалелы верш з тых, што чыталіся на сходках ТАВІЗа… Дарэчы, у архіўным вопісе твор пазначаны як эпіграма «неўстаноўленага аўтара». Вось як карысна часам бывае зазірнуць у падобныя дакументы, а заадно зняць з іх пячатку ананімнасці!

Сярод «герояў» верша, акрамя тавізаўцаў У. Хадыкі, В. Маракова, Ю. Таўбіна, М. Лужаніна сустракаем і такіх асоб, як Пятро Глебка і Мікола Хведаровіч. Вядома ж, сяброўскія застоллі і проста гутаркі за куфлем піва былі ў літаратараў, бадай, звычайнай справай, магчыма, яны і самі не асабліва задумваліся над тым, якія з гэтых сустрэч трэба было лічыць пасяджэннямі «Таварыства аматараў выпіць і закусіць», а якія — проста будзённымі пасядзелкамі з выпіўкай і закускай. Натуральна, што і склад удзельнікаў такіх сустрэч мог вар’іравацца.

Датычна згаданага ў вершы будучага акадэміка Пятра Глебкі мусім заўважыць, што яшчэ ў часы «Маладняка» ён выяўляў сябе як прыхільнік «багемнага» ладу жыцця, таму яго магчымы ўдзел у ТАВІЗе зусім не выглядаў бы выпадковым.

Пакінуў успаміны пра Валерыя Маракова і Павел Пруднікаў (упершыню — «Маладосць», 1998, № 12). І што асабліва цікава — у іх прысутнічае непасрэдная згадка суполкі ТАВІЗ. Акрэслім кантэкст гэтай згадкі: у канцы 1960-х гг. П. Пруднікаў наведаў родны дом В. Маракова і сустрэўся з ягонай маці. У гутарцы з ёю ён меў неасцярожнасць сказаць: «Валера быў членам ТАВІЗа. Удзельнікі яго збіраліся звычайна ў адной з кавярняў горада. Афіцыйныя ўлады называлі іх багемай і абвінавачвалі ў злоўжыванні алкаголем…» Рэакцыю маці рэпрэсаванага паэта аўтар успамінаў апісаў наступным чынам:

«І вось тут раптам адбылося нечаканае: маці насцярожылася, збляднела — змянілася ў твары і вымавіла:

— Гэта няпраўда, мой сын…

— Матуля, супакойцеся. Я ж меў на ўвазе, што Валера, як і яго сябры, адчуваючы непазбежны арышт, часам здымаў нервовасць, узбуджанасць чаркай…

Шчыра кажучы, я ўжо не раз укусіў сябе за язык за непрадуманую заўвагу» [10, с. 432].

У часопісным варыянце ўспамінаў пададзены яшчэ некаторыя рэплікі з гэтага дыялогу:

«— Усё роўна мой сын не п’яніца! — стаяла яна на сваім.

— Я такой жа думкі, матуля, прабачце мне, калі што не так сказаў пра Валеру» [13, с. 208].

Зразумела, чаму паэтава маці так негатыўна зрэагавала на згадку пра ТАВІЗ: у свой час тыя абвінавачанні ў злоўжыванні алкаголем папярэднічалі арышту і расстрэлу В. Маракова, яны быццам спадарожнічалі трагедыі гэтай сям’і… І ўвогуле, думаецца, такая непажаданасць згадак пра крамольны ТАВІЗ шмат у чым тлумачыць тое, чаму пра гэтае літаратурнае згуртаванне так праблематычна знайсці ў друку хоць якуюсь інфармацыю. Магчыма, у «тавізаўскіх колах» вяліся ў свой час сапраўды вострыя гутаркі — настолькі вострыя, каб пасля гэта ўпарта абвяргаць. Дый нават у наш час прыналежнасць тых паэтаў да «Таварыства аматараў выпіць і закусіць», напэўна, успрымалася б некаторымі аматарамі літаратуры як нейкая кампраметацыя — але ўжо ў сувязі не з «супрацівам саветызацыі», а з «не ідэальным» ладам жыцця, на думкі пра які наводзіць назва суполкі.

Другая прычына — у тым, што ўспамінаць пра ТАВІЗ ужо асабліва не было і каму: з усіх удзельнікаў суполкі, згаданых Ю. Віцьбічам, акрамя яго самога, у паваенныя гады заставаўся ў жывых толькі Максім Лужанін. Усе астатнія альбо загінулі ад рэпрэсій (М. Багун, С. Дарожны, А. Дудар, В. Каваль, Т. Кляшторны, В. Маракоў, У. Хадыка), альбо заўчасна памерлі ад хвароб (Э. Самуйлёнак). З гэтай прычыны выглядае сумнеўным сцвярджэнне Ю. Віцьбіча, што «ТАВІЗ праіснаваў да самай вайны» [3, с. 142]. З каго ж, у такім разе, ён складаўся ў канцы 1930-х гг.?

У апошнія гады жыцця Максіма Лужаніна з ім сустракалася пісьменніца Людміла Рублеўская, каб распытаць пра жыццё беларускіх літаратараў міжваеннага перыяду. Паводле яе слоў, падчас гэтых сустрэч М. Лужанін з захапленнем неаднойчы распавядаў і пра ТАВІЗ, праўда, з вышыні пражытых гадоў расцэньваючы гэта проста як смелае і вясёлае перайманне багемы, якое мела месца ў маладосці. У апублікаваных мемуарах М. Лужаніна абрэвіятура ТАВІЗ нідзе не сустракаецца, а самі згадкі пра сяброўскія бяседы ў пакоі Тодара Кляшторнага за пляшкай лошыцкага віна з агрэсту ці антонаўкі або вячэру «на закрытым ад цікаўных вачэй балкончыку рэстарана “Еўропа”» [14, с. 15] датычаць пераважна ранейшага перыяду — 2-й паловы 1920-х гг., калі і сам Лужанін, і згаданы Т. Кляшторны былі студэнтамі. «За жартамі і спевамі пераседжвалі і поўнач, перабраўшы на памяць Купалу, Коласа, Блока і, часцей, Гумілёва, — пісаў М. Лужанін. — Назаўтра мы беглі слухаць лекцыі або сядалі за працу пры ўласным стале. Адным словам, быў узрост і духоўны стан, калі «водку пьешь заради славы, не потому что хороша»« [14, с. 15]. Успаміны даюць зразумець, што багемны лад жыцця захапляў маладых паэтаў ужо ў той перыяд. Яны знаходзяць пацвярджэнне і ў лістах Пятра Глебкі да Паўлюка Труса: «20 сьнежня 27 году атрымлівалі стыпэндыі і ўмовіліся пасьля гэтага сыйсьціся ў Кляшторнага на кватэры (ён жыў разам з Падабедам Яз.). Сышліся: я, Маракоў, Дарожны, Лужанін, Каваль, Кляшторны і Падабед. Узялі выпіць — тры бутэлькі (паўлітры). Выпілі, пачыталі вершы, пасьпявалі і разышліся…» [15, арк. 1].

Але тады гэта ішло часткова ад «маладой задзірыстасці, жадання пафарсіць легкадумным учынкам», часткова ад даніны модзе («А мы што, кіпцямі загон барануем?»), і ніхто яшчэ не ўкладаў у гэтыя сустрэчы з піццём алкаголю, чытаннем вершаў і спевамі таго сэнсу, які з’явіўся пазней, а менавіта — паспрабаваць арганізацыйна аформіць беларускую багему і стварыць апазіцыю афіцыйнай літаратурнай арганізацыі. Сам М. Лужанін, як бы імкнучыся праз шмат гадоў апраўдацца, рэзюмуе: «Як жа назваць тое бадзянне, нясытае жыццё маладых літаратараў? Багема? Хутчэй за ўсё — не. У кожным разе не тое змрочнае прадонне, якое глынае, не дае падняцца хоць бы на кароткі час работы» [14, с. 15].

Ёсць, аднак, ва ўспамінах М. Лужаніна эпізод, які відавочна датычыць крыху пазнейшага часу, 1930—1933 гг. — акурат у гэтыя гады жыў у Мінску Змітрок Астапенка, пакуль не быў арыштаваны па справе «Беларускай народнай грамады»: «Пры шклянцы таннага лошыцкага збіраліся Хадыка, Астапенка, Броўка з Глебкам, са старэйшых — Зарэцкі і Сташэўскі» [14, с. 15]. Менавіта ён, Змітрок Астапенка, у 1943 г. напіша ў Маскве на рускай мове п’есу «Запалім люлькі» пра паэта Юрыя Смоліна — чалавека з пакручастым лёсам: уваходзіў у колы літаратурнай багемы, быў арыштаваны па даносе, высланы ў лагер, адкуль уцёк перад самай Вялікай Айчыннай вайной, пачаў супрацоўнічаць у акупацыйнай газеце, а потым, пабачыўшы рэальныя жахі вайны і перажываючы за лёс Радзімы, стаў падпольшчыкам… У значнай ступені Смолін з’яўляецца героем аўтабіяграфічным: шэраг фактаў яго біяграфіі супадае з фактамі жыццяпісу самога З. Астапенкі. Яшчэ адзін каларытны персанаж п’есы — супрацоўнік Беларускага радыё-цэнтра і таксама паэт Скарга, на якім атмасфера літаратурнай багемы адбілася найгоршым чынам. З аднаго боку, ён стварае ўражанне чалавека, які даўно прапіў свой талент, з другога — раскрываецца як даволі складаная асоба са сваёй жыццёвай драмай, прываблівае шчырасцю, разважлівасцю, іранічным поглядам на рэчы. Характары гэтых двух персанажаў з’яўляюцца ў п’есе аднымі з найбольш прапісаных.

Асобныя сцэны п’есы перадаюць атмасферу жыцця беларускай літаратурнай багемы 1930-х, прыкладна такую, якім яна паўстае ў лістах Ю. Віцьбіча да А. Адамовіча і ўспамінах некаторых іншых сучаснікаў. Возьмем, напрыклад, сцэну сяброўскай вечарынкі, якую ладзіць у сябе дома Юры Смолін з нагоды 10-годдзя сваёй літаратурнай дзейнасці:

«МРАЧНЫЙ ПОЭТ — Браво, Скарга! Ты вовсе не скептик, а настоящий поэт. Только по шибке пьешь, вместо того, чтобы писать.

СКАРГА — Ты так думаешь? (Махнув рукой.) Ну, так давай выпьем!

СМОЛИН — Пьем за хорошую, настоящую, живую поэзию, друзья! — без натянутой тенденции и без оптимизма по обязанности, как у моего соседа Любецкого. Пьем, друзья!.. (Пьют.) А теперь — споем! Галя! Сейчас твое слово! Ну-ка ту — купальскую!

(Шум. Гости группируются вокруг Гали. Около нее садится с гитарой Скарга. Галя запевает чудесную белорусскую купальскую песню. Песню подхватывают. Поют почти все. Герасим Андреевич, улыбаясь, дирижирует. Песня постепенно гаснет в глубоко-лирическом аккорде.)

СМОЛИН — Друзья мои! Почему так глубоко трогают нас наши милые народные песни? Не потому ли, что в них слышен голос народа? Его чувства, его страдания и радости? Наши задушевные простые народные песни! Выпьем, друзья, за нашу песню! За Белорусь! За ее национальную культуру! Да-да! За белорусскую национальную культуру!

БАМБУРА (дремавший во время пения на авансцене) — За Белорусь? За белорусскую национальную культуру?! Национал-демократизм! Ага! (Что-то пишет, отвернувшись, и прячет.)» [16, арк. 16—17].

Крытык Бамбура рыхтуе на паэта Смоліна чарговы данос у НКВД. У выніку Юрыя арыштоўваюць і, як потым высвятляецца, асуджаюць на 10 гадоў лагераў. Потым шляхі гэтых персанажаў сустрэнуцца ўжо ў акупаваным Мінску… Нягледзячы на ўсю інтрыгоўную фабулу п’есы, сітуацыя выглядае вельмі рэалістычнай: як мы ўжо бачылі, абвінавачанні ў «багемшчыне» і «антысаветчыне» часта спалучаліся паміж сабой, і Змітрок Астапенка меў смеласць апісаць у сваёй п’есе такую тыповую для свайго часу сітуацыю.

З п’есы можна зрабіць выснову, што і багемныя літаратурныя колы (прыкладам якіх і быў ТАВІЗ), нягледзячы на ўсю сваю дыстанцыяванасць ад палітыкі і закамуфляванасць пад звычайныя сяброўскія застоллі, не былі застрахаваныя ад стукачоў-даносчыкаў. Можна выказаць меркаванне наконт таго, хто быў прататыпам Бамбуры і, адпаведна, каго менавіта З. Астапенка вінаваціў у сваім несправядлівым арышце і асуджэнні.

Прозвішча персанажа найбольш сугучнае з прозвішчам Уладзіміра Сядуры (1910—1985), які на пачатку 1930-х гг. у сваіх артыкулах разглядаў творчасць З. Астапенкі з вульгарна-сацыялагічных пазіцый. Так, на прыкладзе паэмы «Канцы паэмы» ён зазначаў, што творчая ўстаноўка аўтара мае яскравы «ідэалістычны, асветніцкі характар» і, адпаведна, уяўляе з сябе «навевы буржуазнага, ідэалістычнага мастацтва». «З гэтае-ж устаноўкі, — развіваў сваю думку крытык, — усімі сваімі карэньнямі вырастаюць і скэптычныя адносіны да ўтылітарных запатрабаваньняў поэзіі, імкненьні адасобіцца ад грамадзкага жыцьця ў сфэры нейкага надклясавага, аполітычнага мастацтва (а фактычна соцыяльна абумоўленага дробнабуржуазным быцьцём і навевамі буржуазнае літаратуры), непрыстасаванасьць да жыцьця, выпаданьне з ягонае плыні, нараканьні…» [17, с. 153]. У час Другой сусветнай вайны збеглы з-пад арышту У. Сядура вярнуўся ў акупаваны Мінск, дзе рэдагаваў часопіс «Новы шлях» і друкаваўся ў «Беларускай газэце».

Магчыма, З. Астапенка вырашыў гэтак адпомсціць свайму крытыку, зрабіўшы яго прататыпам адмоўнага персанажа сваёй п’есы. Хоць Бамбура можа быць і вобразам абагульненым: у ім сканцэнтраваны найбольш тыповыя і пры гэтым шаржаваныя рысы крытыка-вульгарызатара…

 

…Пакуль што ў справе даследавання «Таварыства аматараў выпіць і закусіць» больш загадак і гіпотэз, чым выяўленых, дакументальна пацверджаных фактаў, аднак відавочна адно: ТАВІЗ, насуперак меркаванням некаторых скептыкаў, усё ж такі існаваў. Гэта рэальнае нефармальнае згуртаванне беларускіх літаратараў 1930-х гг., а ні ў якім разе не міф, прыдуманы Юркам Віцьбічам. Дзейнасць ТАВІЗа — адна з праяў супраціву саветызацыі ў беларускай літаратуры, якая магла б заняць належнае месца ў вышэйзгаданым даследаванні Антона Адамовіча. Вядома ж, даследаванне дзейнасці ТАВІЗау патрабуе далейшых пошукаў, і магчыма, у фондах архіваў і бібліятэк некалі знойдуцца новыя, невядомыя раней факты пра гэтую суполку.

 

Літаратура і крыніцы

 

1. Віцьбіч, Ю. Цьвілікае шэранькі верабейчык / Ю. Віцьбіч; падрыхт. да друку і камэнт. Ц. Чарнякевіча // Запісы БІНІМ. — 2012. — Т. 35.

2. Юрэвіч, Л. Тавізаўцы. Пра лёсы ўдзельнікаў аднаго літаратурнага аб’яднання / Л. Юрэвіч // Роднае слова. — 1997. — № 11.

3. Віцьбіч, Ю. Лшоно Габоо Бійрушалайм: даваенная проза / Ю. Віцьбіч. — Мінск: Кнігазбор, 2011.

4. Б. Б. Арганізатарам багемы — не месца ў радох пралетарскіх пісьменнікаў / Б. Б. // Савецкая Беларусь. — 1931. — 1 лют.

5. Звонак, А. Разбітыя скрыжалі лёсу / А. Звонак; зняў з магнітнай стужкі А. Пашкевіч // Першацвет. — 1995. — № 6.

6. Хроніка // Маладняк. — 1931. — № 1.

7. Дакументы дзейнасці БелАПП (рэзалюцыі пленумаў, пастановы сакратарыяту, выступленні П. Р. Галавача, Я. Ліманоўскага, Р. Мурашкі і інш.) // БДАМЛМ. — Ф. 66. — Воп. 1. — Адз. зах. 1053.

8. Дакументы пленумаў праўлення БелАПП // БДАМЛМ. — Ф. 66. — Воп. 1. — Адз. зах. 901.

9. Суровае і своечасовае папярэджанне // Літаратура і мастацтва. — 1935. — 16 лют.

10. Маракоў, В. Рабінавая ноч: Выбранае: Вершы, паэмы, проза, публіцыстыка, крытыка, пер. / В. Маракоў. — Мінск, 2003. — 480 с.,

11. Маракоў, Л. Валеры Маракоў: Лёс. Хроніка. Кантэкст / Л. Маракоў. — Мінск: МФ «Бел. кнігазбор», 1999.

12. Неўстаноўлены аўтар [Маракоў, В.]. «Новы ойча наш». Эпіграма. Машынапіс // БДАМЛМ. Ф. 66. — Воп. 1. — Адз. зах. 1360.

13. Пруднікаў, П. Паэт эмоцый / П. Пруднікаў // Маладосць. — 1998. — № 12.

14. Лужанін, М. Наш рух — калодзеж непачаты… / М. Лужанін // ЛіМ. — 1988. — 1 крас.

15. Глебка, П. Лісты да П. Труса // БДАМЛМ. Ф. 404, воп. 1, адз. зах. 30, арк. 1 — 5 адв.)

16. Астапенка, З. Запалім люлькі: Пьеса в 4 действиях. Машинопись / З. Астапенка // БДАМЛМ. — Ф. 128. — Воп. 1. — Адз. зах. 10.

17. Сядура, У. Пра маладую рэволюцыйную поэзію (пра творчасьць З. Астапенкі і М. Багуна / У. Сядура // Маладняк. — 1930. — № 12.

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».