Вы тут

Беларуска хоча стварыць музей помнікаў, якія выкідваюць за мяжой


Як вядома, некалькі месяцаў таму ўступіла ў сілу рашэнне аб зносе помнікаў савецкай эпохі, прынятае ў суседняй Польшчы на вышэйшым дзяржаўным узроўні. Гэта значыць, будзе праведзены дэмантаж 230 помнікаў, якімі ўвекавечана памяць пра 600 000 салдат і афіцэраў, што загінулі пры вызваленні Польшчы ад фашысцкіх захопнікаў. Манументы, што ацалеюць пры разборы, вывезуць у спецыяльна адведзеныя месцы, туды, дзе іх ніхто асабліва не ўбачыць. А потым, вельмі верагодна, забудуць пра іх.


Брэсцкая прадпрымальніца, генеральны дырэктар ААТ «Лагуна» Наталля ІЛЬНІЦКАЯ, не пажадала мірыцца з такім стаўленнем да памяці, хай сабе і ў суседзяў. І як чалавек актыўнай жыццёвай пазіцыі, Наталля Емяльянаўна пачала дзейнічаць. Спачатку яна звярнулася ў мясцовыя органы ўлады, потым напісала пісьмы ў Міністэрства замежных спраў і Міністэрства культуры нашай краіны. Атрымаўшы маральную падтрымку і адабрэнне, прадпрымальнік звярнулася ў адпаведныя структуры Польшчы. Пакуль афіцыйны адказ атрыманы толькі з ведамства па нацыянальнай спадчыне. Яны рэкамендуюць звязвацца з мясцовымі ўладамі і вырашаць пытанне на рэгіянальным узроўні. Апошнім часам Наталля Ільніцкая мела шэраг нефармальных перамоў з прадстаўнікамі грамадскіх арганізацый Польшчы. Яны выказалі гатоўнасць спрыяць рэалізацыі праекта, які задумала брастаўчанка.

— Яшчэ раз упэўнілася, што мы з калегамі на правільным шляху, калі ў абласной газеце летам з'явілася невялікая заметка пра нашу ініцыятыву — расказвае Наталля Ільніцкая. — Адгукнулася шмат людзей. Мне званілі з Брэста і навакольных вёсак, дзякавалі ветэраны, прадстаўнікі арганізацый воінаў-афганцаў, іншых афіцэрскіх аб'яднанняў, ды і проста людзі, якія даўно мяне ведаюць. У пісьме з МЗС Беларусі гаворыцца: «Імкненне ўнесці ўклад у захаванне памяці аб подзвігу герояў, якія вызвалілі Еўропу ад фашызму, вартае высокай ацэнкі і павагі». Ды і простыя людзі старэйшага пакалення ў Польшчы, з якімі давялося абменьвацца думкамі, казалі, што не месца воіну-вызваліцелю на звалцы. У першыя дні снежня Наталля Емяльянаўна наведала тры рэгіёны Польшчы, сустракалася з прэзідэнтамі ваяводстваў. Ва ўсіх выпадках брэсцкая прадпрымальніца атрымала вусную згоду.

Цяпер застаецца ажыццявіць шэраг фармальнасцяў. Як высветлілася, працэдура падрыхтоўкі даволі складаная. Трэба скласці шмат дакументаў, правесці ўзгадненні, якія дазволяць перавезці цераз мяжу даволі масіўны груз без перашкод. Напрыклад, каб мытня не паставіла пытанняў аб выплаце пошліны, патрабуюцца дакументы, якія пацвердзяць, што манументы былі перададзеныя бязвыплатна. Так што брэсцкая руплівіца на ніве гісторыі ў лютым зноў збіраецца ў камандзіроўку ў Польшчу. Варта адзначыць і тое, што Наталля Ільніцкая пачала перамовы з дзяржаўнымі органамі некаторых рэгіёнаў Украіны. Там жа таксама пазбаўляюцца ад помнікаў савецкай эпохі. Яна гатовая забраць манументы, якія моцна не пацярпелі пры дэмантажы.

Думаю, варта колькі слоў сказаць асобна пра дэпутата абласнога Савета, вядомага ў Брэсце мецэната Ільніцкую. Крыху больш за дваццаць гадоў таму яна, прадпрымальнік-пачатковец, адкрыла рынак у брэсцкім мікрараёне Кавалёва. Гандлёвыя рады паявіліся фактычна на пустцы, іх узвялі літаральна за шэсць месяцаў. Тады на новым рынку «Лагуна» было толькі 20 рабочых месцаў. Праз пятнаццаць гадоў іх ужо стала восемсот. Рынак паспяхова развіваўся як гандлёвае прадпрыемства, а таксама як грамадска-культурны цэнтр. Ужо стала звыклым для жыхароў мікрараёна, што на ўсе святы тут праходзяць канцэрты, напярэдадні 1 верасня праводзяцца кірмашы школьных тавараў. Нават кандыдаты ў дэпутаты любяць размяшчаць свае пікеты па зборы подпісаў побач з галоўным уваходам на рынак. Не кажучы пра тое, што сам рынак карыстаецца папулярнасцю ў гараджан, і па пакупкі сюды едуць амаль з усіх раёнаў горада.

Паступова на рынак, дзе знаходзіцца рабочы кабінет Наталлі Ільніцкай, пацягнуліся аўтары розных грамадскіх ініцыятыў. Ну, напрыклад, ёсць у Брэсце прадстаўніцтва Руху падтрымкі флоту. Названы рух мае групу «Пошук», якая займаецца ўвекавечваннем памяці маракоў, ураджэнцаў Брэстчыны, якія загінулі ў перыяд з 1904—1905 гадоў да нашых дзён. Дык вось дзесяць гадоў работы «Пошуку» прафінансавала ААТ «Лагуна». У выніку ўдалося ўстанавіць імёны многіх герояў Цусімы, іншых ваенных аперацый, дзе загінулі нашы маракі.

Цяпер ААТ «Лагуна» шэфствуе над дзвюма сем'ямі ў Брэсце і адной сям'ёй у Маларыце, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, дапамагае савету ветэранаў і аддзяленню Саюза жанчын, апякуе дзіцячы садок № 82, аказвае дапамогу шэрагу грамадскіх арганізацый. А колькі аднаразовых дабрачынных акцый праводзіць, пералічыць не атрымаецца і ў самой мецэнаткі, асабліва ў Маскоўскім раёне Брэста. Варта аддзелу адукацыі ці іншай установе правесці конкурс сачыненняў на патрыятычную тэму — і пераможцы будуць заахвочаны прызамі ад «Лагуны». Таму ні ў кога не ўзнікае сумненняў, што задуманае Наталля Ільніцкая абавязкова здзейсніць.

Праўда, зараз у кіраўніка вялікага прадпрыемства надзвычай многа вытворчых клопатаў. «Лагуна» распачала маштабную будоўлю. Да 1000-годдзя Брэста плануюць узамен былога рынка ўзвесці крыты трохпавярховы гандлёвы цэнтр, дзе размесцяцца гандлёвыя рады для харчовых і прамысловых тавараў, лабараторыя, склады, маразільныя камеры. Тут будзе ўтульнае кафэ, рамеснікі атрымаюць магчымасць прадаваць свае вырабы. А таксама ў новым будынку атрымае прапіску музей пад умоўнай назвай «Марак», экспанаты для якога збіраліся шмат гадоў.

А вось новы музей помнікаў адкрыецца на тэрыторыі Брэсцкага раёна. Для такога музея патрэбны ўчастак зямлі. У пасёлку Мухавец ёсць яшчэ адна вытворчая база «Лагуны». Нядаўна там адкрылі гасцінічны комплекс з рэстаранам. Непадалёку размесціцца і экспазіцыя манументаў.

— Па перыметры ўжо пасадзілі 250 туй, — расказала Наталля Ільніцкая. — Музей абяцае стаць цікавым. Экскурсавод раскажа гісторыю кожнага з манументаў. У іх ёсць альбо прататыпы, альбо падзеі, якія вартыя памяці.

Яшчэ «Лагуна» гатовая забраць помнікі, якія прыбралі з пастаментаў у сельскіх населеных пунктах нашай краіны. Напрыклад, у некаторых былых райцэнтрах, а цяпер пасёлках і вёсках, ужо няма помнікаў Леніну. А раней яны там былі абавязкова. Альбо многія калгасы некалі насілі імёны Дзяржынскага, Свярдлова, Кірава, Крупскай, іншых дзеячаў, і на цэнтральнай сядзібе стаялі бюсты згаданых асоб. Шэраг калгасаў былі расфарміраваны, далучаны да іншых гаспадарак, а каменныя выявы гэтых людзей, магчыма, пыляцца на складах альбо ў іншых падсобных памяшканнях. Наталля Ільніцкая будзе ўдзячная, калі ёй падкажуць адрасы такіх патэнцыяльных экспанатаў будучага музея.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Забраць са звалкі воіна-вызваліцеля

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

БЛІЗНЯТЫ. Гэты тыдзень вельмі ўдалы ў плане кар'еры і любові. Могуць паступіць прыемныя дзелавыя прапановы. Калі вы сканцэнтраваныя і ўважлівыя, то забяспечаны поспех, прычым такі, на які нават не разлічвалі. Цяпер час выканання жадання, вырашэння праблемы, якая хвалюе даўно. Да канца тыдня прыйдзе адчуванне радасці, спакою і гармоніі.

Грамадства

Як нармалізаваць артэрыяльны ціск?

Як нармалізаваць артэрыяльны ціск?

Сёння ў кожнага пятага дарослага чалавека ў свеце дыягнастуецца павышаны крывяны ціск.