Вы тут

Мінская міжнародная кніжная выстава пройдзе з 28 лютага па 4 сакавіка


Час правядзення ХХV Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу крыху скарэктаваны — сёлета яна адбудзецца з 28 лютага па 4 сакавіка. Галоўная тэма выстаўкі акрэслена так: «Беларусь — культурная пляцоўка Еўропы».


Як адзначаюць у Міністэрстве інфармацыі, гістарычна склалася так, што Беларусь з'яўляецца гасціннай краінай, дзе можна пазнаёміцца з культурай, звычаямі многіх народаў. Тут дружна жывуць прадстаўнікі многіх нацыянальнасцяў, іх культурнае багацце служыць узаемнаму ўзбагачэнню. Такая ж дзяржаўная палітыка праводзіцца і ў дачыненні да народаў іншых дзяржаў, для якіх наша краіна стала прыкладам міралюбнасці, талерантнасці, міжнацыянальнага братэрства.

Ганаровым госцем міжнароднай выстаўкі-кірмашу стане Сербія, цэнтральным экспанентам — Казахстан. Дарэчы, у розныя гады ганаровымі гасцямі тут выступалі Расія, Украіна, Ізраіль, Казахстан, Францыя, Германія, Венесуэла, Кітай, Арменія, Вялікабрытанія.

У праграме ўдзелу ганаровага госця запланавана выстаўка Нацыянальнай бібліятэкі Сербіі «Сербская літаратура ў Першай сусветнай вайне». Пройдуць творчыя сустрэчы з вядомым сербскім празаікам Горанам Петравічам, Даянай Лазаравіч — перакладчыцай на сербскую мову зборніка Максіма Багдановіча «Вянок». Адбудзецца сербска-беларуская літаратурная сустрэча «Творчы і навуковы тандэм: Іван Чарота і Драган Лакічавіч».

Будуць арганізаваны прэзентацыі выдадзенага ў Беларусі зборніка сучаснай сербскай паэзіі, кнігі Невены Віташавіч-Чэкліч «Чырвоныя кветкі Косава поля», кнігі «Беларусы пра Сербію і Югаславію», перакладу на рускую мову твораў св. Савы Сербскага «Студзенічкі ціпік» і «Жыціе св. Сімянона», падборкі беларускай паэзіі ў сербскім часопісе «Повелья» і сербскіх выпускаў часопісаў «Маладосць», «Полымя», «Нёман», газеты «Літаратура і мастацтва». У Доме дружбы адбудзецца вечар, прысвечаны сербскай літаратуры.

Таксама чакаецца шырокі ўдзел у выстаўцы кнігавыдаўцоў з Расіі (экспазіцыі «Выдавецкія праграмы ўрада Масквы» і «Санкт-Пецярбургскі міжнародны кніжны салон»), Германіі, Вялікабрытаніі, ЗША, Кітайскай Народнай Рэспублікі.

Знакавым мерапрыемствам выстаўкі стане прэзентацыя «Энцыклапедыі Кітая» на беларускай мове. Праект рэалізаваны ў адпаведнасці з мемарандумам аб супрацоўніцтве паміж Міністэрствам інфармацыі Беларусі і Галоўным дзяржаўным упраўленнем па справах прэсы, выдавецтваў, радыёвяшчання, кінематаграфіі і тэлебачання КНР.

Камітэт па друку і ўзаемадзеянні са СМІ ўрада Санкт-Пецярбурга пакажа ў Мінску музычна-літаратурны вечар, прысвечаны 315-годдзю з дня заснавання горада на Няве і сумесным расійска-беларускім кніжным праектам.

У дні выставы пройдзе ІV Міжнародны сімпозіум літаратараў «Пісьменнік і час». Сваю згоду на ўдзел у сімпозіуме пацвердзілі пісьменнікі з больш як 20-ці краін.

На выстаўцы ўзнагародзяць пераможцаў конкурсу маладых літаратараў «Першацвет». Творчасці маладых аўтараў будзе прысвечана і прэзентацыя зборніка «Першацвет», выпушчанага па выніках конкурсу, а таксама кнігі маладога аўтара Станіславы Умец «Сэрца Сакры: фэнтэзі», якая адкрыла новую серыю выдавецтва «Мастацкая літаратура» «Час ХХІ».

На нацыянальным стэндзе Беларусі ў дні работы выстаўкі будуць арганізаваны шматлікія сустрэчы з аўтарамі, выдаўцамі, мастакамі, прэзентацыі новых кніг, круглыя сталы, аўтограф-сесіі. Тут жа пройдзе ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў 57-га Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі».

Выстаўка пройдзе ў выставачным цэнтры «БелЭкспа» па адрасе: праспект Пераможцаў, 14. Запрашаем усіх ахвотных!

Варвара ГОМАН

Загаловак у газеце: Кніжны час

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».