Вы тут

«Сваё кіно» ў падарунак


У хаце Дарынкі нядаўна пасяліўся тэлевізар маркі «Нёман». Маленькі сам і з маленькім экранам ён прыехаў з Гомеля на цягніку. Аказалася, бацечку Дарынкі прэміравалі адзін раз, другі, і ён, прыхаваўшы тыя грошы, вырашыў прыпаднесці сям'і падарунак. Сюрпрыз удаўся, бо дома ніхто не чакаў такога вялікага «гасцінца». Пра яго першыя празналі Мацвей з Шуркам, бо ім прыйшлося дапамагаць бацьку несці запакаваныя ў кардон два пакункі. Ад хлопцаў пра «сваё кіно», там жа на станцыі, празналі «па сакрэце» іх дружбакі, а ад іх ужо іх дамашнія. Навіна аббегла ўсю вуліцу так хутка, што бацька не паспеў нават з дарогі памыць рукі і павячэраць.

Адзін за адным суседзі толькі мільгалі паўз вокны, што выходзілі на двор, і тут жа з'яўляліся ўжо на парозе кухні. Яны бягом рассаджваліся разам з дзецьмі, хто дзе, у той самай зале, у якой звычайна ладзіліся вячоркі. Малеча падала проста на падлогу, бліжэй да экрана, каб жа ўсё ўбачыць і нічога не прапусціць.

У першы дзень збеглася ўся вуліца. Якая там зала? Кухня была бітком набіта старымі і малымі. Якая там вячэра? Прыйшлося «ўсё кідаць» і разам з хлопцамі ўстанаўліваць «тое кіно» — раскрываць запакаваны і перавязаны скураным рэменем, каб лаўчэй было несці ад станцыі, тэлевізар і пакунак меншы. Да тэлевізара ж яшчэ дадаваўся чорны чамаданчык-стабілізатар.

— Вой, гвалт! Ды з гэтым тэлевізарам! Няма куды ступіць! Нясі яго ў сваю кантору — там месца болей, дзецям жа ўрокі патрэбна вучыць, а дзе і як? А людзей жа не выганіш! — так маці, якой, і праўда, не было нават куды праціснуцца, каб што-якое ўбачыць у тым тэлевізары, зачыніўшы за апошнім чалавекам дзверы ў сенцы, пачала адчытваць бацьку дзесь апоўначы. Людзі не пакінулі хату, пакуль не закончыліся ўсе праграмы і не патух экран.

Назаўтра за сняданкам, калі ўся сям'я сабралася за сталом, бацька паставіў перад ёй пытанне рубам:

— Што будзем рабіць?

Усе разумелі пра што ідзе гаворка — пра тэлевізар. Дзеці, ад самай меншай Дарынкі да большага Сцяпана, трывожна пераглянуліся і ці не ў адзін голас заявілі: — Не!

— Не аддадзім бацькаў падарунак да канторы. Ён жа не ёй яго дарыў, а нам усім, — гэта па старшынстве ад імя ўсіх дзяцей заявіў старэйшы Сцяпан. — Мы будзем да яго прыстасоўвацца. Так, малеча? — глянуў ён на меншых братоў і сястру. Тыя ў адказ на такую прапанову Сцёпы згодна заківалі галовамі. Брат прадоўжыў: — Вучобу і ўсе дамашнія справы мы будзем рабіць да яго ўключэння.

— Як табе такая прапанова? А цяпер што ты скажаш на гэта? — вочы бацькі смяяліся. Па іх можна было здагадацца, што ён адабрае рашэнне дзяцей.

У адказ маці Дарынкі толькі паціснула плячыма: маўляў, пажывём-пабачым.

Так што бацька тэлевізар у «кантору» не панёс, а сям'і прыйшлося-такі «прыстасоўвацца» пад «падарунак». Цяпер Дарына разам з братамі павінна была да вячэрняга ўключэння тэлевізара парабіць урокі, дапамагчы маці па гаспадарцы, ды яшчэ і папрыбіраць да прыходу людзей усё ў хаце. Хлопцы таксама цяпер не марудзілі з урокамі пасля таго, як гуртам паспявалі перарабіць справы па гаспадарцы. Цяпер усе работы выконваліся не з-пад палкі, як казала на гэта іх маці, а з аглядкай на тэлевізійныя праграмы.

— Давайце бягом, бо не паспеем на кіно, — падганяе малодшых брата і сястру Мацвей. — Забылі? Сёння пачынаецца шматсерыйны фільм «Чатыры танкісты і сабака».

Мацвей, Шурка і Дарынка пачынаюць яшчэ шпарчэй грэбсці і збіраць апалае дубовае і бярозавае лісце, якое павінна пайсці на подсціл свінням, карове, цялушцы. Пакуль яно сухое, жоўтае ім патрэбна засыпаць увесь прысценак-засек пры свінушніку. Зімой гэты прысценак будзе яшчэ грэць і свіней. З мяшкамі, набітымі пад завязку, дзеці навыперадкі бягуць-паспяшаюць дахаты, у якой іх чакае бацькаў падарунак, што хавае ў сабе столькі ўсяго цікавага...

Раіса ДЗЕЙКУН,

г. Гомель

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».