Вы тут

Самарэалізавацца можна паспець пасля нараджэння дзіцяці


А вось стаць мамай пасля аборту не факт, што атрымаецца.

Пра аборт сёння гавораць па-рознаму. Адны параўноўваюць з забойствам, другія адстойваюць права на яго — маўляў, навошта тое мацярынства, пакуль не рэалізавала свае задумы, не адвучылася, не атрымала работу, не абзавялася мужам...


Ты не адна!

Шчаслівыя фоткі, жыццесцвярджальныя статусы і пяшчотныя каментарыі ў сацыяльных сетках. Хто ведае, ці распісаліся б гэтыя маладыя людзі, калі б Марыя (тут і далей імёны зменены) не захавала цяжарнасць. Магчыма б, яна і не сышлася з Паўлам, не заўважыла, які ён высакародны, сапраўдны, любячы... Сімпатычны малады хлопец, па якім не адна прыгажуня сохла, выбраў адзінокую дзяўчыну з дзіцем на руках, ды яшчэ ўсім знаёмым сказаў, быццам гэта яго малы. У многім дзякуючы таму, як ён сябе паказаў, Марыя і звярнула на Пашу ўвагу, пакахала.

— Часам жанчыны кажуць: «Вось зацяжарыла ад нейкага ідыёта, ён мне не патрэбны». А дзе гарантыя, што калі яна выйдзе замуж за чалавека, якога будзе моцна кахаць, зможа з ім нарадзіць дзяцей? Альбо што праз некалькі гадоў пасля заканчэння ўніверсітэта ў яе ўсё будзе крута? Ды хіба замужнія жанчыны застрахаваныя ад таго, што ў нейкі момант не застануцца адны з дзіцем? Ці трэба так чапляцца за ўяўныя перспектывы, мары пра «забяспечаных хлопчыкаў» і крутую работу. Мы не будзем чапаць статыстыку бясплоднасці. Але чаму б не задумацца, навошта зараз жанчыне дадзена гэтая цяжарнасць? Усё ў жыцці можна паспець і пасля нараджэння дзіцяці, а вось стаць мамай пасля аборту можа і не атрымацца,— заўважае Юлія ЯРАСЛАЎЦАВА — старшыня грамадскага дабрачыннага аб'яднанння «Ратаванне немаўлят».

Здаецца, як рэагаваць, калі ў арганізацыю ў істэрыцы тэлефануюць цяжарныя са словамі накшталт: «Балюча мне, страшна, аборт хачу!» Але калі жанчыны сюды звяртаюцца, яны ж ведаюць, што тут ад абортаў будуць адгаворваць. Значыць, сумняваюцца, шукаюць падтрымкі. І добра, калі ёсць месца, дзе прымуць, не папракнуць. Бывае, што чалавеку патрэбны нехта, хто сагрэе, калі няма каму паплакацца, з кім параіцца. Такім тут заўсёды кажуць: «Ты не адна,
у цябе ёсць мы».

Пралайферы гатовы падтрымаць не толькі псіхалагічна (кансультацыі з прафесійнымі псіхолагам і гінеколагам). Будучым мамам, якім няма куды ісці, дапамогуць з жыллём і ўсім неабходным, навучаць, як даглядаць дзіця, і нават пастараюцца вырашыць праблемы з працаўладкаваннем.

З многімі мамачкамі арганізацыя гадамі падтрымлівае сувязь. Некаторыя падапечныя самі становяцца валанцёрамі. Так, адна з жанчын, якую ў арганізацыі некалі адгаварылі ад аборту, праз пэўны час сама кансультавала праблемную цяжарную: «Не будзе куды ісці з дзіцем, прыходзь да мяне. Я цябе прыму».

Хросная Юля

Юля расказвае, што некаторыя жанчыны завуць яе «хроснай мамай». Адзінокія ці непрызнаныя блізкімі, без работы і з жыллёвымі праблемамі, яны захавалі зароджанае жыццё. Як, напрыклад, Ірына. Яна задумалася пра аборт, калі прыгожыя адносіны з маладым чалавекам ператварыліся ў пакуты, сужыцель пачаў выпіваць і пры гэтым паводзіў сябе неадэкватна, мог пабіць, аблаяць. Дзяўчына, якая баялася, што застанецца адна на вуліцы, усё ж вырашыла нарадзіць і пакінуць немаўля ў дзіцячым доме. Але і ночы не пратрымалася, са слязамі прыбегла: «Аддайце мне маю малышку, не магу без яе». А яшчэ ў дзіцячым доме яна ўбачыла хлопчыка-адказнічка і адчула, што гатова была б і яго забраць, каб магчымасці дазвалялі.

— Мая Іра, — пра мамачак, якім дапамагла, Юля расказвае як пра найлепшых сябровак, — змагла тое, што змаглі б адзінкі. Упэўнена, што многія на яе месцы, нават на вялікіх тэрмінах, знайшлі б, як зрабіць аборт. Канешне, сэрца разрывалася ад болю, калі я даведалася, што яна падпісала адмову на дзіця, бо яна гэта зрабіла толькі таму, што баялася, ці зможа нешта даць дзіцяці. Але ў нейкі момант усё матэрыяльнае стала для яе другасным. Шкада, калі людзі думаюць, што галоўнае — забяспечыць дзіця. Хіба нельга быць шчаслівым без дарагіх цацак і адзення? Няўжо мы проста развучыліся радавацца жыццю, зносінам? Часта пралайфераў абвінавачваюць, што з-за іх нараджаюць сірот ці дзяцей, якіх пакідаюць у сметніцах. Гэта не так. Мы матывуем на мацярынства, паказваем, што гэта каштоўнасць. Калі сустракаешся з мамамі, якія вырашылі не перарываць цяжарнасць, бачыш, што прыярытэты ў іх мяняюцца. Напрыклад, адна проста да фанатызму марыла пра вышэйшую адукацыю. А нарадзіла дзіця, адчула, што хоча іншага. Насамрэч, дзіця нічога ніколі не адбірае. Яно толькі дае. Для многіх — гэта шанц пазбавіцца ад інфантыльнасці. Так, дзяўчына блукае: дыскатэкі, хлопчыкі. «А становіцца мамай, у яе з'яўляюцца клопаты і абавязкі, яна разумее, што ўсё, што было да гэтага — несур'ёзна, няважна. Мне вельмі шкада маладзенькіх дзяўчат-сірот, якіх ці не за шкірку цягнуць на аборты. А можа, у іх жыцці ніколі надзейнага мужчыны не будзе? Затое дзіця, у адрозненне ад мужыкоў, мамачку будзе любіць заўсёды.

«Маладая яшчэ, пагуляць хачу...»

Мы гатовы прыняць і тых людзей, якія цвёрда рашыліся на аборт, магчыма, наступную цяжарнасць яны захаваюць. І такі выпадак быў.

— Увогуле, аборт часта выбіраюць не таму, што няма грошай. На яго ідуць і калі ёсць муж, які не супраць дзіцяці. Часам гутарыш з жанчынай і разумееш, што ёй не цяжарнасць замінае. Маўляў, з мужчынам праблемы, быццам, ён яе не кахае. Тут бы да сямейнага псіхолага ісці, а не на аборт бегчы. Часам гэта няўпэўненасць у сабе, адгаворкі накшталт «маладая, яшчэ пагуляць хачу». Хоць той, хто рана нараджае дзяцей, пасля, як правіла, паспявае самарэалізавацца. Ёсць і такія, хто шкадуе сябе, баіцца, што застанецца без работы і не зможа купіць норкавае футра. Грамадзянскія шлюбы — таксама часта прычына абортаў. Сёння мы разам, а праз год-два можам заявіць: «Ты мне ніхто». Калі мужчына не рашаецца зрабіць прапанову, ці не гаворыць гэта пра тое, што ён несур'ёзна ставіцца да жанчыны, карыстаецца ёй? Маладзенькія дзяўчаты перарываюць цяжарнасць пад прымусам родных. Так, мне тэлефанавалі мамы непаўналетніх і цікавіліся, дзе робяць аборт. Але я магу прывесці прыклады, калі ранняя цяжарнасць была захавана і, некалі злосныя і непрымірымыя, бабулі і дзядулі сёння душы не чуюць у сваіх унуках. На аборт часам ідуць нават, калі не задавальняе пол дзіцяці. На жаль, сёння інтэрнэт перапоўнены каментарыямі жанчын, якія пра спыненую цяжарнасць гавораць амаль як пра ўласную заслугу.

Вольгу спыніць не было каму. Яна зрабіла аборт, калі ёй здалося, што муж здраджвае з найлепшай сяброўкай. Мужчына, калі даведаўся аб перарванай цяжарнасці, горка плакаў. Пра дзіця сужэнцы марылі дзесяць гадоў, але жанчына ніяк не магла зацяжарыць. Пара распалася. У яго з другой жонкай ужо двое дзетак. А Вользе ўрачы сказалі:» Пасля аборту вам ніколі не быць мамай».

Перадабортнае кансультаванне патрэбна не толькі дзеля таго, каб захаваць жыццё будучага чалавечка, але і дапамагчы жанчыне, незалежна ад таго, які выбар яна зробіць. Пралайферы цікавяцца, што ў цяжарнай здарылася, раз яна сюды прыйшла. Часта гэта безліч розных праблем, з якімі працуюць прафесійныя псіхолагі.

І ўсё ж Юлія мяркуе, што кансультацыі цяжарных — гэта ўжо самы апошні і цяжкі крок, а дзіцячыя жыцці можна выратоўваць і іншым чынам. Да абортаў вядуць тысячы шляхоў, і каб папярэдзіць незапланаваныя цяжарнасці, трэба найперш працаваць з моладдзю. Калі непаўналетнія дзяўчаты тэлефануюць «незнаёмай цётцы» (пэўны час такіх званкоў у арганізацыю ішло вельмі шмат) і цікавяцца пра аборты, хіба гэта не сігнал, што трэба нешта рабіць? Цнатлівасць, сямейныя каштоўнасці — адна з тэм, якую валанцёры абмярковаюць разам з падлеткамі ў каледжах і школах; важна, каб маладыя людзі навучыліся несці адказнасць за сябе і за іншых.

— Не трэба думаць, што мы расказваем жахлівыя рэчы пра тое, што такое аборт, — запэўнівае Юлія. — Я паказваю ролік «Цуд жыцця» пра тое, як развіваецца дзіцятка. Цікава назіраць за рэакцыяй падлеткаў: яны расчуленыя, усміхаюцца, плачуць. Пасля бяруць у далоні ляльку — і дзівяцца, што некалі былі падобныя. У такія хвіліны я разумею: вось яна — маленькая перамога.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Жыццё на далоні

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.