Вы тут

Наш карэспандэнт пазаймалася фізкультурай з пенсіянерамі


«Калі ў мяне нешта не будзе атрымлівацца, не судзіце строга», — загадзя прашу прабачэння і далучаюся да заняткаў. Пакуль школу здароўя для пенсіянераў, што дзейнічае пры Тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Цэнтральнага раёна горада Мінска, наведваюць толькі жанчыны, хоць вельмі хочацца сказаць прадстаўнікам моцнай паловы: «Спадары, вы шмат губляеце, калі адседжваецеся па дамах». Я гадзіну «адпрацавала» ў зале разам з прыхільніцамі актыўнага ладу жыцця, пачула многа розных парад пра тое, як трэба харчавацца і дыхаць і выйшла адсюль з цвёрдым намерам заняцца сваім здароўем.


Пе­рад за­ня­тка­мі  аба­вяз­ко­ва  за­мя­ра­ец­ца ціск.

— Генадзь Максімавіч, займаўся ў нас на камп'ютарных курсах і сам прапанаваў арганізаваць школу здароўя. Ён мае адпаведную адукацыю. Шмат гадоў вёў падобныя заняткі і, як бачыце, і сёння запатрабаваны, — адрэкамендавала кіраўніка гуртка загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту Людміла Аўдзеева. — Людзі адразу адгукнуліся. Жанчыны, якія пастаянна сюды ходзяць, расквітнелі на вачах. Рэкамендацыі даюцца пад кантролем урачоў, у нас рэгулярна дзяжурыць медык.

Трэба сказаць, што Генадзь Карнюшка працаваў не толькі настаўнікам фізкультуры ў школе, але і старшым інструктарам у піянерскіх летніках, трэнерам у фізкультурна-аздараўленчых камбінатах. Некалі апошнія былі вельмі папулярныя, інжынеры, бухгалтары, рабочыя пасля працы беглі туды размяцца. Былі такія часы, што ў Генадзя Максімавіча займалася каля тысячы чалавек, запісацца да яго было цяжка. Нават з Масквы прыязджалі здымаць яго заняткі. Справа ў тым, што ён быў адным з першых інструктараў па аздараўленчай гімнастыцы. Мужчына распрацаваў уласную праграму, якая ўключала не толькі фізічныя, але і дыхальныя практыкаванні, элементы медытацыйных практык.

Перад пачаткам заняткаў у жанчын замяраецца ціск, і Вікторыя Тапараш, загадчык аддзялення медыцынскай рэабілітацыі 16-й гарадской клінічнай паліклінікі, пацвярджае, што сапраўды такая фізічная актыўнасць дае добрыя вынікі: «Стабілізуецца ціск, паляпшаецца псіхаэмацыянальны стан...»

Актыўная размінка змяняецца на практыкаванні на дыванках, прычым інструктар час ад часу каментуе, якая ад іх карысць. Напрыклад, адны добрыя для нырак, другія неабходныя, каб захаваць зрок, а трэція дапамогуць змагацца з маршчынкамі на твары. Заўважаю, што нашы заняткі насычаны дыхальнымі практыкаваннямі, паміж актыўнымі «элементамі» — невялічкія паўзы выкарыстоўваюцца для раслаблення і медытацыі.

У нейкі момант мне здаецца, што вярнулася на ўрок фізкультуры ў сваё школьнае мінулае. Але, акрамя класічных практыкаванняў накшталт тых жа «нажніц» ці «веласіпеда», сустракаю для сябе нешта новае.

— Ногі ў каленным суставе сагнутыя, прабіваем кулакамі галёнку, тазасцегнавы сустаў. Не шкадуйце, мацней біце, каб мышцы ажылі, пасля прастукваем рукі і шыю, — дае каманду інструктар. (Пасля заняткаў Генадзь Максімавіч растлумачыць, што раней вывучаў масаж, таму некаторыя элементы з яго выкарыстоўвае ў сваёй праграме.)

Ге­надзь Кар­нюш­ка:  «З уз­рос­там  па­гар­ша­ец­ца  ка­ар­ды­на­цыя.  Па­спра­буй­це пасля  50 га­доў зра­біць  прак­ты­ка­ван­не  «лас­таў­ка» — ру­кі ў ба­кі,  ад­ну на­гу  (пра­мую,  ці са­гну­тую  ў ка­ле­не)  пад­няць.  Коль­кі се­кунд вы  пра­тры­ма­е­це­ся?»

А яшчэ ў школе здароўя можна даведацца, дзе знаходзяцца антыстрэсавыя кропкі, ці тыя, якія варта расціраць, каб пазбавіцца ад галаўнога болю, навошта трэба масіраваць мочкі вушэй...

Калі бачу, як спадарыні на суседніх дыванках робяць энергічныя ўзмахі нагамі, крыўдна становіцца за сваіх родных, якія пакуль яшчэ не дайшлі да школ здароўя. І гэта пры тым, што разнастайныя актыўныя заняткі для людзей сталага ўзросту дзейнічаюць у розных раёнах Мінска. І сярод прапаноў можна знайсці не толькі фітнес для бабуль, але і заняткі ёгай, народныя, бальныя, усходнія танцы...

— Я займаюся з лістапада, і тут сапраўды вельмі добрая гімнастыка, — расказвае адна з удзельніц гуртка Святлана Каробачкіна. — Адчула прыліў моцы, хочацца рухацца, радавацца жыццю. З мужам на дачы ўжо з вялікім энтузіязмам рабілі далёкія прагулкі, нават па сем кіламетраў, хадзілі ў іншы канец леса і ў суседнюю вёску.

— Дома так сістэматычна займацца не атрымаецца, заўсёды знойдзецца прычына, каб не рабіць ніякіх практыкаванняў. А тут сама атмасфера стымулюе, — падключаецца Тамара Сапоненка. — Нягледзячы на тое, што на занятках не было вялікіх нагрузак, адчуваю, што добра размялася.

— Неяк адна жанчына пахвалілася мне, што хадзіла на фітнес і зрабіла 200 прысяданняў. Непадрыхтаванаму чалавеку ні ў якім разе нельга даваць такіх нагрузак, — заўважае Генадзь Максімавіч. — Для некаторых людзей прысяданні наогул могуць быць шкодныя. Я раю пачынаць актыўныя заняткі з бегу — 30 метраў прабегчы, пасля столькі ж прайсці, з кожным днём адлегласць можна павялічваць, а праз паўгода чалавек можа адолець і кіламетр. Для пенсіянераў карыснай будзе скандынаўская хада, але нават тут трэба ведаць, як дыхаць, як крочыць, задзейнічаць рукі, каб было больш карысці. Наогул, лічу, што людзям пажылога ўзросту патрэбны інструктар, цела можа назапасіць розных хвароб, таму спецыяліст павінен сачыць за заняткамі. Не менш важна і тое, што ад настаўніка ідзе станоўчая энергія. Напрыклад, я кажу на занятках: «Пазваночнік выраўняць, усміхнуцца, зняць маску напружання з твару».

— І ўсё ж, што трэба зрабіць зранку, каб увесь дзень адчуваць сябе бадзёра? — цікаўлюся ў трэнера.

— Можна памасіраваць мышцы, зрабіць дыхальную гімнастыку. І перш чым брацца за звычайную зарадку з узмахамі рукамі, даць сабе ў думках каманду: «Я ўсміхаюся і зараджаю сябе на тое, каб сардэчна-сасудзістая сістэма і іншыя органы добра працавалі». Сярод абавязковых фізічных практыкаванняў я назваў бы павароты тулава (некалькі кругоў у левы і правы бакі), адцісканні (людзям старэйшага ўзросту можна адціскацца і ад стала, тумбачкі), разгібы назад (важна, каб чалавек быў гнуткі, так менш будзе праблем; напрыклад, вы заўважалі, як старыя людзі ходзяць з кіёчкам: спачатку палачка наперад, а за ёй рухаецца галава і тулава, гэта ўсё з-за зашчамлення сядалішчнага нерва). Маладзейшым мужчынам абавязкова патрэбна «фізуха» — пакачаць гіры, гантэлі, падцягнуцца на перакладзіне. Добрая падзарадка сардэчнай мышцы — невысокія скачкі (такое патрэсванне карыснае для органаў), калі ў чалавека ва ўзросце не атрымліваецца скакаць з рукамі на поясе, можна адной рукой абапірацца на сцяну. У час выканання гэтага практыкавання не дрэнна падключыць гукавую размінку — праспяваць «О-О-О», «М-М-М».

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Удых — выдых

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».