Вы тут

Першыя беларусы адправяцца ў Пхёнчхан ужо 27 студзеня


Спартсмены прыбудуць у Паўднёвую Карэю 1 лютага.

22 студзеня скончыўся розыгрыш алімпійскіх ліцэнзій ва ўсіх відах спорту, якія будуць прадстаўлены на ХХІІІ зімовых Алімпійскіх гульнях. У Пхёнчхане ад Беларусі выступяць 28 спартсменаў (на Гульнях у Сочы 4 гады таму іх было 27) у шасці відах спорту.


Намеснік міністра спорту і турызму, шэф беларускай місіі на Гульнях-2018 Аляксандр Барауля адзначыў, што ўсе беларускія алімпійцы зараз праходзяць завяршальны этап падрыхтоўкі, большасць з іх займаюцца гэтым у Беларусі за выключэннем біятланістаў і фрыстайлістаў. Страляючыя лыжнікі пройдуць завяршальны этап у Германіі, а лыжныя акрабаты ў бліжэйшы час адправяцца ў Японію. «Увесь комплекс запланаваных трэніровачных мерапрыемстваў выкананы ў поўным аб'ёме», — падкрэсліў Аляксандр Іванавіч.

Да Сеула нашы спартсмены дабяруцца на самалёце, адтуль 300 км да Пхёнчхана пераадолеюць наземным транспартам. Гэтым разам на Гульнях будзе адразу дзве алімпійскія вёскі: прыбярэжная размяшчаецца ў мястэчку Канын, там будуць жыць спартсмены, якія прадстаўляюць лядовыя дысцыпліны (шорт-трэк і канькабежны спорт), усе астатнія (прадстаўнікі лыжных дысцыплін) размесцяцца ў самім Пхёнчхане. Хто стане суседзямі беларускай дэлегацыі ў алімпійскай вёсцы, пакуль невядома. Таксама на стадыі абмеркавання пытанне аб тым, хто панясе беларускі сцяг на цырымоніі адкрыцця Алімпіяды.

— Спартыўныя аб'екты знаходзяцца недалёка ад вёсак, напрыклад стадыён, дзе будуць праходзіць спаборніцтвы па лыжных гонках і біятлоне, размяшчаецца ў 10 хвілінах ад алімпійскай вёскі, — расказаў намеснік шэфа місіі, начальнік аддзела міжнародных адносін НАК Васіль Юрчык.Арганізатары Алімпіяды-2018 далажылі, што вёска гатовая прыняць спартсменаў, з транспартнымі зносінамі таксама не існуе праблем. Адлегласць паміж дзвюма вёскамі 50 км, паміж імі, вядома ж, таксама будуць наладжаны транспартныя зносіны.

Алімпійская вёска ў Пхёнчхане ўяўляе сабой новыя мікрараёны са шматпавярховымі дамамі, пабудаванымі спецыяльна для Гульняў. Згодна з патрабаваннямі Міжнароднага алімпійскага камітэта, дэлегацыі будуць забяспечаны ўсімі відамі кухні, у тым ліку еўрапейскай. У студзені-лютым тэмпература паветра ў Карэі мала адрозніваецца ад беларускай, напрыклад па стане на 23 студзеня ў Пхёнчхане было ад мінус 10 да мінус 15 градусаў.

Прапрацаваны ўсе пытанні медыцынскага забеспячэння беларускіх алімпійцаў, дырэктар Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра спорту, кіраўнік медыцынскай групы Генадзь Загародны расказаў пра тое, што спецыялістамі былі паднятыя дакументы мінулых Алімпіяд, якія праходзілі ў гэтым рэгіёне, на Далёкім Усходзе, атрымалася нават знайсці матэрыялы з Сеула-88. Такая работа праведзена для таго, каб падрыхтаваць для беларускіх спартсменаў адпаведныя рэкамендацыі.

— Сфарміраваны і падрыхтаваны медыцынскі груз — лекавыя прэпараты і фізіка-тэрапеўтычнае абсталяванне. Акцэнт мы робім на моманты, звязаныя з доўгім пералётам і зменай гадзінных паясоў, — адзначыў Генадзь Міхайлавіч. — Што датычыцца магчымых рызык, то яны, вядома, ёсць, гэта ў першую чаргу рэспіраторныя захворванні.

Міністр спорту і турызму краіны Аляксандр Шамко падкрэсліў, што сёння ніхто не ставіць перад нашымі спартсменамі ніякіх медальных планаў. «Не таму, што мы не хочам заваяваць узнагароды, а таму што не хочам ставіць псіхалагічныя бар'еры і перашкоды нашым атлетам. Міністэрства, Нацыянальны алімпійскі камітэт і федэрацыі па відах спорту зрабілі ўсё неабходнае для беларускіх алімпійцаў», — адзначыў міністр.

У біятлоне нашу алімпійскую каманду прадставяць Дар'я Домрачава, Надзея Скардзіна, Ірына Крыўко, Надзея Пісарава, Дзінара Алімбекава, Уладзімір Чапелін, Сяргей Бачарнікаў, Максім Верабей, Раман Ялётнаў, Антон Смольскі.

Ад фрыстайлістаў у Пхёнчхан адправяцца шэсць спартсменаў: Антон Кушнір, Станіслаў Гладчанка, Максім Гусцік, Ала Цупер, Ганна Гуськова і Аляксандра Раманоўская.

— Наша падрыхтоўка ідзе ў рабочым працэсе, шмат што будзе залежаць ад завяршальнай стадыі ў Японіі, — расказаў галоўны трэнер каманды Мікалай Казека.Ала Цупер і Антон Кушнір будуць выступаць з той жа праграмай, што і на Гульнях у Сочы, Антон ужо ў добрай форме, але мяркуем, што ён можа дадаць яшчэ больш. Сёння мы не саступаем канкурэнтам ні ў складанасці, ні ў якасці скачкоў. Вельмі моцна падцягнуліся расіяне, сярод лідараў, як заўсёды, кітайцы, амерыканцы, у дзяўчат з'явіліся яшчэ моцныя аўстралійкі.

У лыжных гонках на сваю сёмую Алімпіяду паедзе Сяргей Далідовіч, а таксама Аляксандр Воранаў, Юрый Астапенка, Міхаіл Сямёнаў, Юлія Ціханава, Паліна Сераносава і Анастасія Кірылава.

У гарналыжным спорце Беларусь прадставяць Марыя Шканава і Юрый Данілачкін. У шорт-трэку — Максім Сяргееў. У канькабежным спорце выйдуць на лядовы авал Марына Зуева і Ігнат Галавацюк.

— Апошні этап Кубка свету з'яўляўся перадалімпійскім тэстам для нас. І Марына, і Ігнат выступілі выдатна, хоць напярэдадні былі сур'ёзныя складанасці, стрэсы — праводзілі падрыхтоўку ў няпростых умовах: гэта горы, холад, вельмі цяжкія трэніроўкі, — расказаў галоўны трэнер па канькабежным спорце Сяргей Мінін.Аддача на трэніроўках велізарная, прыкметна як Гульні матывуюць спартсменаў, мяне гэта вельмі радуе. У Ігната гэта ўсяго першы сезон у дарослым спорце, і тут ён выступае цалкам нядрэнна. Задача мінімум — перасягнуць вынікі, якія спартсмены паказалі ў мінулым годзе.

Прэзідэнт Беларусі, прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Аляксандр Лукашэнка накіраваў прывітанне членам беларускай дэлегацыі на XXІІІ зімовых Алімпійскіх гульнях 2018 года ў горадзе Пхёнчхан.

«У нялёгкай барацьбе вы заваявалі ганаровае права прадстаўляць Беларусь на галоўным старце чатырохгоддзя — XXІІІ зімовых Алімпійскіх гульнях 2018 года ў горадзе Пхёнчхан. Уся краіна з заміраннем сэрца будзе сачыць за вашымі выступленнямі, радавацца поспехам і суперажываць», — гаворыцца ў прывітанні.

«Перакананы, што ў Паўднёвай Карэі вы зробіце ўсё магчымае для перамогі. Ва ўмовах абвостранай да мяжы канкурэнцыі гэта няпростая задача. Тым больш каштоўнымі будуць вашы алімпійскія дасягненні, якія стануць найлепшым укладам у выхаванне моцнай, здаровай нацыі, умацаванне аўтарытэту Беларусі на міжнароднай арэне і прыкладам для падрастаючага пакалення», — адзначыў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка пажадаў членам беларускай дэлегацыі поспеху, моцнага здароўя і перамог у імя славы Радзімы.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Выходзімна фінішную прамую

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».