Вы тут

Для чаго існуюць вясковыя КУПы і каму ад гэтага добра


Адказ на пытанне мы знайшлі на Лепельшчыне.

Не так даўно пра камунальныя ўнітарныя прадпрыемствы ў Віцебскай вобласці можна было сказаць так: многа хто чуў, мала хто бачыў. Аднак апошнім часам некаторыя сельсаветы вырашылі, што мець уласны КУП — добрая ідэя. Што датычыцца Лепельскага раёна, то там падобная форма гаспадарання захоўваецца без малога 13 гадоў — ад самага заснавання і да сёння.


Мі­ха­іл Анош­ка (зле­ва) і Ва­ле­рый Са­доў­скі агля­да­юць тэх­ні­ку. Сё­ле­та на гэ­тым трак­та­ры  Мі­ха­іл бу­дзе рас­чы­шчаць вяс­ко­выя ву­лі­цы ад сне­гу.

Жыццё прымусіла

У аграгарадку Камень механізаванае звяно з'явілася яшчэ ў 2000-х гадах. Гэткі правобраз КУПа, арганізаваны па ініцыятыве тагачаснага старшыні абласнога Савета дэпутатаў, на той момант быў адзіным разумным выйсцем. Сельгаспрадпрыемствы перажывалі не самыя лепшыя часы і ледзь спраўляліся з уборкай ураджаю на ўласных палетках. На ўчасткі вяскоўцаў камбайны прыходзілі толькі позняй восенню, калі збожжам паспявалі падкарміцца мышы, а калоссе прэла ад дажджоў. Зразумела, што ў такой сітуацыі жыхары мусілі спраўляцца сваімі сіламі ды адсылаць абураныя скаргі ў сельвыканкам.

— Напачатку задачай мехзвяна была апрацоўка агародаў у прыдатныя для гэтага тэрміны, — расказвае старшыня Каменскага сельскага Савета дэпутатаў Мікалай СІНІЦЫН. — Потым змянілася заканадаўства, і наша арганізацыя ператварылася ў КУП «Каменьаграсэрвіс». Мэты і задачы засталіся ранейшыя, змяніўся толькі арганізацыйны падыход.

Дастаўка паліва, будаўнічых матэрыялаў, добраўпарадкаванне населеных пунктаў, вываз смецця, навядзенне парадку на могілках, знос састарэлых будынкаў — спіс паслуг, якія тэарэтычна можа выконваць КУП, можна працягваць. Сёння на прадпрыемстве ў Камені пастаянна працуюць 15 чалавек — з іх дзевяць малаказборшчыкаў. Летам, калі пачынаецца гарачая пара, да іх далучаюцца яшчэ 3-4 працаўнікі па дагаворы падраду. За год комплекс паслуг у грашовым эквіваленце ацэньваецца прыкладна ў 3 тысячы рублёў, пры гэтым магчымасцяў хапае на дапамогу Лепельскаму і Баброўскаму сельсаветам. Дарэчы, калі гарадская арганізацыя прывязе вяскоўцу на падворак прычэп дроваў з разліку 7,5 рубля за кіламетр, то КУП выканае тую ж работу за 5,5 рубля.

Як кажа старшыня Лепельскага раённага Савета дэпутатаў Мікалай МІСЮРА, арганізоўваць КУПы мясцовыя ўлады прымусіла само жыццё.

— Калі пачаліся перамены на вёсцы, «Віцебскхлебпрам» стаў інвестарам для калгаса «Пражэктар». У гаспадаркі з'явіліся новыя магчымасці, адпаведна — новыя клопаты, таму ад апрацоўкі вясковых агародаў яна адмовілася. І мы вымушаны былі на базе Слабадскога сельсавета ствараць КУП. Калгас перадаў туды трактар, апрацоўчую тэхніку і паўнамоцтвы на аказанне паслуг мясцовым жыхарам. Аналагічная сітуацыя адбылася ў Стайскім, Горскім, Валосавіцкім сельсаветах... Так што арганізацыя прадпрыемстваў па прыкладзе Каменя не была нейкім эксперыментам ці жаданнем вылучыцца, — мы проста адрэагавалі на сітуацыю, якая складвалася ў раёне. Цяпер з пяці КУПаў засталося чатыры. Адбылося гэта з-за аб'яднання двух прадпрыемстваў у адно, таму што попыт на паслугі паменшыўся.

Грошы з малака

Сапраўды, сёння таго валу работы, які існаваў першыя гады, няма. Некаторыя сельскія гаспадаркі падняліся на ногі, з'явіліся індывідуальныя прадпрымальнікі, гатовыя аказваць паслугі. Акрамя таго, і самі жыхары ўсё часцей апрацоўваюць зямлю не конікам або наёмным трактарам, а ўласным мотаблокам.

Ёсць і іншая прычына таго, што колькасць зваротаў у КУП паменшылася: гэта старэнне насельніцтва. Працэс хоць і сумны, аднак цалкам лагічны. Моладзь шукае выгод у гарадах, старыя, прывязаныя да зямлі, паміраюць. Дачнікі прыязджаюць толькі на лета і з большай ахвотай займаюцца маленькім агародчыкам, чым гадуюць жывёлу і сеюць збожжа. Адпаведна, камунальным прадпрыемствам трэба прыстасоўвацца да ўмоў.

Напрыклад, зімою з работамі спраўляецца механізатар на адным трактары. Для многіх работнікаў праца арганізавана на палову стаўкі. Людзі занятыя па спецыяльнасці і адначасова падпрацоўваюць у КУПе. Так, Міхаіла Тычыну можна лічыць у нейкім сэнсе «старажылам»: мужчына дапамагае каменскаму прадпрыемству з самага яго заснавання, пры гэтым працуе школьным вартаўніком. У «несезон» падпрацоўка прыносіць каля 200 рублёў, што на вёсцы можна лічыць адчувальнай прыбаўкай да асноўнага заробку.

У выступленні на пленарным пасяджэнні ІV Усебеларускага народнага сходу Мікалай Місюра расказваў пра вопыт Лепельскага раёна ў аказанні сельскагаспадарчых паслуг насельніцтву. Закрануў старшыня і праблемныя тэмы, напрыклад, маральна і фізічна састарэлую тэхніку, на якой даводзіцца працаваць. КУПы заснаваны на прынцыпах самафінансавання, у цяперашніх умовах іх даходы з цяжкасцю пакрываюць расходы, і вольных грашовых сродкаў няма.

— Няхай КУП бярэ на сябе абавязак па расчыстцы вуліц ад снегу, абкосе абочын, зборы малака — па ўсіх тых мерапрыемствах, на якія грошы і так выдаюцца з раённага бюджэту. У асноўным па раёнах сельгаспрадпрыемствы адмовіліся ад закупкі малака ў жыхароў, і гэта функцыя аддадзена прыватнаму бізнесу. Але чаму грошы за сабранае малако не зарабіць КУПам — тым больш што гэту паслугу яны могуць выконваць якасна? — разважае Мікалай Місюра.

Выратаванне сітуацыі ў цэлым лепельскі старшыня бачыць у фінансавай дапамозе, якая не пашкодзіла б прадпрыемствам для ўмацавання матэрыяльнай базы і, па магчымасці, ва ўсталяванні роўных правоў з сельгаспрадпрыемствамі.

Напрыклад, пакуль што няма адтэрміноўкі плацяжу на год пры закупцы гаруча-змазачных матэрыялаў. КУПы тэарэтычна не маюць зямлі і не вырабляюць сельгаспрадукцыю. Аднак на практыцы іх тэхніка апрацоўвае агароды, на якіх людзі гэтую сельгаспрадукцыю вырошчваюць.

Мі­ха­іл Ты­чы­на пра­цуе ў КУП Ка­мен­ска­га сель­са­ве­та ад са­ма­га яго за­сна­ван­ня.

Эфектыўны паказчык

Здавалася б, навошта арганізоўваць КУП, калі з ім з'яўляецца столькі праблем? Як аказалася, часам станоўчыя змены пераважаюць над нязручнасцямі.

— Даводзілася чуць ад калег, што стварэнне камунальных прадпрыемстваў — гэта складана і нікому не патрэбна, — прызнаецца Мікалай Місюра. — Не бяруся разважаць у агульным, у кожнай мясцовасці — свае ўмовы. З уласнага вопыту магу сказаць, што пасля 13 гадоў працы адмаўляцца ад КУПаў ні Камень, ні іншыя сельсаветы не будуць. Яны зручныя для мясцовай улады, бо палягчаюць нашу работу. Старшыня выканкама адчувае сябе гаспадаром, які не залежыць ад старонняй асобы. Не трэба ісці да дырэктара калгаса і прасіць вывезці смецце ці шукаць леснікоў, каб прыбраць паваленае буранам дрэва. Безумоўна, КУП — не панацэя ад усіх праблем, але мы і не разлічваем на прыбытак. Наша задача — зменшыць сацыяльнае напружанне.

Пасля моцнага снегападу дарожныя службы ў першую чаргу расчышчаюць галоўныя дарогі. У вёску тэхніка дабіраецца праз некалькі дзён. За гэты час, па выразе старшыні Слабадскога сельскага Савета дэпутатаў Валерыя Садоўскага, тэлефон паспяваў нагрэцца ад званкоў са скаргамі. Аднак цяпер перыферыйныя вуліцы расчышчае Слабадскі КУП — хутка і гэтак жа бясплатна для жыхароў, як і дарожнікі. Сёлета старшыня плануе набыць трактарную касілку, каб апрацоўваць абочыны летам. Вясна традыцыйна пачынаецца з вывазу смецця з могілак, восенню запатрабавана бульбакапалка. Як бачна, некаторыя запыты застаюцца нязменнымі і праз гады, а да новых можна прыстасавацца.

— Мы рады, калі зваротаў у сельсавет становіцца менш, — падсумоўвае Валерый Садоўскі. — Няважна, хто аказвае паслугі: КУП, прыватнік ці яшчэ якая арганізацыя. Тут галоўнае, каб работа выконвалася хутка, якасна і на прымальных для вяскоўца ўмовах.

Гэта якраз і будзе паказчыкам эфектыўнасці працы мясцовых улад.

Рагнеда ЮРГЕЛЬ

Загаловак у газеце: Хто ў выйгрышы?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».