Вы тут

Як паказана Другая сусветная ў школьных падручніках розных краін


Старшыня Пермскага краявога аддзялення супольнасці «Мемарыял» Роберт Латыпаў, які прывёз у Мінск выставу «Розныя войны...», сцвярджае, што, калі параўнаць нацыянальныя вучэбныя дапаможнікі па гісторыі той вайны, увогуле складвацца ўражанне, што размова ідзе пра зусім не падобныя адзін да аднаго ўзброеныя канфлікты...


Сваю дум­ку пра пад­руч­ні­кі гіс­то­рыі вы­ка­за­ла на­стаў­ні­ца мін­скай гім­на­зіі № 36 Іры­на Бернат.

Яшчэ са школьнага ўзросту мы ведаем, што Другая сусветная вайна пачалася 1 верасня 1939 года. У Чэхіі ж, калі верыць тамтэйшым падручнікам, — на год раней: у выніку падпісання Мюнхенскага пагаднення. А ў італьянскай гістарыяграфіі, увогуле, Другая сусветная вядзе свой летапіс з 1935 года, калі італьянцы ўварваліся на тэрыторыю Эфіопіі.

Такія ж розныя прачытанні падзей найбуйнейшага кровапралітнага ўзброенага канфлікту чалавецтва ў дапаможніках Германіі, Італіі, Літвы, Польшчы, Расіі...

З ма­тэ­ры­я­ла­мі вы­ста­вы азна­ё­мі­лі­ся за­меж­ныя дып­ла­ма­ты.

— Экспазіцыя будзе актуальная пяць — максімум дзесяць гадоў: падручнікі па гісторыі пастаянна мяняюцца, — адзначае куратар выставы Роберт Латыпаў. — І гэта нармальна: ідзе час, змяняюцца падыходы, ды і, што хаваць, палітычная кан'юнктура — таксама. Але сёння ў нас ёсць унікальны шанц паглядзець, якую гісторыю дарослыя хочуць паднесці маладому пакаленню.

Па меркаванні пасла Італіі ў нашай краіне Стэфана Б'ЯНКІ, гісторыя ў гэтым выпадку з'яўляецца не толькі адукацыйным і выхаваўчым прадметам, а і той матэрыяй, якая фарміруе свядомасць і светаўспрыманне. «Гэта прадмет, які знаходзіцца ў пастаянным развіцці і асэнсаванні, таму вельмі важны момант сумеснага разважання над падручнікамі, дзе ідзе гаворка пра адну і тую ж падзею», — лічыць дыпламат.

Част­ка ма­тэ­ры­я­лаў вы­ста­вы на­гад­вае пра ах­вяр вай­ны на тэ­ры­то­рыі Бе­ла­ру­сі.

Выстава, падрыхтаваная працоўнай групай «Гістарычная памяць і асвета» Грамадзянскага форуму ЕС — Расія, ужо пабывала ў васьмі гарадах Расіі. Англамоўная версія з поспехам была прэзентавана ў Празе, Страсбургу, Бруселі, Вільнюсе і Мілане. Сімвалічна, што ў адзін дзень яна адкрылася і ў Гістарычнай майстэрні імя Леаніда Левіна ў Мінску, і ў берлінскім музеі «Карлхорст», дзе 8 мая 1945 года быў падпісаны Акт аб капітуляцыі Германіі, які завяршыў Вялікую Айчынную вайну.

— Паколькі школьныя падручнікі ўтрымліваюць веды, якія адно пакаленне імкнецца перадаць іншаму, яны часта становяцца палітычным інструментам, — перакананы пасол Германіі ў Беларусі Петэр ДЭТМАР. — Падручнікі па гісторыі могуць падтрымліваць варожасць і забабоны і ў той жа час спрыяюць прымірэнню і ўзаемаразуменню. Абмен успамінамі, перш за ўсё тымі, якія супярэчаць адзін аднаму, павінен адкрыць перспектывы для агульнай будучыні.

Пасол Чэхіі ў Беларусі Мілан ЭКЕРТ верыць, што параўнанне адных і тых жа гістарычных падзей з розных бакоў можа дапамагчы лепшаму разуменню нядаўняга мінулага.

Адным словам, выстава дае нямала падстаў для размоў аб нашай сумеснай гісторыі. Магчымасць зазірнуць у падручнікі розных краін і пазнаёміцца з методыкамі выкладання ў іх гісторыі, прычым абсалютна бясплатна, не пазней як 28 лютага прадстаўляе Гістарычная майстэрня імя Леаніда Левіна.

Вераніка КАНЮТА

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Загаловак у газеце: Такая неаднолькавая вайна

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?