Вы тут

Пачатак купалаўскай энцыклапедыі


«Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» распачала выданне энцыклапедыі «Янка Купала».


Пад адной вокладкай першага тома сабраны сотні артыкулаў на літары «А — З». Энцыклапедычныя рэдактары, літаратуразнаўцы, мастацтвазнаўцы, вучоныя іншых галін расказваюць пра ўсё, што звязана з жыццём і творчасцю народнага песняра Беларусі. Трэба нагадаць, што яшчэ ў 1986 годзе «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» выдала ў адным томе энцыклапедычны даведнік «Янка Купала». Прайшло з таго часу болей як тры дзесяцігоддзі. Адбылося шмат змен у грамадска-палітычным, адпаведна — і асветніцкім жыцці нашай Айчыны. Адкрыліся многія раней забароненыя старонкі памяці пра Купалу, абставіны яго грамадскай, літаратурнай дзейнасці. З-пад цэнзурнага гнёту вызваліліся імёны і творы. Як вынік — купалазнаўства набыло новыя шырокія абсягі. Гэта і з'явілася выразным штуршком да працягу работы над стварэннем энцыклапедычнага шматабсяжнага расповеду пра класіка айчыннай літаратуры. Ды і за тры дзесяцігоддзі шмат што адбылося ў прачытанні жыцця і творчасці народнага паэта ў розных галінах мастацтва — жывапісе, музыцы, скульптуры. Зусім іншым стаў Купалаўскі музей — і знешне, экспазіцыйна, і праз характар многіх новых мерапрыемстваў, праведзеных у яго сценах, з яго ініцыятывы.

Першы том энцыклапедыі «Янка Купала» шырока паказвае палітру прысутнасці паэзіі беларускага песняра ў перакладах на іншыя мовы. Доктар філалагічных навук В. Рагойша падрабязна асвятляе, напрыклад, выданне Я. Купалы «А хто там ідзе?» на мовах свету» (Мінск, 1982), у якім змешчаны пераклады неўміручага купалаўскага твора на 81 мову. У энцыклапедыі расказваецца пра перакладчыкаў Я. Купалы на рускую, казахскую, грузінскую, балгарскую, татарскую, уйгурскую, чувашскую, туркменскую і іншыя мовы — Аляксандра Алгі, Ніколу Антонава, Аўгуста Але, Акпера Аліева, Шалву Апхаідзэ і інш. Асобна вылучаны тэмы: «Армянская літаратура і Янка Купала», «Англамоўны свет і Янка Купала», «Азербайджанская літаратура і Янка Купала» і інш. Пададзены артыкулы пра мастакоў, скульптараў, кампазітараў свету, якія альбо ўвасобілі вобраз Купалы ў сваёй творчасці альбо стварылі песні, араторыі, жывапісныя палотны па матывах вершаў ці паэм беларускага майстра прыгожага пісьменства. Як, напрыклад, — пра кітайскага жывапісца Ао Тэ. Першы том энцыклапедыі «Янка Купала» багата ілюстраваны — рэпрадукцыямі карцін, фотаздымкамі.

Тыраж першага тома — 1500 экзэмпляраў. Дарэчы, тады, у 1986 годзе, энцыклапедычны даведнік «Янка Купала», якім быў распачаты адлік беларускіх персанальных энцыклапедый (следам былі выдадзены кнігі пра Скарыну, Максіма Багдановіча), меў тыраж 8000 экзэмпляраў.

Сяргей ШЫЧКО

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.