Вы тут

У школах і гімназіях створаць аднолькавыя ўмовы для развіцця дзяцей


Бацькі чацвёртакласнікаў, якія вучыліся ў пачатковай школе пры гімназіі, могуць выдыхнуць — кашмар у выглядзе падрыхтоўкі да будучых экзаменаў і невядомасці (паступіць/не паступіць або давядзецца змяняць навучальную ўстанову і калектыў) для іх адступіў: экзамены ў гімназіі ўказам кіраўніка дзяржавы адмененыя. Затое бацькі, якія аддалі сваё дзіця ў найбліжэйшую да дома навучальную ўстанову і былі ўпэўнены, што ў іх ёсць чатыры гады на тое, каб ацаніць здольнасці дзіцяці і вызначыцца з выбарам гімназіі, — сёння моцна азадачаны. Намеснік міністра адукацыі Раіса СІДАРЭНКА паспрабавала заспакоіць апошніх і расказала журналістам пра будучыню гімназій і сярэдніх школ.


— Калі прымалася рашэнне аб адмене экзаменаў, у першую чаргу браўся пад увагу псіхалагічны складнік гэтага пытання: экзамен, як правіла, ствараў вельмі моцнае напружанне для дзяцей. Наколькі яно было апраўданае, можна абмяркоўваць, тым больш што рашэнне за дзіця прымалі яго бацькі, кіруючыся нейкімі сваімі доказамі. Наўрад ці дзіця было ўпэўнена, што яно хоча навучацца ў нейкай канкрэтнай гімназіі, — патлумачыла яна. — Цяпер усе дзеці, якія навучаюцца ў чацвёртых класах гімназій, змогуць аўтаматычна перайсці ў пяты клас гэтай жа ўстановы адукацыі. Выключэнне складаюць толькі 5-я класы гімназій-каледжаў мастацтваў, дзе конкурсны адбор па выніках праверкі творчых здольнасцяў па-ранейшаму захоўваецца.

«А што рабіць, калі здольнасці дзіцяці не дазволяць яму ўпэўнена адчуваць сябе сярод больш падрыхтаваных аднакласнікаў у гімназіі?» — пацікавіліся журналісты.

— Усё ў руках настаўніка. Мы кажам сёння пра дыферэнцыраваны падыход да навучэнцаў. Стварыць умовы для развіцця дзіцяці, у якога цяпер вынікі крыху ніжэйшыя, чым хацелася б бацькам ці настаўніку, — задача педагога, — адказала намеснік міністра.

Цяпер пры прыёме ў першы клас будзе дзейнічаць тэрытарыяльны прынцып. Гэта значыць, што дзіця пойдзе ў найбліжэйшую да яго месца жыхарства ўстанову адукацыі: гэта можа быць і гімназія, і сярэдняя школа.

Дарэчы, сёння ў краіне дзейнічаюць 215 гімназій, 28 з іх не маюць пачатковай школы. Цяпер ім давядзецца адкрываць і пачатковыя класы.

Тэрытарыяльны прынцып адбору дзяцей не будзе дзейнічаць пры камплектаванні беларускамоўных гімназій, бо, напрыклад, у 23-ю сталічную гімназію дзяцей прывозяць з усяго горада.

«У выпадку жорсткай тэрытарыяльнай прывязкі паўстане пытанне з існаваннем такіх гімназій. А мы максімальна зацікаўлены ў тым, каб захаваць нашы беларускамоўныя ўстановы адукацыі», — падкрэсліла намеснік міністра.

Яна таксама адзначыла, што ў 2015 годзе ва ўсіх установах адукацыі вярнулі вывучэнне вучэбных прадметаў на павышаным узроўні, але толькі на старшай ступені школы.

— Рашэнне, якое мы прымем цяпер і будзем яго закладваць у нашы нарматыўныя дакументы, — гэта выдзяленне дадатковых гадзін на падрыхтоўку да павышанага вывучэння гэтых прадметаў ужо на другой ступені, гэта значыць, у 5—9-х класах, — дадала Раіса Сідарэнка. — Сёння навучальныя праграмы ў гімназіях і звычайных школах абсалютна аднолькавыя. Ніякіх асаблівых праграм для гімназій з 2008 года няма. Адзінае, у іх ёсць дзве дадатковыя гадзіны на вывучэнне замежнай мовы. Мы прапануем гэтыя гадзіны вызваліць ад прывязкі да замежнай мовы. Гімназія сама зможа вызначаць, на якія прадметы іх дадаткова накіраваць. Гэта можа быць і замежная мова, і матэматыка, і фізіка, а таксама любы прадмет па выбары ўстановы адукацыі з улікам пажаданняў бацькоў і саміх навучэнцаў. Хачу заўважыць, што Указ дазваляе гэтыя дзве дадатковыя гадзіны выкарыстоўваць ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі ўсіх відаў, гэта значыць, у любой школе.

Сёння ў краіне дзейнічаюць толькі тры гімназіі-інтэрнаты для дзяцей з сельскай мясцовасці. Усе астатнія вучні 5—9-х класаў пазбаўленыя магчымасці дадатковага вывучэння нейкіх прадметаў, той жа замежнай мовы (толькі за кошт факультатыўных заняткаў). Указ дазволіць арганізаваць такое вывучэнне на павышаным узроўні ў любой сельскай школе, калі для гэтага ёсць кадры, жаданне, матывацыя ў вучняў і іх бацькоў.

— Мы ствараем умовы для таго, каб дзіця магло развівацца ў кожнай установе адукацыі, а не ў нейкіх элітарных. На якой падставе ў 7 % устаноў дзеці могуць атрымліваць нейкую асаблівую адукацыю, а ўсе астатнія пазбаўлены такой магчымасці? Між іншым сярод пераможцаў рэспубліканскіх алімпіяд 25 % складаюць вучні звычайных школ.
І я абсалютна пераканана, што дзіця трэба аддаваць не ў гімназію з прыгожай шыльдай, а весці яго да настаўніка, які навучыць дзіця ў пачатковай школе галоўнаму — вучыцца, — падкрэсліла Раіса Сідарэнка.

Міністэрства адукацыі плануе вынесці ў найбліжэйшыя дні на абмеркаванне грамадскасці праекты нарматыўных дакументаў — Тыпавы вучэбны план і Палажэнне аб установе агульнай сярэдняй адукацыі. У адпаведнасці з указам, у Міністэрства адукацыі і Міністэрства культуры ёсць два месяцы для таго, каб падрыхтаваць і абмеркаваць усе пытанні, звязаныя з рэалізацыяй норм указа.

За­бя­га­ю­чы кры­ху на­пе­рад, мож­на ска­заць, што праз два га­ды дзе­вя­ці­клас­ні­кі бу­дуць па­сту­паць у гім­на­зіі па вы­ні­ках не­за­леж­на­га эк­за­ме­ну за курс ба­за­вай шко­лы. Ця­пе­раш­нія вась­мі- і дзе­вя­ці­клас­ні­кі пя­рой­дуць на стар­шую сту­пень гім­на­зіі аў­та­ма­тыч­на. На­ву­чан­не ў 10-х і 11-х гім­на­зіч­ных кла­сах бу­дзе толь­кі про­філь­нае. У шко­лах за­ха­ва­юц­ца і про­філь­ныя, і агуль­на­аду­ка­цый­ныя кла­сы.

А ў лю­тым у кра­і­не прой­дуць рэс­пуб­лі­кан­скія кант­роль­ныя ра­бо­ты. «Мы ўба­чым аб'­ек­тыў­ную кар­ці­ну. У кож­ным ра­ё­не бу­дзе ада­бра­на шко­ла, у якой прой­дзе так зва­ная мі­ніс­тэр­ская кант­роль­ная ра­бо­та, якая да­зво­ліць уба­чыць аб'­ек­тыў­насць вы­стаў­лен­ня ад­знак і аца­ніць пра­цу на­стаў­ні­каў, — па­тлу­ма­чы­ла Ра­і­са Сі­да­рэн­ка. — Усе ра­бо­ты на­ву­чэн­цаў бу­дуць за­шыф­ра­ва­ныя. У ад­ска­на­ва­ным за­шыф­ра­ва­ным вы­гля­дзе іх пра­ве­рыць не­за­леж­ная ка­мі­сія. Уся ін­фар­ма­цыя аб пра­вя­дзен­ні рэс­пуб­лі­кан­скіх кант­роль­ных ра­бот раз­ме­шча­на на сай­це На­цы­я­наль­на­га ін­сты­ту­та аду­ка­цыі».

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Узровень ведаў — у руках настаўнікаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі.