Вы тут

Раім схадзіць


Прэзентацыя кнігі Навума Гальпяровіча, адкрыццё літаратурна-мастацкай экспазіцыі «Шляхецкія быліцы Адама Міцкевіча», фестываль сям'і MOLOKO і лекторый «За кубачкам гарбаты» — афіша «Звязды» з 29 студзеня па 4 лютага.


Прэзентацыя кнігі Навума Гальпяровіча «Час лістападу»

Дзе: Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры (вул. М. Багдановіча, 13)

Калі: 30 студзеня, 17:00

Колькі каштуе: бясплатна

У кнігу «Час лістападу» аўтар уключыў як свае ранейшыя творы, так і тыя, што напісаны ў нядаўні час. У вершах шмат алюзiй — не толькi лiтаратурных, многiя вобразы звязаныя з музыкай, з выяўленчым мастацтвам — нiбыта паэт адказвае на пытаннi пра свае прыхiльнасцi. Кніга — своеасаблівая духоўная аўтабіяграфія, паэтычная справаздача аб зробленым у беларускай літаратуры за палову стагоддзя.

У вечарыне прымуць удзел Ліліяна Анцух, Пятро Васючэнка, Анатоль Бутэвіч, Галіна Шаблінская, прыхільнікі творчасці Навума Якаўлевіча і іншыя.


Адкрыццё літаратурна-мастацкай экспазіцыі «Шляхецкія быліцы Адама Міцкевіча»

Дзе: Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры (вул. М. Багдановіча, 13)

Калі: 1 лютага, 17:00

Колькі каштуе: бясплатна

Экспазіцыя з'яўляецца пачаткам святочных падзей у юбілейны год. На ёй прадстаўлена шляхецкая гасцёўня ХІХ стагоддзя, дзе сустракаліся сябры, чыталі творы, музіцыравалі, што адлюстроўвае старонкі жыцця паэта-рамантыка Адама Міцкевіча.

Падчас мерапрыемства гасцей чакаюць майстар-класы ад школы танцаў ХІХ стагоддзя «Капітэль». У адкрыцці экспазіцыі таксама плануецца ўдзел прадстаўнікоў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Пасольства Рэспублікі Польшча, пісьменнікаў, літаратуразнаўцаў, гісторыкаў і інш.


Фестываль сям'і MOLOKO

Дзе: НЦСМ на Някрасава (вул. Някрасава, 3)

Калі: 3-4 лютага, 11:00

Колькі каштуе: 6 р.

Вас чакаюць тэматычныя пакоі і шмат цікавага: можна будзе прынесці пластыкавыя коркі і здаць іх на перапрацоўку, за адпрацаваныя батарэйкі атрымаць часопіс, паўдзельнічаць у вясёлых майстар-класах і гульнях, пазнаёміцца з цікавымі ініцыятывамі, паглядзець спектаклі і патанцаваць пад кантрабас, а у абед расслабіцца пад добры мульцік «Чыпаліна».


Лекторый «За кубачкам гарбаты»

Дзе: Музей беларускага народнага мастацтва ў Раўбічах (в. Раўбічы)

Калі: 3 лютага, 12:00

Колькі каштуе: 4,50 р.

Госці музея атрымаюць асалоду ад насычанай травяной гарбаты ды займальнай лекцыі пра той ці іншы від народнай творчасці. Утульная атмасфера, магчымасць патрымаць у руках прахалодную гліну альбо прымерыць сапраўдную намітку — вось, што такое лекторый у Раўбічах.

Для таго, каб гарбата добра настаялася, трэба паведаміць аб вашым жаданні патрапіць на лекцыю загадзя па тэлефонах: +37529-135-32-41 ці 8017-507-44-68. Лекцыі адбудуцца нават з невялікай групай удзельнікаў.


Парк чароўных ліхтароў

Дзе: «Дрымлэнд» (вул. Арлоўская, 80)

Калі: пастаянная экспазіцыя

Колькі каштуе: 10 р., 6 р. — студэнты, 4 р. — школьнікі

26 студзеня ў парку «Дрымлэнд» адкрылася цудоўная экспазіцыя ў выглядзе светлавых дыёдных інсталяцый. Вялікая колькасць фігур раскіданыя па ўсім парку. З усёй гэтай прыгажосцю вы можаце фатаграфавацца і заліваць здымкі ў сацыяльныя сеткі (чым не нагода абнавіць свой Instagram?). Больш за 40 розных кампазіцый чакаюць вас! Праца пачынаецца з першай цемрай — з 16:30 і доўжыцца да 23:30 кожны дзень.


Інтэрактыўная экскурсія «Ажыўшыя кнігі»

Дзе: Нацыянальная бібліятэка Беларусі (пр-т Незалежнасці, 116)

Калі: па 28 лютага, 10:00

Колькі каштуе: удакладняць у касе

Вас чакае сустрэча з кнігай-малышкай і кнігай-гігантам, але галоўнае — вы ўбачыце, як на старонках «ажываюць» героі 4D-кніг! З дапамогай электронных планшэтаў зможаце самі ажывіць ілюстрацыі кніг з дапоўненай рэальнасцю і пагрузіцца ў свет чараўніцтва. 

Прыемным завяршэннем сустрэчы стане незабыўны ўздым на аглядную пляцоўку бібліятэкі, адкуль адкрываецца цудоўны від на сталіцу з вышыні 73 метраў.


Выстава «Асаблівы фотаздымак»

Дзе: Музей гісторыі беларускага кіно (вул. Свярдлова, 4)

Калі: з 23 студзеня па 18 лютага

Колькі каштуе: удакладняць у касе

На выставе будуць прадстаўлены аўтарскія ручныя адбіткі, выкананыя ў тэхніцы срэбна-жэлацінавага друку. Эстэтыку аналагавай фатаграфіі дапоўняць тэксты, напісаныя рукой саміх фатографаў. Чаму яны лічаць менавіта гэтую фатаграфію асаблівай? Якая перадгісторыя суправаджае працу? Пра што думаў у момант здымкі сам аўтар? Куратары выставы паспрабуюць выйсці за рамкі толькі візуальнай падачы матэрыялу вядомых беларускіх фатографаў, сумясціўшы яе з літаратурнай часткай, якая стане канцэптуальным элементам экспазіцыі.


Выстава лялек «Крохкія мары»

Фота: babiki.ru

Дзе: галерэя мастацтваў «Гал-творчасць» (пр-т Незалежнасці, 47)

Калі: па 1 лютага, 12:00-20:00

Колькі каштуе: 6 р.; дзеці, студэнты і пенсіянеры — 3 р.

На выставе прадстаўлена каля 50 лялек вядомых сусветных майстроў: Fayzah Spanos, Christine Orange, Donna RuBert, Adora, HildeGard GunZel, Martha Pineiro. Таксама прымаюць удзел працы мастакоў сям'і Івановых і Рымашэўскага.

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.