Вы тут

Час насіць экаадзенне


Сёння чалавецтва паступова ўсведамляе, наколькі  важна захаваць прыроду, адчувае адказнасць за шкодныя выкіды з заводаў і бытавое смецце. Людзі спрабуюць выратаваць навакольны свет рознымі спосабамі. І адзін з такіх спосабаў – экалагічная мода. Яна з кожным годам становіцца ўсё больш папулярнай у свеце. Зараз мала проста насіць моднае адзенне, патрэбна, каб яно было натуральным і экалагічным.

Што ж уяўляе сабой экалагічная мода? Многія адкажуць, што, перш за ўсё, гэта мадэлі, вырабленыя з натуральных матэрыялаў: лёну, бавоўны, шоўку. Сапраўды, гэта так. Але адзенне і абутак шыюцца на фабрыках, і на іх вытворчасць патрабуецца шмат электраэнергіі.  Для экаадзення ж неабходна энергазберагаючая вытворчасць. Дарэчы, многія беларускія вытворцы звяртаюць увагу на гэты факт і мадэрнізуюць вытворчасць.

Агульнавядома, што экалагічна чыстыя адзенне і абутак каштуюць даражэй за штучныя і сінтэтычныя. Аднак калі для вас важныя бяспека чалавека і навакольнага асяроддзя, вы згодзіцеся заплаціць за патрэбную рэч трошкі больш.

Восенню асабліва важна мець якасны абутак і добрае паліто. Таму ў гэтым выпуску  хочацца засяродзіць увагу на новым відзе нятканай матэрыі з ананасавага валакна пад назвай пінатэкс. Тэхналогія атрымання гэтага зносаўстойлівага матэрыялу была распрацавана іспанскім дызайнерам Кармэн Хіджойса яшчэ ў пачатку 90-х гадоў на адным з прадпрыемстваў філіпінскай тэкстыльнай прамысловасці. Кармэн зразумела, што пінатэкс – цудоўная альтэрнатыва натуральнай скуры, і яго можна выкарыстоўваць для вытворчасці адзення і абутку.

Валокны, з якіх вырабляюць пінатэкс, атрымліваюць з лісця ананасаў. Філіпінскія фермеры зразаюць яго перад тым, як сабраць ураджай. Затым, прайшоўшы некалькі узроўняў прамысловай апрацоўкі, лісты ператвараюцца ў тэкстыль. Пабочны прадукт, які ўтвараецца падчас гэтага працэсу, выкарыстоўваецца ўсё тымі ж фермерамі ў якасці ўгнаення для палёў. Другі вялікі плюс, таксама важны для абаронцаў жывёл: пінатэкс – раслінная матэрыя, якая не саступае па якасці натуральнай скуры і можа ў будучым скласці канкурэнцыю гэтай сыравіне. 

Пінатэкс – цалкам экалагічны матэрыял. Застаецца толькі спадзявацца, што айчынныя вытворцы звернуць на яго ўвагу, і ў нас з’явяцца боты і басаножкі, курткі і сукенкі, штаны і камбінезоны, сумкі і нават крэслы з ананасавага лісця. А калі рэч выйдзе з моды ці зносіцца, яе проста трэба будзе закапаць у агародзе і чакаць добрага ўраджаю!  

Друкуецца ў часопісе "Родная прырода"

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».