Вы тут

Клапаціцца пра прыгожую постаць варта з дзяцінства


З болямі ў спіне рана ці позна сутыкаецца ледзь не кожны з нас. З-за чаго яны ўзнікаюць і як іх папярэдзіць, як захаваць пазваночнік у норме, калі ў вас сядзячая работа, і аб чым павінны памятаць дачнікі, расказала загадчык 1-га тэрапеўтычнага аддзялення 31-й гарадской паліклінікі г. Мінска Кацярына Губіч.


— З чым могуць быць звязаныя болі ў спіне?

— З такімі болямі найперш трэба звяртацца да ўчастковага тэрапеўта і шукаць іх прычыну. Самая распаўсюджаная — астэахандроз пазваночніка, міжпазваночная грыжа — як правіла, яны і выклікаюць болі. А ў цэлым прычын шмат, гэта і захворванні органаў брушной поласці, у прыватнасці, кішэчніка, у жанчын — органаў малога таза. Трэба праверыць ныркі і жоўцевы пузыр — камяні ў іх таксама могуць выклікаць боль у паясніцы. Такім чынам, хвораму прызначаюць адпаведныя аналізы і даследаванні і выяўляюць прычыну.

— Чаму ўзнікае астэахандроз?

— Ён звязаны з нашым вертыкальным становішчам, і з узростам, на жаль, узнікае ва ўсіх. Зношваюцца міжпазваночныя дыскі — у кагосьці больш марудна, у некага хутчэй. Калі таўшчыня міжпазваночнага дыска нераўнамерная, заціскаюцца нервовыя карэньчыкі, з'яўляецца болевы сіндром. У тых, хто мае спадчынную схільнасць, хвароба развіваецца з маладога ўзросту. Калі праца звязана з падняццем цяжару, таксама пазваночнік будзе хутчэй зношвацца. Акрамя гэтага, уплывае лішняя вага, сядзячы лад жыцця, траўмы. У асоб без фактараў рызыкі праблемы звычайна з'яўляюцца пасля 40 гадоў. Таму з гэтага ўзросту трэба пачынаць прафілактыку астэахандрозу. Асноўная рэкамендацыя — весці здаровы лад жыцця. Найперш гэта адэкватная фізічная нагрузка, скіраваная на ўмацаванне мышачнага гарсэту, прычым і мужчынам, і жанчынам займацца ёй трэба пастаянна. Пры гэтым пазбягаць рэзкага пад'ёму цяжараў.

Найлепш для спіны падыходзіць плаванне, гэта ўніверсальны від спорту, у якога мала супрацьпаказанняў. Або іншыя нагрузкі — трэнажорная зала ці фітнес. Праўда, калі вы 10 гадоў нічым не займаліся, то пачынаць са штангі, зразумела, не трэба. Увогуле пазваночнік не любіць рэзкіх рухаў і рыўкоў.

— Радыкуліт — гэта хвароба дачнікаў?

— Не зусім так. Пры радыкуліце заціскаюцца нервовыя карэньчыкі спіннога мозгу, што і выклікае боль. У дачнікаў ён проста абвастраецца. Радыкуліт узнікае пазней, чым астэахандроз, прыкладна, пасля 50 гадоў. Аднолькава часта і ў мужчын, і ў жанчын. Прафілактыка тая ж — фізічныя нагрузкі, напрыклад, лячэбная фізкультура, якой можна займацца нават у групах пры паліклініках, а таксама нашэнне падтрымліваючых гарсэтаў, артэзаў, паясоў. Важна пазбягаць пад'ёму цяжараў. Акрамя гэтага, прызначаюцца курсавыя прыёмы хондапратэктараў. Яны карысныя ў такім узросце і для пазваночніка, і для суставаў.

— Як правільна паводзіць сябе тым, хто ў сезон выязджае на дачу?

— Як правіла, зімой многія людзі ва ўзросце не займаюцца рэгулярна фізічнымі нагрузкамі, а вясной рэзка пачынаюць капаць, насіць вёдры з вадой для паліву. Тут важна правільна размяркоўваць нагрузку на працягу дня. Калі ёсць удакладнены дыягназ, карыстацца гарсэтамі, паясамі на паяснічны аддзел пазваночніка. І не забываць пра курс хондапратэктараў.

— Якая мінімальная фізічная нагрузка патрэбна чалавеку?

— Нам неабходна інтэнсіўная аэробная нагрузка па 30 хвілін пяць дзён на тыдзень. Гэта абсалютна для ўсіх.

— Хадзьба на работу лічыцца фізічнай нагрузкай?

— Калі гэта хадзьба, то яна павінна быць інтэнсіўная, а не прагулачная. Бег, плаванне, фітнес — любая нагрузка падыходзіць. Калі ў вас сядзячая работа за камп'ютарам, то кожную гадзіну рабіце перапынак — парухайцеся 10 хвілін.

— Ці важна трымаць спіну ў цяпле?

— У людзей з фактарамі рызыкі ці ў тых, у каго ёсць удакладнены астэахандроз, радыкулапатыя, грыжа дыска, пажадана ў зімовы перыяд беражліва да сябе адносіцца — насіць не кароткае, а доўгае верхняе адзенне, падоўжаныя курткі, пасля душу не выходзіць на вуліцу — гэта апраўдана.

— Бывае такое, што летам болі ў спіне не турбуюць, а вось зімой з'яўляюцца?

— Хутчэй не зімой, а вясной і восенню здараюцца абвастрэнні. Гэта звязана з дачным сезонам, калі саджаецца і ўбіраецца ўраджай. Таму, як я казала, трэніруйце мышачны гарсэт круглы год.

У многіх паліклініках пры аддзяленнях рэабілітацыі створаны праграмы для ўмацавання мышцаў спіны, карэкцыі постаці, зніжэння вагі. Пад кіраўніцтвам кваліфікаваных спецыялістаў па лячэбнай фізкультуры праводзяцца спецыяльныя заняткі. Таксама прызначаюцца курсы масажу, рэабілітацыя пры радыкулапатыі і болевым сіндроме.

— Наколькі неабходныя людзям з астэахандрозам курсы масажу, іншыя фізіяпрацэдуры?

— Пажадана іх праходзіць рэгулярна. Курсы масажу патрэбны і здароваму чалавеку для прафілактыкі. Паказаныя яны і пры скрыўленні постаці — так убіраецца напружанне мышцаў.

— Калі з'явілася міжпазваночная грыжа, як з ёй змагацца?

— Грыжа, на жаль, застанецца назаўсёды. Важна назіраць за яе памерамі, сачыць, каб яна не расла. Для гэтага таксама неабходна ўмацоўваць мышачны гарсэт, каб пазванкі не перамяшчаліся і не давілі на грыжу. Калі яна не расце, боляў не будзе.

— Наколькі важна з праблемамі ў спіне трымаць вагу ў норме?

— Важна, бо лішняя вага пагаршае стан. Трэба трымаць дыету, багатую на вітаміны і мінералы для нармалізацыі абмену касцявой тканкі.

— Правільнай постаццю трэба займацца...

— ... з дзяцінства. Правільная постаць пачынаецца са школьнай парты. Важна займацца танцамі, гімнастыкай, плаваннем — гэта найбольш падыходзячыя віды спорту, якія фарміруюць правільную постаць на ўсё астатняе жыццё.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?