Вы тут

Як стаць скаўтам?


У студзені 1988 года некалькі энтузіястаў, якія прачыталі ў адной з газет нататку пра малавядомы ў нас на той момант рух скаўтаў, сабралі ў сталічным парку імя Горкага невялікую групу дзяцей. Вынікам сустрэчы стала стварэнне першага беларускага скаўцкага патруля «Арлы», у складзе якога было дзевяць чалавек. А ўжо ў канцы года ў Мінску з'явілася і першая дружына пад назвай «Форт-Няміга». Чым сёння жыве арганізацыя, як стаць яе членам і што такое здача «на пяро», «Чырвонцы. Чырвонай змене» расказала камісар па навучанні і трэнінгу Беларускай рэспубліканскай скаўцкай асацыяцыі (БРСА) Марыя ЖУК.


Аба­вяз­ко­вая ра­ніш­няя пра­цэ­ду­ра ў лет­ні­ку — па­стра­ен­не.

Калі рух зацягвае

— Сама я далучылася да руху ў 1997 годзе ва ўзросце 11 гадоў, — усміхаецца Марыя. — Вучылася ў школе, і да нас прыйшоў адзін з лідараў арганізацыі, які расказаў пра тое, чым у іх займаюцца хлопцы і дзяўчаты. Як толькі я пачула словы «вогнішчы, палаткі, паходы», то зразумела, што гэта маё. Кожнае лета ў дзяцінстве праводзіла ў вёсцы ці на лецішчы, мне гэта падабалася, таму ідэя захапіла. Праўда, на першых занятках трохі здзівілася — мы нікуды не пайшлі, а замест гэтага пачалі разбірацца з асновамі скаўтынга: вучылі гісторыю арганізацыі, яе законы, замалёўвалі вузлы, вывучалі віды вогнішчаў, удзельнічалі ў развівальных гульнях. Так прайшоў цэлы год, і толькі потым, калі кожны меў тоўсты спісаны сшытак з тэорыяй, мы ўпершыню адправіліся ў летнік.

У 11 класе Марыя стварыла ўласны патруль — на працягу года ён актыўна дзейнічаў: хадзіў у паходы, на выстаўкі, ездзіў на экскурсіі. «Скаўцкі рух — гэта не толькі летнікі, ён накіраваны на развіццё ўсёй асобы: ведаў, уменняў, інтэлектуальных і духоўных каштоўнасцяў», — сцвярджае дзяўчына. Але пасля паступлення ў інстытут студэнцкае жыццё настолькі зацягнула Марыю, што ад скаўцтва прыйшлося адмовіцца. Вярнулася выпадкова — на 20-годдзе арганізацыі былую актывістку запрасілі прыняць удзел ва ўрачыстых мерапрыемствах, і пасля візіту яна зразумела, што не можа без гэтага жыць. У другі раз дзяўчына прыйшла на «дарослую» пасаду — пачала ўдзельнічаць у навучанні моладзі, праводзіла семінары і трэнінгі для лідараў.

— Цяпер я распрацоўваю комплексную сістэму работы з дарослымі, — кажа камісар. — У Сусветнай скаўцкай арганізацыі ёсць свае патрабаванні да гэтага, і мы імкнёмся ім адпавядаць. Гэта не так проста, бо скаўтынг — валанцёрская дзейнасць, грошай за яе не атрымліваюць, праграма скіравана на развіццё асобаснага росту. Звычайна дарослыя працуюць у трох кірунках: непасрэдна работа з дзецьмі (кіраўніцтва атрадамі і дружынамі), з іншымі дарослымі (арганізацыйная падтрымка, трэнінгі) і работа ў структуры арганізацыі (у якасці сакратароў, бухгалтараў і гэтак далей).

Ня­мно­гія ве­да­юць, што Віф­ле­ем­скі агонь у Бе­ла­русь пры­во­зяць ме­на­ві­та скаў­ты.

Ад квэстаў да балю

— Мы робім шмат спраў апроч арганізацыі летнікаў, пра якія многія ведаюць, — сцвярджае Марыя. — Цэнтральнае месца ў нашым руху займаюць абяцанні і законы, вакол іх усё і будуецца. Але і прырода — вельмі важны элемент, мы хочам, каб моладзь вучылася жыць у гармоніі з ёй. Тым больш гэта актуальна для сучасных хлопчыкаў і дзяўчатак, якія часам у дзесяцігадовым узросце бачылі жывёл толькі на малюнках. Але выезды ў лес — далёка не адзіны элемент нашай работы. На працягу года мы збіраемся на базе школ, цэнтраў дзіцячай творчасці і прыдумляем новыя праекты. Гэта могуць быць і гарадскія квэсты, і сацыяльныя акцыі (напрыклад, кожную вясну мы ўдзельнічаем у Тыдні лесу, які арганізуе Міністэрства лясной гаспадаркі, — пад Стоўбцамі за гэтыя гады вырас цэлы «скаўцкі» лес у некалькі гектараў), і перадача Віфлеемскага агню, які па краінах свету развозяць скаўты. А яшчэ ёсць скаўцкі баль — вельмі прыгожае мерапрыемства, якое мы праводзім напярэдадні Новага года. Арандуем залу ў Палацы дзяцей і моладзі, а хлопцы і дзяўчаты самі, без удзелу прафесіяналаў, праводзяць рэпетыцыі, падбіраюць танцы (як класічныя, так і сучасныя), ну а потым — выступаюць.

Скаўцкая арганізацыя сёння — гэта больш за 1,1 тысячы ўдзельнікаў па ўсёй краіне: як дарослых, так і дзяцей. Самыя вялікія падраздзяленні дзейнічаюць у Мінскай, Гродзенскай і Брэсцкай абласцях. Асобна можна вылучыць добра вядомую сярод беларускіх скаўтаў Смаргонскую дружыну, якая нядаўна адзначыла сваё дваццацігоддзе. На ўсходзе краіны дзейнічаюць пераважна невялікія групы. Далучыцца да арганізацыі проста, калі ў населеным пункце ўжо існуе атрад. Трэба звязацца з сакратаром або галоўным скаўтам і прыйсці на заняткі. Ад дзіцяці патрабуецца толькі жаданне і заява аб уступленні ў арганізацыю, а таксама ўступны ўнёсак у памеры 15 рублёў (далей штогод трэба плаціць па 10 рублёў). Калі да месца дыслакацыі найбліжэйшай дружыны далёка, адзіны варыянт — стварыць уласную. Але гэта не так проста — трэба мець хоць бы двух ці трох дарослых, якія пагодзяцца ахвяраваць часткай свайго вольнага часу. Марына прызнаецца, што ў арганізацыі застаюцца не ўсе, — калі размова заходзіць пра скаўцкія законы і традыцыі, нехта разумее, што гэта не яго.

Доб­рае вог­ні­шча ар­га­ні­зуе толь­кі са­праўд­ны май­стар!

Навошта «ваўчанятам» пёры?

— Лагер — цэнтральнае мерапрыемства летняй кампаніі, — расказвае Марыя. — Мы арганізуем іх ужо шмат гадоў, таму ніякіх асаблівых складанасцяў не ўзнікае. Цяпер прыходзім да таго, каб гэта мерапрыемства праходзіла ў выглядзе Джамбары — сусветнага скаўцкага злёту, які штогод праводзіцца ў розных краінах свету. Ёсць падобныя мерапрыемствы на рэгіянальным узроўні (напрыклад, у нашым, Еўразійскім, удзельнічаюць дзевяць краін). Беларускі скаўцкі лагер — гэта фактычна нацыянальны Джамбары — на яго прыязджаюць дзеці з усіх куткоў краіны. Удзел у мерапрыемстве бяруць 200—250 чалавек.

Вялікую частку часу ў лагеры займаюць штодзённыя справы: гатаванне ежы, нарыхтоўка дроў, дзяжурства. Але паралельна таксама праходзяць заняткі. Дзеці і падлеткі працягваюць вывучаць тэорыю і асвойваць скаўцкія спецыяльнасці. Прычым гендарная прыналежнасць амаль не мае значэння: ёсць як дзяўчаты, што выдатна асвоілі піянерынг (тэхніку стварэння разнастайных будынкаў з вяровак і жэрдак), так і хлопцы, якія добра кухараць. Акрамя гэтага, вялікую частку часу займаюць гульні: «Астравы», «Свісток», «Кім». Нярэдка вячэрнія пасядзелкі каля вогнішча змяняюцца «Жураўлямі і кропкамі», калі кожны атрад рыхтуе сваё выступленне, у якім расказвае пра падзеі дня (гэта можа быць пераробленая песня, гумарыстычны нумар ці танец), а кожнае выступленне замест апладысментаў вітаецца гучнымі крычалкамі.

— Ёсць яшчэ «здача на разрад», — расказвае Марыя. — Для кожнага ўзросту ў нас прапісаны мэты развіцця, яны пазначаны ў рабочых сшытках, якія выдаюць скаўтам. Так, для «ваўчанят» і «ваверчанят» (хлопчыкаў і дзяўчатак 6—10 гадоў) гэта і практычныя ўменні, напрыклад раскладанне пэўных відаў вогнішчаў, і агульначалавечыя — скажам, «не засмучацца пры паразе». Дарослыя назіраюць за тым, як дзеці ўсё гэта выконваюць, а пасля група абмяркоўвае, ці сапраўды ўдзельнік дасягнуў сваёй мэты. Калі ўсе згодны, — у сшытку ставіцца паметка, а калі ўсе паметкі сабраны, скаўту прысвойваецца новае званне і ўручаецца спецыяльны знак.

Скаў­цкай мас­кі­роў­цы пад­час гуль­няў па­зайз­дрос­ці­лі б і са­праўд­ныя ін­дзей­цы!

Нельга не сказаць і пра выпрабаванні. Многія скаўты адгукаюцца на запрашэнні праверыць свае здольнасці ў розных кірунках. Адзін з такіх конкурсаў — «бумеранг». Яго сутнасць у тым, што дарослы разам з дзіцем, вочы якога завязаны, адыходзіць на пэўную адлегласць ад лагера. Падлетку трэба сарыентавацца на мясцовасці, зразумець, дзе ён знаходзіцца, і вярнуцца ў каманду. Дарослы пры гэтым, вядома, толькі назірае, але не дапамагае.

Ці яшчэ адзін прыклад — «пёры». «Адно пяро» — гэта простая «маўчанка», якую здаюць малодшыя, — трэба некалькі гадзін нічога не гаварыць. Для старэйшых (ад 12 гадоў) заданне больш складанае: скаўты бяруць мінімальны набор патрэбных рэчаў (запалкі, ваду, нож, вяроўку і спальнік або турыстычны дыванок на выбар) і групай ідуць у лес на адну ноч. Іх задача — увесь час маўчаць, пераначаваць і вярнуцца ў лагер. Есці можна толькі тое, што знойдуць у лесе, напрыклад ягады. За гэтым выпрабаваннем таксама сочаць дарослыя. Паводле слоў Марыі, самае складанае ў «здачы на пяро» — не прагаварыцца, большасць «гарыць» якраз на гэтым.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

Загаловак у газеце: Здаць на «разрад»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Бачаць вочы, што купляюць? Як спажыўцу абараніць свае правы, набываючы тавары на сайтах

Бачаць вочы, што купляюць? Як спажыўцу абараніць свае правы, набываючы тавары на сайтах

Продаж тавараў праз інтэрнэт у Беларусі актыўна развіваецца. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. На гэтым тыдні фартуна ўсміхаецца вам у многіх справах.