Вы тут

Эканамічныя перспектывы 2018 года


Мінулы год прадэманстраваў значнае паляпшэнне і ўмацаваў сувязі Беларусі з сусветнай эканомікай. Ёсць надзеі на тое, што пазітыўнае развіццё не толькі працягнецца, але і зможа набраць больш хуткія тэмпы. Вынікі 2017 года — рост беларускай эканомікі на 2,4 працэнта. Што можа дазволіць нам выйсці на больш высокі паказчык?


Перш за ўсё, год пачаўся з найлепшай цаны на нафту за апошнія тры гады. Калі 2016 год стартаваў з крытычна нізкай цаны менш за 30 долараў, то на пачатку 2017 года мы ўбачылі цану ў паўтара раза вышэйшую, а пачатак 2018 года парадаваў павелічэннем цаны ў два з лішнім разы. Для Беларусі гэта крытычна важна, паколькі наша спецыялізацыя — перапрацоўка сырой нафты ў чатырыста відаў таварнай прадукцыі — уносіць вельмі вялікую долю ў беларускі экспарт у цэлым. Нізкія цэны на нафту азначаюць нізкія цэны і на зробленую з яе прадукцыю, што рэзка адкідвае ўніз паказчыкі беларускага экспарту. Пры захаванні цэн на нафту на працягу года ў дыяпазоне 60—70 долараў беларуская эканоміка будзе здольная сур'ёзна прыбавіць. Высокія цэны на нафту таксама азначаюць вялікія стымулы для ўкаранення новых тэхналогій у сектары беларускай нафтаперапрацоўкі і вялікія фінансавыя магчымасці гэта зрабіць. Галоўным з падобных праектаў, вядома, для Беларусі з'яўляецца далейшае пераўзбраенне двух нашых нафтаперапрацоўчых заводаў з тым, каб у 2018—2019 гадах выйсці на ўзровень Германіі па выпрацоўцы светлых прадуктаў з сырой нафты.

У 2018 годзе выходзіць на сур'ёзны ўзровень прамысловая вытворчасць у сферы легкавога транспарту. Сумесны праект Беларусі і адной з найбуйнейшых карпарацый Кітая і свету Geely дазволіць вырабляць не тысячы легкавых машын, як гэта было летась, а дзясяткі тысяч.

Пры гэтым асноўная доля павінна пайсці на экспарт, што азначае не толькі прырост эканомікі, але і прыцягненне замежнай валюты, што важна для стабільнасці валютнай сістэмы. А запланаванае ўзрастанне ўзроўню лакалізацыі створыць тысячы новых працоўных месцаў у Беларусі на сумежных прадпрыемствах.

Завод па вытворчасці сульфатнай беленай цэлюлозы, пабудаваны на базе ААТ «Светлагорскі ЦКК», таксама выйдзе на поўнамаштабную вытворчасць. Доўгія гады ўкладанняў (па беларуска-кітайскім інвестыцыйным праекце асвоена больш за 850 млн долараў) нарэшце пачнуць прыносіць вынік у выглядзе вялікіх аб'ёмаў гатовай таварнай прадукцыі, запатрабаванай на знешніх рынках. Як вядома, магутнасць вытворчасці складзе прыкладна 400 тыс. тон сульфатнай беленай цэлюлозы, з якіх больш за палову плануецца экспартаваць. Праект не толькі акажа пазітыўны ўплыў на тэмпы росту экспарту, але і дазволіць адмовіцца ад імпарту аналагічнай прадукцыі, таксама ўзрасце ўзровень асваення беларускай драўніны, што карысна для сектара лясной гаспадаркі. Лес пакрывае 40 працэнтаў тэрыторыі Беларусі, і яго выкарыстанне яшчэ не цалкам вычэрпвае ўсе камерцыйныя магчымасці.

Такая ж сітуацыя складваецца і з праектам «Вялікі камень». Доўгія гады планавання, выдзялення зямель пад будаўніцтва, пракладвання першасных камунікацый засталіся ззаду. У 2018 годзе сумесны з Кітаем праект выходзіць ужо на ўзровень, калі пачне даваць аддачу.

2017 год завершаны з 23 рэзідэнтамі, за першыя тры тыдні студзеня іх колькасць узрасла яшчэ на тры. Будзем спадзявацца (калі зыходзіць з усё большай інфармаванасці замежнага бізнесу аб магчымасцях па інвесціраванні ў «Вялікі камень»), што іх колькасць за 2018 год павялічыцца яшчэ на 10—15 як мінімум. Такім чынам, як ужо прынятыя, так і наступныя рэзідэнты стануць будаваць адміністрацыйныя і вытворчыя памяшканні, а таксама вырабляць гатовую прадукцыю і аказваць паслугі, што пазітыўна адаб'ецца на тэмпах беларускай эканомікі.

Адным з самых магутных стымулаў для развіцця беларускай эканомікі можа стаць сектар інфармацыйных тэхналогій. Як сам па сабе, так і тая ўвага, якая ўжо прыцягнута да Беларусі з-за хуткага ўступлення ў дзеянне (28 сакавіка) Дэкрэта № 8 «Аб развіцці лічбавай эканомікі». У выніку яго прыняцця Беларусь становіцца першапраходцам у сферы дзяржаўнага рэгулявання крыптавалют і блокчэйна, і ліберальны характар гэтага рэгулявання выклікае цікавасць да Беларусі па ўсім свеце, якая адаб'ецца станоўча і на іншых сектарах эканомікі.

Пазітывам для Беларусі з'яўляецца і рост цэн на прадукцыю машынабудавання, які пачаўся летась, пры ўмове, што сёлета ён не паверне назад.

У той жа час ёсць і рызыкі, якія таксама вялікія. Сусветная эканоміка ўсё яшчэ нестабільная, а новая халодная вайна Расіі і Захаду будзе па-ранейшаму негатыўна адбівацца на тэмпах развіцця як самой Расіі, так і яе саюзнікаў. Не дадае аптымізму і тое, што нарастае ўзровень канфліктных адносін ЗША з шэрагам краін, а гэта можа негатыўна адбіцца на сусветнай эканоміцы.

Сяргей КІЗІМА, доктар палітычных навук

Загаловак у газеце: Цэлюлоза плюс IT-тэхналогіі

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.