Ці стане прасцей знайсці работу? Што будзе з зарплатамі? Каму варта задумацца аб змене прафесіі? Мы папрасілі экспертаў падзяліцца прагнозамі на бягучы год.
Рынак — у стане раўнавагі
На пачатак года ўзровень зарэгістраванага беспрацоўя склаў 0,5 працэнта.
— Мяркуем, што рынак прыйшоў у стан раўнавагі. Сёлета мы не чакаем скачкоў у росце колькасці беспрацоўных, — дзеліцца бачаннем сітуацыі начальнік упраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Алег ТОКУН. — Колькасць вакансій, па нашых ацэнках, будзе трымацца ў межах 50—60 тысяч, таму напружанасць на біржы наўрад ці вырасце. Цяпер на адну вакансію прыпадае 0,4 беспрацоўнага.
Згодна з інфармацыяй Белстата, летась рэальная заработная плата па краіне была на шэсць працэнтаў большая, чым у 2016-м. Самы прыкметны рост заробкаў назіраўся ў такіх відах дзейнасці, як лесаводства і лесанарыхтоўкі (плюс 16 %), металургічная вытворчасць (плюс 13,5 %), вытворчасць аўтамабіляў і прычэпаў (плюс 13 %), транспартных сродкаў і абсталявання (плюс 12 %). Ці захаваецца гэта тэндэнцыя сёлета?
— Мы бачым па банку вакансій, што памер заяўленых наймальнікамі заробкаў большае. У канцы 2017-га была праведзена работа па паляпшэнні аплаты ў бюджэтнай сферы. Прыняты рашэнні па павелічэнні мінімальнага заробку, тарыфнай стаўкі першага разраду. Гэта таксама паўплывае на рост даходаў, — адзначае Алег Токун.
І ўсё ж такі некаторым работнікам варта задумацца аб змене прафесіі. У горадзе найменш запатрабаваныя кантралёры на кантрольна-прапускным пункце, аператары ПЭВМ, дыспетчары, сакратары, спецыялісты па кадрах, вартаўнікі. У сельскай мясцовасці невысокі попыт на паштальёнаў, швачак. У кожным раёне прапануюць перанавучаць па запатрабаваных прафесіях. Службы занятасці могуць прапанаваць больш за 100 адукацыйных курсаў — па якіх менавіта спецыяльнасцях, залежыць ад рэгіянальнага попыту.
Рост прапаноў ва ўсіх сферах
Значны рост вакансій у параўнанні з мінулымі гадамі абумоўлены паэтапным аднаўленнем эканомікі, стварэннем новых працоўных месцаў на прадпрыемствах, адзначаюць у даследчым цэнтры РАБОТА.TUT.BY. Мяркуецца, што рынак будзе развівацца па такім жа сцэнарыі, як і летась: павелічэнне прапаноў ад наймальнікаў на працягу года, у канцы — невялікае зніжэнне (з-за сезоннасці і падрыхтоўкі да навагодніх свят). Чаканы рост вакансій — 10—15 працэнтаў. Гэтаму будзе спрыяць у тым ліку і Дэкрэт № 7 «Аб развіцці прадпрымальніцтва», скіраваны на паляпшэнне бізнес-клімату ў краіне. Новыя перспектывы ў ІТ-галіне адкрые Дэкрэт «Аб развіцці лічбавай эканомікі». А, значыць, новых працоўных месцаў і людзей, якія шукаюць работу ў гэтай сферы, стане больш.
Чвэрць усіх вакансій, размешчаных на сайце рэсурсу, адносяцца да галіны продажаў. Значную долю стабільна займаюць прапановы ў такіх катэгорыях, як інфармацыйныя тэхналогіі, інтэрнэт і тэлекам (13 %), рабочы персанал (11 %), вытворчасць (10 %), транспарт і лагістыка (10 %).
Летась рост вакансій назіраўся ва ўсіх прафесійных сферах. Найбольш прыкметным ён быў у будаўніцтве і нерухомасці (плюс 83 % у адносінах да 2016 года), для рабочага персаналу (плюс 76 %), у аўтамабільным бізнесе (плюс 72 %), вытворчасці (плюс 69 %).
А вось актыўнасць саіскальнікаў можна назваць стабільнай: колькасць рэзюмэ за год павялічылася неістотна. Самы вялікі прырост іх у наступных катэгорыях: навука і адукацыя (плюс 26 % у параўнанні з 2016-м), медыцына і фармацэўтыка (плюс 17 %), рабочы персанал (плюс 11 %), мастацтва, забавы і масмедыя (плюс 9 %), турызм, гасцініцы і рэстараны (плюс 8 %). Спецыялісты менавіта гэтых галін часцей задумваліся пра змену работы.
Канкурэнцыя на рынку працы летась зніжалася і наблізілася да сітуацыі 2014 года — 7,6 рэзюмэ на вакансію (гэта натуральны ўзровень).
Вучыце англійскую мову
Сёлета наймальнікі будуць адчуваць недахоп кваліфікаваных кадраў. Таму кандыдатам варта актыўна вывучаць прапановы аб рабоце і сачыць, якія навыкі
і кампетэнцыі запатрабаваны, каб своечасова іх набыць.
— Напрыклад, спецыялісты па продажах заўсёды неабходны, і гэта работа добра аплачваецца. Таму я раіла б асвоіць тэхніку актыўных продажаў. Актуальныя будуць курсы па інтэрнэт-прасоўванні, прасоўванні ў сацыяльных сетках. І, вядома, па англійскай мове, толькі таму, што заробкі такіх работнікаў на 30—50 працэнтаў большыя, чым тых, хто не валодае замежнай мовай, — кажа дырэктар кансалтынгавай кампаніі «Квадрат» Святлана КАРАСЦЯЛЁВА.
Па яе словах, цяпер для саіскальнікаў вельмі добры час. Але такая тэндэнцыя (калі колькасць вакансій расце хутчэй, чым база рэзюмэ) хвалепадобная і доўга не пратрымаецца. Таму трэба карыстацца шанцам. Размяшчайце рэзюмэ на сайтах па пошуку работы і абнаўляйце яго хоць бы два разы на тыдзень, каб яно трапляла ў верх спісу.
Складанасці з працаўладкаваннем могуць узнікнуць у прадстаўнікоў масавых прафесій — псіхолагаў, юрыстаў, эканамістаў. Тут выйсце — стаць асам у вузкай спецыялізацыі. Эканаміст з паглыбленым веданнем банкаўскай справы або бухгалтэрыі будзе ў выйгрышы.
Ці варта чакаць прыбаўкі да заробку? «Звычайна аплата працы расце паралельна з поспехамі работніка і яго кампаніі, залежыць ад стану эканомікі ў краіне. Думаю, плаўнае павелічэнне заробкаў будзе назірацца, але рэзкага ўзлёту не прагназую», — дзеліцца Святлана Карасцялёва.
У спісе самых высокааплатных галін застануцца лагістыка, вытворчасць, ІТ (апошняя яшчэ вельмі доўга будзе трымацца ў топе).
Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ
Зазірнём у заўтра Беларусі.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.