Вы тут

Якія работы пры капітальным рамонце выконваюцца за кошт жыхароў


За мінулы год у Гродзенскай вобласці адрамантавана 260 тысяч кв. м жылля, у тым ліку з мадэрнізацыяй. Гэта азначае, што дом прайшоў працэс цеплаізаляцыі, а аб такім рамонце мараць, бадай што, усе. Але ж шчасціць не ўсім. Мадэрнізацыя будзе весціся толькі за сродкі жыхароў.


Дачакаліся...

Гэты дзівосны будынак у цэнтры Гродна нагадвае стары карабель, які быццам прыплыў з мінулага. Так яно і ёсць на самай справе. Дом адлічвае сваю гісторыю з канца ХІХ стагоддзя. Від з боку двара ўражвае старымі цаглянымі сценамі, на якіх бачны трэшчыны. Пенсіянерка Тамара Шабан не адзін год ходзіць па інстанцыях, каб дабіцца рамонту ў сваім доме. Над яе кватэрай дах правіс і пачаў працякаць. Вада сцякала са столі, лілася па сценах. Жыхар суседняй кватэры спрабаваў дзіркі залатаць, але аказалася, што прагнілі кроквы. Вось так і пакутавалі жыхары аднаго з самых старых жылых дамоў у Гродне.

Некалькі месяцаў таму дом агарадзілі, сюды прыйшла прыватная будаўнічая фірма, але трохі пагрымкалі і... зніклі. Кажуць, што падрадчыкі спачатку не ўяўлялі аб'ёму работ, які аказаўся значна большы і не ўкладваўся ў каштарыс. Але дом усё ж не кінулі. Эстафету падхапіла адно з галоўных гарадскіх будаўнічых прадпрыемстваў, і працэс зрушыўся з месца. Бачна, як вядуцца работы па даху. Прараб расказаў, што будзе фальцавае пакрыццё барвовага колеру. Затым дойдзе чарга да сцен, іх спачатку атынкуюць, затым афарбуюць. Нарэшце ў доме пазбавяцца ад газавых калонак. У кватэрах правядуць газ і заменяць водаправод. Можна сказаць, што стары будынак мадэрнізуецца, але не хапае асноўнага элемента — цеплаізаляцыі. Хоць цэгла з часам крышыцца, танчэе.

Мадэрнізацыя? Прыйдзецца раскашэліцца

Да нядаўняга часу цеплаізаляцыя ўваходзіла ў склад капітальнага рамонту. Гэтыя два паняцці не адразу былі размежаваны, тлумачыць генеральны дырэктар аб'яднання «Жыллёва-камунальная гаспадарка Гродзенскай вобласці» Алег Шафранскі. Мадэрнізацыю маглі ўключыць у звыклы капрамонт, калі жыхары скардзіліся на тое, што дом стары і спажывае вельмі шмат цяпла. Але потым камунальнікі разабраліся, што гэта не зусім справядліва. Сродкі на такія работы жыхары не адлічваюць, а затраты высокія. І гэту практыку спынілі, спасылаючыся на заканадаўства.

Праўда, за сродкі капітальнага рамонту дазваляецца правесці лакальнае ўцяпленне там, дзе ёсць факты прамярзання, напрыклад, тарцовых сцен ці вуглоў. Толькі гэта не заўсёды вырашае праблему, бо жыхары па большай частцы патрабуюць менавіта цеплаізаляцыю. Маўляў, мы ж плацім за рамонт жылога фонду!

— Але ў нашых «жыроўках» няма такога артыкула, як мадэрнізацыя, а ёсць толькі адлічэнні на капітальны рамонт, а ён прадугледжвае аднаўленне страчаных характарыстык дома, — адзначае кіраўнік абласной камунальнай службы. — Мадэрнізацыя — гэта якасна іншы ўзровень дома. Гэты від работ павінен праводзіцца за сродкі жыхароў. Механізм такога ўдзелу распрацоўваецца.

Адновяць комплексна

А вось на капітальны рамонт па-ранейшаму можна спадзявацца, запэўніў Алег Шафранскі. Жыллёвы фонд, які знаходзіцца на абслугоўванні менавіта ЖЭСаў, мае ўсе падставы атрымаць комплексны рамонт — гэта значыць, даволі грунтоўны. Сюды ўваходзяць і дах, і сцены, і цеплавузлы, і інжынерныя сеткі... Да аднаўлення жыллёвага фонду далучыліся мясцовыя ўлады. Калі раней спісы дамоў складалі самі камунальнікі, цяпер гэты пералік зацвярджаецца рашэннем рай-, гарвыканкамаў. Гэта дазваляе больш аб'ектыўна падыйсці да справы і ажыццяўляць кантроль за ходам рамонтных работ.

— Мы ставім мэту: укладваць не менш за 140 рублёў на кв. м. Гэта нямала. На сённяшні дзень дасягнулі ўзроўню ў 812 рублёў у сярэднім па вобласці. Калі дзесьці ідзе рамонт за малыя грошы, мы аналізуем: а чаму дом паставілі на комплексны рамонт? Чаму такі малы аб'ём работ? — задаецца пытаннем Алег Шафранскі. — Калі ўжо пачалі комплексны рамонт, трэба зрабіць яго поўнасцю. Бо чалавек плаціць за гэту паслугу. У цэлым фінансаванне капітальнага рамонту складаецца напалову з адлічэнняў жыхароў і бюджэтных сродкаў.

Пакуль работы па аднаўленні жылога фонду вядуцца з адставаннем. Людзі на працягу доўгіх гадоў чакаюць рамонту, але так яго і не атрымліваюць. У ЖКГ мяркуюць выправіць сітуацыю і свае абавязацельствы выканаць.

Рамонт па факце

Таварыствы ўласнікаў — прыклад таго, што жыхары самі могуць паклапаціцца аб стане свайго дома і правесці рамонт самастойна. Бо сродкі на капітальны рамонт паступаюць на разліковы рахунак таварыства. Напрыклад, нарматыўны тэрмін ужо дазваляе зрабіць рамонт даху, але ён знаходзіцца ў добрым стане. Затое тынкоўка адвалілася. Уласнікі вырашаюць аднавіць сцены. Рашэнні прымае агульны сход таварыства, згодна з якім шукаюць падрадчыкаў і самі аплачваюць работу.

— Мы можам праводзіць капітальны рамонт самастойна, — адзначае старшыня жыллёва-будаўнічага кааператыва Сяргей Марцінчык. — Пакуль такой патрэбы няма, бо дом адносна новы, пабудаваны 15 гадоў таму. Але на нашым рахунку дастаткова сродкаў для рамонту. Грошы ляжаць на дэпазіце, і працэнты таксама выкарыстаем у гэтых мэтах. У нас усё празрыста, і на рашэнне сходу можа паўплываць кожны член таварыства.

Па словах Сяргея Марцінчыка, такі падыход выгадны для мясцовых улад, бо рамонт вядзецца толькі на сродкі членаў таварыства, а не з прыцягненнем бюджэтнага фінансавання. Ён лічыць, што сістэма адлічэнняў на капітальны рамонт наогул не зусім адпавядае часу.

Усё павінна аплачвацца па факце. Напрыклад, дзяржава дае пазыку, і кожны жыхар адноўленага дома паступова, за 3—5 гадоў, разлічваецца за рамонт. Тое, што маем зараз — не зусім справядліва, бо плацяць усе, а рамонту так і не могуць дачакацца.

У сваю чаргу, самі камунальнікі таксама знімаюць з сябе паўнамоцтвы. Як адзначыў Алег Шафранскі, у ЖКГ няма на балансе дамоў, бо амаль увесь жыллёвы фонд прыватызаваны. Таму цяпер гэта калектыўная ўласнасць, і жыхары могуць самі вырашаць лёс свайго дома. Вось толькі навошта, калі ў «жыроўкі» па-ранейшаму ўваходзіць плата за капітальны рамонт?

Пад'езды — на жыхарах, двор — на ЖЭСе

Згодна з Жыллёвым кодэксам, пад'езды дамоў выведзены з бягучага рамонту і аднаўляюцца толькі за кошт жыхароў. Гэта станоўчы фактар, лічыць кіраўнік абласной ЖКГ, бо стала менш праяўленняў вандалізму. Хоць жыхары часам скардзяцца на якасць рамонту.

— Нішто не перашкаджае ім самім наняць спецыялістаў, напрыклад, прыватныя фірмы, — кажа Алег Шафранскі. — Жыхары таксама могуць звярнуцца ў ЖЭСы, дзе ім падлічаць расходы і выканаюць работу.

Ініцыятывы ад камунальных службаў чакаць не прыходзіцца. ЖЭС не прыйдзе і не зробіць рамонт у пад'ездзе, як гэта было ў савецкія часы. За ім захавалася тэхнічнае абслугоўванне — падрыхтоўка да зімы, ізаляцыя, замена сальнікаў, ліквідацыя цечы, іншыя дробныя работы. На кожны дом ёсць свая тэхналагічная карта.

Падлічана, што рамонту патрабуюць каля 1 тысячы пад'ездаў. Усе яны будуць аднаўляцца за кошт жыхароў. Стаіць задача прывесці ўсе пад'езды ў парадак. Работа вядзецца згодна з планам. Плата за рамонт упісваецца ў «жыроўку».

Што датычыць прыдамавых тэрыторый, тут падыход іншы. Раней гэта тэрыторыя ўваходзіла ў склад тэхнічнага абслугоўвання і агульную квартплату, але цяпер уборка двара, размяшчэнне дзіцячых пляцовак поўнасцю вядзецца за кошт бюджэту. Гэта абавязак мясцовых улад.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Капітальны рамонт ці мадэрнізацыя?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Арктычнае ўварванне на змену цёпламу паветру. Калі чакаць першы снег? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

Арктычнае ўварванне на змену цёпламу паветру. Калі чакаць першы снег? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

З чым звязана такая восеньская зменлівасць надвор’я і калі чакаць першы снег.

Грамадства

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

КАЗЯРОГ. Буйныя крэдыты зараз лепш не браць. Паспрабуйце прывесці думкі і пачуцці ў парадак. І перастаньце гібець, зазірніце ў сябе, ураўнаважце эмацыянальны стан. Зараз самы час для наладжвання згубленых сувязяў, якія спатрэбяцца ў найбліжэйшай будучыні. Не забывайце пра родных і блізкіх.

Спорт

Сяргей Кавальчук: У спорце вышэйшых дасягненняў адна мэта — быць лепшымі

Сяргей Кавальчук: У спорце вышэйшых дасягненняў адна мэта — быць лепшымі

Міністр спорту і турызму пра жыццё беларускага спорту. Шчыра і аб’ектыўна.