Спецыяльна для «МС» Міхаіл ДАШУК, намеснік дырэктара Нацыянальнага агенцтва інвестыцый і прыватызацыі Беларусі, расказаў, калі нам чакаць росту прывабнасці айчыннага інвестклімату.
— Якія сферы эканомікі краіны найбольш прывабныя для замежных інвестараў і чаму?
— Гэта — інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі, машынабудаванне, фармацэўтыка, аграпрамысловы комплекс, банкаўская сфера. У свеце значны попыт на прафесійныя паслугі ў сферы высокіх і інфармацыйных тэхналогій. І вось тут Беларусь па-сапраўднаму змагла праявіць сябе: у 2016 годзе экспарт ІТ-паслуг на душу насельніцтва склаў 100,76 долара ЗША. Па гэтым паказчыку мы пераўзыходзім такіх гігантаў, як ЗША (52,84), Індыя (39,24), Карэя (46,25).
Безумоўна, у гэтым дапамагае Парк высокіх тэхналогій — прэферэнцыйны рэжым, які дзейнічае на тэрыторыі ўсёй Беларусі. Гэта дазваляе замежным інвестарам значна эканоміць і робіць беларускую ІТ-індустрыю прывабнай для прытоку замежных інвестыцый.
Нядаўна быў прыняты Дэкрэт № 8 «Аб развіцці лічбавай эканомікі», які стварае беспрэцэдэнтныя ўмовы для развіцця ІТ-галіны і дае сур'ёзныя канкурэнтныя перавагі краіне ў стварэнні лічбавай эканомікі, па сутнасці, ператвараючы Беларусь у адну з самых камфортных краін у свеце для вядзення ІТ-бізнесу. Думаю, гэты дэкрэт выкліча значны рост цікавасці патэнцыйных партнёраў да работы ў Беларусі.
Традыцыйна інтарэс інвестараў засяроджаны на галіне машынабудавання. Тут мы можам казаць аб стварэнні сумесных з транснацыянальнымі карпарацыямі прадпрыемстваў, міжнародных альянсаў у сектары вытворчасці аўтакампанентаў, сельскагаспадарчага машынабудавання, зборачных вытворчасцяў грузавога аўтамабільнага транспарту. Сёння тавары гэтай галіны пастаўляюцца ў 90 краін свету.
Працягвае расці і цікавасць замежных інвестараў да беларускай банкаўскай сістэмы. У краіне створаны сур'ёзны зачын у развіцці патэнцыйна новых, высокатэхналагічных напрамкаў: атамнай энергетыкі, касмічнай, біятэхналагічнай галін.
Апошнім часам замежныя інвестары праяўляюць усё большую цікавасць да зялёнай эканомікі. Гаворка ідзе пра супрацоўніцтва ў развіцці электратранспарту і гарадской мабільнасці, рэалізацыю канцэпцыі «разумных» гарадоў, будаўніцтва энергаэфектыўных жылых дамоў і павышэнне энергаэфектыўнасці жыллёвага фонду.
Таксама назіраецца цікавасць інвестараў да фармацэўтычнай галіны, што абумоўлена вялікай ёмістасцю рынку збыту ў краінах ЕАЭС, кваліфікаваным персаналам, а таксама навуковым патэнцыялам біятэхналагічнай галіны. Гаворка ідзе аб распрацоўках у галіне геномных біятэхналогій, ветэрынарыі, аграрных біятэхналогій.
— Якія краіны з'яўляюцца найбольш актыўнымі інвестарамі ў беларускі капітал?
— Сёння больш за 60 краін інвестуюць у Беларусь. Гістарычна склалася, што нашым асноўным гандлёвым і інвестыцыйным партнёрам з'яўляецца Расійская Федэрацыя. Бізнесмены названага рэгіёна не сустракаюць лінгвістычных і камунікацыйных бар'ераў падчас работы ў нашай краіне.
Таксама на працягу апошніх гадоў актыўнымі прамымі інвестарамі ў Беларусь з'яўляюцца і краіны Еўрапейскага саюза: на іх долю ў розныя гады прыпадала па 45—55 % ад агульнага аб'ёму прамых замежных інвестыцый.
— Наколькі актыўна замежныя інвестары сёння прыходзяць у Беларусь і калі, на ваш погляд, можна чакаць росту інвестыцый у беларускую эканоміку?
— Сёння для актывізацыі інвестыцыйнай дзейнасці на заканадаўчым узроўні зроблена шмат. У Беларусі створаны і паспяхова функцыянуюць прывабныя для інвестараў падатковыя рэжымы, гарантуюцца бяспека і абарона інвестыцый.
Ствараючы сумесныя кампаніі, адкрываючы вытворчасць у Беларусі, замежны інвестар мае бесперашкодны выхад і на рынак Еўразійскага эканамічнага саюза, а гэта каля 182 мільёнаў спажыўцоў і сур'ёзны чалавечы, рэсурсны і навукова-тэхнічны патэнцыялы.
Магу сказаць, што апошнім часам у інвестыцыйнай сферы адбываецца ажыўленне. Думаю, што ўжо ў гэтым годзе можна чакаць рост інвестыцый у беларускую эканоміку. Калі параўноўваць з 2016 годам, то толькі за студзень—верасень 2017-га рост аб'ёму прамых замежных інвестыцый у нашу краіну склаў 108,6 % да аналагічнага перыяду мінулага года.
Вераніка ПУСТАВІТ
Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.
Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».