Вы тут

Асноўная частка беларускіх алімпійцаў адправілася ў Пхёнчхан


Да старту Гульняў-2018 застаецца роўна тыдзень. Напярэдадні ў Пхёнчхане адбылася цырымонія адкрыцця алімпійскай вёскі, у ёй прынялі ўдзел кіраўнік аргкамітэта Лі Хі Бом і прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Карэя Лі Кі Хын. Над алімпійскай вёскай былі паднятыя сцягі ўсіх краін — удзельніц Гульняў.


Прэзідэнт Міжнароднага алімпійскага камітэта Томас Бах адзначыў, што алімпійская вёска ў Пхёнчхане — адна з найлепшых, калі не найлепшая ў гісторыі Алімпійскіх гульняў. «Гэта не толькі месца, дзе будуць жыць спартсмены, гэта месца, дзе яны могуць адчуць дух Алімпійскіх гульняў, знайсці сяброў», — заявіў Бах на адкрыцці.

Большасць нашых спартсменаў ужо там, першымі з алімпійцаў у вёсцы з'явіліся біятланісты. Учора ў Паўднёвую Карэю адправіўся гарналыжнік Юрый Данілачкін, канькабежцы, каманда па лыжных гонках у поўным складзе, прадстаўнік шорт-трэка — Максім Сяргееў, а таксама трэнерскі склад, адміністрацыйная і медыцынская групы. Гарналыжніца Марыя Шканава адправіцца ў алімпійскі Пхёнчхан з Аўстрыі, дзе цяпер праводзіць трэніроўкі. Апошнімі ў вёску прыбудуць фрыстайлісты, якія да 8 лютага рыхтуюцца да стартаў у японскім горадзе Біфук.

Адзначым, што нашы спецыялісты таксама ўжо завяршылі падрыхтоўку медыцынскага блока, які знаходзіцца ў Алімпійскай вёсцы. Ён займае тры прасторныя пакоі, там члены беларускай дэлегацыі змогуць аператыўна атрымліваць неабходныя кансультацыі, фізіятэрапеўтычныя працэдуры, масаж, а таксама псіхалагічную дапамогу. «Па вопыце ведаю, падчас Алімпіяды спартсмены нярэдка звяртаюцца да нашых спецыялістаў. І не толькі таму што дзесьці кальнула, але і для прафілактыкі захворванняў, а таксама для аднаўлення пасля фізічных нагрузак. Прыходзяць і для таго, каб проста расслабіцца, адарвацца ад трывожных думак, пачытаць, пагаварыць па душах — для гэтага ў складзе групы ёсць псіхолаг», — расказаў кіраўнік медыцынскай групы, дырэктар Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра спорту Генадзь ЗАГАРОДНЫ.

На калегіі Міністэрства спорту і турызму, якая прайшла на гэтым тыдні, кіраўнік ведамства Аляксандр ШАМКО адзначыў, што беларусам у камандным заліку па сілах увайсці ў лік 25 лепшых краін на зімовай Алімпіядзе і Параалімпіядзе ў Пхёнчхане. Міністр падкрэсліў, што праграма падрыхтоўкі да галоўных стартаў зімовага сезона была цалкам выкананая і цяпер слова за атлетамі і іх трэнерамі. Галоўныя надзеі беларускіх балельшчыкаў звязаны з выступленнем біятланістаў і майстроў лыжнай акрабатыкі, ёсць нядрэнныя перспектывы і ў прадстаўнікоў канькабежнага спорту.

Чакаецца, што ў Пхёнчхан прыбудзе 2943 спартсмены з 92 краін, што з'яўляецца самай вялікай колькасцю атлетаў у гісторыі зімовых Алімпійскіх гульняў. Раней рэкорд быў усталяваны ў Сочы — 2800 спартсменаў з 88 краін свету.

Нагадаем, што ў Пхёнчхане ўпершыню будуць уключаны ў праграму Алімпійскіх гульняў спаборніцтвы па снаўбордзе ў катэгорыі біг-эйр, мас-старт у канькабежным спорце, камандныя спаборніцтвы ў гарналыжным спорце і дабл-мікст у кёрлінгу. Усяго будзе разыграна 102 камплекты медалёў, што таксама з'яўляецца рэкордам.

Арганізатары адзначылі, што ўжо рэалізавана каля 74 % білетаў на спаборніцтвы Гульняў, у продажы засталося 278 тысяч з 1,07 мільёна, у тым ліку білеты на ўрачыстую цырымонію адкрыцця. Пры гэтым на спаборніцтвы першых трох дзён Алімпіяды прададзена амаль 80 % білетаў.

Раней Нацыянальны алімпійскі камітэт Карэі паведаміў, што амаль цалкам распрададзены ўсе месцы на спаборніцтвы фігурыстаў (мужчынскае адзіночнае катанне), па кёрлінгу і матчы з удзелам аб'яднанай жаночай хакейнай каманды КНДР і Рэспублікі Карэя.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: Спадарожнага ветру!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».