Вы тут

Пошукавікі перадалі дачцэ франтавіка яго згубленую баявую ўзнагароду


Выпадак наогул унікальны. Летась мясцовы пошукавік Дзяніс Іваноў знайшоў на полі каля вёскі Быстрык Магілёўскага раёна баявы ордэн. Пачалі шукаць яго гаспадара, рабіць запыты, маніторыць расійскія архіўныя сайты і нарэшце атрымалі інфармацыю, што ўзнагарода належыць Кузьму Куксянкову, жыхару вёскі Нядашава ў тым жа Магілёўскім раёне. На жаль, ветэран ужо пайшоў з жыцця, цяпер па гэтым адрасе жыве яго дачка — Аляксандра Станкевіч. Яна ўжо не маладая і мае праблемы са здароўем. Таму дэлегацыя ў складзе пошукавікоў, ваеннага камісара і старшыні сельсавета завітала да яе дамоў, каб з усімі належнымі для такога моманту ўрачыстасцямі перадаць баявую ўзнагароду. З гэтай нагоды прыехалі і двое сыноў жанчыны, каб разам з маці перажыць хвалюючыя моманты гонару за свайго гераічнага продка.


Прос­ты се­ля­нін і ад­важ­ны сал­дат Кузь­ма Кук­сян­коў (пас­ля вай­ны).

Ордэн Славы ІІІ ступені наводчык узвода 45-міліметровых гармат 1-га стралковага батальёна 1113 Стралковага Чырванасцяжнага палка 330-й стралковай Магілёўскай Чырванасцяжнай дывізіі Кузьма Куксянкоў атрымаў у чэрвені 1945-га. Ва ўзнагародным лісце напісана, што чырвонаармеец здзейсніў некалькі баявых подзвігаў — знішчаў нямецкую гармату разам з яе разлікам і кулямёт, які перашкаджаў руху савецкіх салдат.

Для дачкі героя паведамленне пра ордэн было нечаканым. Бацька ёй нічога пра яго не расказваў. Старэйшы сын Аляксандры Кузьмінічны Сяргей успамінае, што дзед быў вельмі сціплы, расказваў пра сваё жыццё на фронце без усялякага там гераізму.

Дач­ка ні­чо­га не ве­да­ла пра гэ­тую ўзна­га­ро­ду. 

Наогул ваенная біяграфія простага селяніна Кузьмы Куксянкова вельмі насычаная. Спачатку яго, бацьку чацвярых дзяцей, прызвалі на фінскую вайну. Усе яго таварышы, з кім ваяваў, загінулі, а ён вось выжыў, дадому вярнуўся. У 1941-м зноў накіравалі на фронт, але пад Масквой ён трапіў у палон. Разам з земляком змог уцячы і неяк па акупаванай ворагам тэрыторыі дабрацца да роднай вёсачкі. Таварыш, як убачыў родную хату, не стрымаўся, пабег, хацеў хутчэй жонку абняць. І нарваўся на немцаў. Кузьма Куксянкоў чуў стрэлы і не стаў рызыкаваць, адразу падаўся да партызан. А калі раён вызвалялі, зноў трапіў на фронт. «Расказваў, што толькі 70 кіламетраў не дайшоў да Берліна, — успамінае Сяргей Станкевіч. — Меркаваў, што павінен быў атрымаць медаль за вызваленне Германіі. А вось пра тое, што страціў ордэн, нічога не казаў. Магчыма, саромеўся. Хутчэй за ўсё, выпаў гэты ордэн, калі ён ішоў чарговы раз да сваякоў у вёску Быстрык. Гэта ж побач з намі. Там у нас было шмат радні, мы туды вельмі часта хадзілі».

Родныя спадзяюцца, што атрымаецца нешта яшчэ даведацца пра свайго гераічнага дзеда. А можа, яшчэ і іншыя ўзнагароды адшукаць. Той жа медаль «За перамогу над Германіяй». Чаму б і не?

Уз­на­га­ро­ды ве­тэ­ра­на.

— Зараз архіўная інфармацыя стала больш даступная, чым раней. Лягчэй стала ўстанавіць уладальніка ўзнагароды. Раней для гэтага прыходзілася ехаць у архіў Мінабароны Расійскай Федэрацыі ў Падольск, — кажа гісторык, ваенны пісьменнік, старшыня магілёўскага абласнога гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба Мікалай Барысенка. — Нам у пошуках вельмі дапамагае наш таварыш з Мінска, пошукавік Аляксандр Дударонак. Калі мы знаходзім медальён, нумарную ўзнагароду, кацялок з надпісам, мы звяртаемся да яго, каб ён праз свае сувязі аператыўна ўстанавіў уладальніка. Гэта неацэнная дапамога, бо з 325 тысяч пахаваных на тэрыторыі Магілёўшчыны чырвонаармейцаў і камандзіраў на сённяшні дзень вядомы імёны толькі 75 тысяч.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Загаловак у газеце: Ордэн як памяць

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.