Вы тут

Якія глабальныя тэндэнцыі агучаны на Сусветным эканамічным форуме?


У занесеным снегам альпійскім мястэчку Давос сусветная палітычная і бізнес-эліта на мінулым тыдні абмяркоўвала найважнейшыя пытанні развіцця эканомікі і шукала шляхі да лепшай будучыні. Тут прайшоў чарговы, 48-ы па ліку, Сусветны эканамічны форум (СЭФ). Галоўны яго пасыл — стварэнне новага «сацыяльнага кантракта». Заклік да гэтага прагучаў ад самога заснавальніка СЭФ, нямецкага эканаміста Клауса Шваба, паведаміў forbes.ru. На думку эксперта, свет перажыў фінансавы крызіс, але ўступіў у сацыяльны, і многім краінам неабходная дапамога, каб навучыцца жыць у новых рэаліях. Адным з ключавых выклікаў нашага часу навуковец лічыць павелічэнне разрыву паміж багатымі і беднымі дзяржавамі. Якія яшчэ глабальныя тэндэнцыі, здольныя паўплываць на наша жыццё ўжо ў найбліжэйшыя гады, згадваліся ў Давосе?


Галоўная сыравіна — інфармацыя

Кіраўнік Міжнароднага валютнага фонду Крысцін Лагард выказала аптымізм у адносінах да глабальнай эканамічнай сітуацыі. Паводле яе слоў, свет перажывае «светлы момант», а эканоміка будзе развівацца на поўнай магутнасці, прынамсі, у наступныя два гады. МВФ нават палепшыў прагнозы па росце глабальнага ВУП да 3,9 працэнта ў 2018-м і 2019-м. Такія змены магчымыя за кошт падатковай рэформы ў ЗША, а таксама актывізацыі міжнароднага гандлю і інвестыцый. Самай хуткарослай эканомікай свету застанецца Індыя з прагнознай дынамікай у 7,4 працэнта.

Крыху менш аптымістычных поглядаў прытрымліваецца прэзідэнт Сусветнага банка Джым Ён Кім. Паводле афіцыйнай справаздачы СБ, сёлета рост валавога ўнутранага прадукту ў краінах з развітой эканомікай крыху знізіцца — да 2,2 працэнта, паколькі цэнтрабанкі паступова будуць «расчышчаць» посткрызісны эфект, у сваю чаргу, рост інвестыцый стабілізуецца. «Плюс» у краінах, якія развіваюцца, і на новых рынках у 2018 годзе ўзмоцніцца да 4,5 працэнта. Гэта абумоўлена актывізацыяй дзейнасці экспарцёраў сыравінных тавараў на фоне павышэння цэн.

Еўрапейскія лідары, якія прысутнічалі на форуме, удзялілі вялікую ўвагу лічбавай эканоміцы, паабяцаўшы накіраваць максімум намаганняў на яе развіццё. Канцлер ФРГ Ангела Меркель адзначыла, што інфармацыя становіцца галоўнай сыравінай ХХІ стагоддзя і стварае сур'ёзныя выклікі для сусветнай супольнасці — ад эканамічнай інклюзіўнасці да пытанняў асабістай прасторы. «Еўрасаюз будзе рухацца ў бок «адзінага інфармацыйнага рынку», — канстатавала нямецкі лідар. Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон, у сваю чаргу, заявіў, што мае намер зрабіць інавацыі цэнтральнай часткай французскай эканомікі — на працягу пяці гадоў краіна будзе штогод інвеставаць $15 млрд у адукацыю і $10 млрд — у навуковыя даследаванні.

Прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Тэрэза Мэй падтрымала еўрапейскіх калег. Яна згадала гісторыю пра тое, як робат выратаваў двух хлопчыкаў у моры, скінуўшы ім надзіманы матрац, і адзначыла, што дзякуючы тэхналогіям можна, напрыклад, на трэць знізіць колькасць захворванняў на рак малочнай залозы. Па словах Мэй, Вялікабрытанія ўжо распрацоўвае лічбавую хартыю, у аснове якой ляжыць набор пэўных прынцыпаў. Пры гэтым тэхналагічнае развіццё нясе ў сабе не толькі перавагі і магчымасці, але і пагрозы, якія, па словах Мэй, павінны быць падзеленыя разам з тэхналагічнымі кампаніямі і інвестарамі.

Тры рызыкі і тры пагрозы

Сёлета Еўропа нарэшце можа завяршыць стварэнне больш гнуткага валютнага саюза. Але не варта губляць пільнасці. Генеральны сакратар Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця Анхель Гурыя заўважыў з гэтай нагоды: «Наш галоўны вораг — самазадаволенасць. Усе кажуць пра аднаўленне эканомікі, хтосьці — нават пра бум. Але мы зараз толькі пачынаем апраўляцца пасля дзесяцігадовага крызісу. Мы рухаемся не з крэйсерскай хуткасцю, як гэта было да крызісу. Тады рост эканомікі складаў чатыры працэнты. Мы выдаткавалі мільёны і мільёны на тое, каб выйсці з сітуацыі, якая склалася. І цяпер нам трэба вярнуць гэтыя грошы. Трэба шмат працаваць».

На думку прэм'ер-міністра Індыі Нарэндры Модзі, змяненне клімату, тэрарызм і страх перад глабалізацыяй — тры галоўныя рызыкі на шляху развіцця цывілізацыі. Некаторыя краіны занадта сфакусаваныя на сваім парадку дня, у той час як існуе шэраг эканамічных і сацыяльных пытанняў, якія патрабуюць сумеснага вырашэння. «Тэрарызм небяспечны, але яшчэ больш небяспечнае штучнае адрозненне, створанае паміж «добрымі» і «дрэннымі» тэрарыстамі», — заявіў Модзі.

Галоўны канкурэнт Індыі ў Ціхаакіянскім рэгіёне, Кітай, на працягу найбліжэйшых трох гадоў мае намер засяродзіцца на барацьбе з трыма пагрозамі: фінансавымі рызыкамі, беднасцю і забруджваннем навакольнага асяроддзя. Эканамічны саветнік Лю Хэ, які ўзначаліў кітайскую дэлегацыю ў гэтым годзе, заявіў, што КНР працягне павышаць прывабнасць фінансавага рынку краіны для замежнікаў у рамках праграмы «Адзін пояс, адзін шлях». Праект, які ахоплівае звыш 60 краін на ўсіх населеных кантынентах свету, з інвестыцыйным партфелем амаль у трыльён долараў інакш як глабальным не назавеш.

Прэм'ер-міністр Нарвегіі Эрна Солберг падкрэсліла, што сусветнай супольнасці варта засяродзіцца на пытаннях карупцыі і незаконных грашовых патокаў: «Неабходна змагацца з «падатковымі гаванямі», якія перашкаджаюць размеркаванню рэсурсаў і прыбыткаў». Гэта насамрэч застаецца глабальнай праблемай — паводле апошняга даклада Рымскага клуба, у афшорах схавана да 30 трыльёнаў долараў.

Чаканні і расчараванні

Пры ўсім натхненні грамадства лічбавізацыяй удзельнікі СЭФ адзначылі пэўнае расчараванне ў тэхналогіях, якія яшчэ нядаўна абяцалі ўсім «цудоўны новы свет» і ўзбагачэнне. Завышаныя чаканні ад развіцця тэхналогій, якія могуць прывесці да расчаравання, пытанне працаўладкавання ў будучыні, звязанае з аўтаматызацыяй працоўных месцаў, а таксама крызіс сістэмы адукацыі і аховы здароўя — праблемныя пункты, якія былі вызначаны Сусветным банкам. Даследаванне, праведзенае гэтай арганізацыяй, паказала, што, калі людзі падключаюцца да інтэрнэту і сацыяльных сетак, — яны бачаць, як растуць даходы іншых, і пачынаюць чакаць павышэння ўласнага заробку. «З аднаго боку, гэта матывуе, але, з другога боку, чаканні не заўсёды спраўджваюцца і ў такім выпадку прыводзяць да расчараванняў. Тады ёсць рызыка ўзнікнення канфліктаў, экстрэмізму і міграцыі», — пракаментаваў вынікі даследавання Ён Кім.

Па некаторых даных, да 2025 года каля 8 мільярдаў чалавек атрымаюць доступ да інтэрнэту, і эфект ад такога глабальнага падключэння нясе вялікія рызыкі стабільнасці свету, калі краіны не будуць гатовыя да гэтага. Асобную пагрозу ўяўляе манапалізацыя рынкаў буйнымі ІТ-кампаніямі. Чым больш яны развіваюць тэхналогіі штучнага інтэлекту і ўкараняюць іх у сваю дзейнасць, тым больш рэгуляваным становіцца інтэрнэт (браўзеры, сацыяльныя сеткі), што, у сваю чаргу, ставіць пад удар асабістую прастору карыстальнікаў і магчымасць непрадузятага пошуку інфармацыі. Таксама выклікае апасенні будучая біятэхналагічная і генетычная рэвалюцыя, якая абяцае «ўзлом» геному і магчымасць праграмаваць «неабходнае грамадства». Цэлы шэраг сесій СЭФ быў прысвечаны менавіта гэтай тэме.

Тэза «вашы даныя — гэта вашы даныя» сёння больш не адпавядае рэчаіснасці. Інфармацыя, якую прадуцыруюць людзі, карыстаючыся камп'ютарамі і мабільнымі тэлефонамі, больш ім не належыць. Пра гэта на Сусветным эканамічным форуме ў Давосе сказаў кіраўнік Bhartі Enterprіses Суніл Бхарці Мітал. «Даныя людзей больш не належаць ім. Яны аблятаюць свет за лічаныя секунды. Гэта адбываецца пастаянна. Але права, якое людзям павінна быць гарантавана, — гэта права мяняць правайдара, права перакладваць свае даныя з аднаго сервера на іншы, мець пэўны ўзровень кантролю. Але забяспечыць поўнае права ўласнасці на даныя вельмі складана», — сказаў Мітал. У сваю чаргу гендырэктар ІBM Вірджынія Рамеці заўважыла, што валодаць данымі як рэсурсам недастаткова. Як і ў выпадку з любым прыродным рэсурсам, для эфектыўнага выкарыстання вялікіх даных патрэбныя веды і навыкі. Раней у Давосе гендырэктар ІBM заклікала распрацаваць каштоўнасці для свету машын і людзей.

Жарсці па блокчэйне

Летась у Злучаных Штатах 750 амерыканцаў заплацілі падаткі ў біткойнах. На форуме адзін з галоўных экспертаў свету па крыптавалюце, аўтар бестселера «Рэвалюцыя блокчэйна» Дон Тапскот, прадставіў карту свету з 14 краінамі — лідарамі па ўкараненні тэхналогіі блокчэйн. У гэты пералік увайшлі ЗША, Канада, Бразілія, Аўстралія, Ізраіль, ААЭ, Грузія, Эстонія, Вялікабрытанія, Украіна, Францыя, Германія, Швецыя і Кітай.

Пытанне майнінгу крыптавалют цесна звязана з праблемай кліматычнага ўрэгулявання, якая ўжо не першы год выклікае вялікую заклапочанасць сусветнай эліты ў Давосе. Па даных навукоўцаў, расход электраэнергіі для майнінгу біткойну і іншых крыптавалют за апошні год патроіўся і дасягнуў 37 гігават-гадзін у дзень. Для выпрацоўкі такой колькасці энергіі спатрэбіцца каля 30 ядзерных рэактараў магутнасцю 1,2 гігавата. Такім чынам, майнінгавая дзейнасць моцна награвае планету і можа вельмі негатыўна адбіцца на прыродных умовах. «Калі ўсё працягнецца ў тым жа духу, то ў 2018 годзе гэтая сістэма будзе спажываць столькі ж электрычнасці, колькі ўся Аргенціна. Гэтая сітуацыя выклікае занепакоенасць», — заявіла кіраўнік Міжнароднага валютнага фонду Крысцін Лагард.

Сваю пазіцыю ў дачыненні да крыптавалют агучылі і прадстаўнікі КНР. «Лічбавыя грошы не з'яўляюцца канверсоўнай валютай. Іх рэальная каштоўнасць для эканомікі яшчэ павінна быць даказаная. У гэтым сэнсе мы не хочам, каб крыптавалюты сталі занадта значнымі і шырока таргаваліся ў Кітаі», — пракаментаваў сітуацыю адзін з ключавых фінансавых стратэгаў, намеснік старшыні Камісіі па рэгуляванні каштоўных папер КНР Фанг Ксінгхай.

«Зялёная» эра

Апошнія тэндэнцыі на энергетычных рынках паказваюць, што свет усё хутчэй пераходзіць ад традыцыйнай энергетыкі да альтэрнатыўнай — «зялёнай» энергіі. Так, сонечная энергія становіцца самым танным рэсурсам для многіх краін свету і спаборнічае з традыцыйнай энергетыкай. Краіны змяняюць напрамак сваёй палітыкі ў бок аднаўляльнай, чыстай энергетыкі. Прагназуецца, што да 2040 года свету будзе неабходна на 30 % больш энергіі, чым у 2018-м, аднак гэта не будзе рэзкім скачком у спажыванні, а хутчэй паступовым нарастаннем патрэб. Пры гэтым неабходныя ўсе крыніцы энергіі. Назіраецца ажыўленая тэндэнцыя, калі спажыўцы становяцца яе вытворцамі, самастойна выкарыстоўваючы альтэрнатыўныя крыніцы энергіі. Такім чынам яны становяцца незалежнымі, самастойна кантралююць колькасць спажыванай энергіі. Таму краіны, якія экспартуюць нафту і газ, будуць паступова губляць сваіх спажыўцоў і, адпаведна, прыбытак.

Карпарацыйны попыт на «зялёную» энергію штурхае наперад працэс трансфармацыі ў свеце энергетыкі. Эра выкапняў, цэнтралізаваных крыніц энергіі не скончылася, але свет рухаецца ў гэтым кірунку. Пра гэта на Сусветным эканамічным форуме сказала выканаўчы дырэктар ініцыятывы ААН «Надзейная энергія для ўсіх» Рэйчэл Кот. «Пераходны перыяд дакладна ў разгары. Бізнес розных кірункаў — ад цяжкай прамысловасці да харчовай — зацікаўлены і імкнецца купляць больш «зялёнай» энергіі», — сказала яна. На думку эксперта, пераломным для «зялёнай» энергетыкі стане 2027 год.

Жорсткая перазагрузка

Паводле даных штогадовага апытання міжнароднага аб'яднання арганізацый па барацьбе з беднасцю Oxfam, агучанага напярэдадні форуму ў Давосе, з 2010 года сукупны капітал мільярдэраў павялічыўся на 13 %. Іх даходы ў сярэднім раслі ў шэсць разоў хутчэй, чым даходы радавых работнікаў. «Бум мільярдэраў сведчыць не аб квітнеючай эканоміцы, а аб краху эканамічнага парадку», — заявіла выканаўчы дырэктар Oxfam Віні Б'яніма. Яна падкрэсліла, што ўплыў буйнога бізнесу настолькі ўзрос, што ён стаў уздзейнічаць на прыняцце многіх дзяржаўных рашэнняў. Генеральны дырэктар Oxfam Maрк Голдрынг растлумачыў, што даследаванне заснавана на правераных і неабвержных доказах, і падкрэсліў, што «па меры набліжэння да высноў вы ўяўляеце, што няроўнасць у свеце дасягнула непрымальнага ўзроўню».

Няроўнасць няўхільна вядзе да росту напружанасці. Гендырэктар расійскага Цэнтра палітычнай інфармацыі Аляксей Мухін заявіў, што з-за нявырашаных пасля крызісаў праблем сусветная эканоміка можа стаць «эканомікай вайны», паведаміла РІА Навіны. Так эксперт пракаментаваў вынікі форуму ў Давосе. На яго думку, напярэдадні крызісаў 1998-га і
2008 года перад глабальнай эканомікай стаялі праблемы і выклікі, якія ў выніку аказаліся «невырашальнымі і нявырашанымі». Мухін заявіў, што вядучыя дзяржавы не прапанавалі вырашэння праблем, таму «перазагрузіць сістэму» можа вайна, але не «прамая, гарачая вайна», а «эканоміка вайны».

Захар БУРАК

Дзейны прэзідэнт Егіпта Абдэль Фатах ас-Сісі атрымаў падчас галасавання на выбарах кіраўніка дзяржавы каля 22 мільёнаў галасоў выбаршчыкаў — 97 % ад агульнай колькасці тых, хто прагаласаваў. Аб гэтым заявіў старшыня цэнтральнай выбарчай камісіі Лашын Ібрагім. Такім чынам, ас-Сісі зноў зойме прэзідэнцкае крэсла на наступныя чатыры гады. Новаабраны прэзідэнт Егіпта прынясе прысягу перад Палатай прадстаўнікоў у пачатку чэрвеня, пасля чаго пачнецца адлік яго другога тэрміну. Што адбываецца ў адной з ключавых краін Чорнага кантынента?


Ісламісты і вайскоўцы

Унутраная палітыка Арабскай Рэспублікі Егіпет вызначаецца яе эканамічнымі перавагамі. Зараз найбольшыя паступленні ў казну дзяржавы забяспечваюць плацяжы за права праходу суднаў па Суэцкім канале. На другім месцы — турызм, які атрымаў у апошнія гады асаблівы статус у краіне. На трэцім месцы — здабыча нафты і газу. Такім чынам, унутраная палітыка краіны арыентавана перш за ўсё на падтрыманне і развіццё бюджэтаўтваральных кірункаў. Кампаніі, што ствараюцца ў Егіпце для інвестыцый, напрыклад, у турбізнесе, атрымліваюць важкія падатковыя льготы. У краіну дазволены ўвоз любой валюты ў неабмежаванай колькасці.

Заахвочваюцца інвестыцыі замежных кампаній у нерухомасць. Пры ўсім гэтым Егіпет трыццаць гадоў фактычна быў краінай аднаго кіраўніка. Прэзідэнтам рэспублікі з 1981-га з'яўляўся нязменны Хосні Мубарак. Палітыка, якую ён праводзіў, на працягу дзесяцігоддзяў не выклікала актыўнага пратэсту большасці насельніцтва. Мубарака зрынула хваля народнага гневу ў ходзе «арабскай вясны». Прэзідэнт падаў у адстаўку пасля 18 дзён дэманстрацый і агульнанацыянальнай забастоўкі.

У выніку ў лютым 2011-га ўлада перайшла да вайскоўцаў, традыцыйных захавальнікаў стабільнасці ў дзяржаве. 16 чэрвеня 2012 года ў краіне прайшлі выбары — пераможцам аказаўся стаўленік умеранай ісламісцкай групоўкі «Браты-мусульмане». Ісламісты падтрымалі Мурсі, аднак грамадства ў цэлым аказалася расколатае. Улада новаабранага прэзідэнта аказалася нетрывалай — у лістападзе 2012-га ён выдаў указ, які надзяляе яго практычна неабмежаванай уладай у імя абароны рэвалюцыі. Сам кіраўнік адзначаў, што мае на мэце абарону Устаноўчага сходу, які павінен быў напісаць краіне новую канстытуцыю. У чэрвені 2013-га, у гадавіну прыходу Мурсі да ўлады, шматмільённыя маршы вымусілі ваенных умяшацца. Генерал Абдэль Фатах ас-Сісі прад'явіў Мурсі ўльтыматум і запатрабаваў вырашыць супярэчнасць з пратэстоўцамі на працягу дваіх сутак. Ваенныя дэ-факта ўзялі ўладу ў свае рукі, прэзідэнт-ісламіст быў зрынуты.

Цяжкія рэформы

У студзені 2014-га краіна прыняла новую канстытуцыю — за яе прагаласавалі 98 працэнтаў выбаршчыкаў. Праз паўгода ас-Сісі, фактычна кіруючы краінай на той момант, выйграў прэзідэнцкія выбары. Людзі чакалі ад прыходу ваенных нармалізацыі сітуацыі ў краіне і стабільнасці. Ас-Сісі абвясціў «перыяд цяжкай працы» — ён заклікаў суграмадзян уставаць у пяць раніцы і аддаваць працы ўсе сілы. Ён ахвяраваў у бюджэт палову сваёй маёмасці, многія чыноўнікі і бізнесмены ўзялі з яго прыклад. 140 мільёнаў долараў выдзеліла армія. Краіна пачала балючыя эканамічныя рэформы — інфляцыя падскочыла да 34 працэнтаў, аднак ас-Сісі растлумачыў: кароткі перыяд нягод забяспечыць эканамічны росквіт у будучыні. Прэзідэнт таксама абвясціў рэформу і мадэрнізацыю ісламу. Ён прапанаваў выключыць з падручнікаў рэлігійных школ заклікі да гвалту і ўслаўленне жорсткасці. Прэзідэнт нават прыехаў на калядную імшу ў хрысціянскі храм і пажадаў вернікам шчаслівых Калядаў.

Былы прэзідэнт Мурсі ў гэты час быў прыгавораны да смяротнага пакарання. Прысуд потым адмянілі. Зараз Мурсі сядзіць у турме. Тым не менш дагэтуль Егіпет узрушваюць тэракты. У 2015-м, напрыклад, начыненая выбухоўкай машына ўзарвалася на шляху картэжа пракурора Хішам Бараката. Чыноўнік загінуў. Армія краіны вядзе безвыніковую барацьбу з ісламістамі Сінайскага паўвострава, раз'юшанымі звяржэннем Мурсі. Мясцовыя тэрарысты прысягнулі на вернасць баевікам «Ісламскай дзяржавы» і прынялі назву «Вілаят Сінай». Менавіта яны заклалі бомбу на борт расійскага пасажырскага самалёта A321, з-за выбуху якой загінулі 224 чалавекі. Баевікі не шкадуюць ні хрысціян-коптаў, ні нават братоў па веры. 24 лістапада 2017 года яны напалі на мячэць эр-Роўд у ваколіцах горада Арыш. Тады былі забітыя больш за 300 чалавек. Цяжкая абстаноўка з бяспекай падарвала турыстычную галіну: калі да «арабскай вясны» ў Егіпет прыязджалі да 15 мільёнаў турыстаў штогод, то сёння ад паездак у краіну пірамід перасцерагаюць улады шэрагу дзяржаў.

Два дзіцяці на сям'ю

Егіпет з'яўляецца самай населенай дзяржавай на Блізкім Усходзе і другой па колькасці насельніцтва на афрыканскім кантыненце. Паводле апошніх даных, тут пражывае амаль 95 мільёнаў чалавек. Яшчэ дзевяць мільёнаў егіпцян знаходзяцца за мяжой. Насельніцтва хутка павялічвалася ў перыяд з 1970 па 2010 год у сувязі з дасягненнямі ў медыцыне і павышэннем прадукцыйнасці сельскай гаспадаркі, так званай зялёнай рэвалюцыі. Пры ўварванні Напалеона ў 1798 годзе колькасць жыхароў Егіпта налічвала ўсяго тры мільёны, у 1939-м — 16,5 мільёна. Насельніцтва сканцэнтравана ўздоўж і ў дэльце ракі Ніл (у прыватнасці, у Каіры і Александрыі), а таксама паблізу Суэцкага канала.

Летась міністр аховы здароўя і народанасельніцтва Егіпта Ахмед Імада эд-Дзін і міністр мясцовага развіцця Мухамед Хішам аш-Шэрыф абвясцілі аб запуску стратэгічнага плана па кантролі за нараджальнасцю пад назвай «Развіццё Егіпта: толькі два дзіцяці на сям'ю». Як адзначыў кіраўнік міністэрства аховы здароўя, змагацца з рэзкім прыростам насельніцтва перш за ўсё неабходна з дапамогай павышэння ўзроўню адукаванасці, працаўладкавання жанчын і прадухілення ранніх шлюбаў. Паводле яго слоў, «кантрацэпцыя — апошняе, на што варта спадзявацца пры рэалізацыі гэтай стратэгіі». Рэлігійныя ўстаноўкі, на яго думку, «таксама адыграюць важную ролю ў працэсе павышэння ўзроўню праінфармаванасці насельніцтва».

У 2005 годзе ўзровень нараджальнасці ў Егіпце складаў у сярэднім 2,5 дзіцяці, а цяпер ён вырас да 3,5. «Альбо прырост насельніцтва і далей будзе разбураць Егіпет, альбо мы вырашым гэтую праблему», — заявіў Ахмед Імада эд-Дзін. Насельніцтва Егіпта штогод павялічваецца больш чым на два мільёны чалавек. Як адзначыў міністр мясцовага развіцця, калі прырост працягнецца такімі ж тэмпамі, праз тры гады ўрад Егіпта будзе абавязаны забяспечыць насельніцтва 20 тыс. дзіцячых садоў, праз шэсць гадоў — 100 тыс. школ, а праз 25 гадоў — дадатковымі двума мільёнамі працоўных месцаў. Раней у шэрагу рэгіёнаў Егіпта дзейнічалі праграмы бясплатнага распаўсюджання сродкаў кантрацэпцыі, але, як правіла, па рэлігійных меркаваннях шмат хто адмаўляецца ад удзелу ў іх. Для Каіра нормай лічыцца два — чатыры дзіцяці на сям'ю, для больш бедных сельскіх раёнаў — ад шасці і вышэй.

На першы погляд, дзяржаўная палітыка па скарачэнні нараджальнасці ў мусульманскай краіне (больш за тое — у адным з цэнтраў мусульманскага свету) — нерэальная задача. Аднак варта ўлічваць той факт, што галоўным ініцыятарам гэтай праграмы ў Егіпце сталі не два міністры, а асабіста прэзідэнт Абдэль Фатах ас-Сісі. Гэта ён забіў трывогу, калі атрымаў лічбы штогадовага прыросту насельніцтва краіны на 2,5 мільёна чалавек. Прэзідэнт Егіпта паставіў пагрозу росту насельніцтва ў адзін шэраг з пагрозай тэрарызму. «Дзве галоўныя праблемы, якія стаяць перад нашай дзяржавай, — тэрарызм і рост насельніцтва. Гэтыя праблемы значна абцяжарваюць наш рух наперад», — сказаў ён. Характэрна, што гэтая заява была зроблена менавіта на маладзёжным форуме. Матывацыя ас-Сісі выключна эканамічная. Чыста матэматычныя падлікі егіпецкага ўрада такія: калі скараціць нараджальнасць хоць бы да 2,4 мільёна ў год, то да 2030-га ўдасца сэканоміць да 11 мільярдаў долараў.

Універсітэт аль-Азхар — найбуйнейшая ў суніцкім свеце мусульманская навучальная ўстанова, абсалютны аўтарытэт для ўсіх мусульман не толькі ў Егіпце, нечакана падтрымаў ініцыятыву свецкай улады. Ён апублікаваў фетвы, у якіх сказана, што іслам у прынцыпе не забараняе планаванне сям'і.

Суэц і новая сталіца

За свой першы прэзідэнцкі тэрмін ас-Сісі многае зрабіў: будаваў дарогі, жыллё, электрастанцыі, мацаваў абарону. Сярод маштабных праектаў — пашырэнне Суэцкага канала, стварэнне новай сталіцы. У шэрагу дасягненняў ас-Сісі — дамоўленасці з Саудаўскай Аравіяй і Аб'яднанымі Арабскімі Эміратамі аб істотнай фінансавай падтрымцы, шмат у чым дзякуючы поспехам у барацьбе супраць «Братоў-мусульман». Аднак усё роўна трэба было залазіць у даўгі да МВФ, які выдзеліў Егіпту 21 млрд долараў на даволі жорсткіх умовах. У выніку егіпцянам прыйшлося зноў зацягваць паясы.

Увогуле, ас-Сісі ўступае ў свой другі прэзідэнцкі тэрмін у няпростых для Егіпта ўмовах. «Ён робіць фантастычную працу ў вельмі складанай сітуацыі», — так сказаў пра кіраўніка Егіпта прэзідэнт ЗША Дональд Трамп пасля іх сустрэчы ў мінулым годзе ў Вашынгтоне. Як заявіў «Коммерсанту» афіцыйны прадстаўнік МЗС Егіпта Ахмед Абу Зейд, падчас свайго першага тэрміну прэзідэнту краіны ўдалося актывізаваць адносіны з усімі замежнымі партнёрамі краіны. З тым, што Каір вяртае сабе пазіцыі на Блізкім Усходзе, згодныя і іншыя эксперты. Зрэшты, знешнепалітычных партнёраў Егіпта прэзідэнт цалкам задавальняе як узважаны і моцны палітык, які вядзе непрымірымую барацьбу з тэрарызмам. Аднак для павышэння ўзроўню бяспекі ў краіне яшчэ неабходна прыкласці шмат намаганняў. Дарэчы, наколькі гэта складана, паказвае беспрэцэдэнтная ваенная аперацыя на Сінайскім паўвостраве. Перамагчы тэрарыстаў да выбараў, як меркаваў ас-Сісі, не ўдалося.

Захар БУРАК

Фота з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: Трэнды Давоса

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

«Малако — паўнавартасны прадукт харчавання, а не напой, гэта важна ўлічваць».