Вы тут

Факты пра беларускіх алімпійцаў, якія вы маглі не ведаць


Хто яны? Людзі, якія менш чым праз тыдзень выйдуць на алімпійскі стадыён Пхёнчхана і на працягу 20 дзён будуць прадстаўляць нашу краіну на сусветнай арэне. Сёння мы сабралі шматлікія факты пра нашых спартсменаў, каб вы даведаліся пра беларускіх алімпійцаў крыху больш.


Дар'я Домрачава

• Самая тытулаваная беларуская спартсменка ў гісторыі зімовых Алімпійскіх гульняў, а таксама першая біятланістка ў свеце трохразовая алімпійская чэмпіёнка.

• Нарадзілася ў Мінску ў сям'і архітэктараў. Праз чатыры гады разам з бацькамі пераехала ў Сібір, у горад Нягань, які толькі пачынаў будавацца.

• У дзяцінстве займалася танцамі і баскетболам, а потым разам са старэйшым братам прыйшла ў секцыю лыжных гонак.

• Скончыла гімназію, дзе вучылася ў эканоміка-прававым класе.

• Мае дзве вышэйшыя адукацыі Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта.

• На пачатку кар'еры Домрачава выступала за Расію, але ў 2004 годзе кіраўнік Саюза біятланістаў Расіі Аляксандр Ціханаў абвясціў аб бесперспектыўнасці Дар'і і даручыў адлічыць яе са зборнай.

• Двухразовая чэмпіёнка свету (2012 і 2013), уладальніца Кубка свету ў сезоне 2014/2015, уладальніца 5 малых Хрустальных глобусаў Кубка свету.

• У дзень заваёвы трэцяга залатога медаля на Гульнях-2014 Дар'і было прысвоена званне «Герой Беларусі», яна стала першай у гісторыі краіны жанчынай, якая атрымала найвышэйшую ўзнагароду.

• Улетку 2015 года спартсменка перанесла вострае віруснае захворванне — монануклеёз, пасля чаго працягнула трэніравацца.

• Праз год, летам 2016-га, з сацыяльных сетак стала вядома, што Дар'я выйшла замуж за нарвежскага біятланіста Уле-Эйнара Б'ёрндалена (васьміразовы алімпійскі чэмпіён), невялікае вяселле прайшло ціха на радзіме мужа Домрачавай.

• У кастрычніку 2016 года спартсменка нарадзіла дачку — Ксенію. Характэрна, што для родаў Дар'я не выбрала замежную медыцынскую ўстанову, дачка знакамітых спартсменаў з'явілася на свет у 6-м радзільным доме Мінска.

• Пасля нараджэння дзіцяці Домрачава хутка вярнулася ў вялікі спорт, узяўшы «серабро» на чэмпіянаце свету 2017 года.

• У цяперашнім сезоне тройчы ўздымалася на п'едэстал этапаў Кубка свету — у Хохфільцэне выйграла спрынтарскую гонку, у Антхольцы ўзяла «бронзу» ў пераследзе і «золата» ў мас-старце.

Сяргей Далідовіч

• Рэкардсмен беларускай каманды па ўдзеле ў Алімпійскіх гульнях. Для Далідовіча Гульні ў Пхёнчхане — сёмыя. Больш за яго ў «белых» Алімпіядах удзельнічалі толькі два спартсмены — расійскі саначнік Альберт Дземчанка і легендарны японскі скакун з трампліна Нарыякі Касаі.

• Нарадзіўся ў Оршы.

• У дзяцінстве займаўся футболам, гуляў у адной камандзе з вядомым беларускім футбалістам, а пазней трэнерам Пятром Качурам.

• У шаснаццаць гадоў стаў пераможцам усесаюзных спаборніцтваў, тады Сяргей бег у чужым камбінезоне, чужым абутку і з чужымі палкамі, толькі лыжы былі свае.

• У часы, калі былі фінансавыя складанасці, Сяргей таксаваў: «Браў жонку, каб было спакайней, выязджалі і зараблялі пяць-дзесяць долараў. Гэта вясёлае жыццё, якое ўспамінаю з задавальненнем. Памятаю час, калі мы прыходзілі ў кафэ са сваімі пельменямі. Заказвалі нейкія напоі, давалі пачак пельменяў — і нам іх варылі».

• Далідовіч дэбютаваў на Алімпіядзе ў 1994-м, тады яму быў 21 год.

• Самы дарослы ў цяперашняй алімпійскай камандзе, зараз Далідовічу 44 гады.

• У сакавіку 2001 года атрымаў сваю першую і адзіную перамогу на этапе Кубка свету.

• За сваю кар'еру прымаў удзел у 12 запар чэмпіянатах свету (1995—2017), на якіх выходзіў на старт у 34 дысцыплінах. Найлепшы вынік — 4-е месца ў скіятлоне на 30 км на чэмпіянаце свету 2011 года ў Халменколене.

• У 2017 годзе абвясціў аб тым, што завяршае кар'еру, але крыху пазней вырашыў, што хоча працягнуць выступленне і прыняць удзел у Алімпіядзе-2018. Спартсмен ужо не ўваходзіў у склад нацыянальнай зборнай, таму прыняў рашэнне самастойна рыхтавацца да Гульняў. Для гэтага абвясціў пра збор сродкаў на краўдфандынгавай пляцоўцы «Талака». Сабраў усю неабходную суму і нават крыху больш. Падрабязную смету расходаў спартсмен публікаваў на сваіх старонках у сацсетках.

• Сяргей Далідовіч з'яўляецца бацькам траіх дачок.

Антон Кушнір

• Нарадзіўся ў Чырвонаармейску (Ровенская вобласць, Украіна), з 2002 года жыве і трэніруецца ў Мінску.

• Удзельнік Алімпійскіх гульняў 2006, 2010 і 2014 гадоў. У Ванкуверы Антон быў адным з фаварытаў, у кваліфікацыі лідзіраваў пасля першага скачка, але ў другім адшпілілася лыжа, няўдалае прызямленне і толькі 21-ы вынік.

• На Алімпіядзе ў Сочы ў фінале Антон рызыкнуў і выйграў. Ён выканаў самы складаны скачок — трайное сальта з пяццю піруэтамі, прычым у самай нязручнай варыяцыі: два вінты — вінт — два вінты. «Памятаю, што той дзень быў доўгі, напружаны сам па сабе. Перад трэніроўкай адчуваў мандраж, страх. Але, калі прыехалі на схіл, усё прайшло. Я стараўся не думаць пра лішнія моманты, канцэнтраваўся на рабоце, важных дэталях, і ўсё атрымалася».

• Уладальнік Кубка свету 2009/2010 (выйграў 4 этапы з 6, адзін раз заняў другое месца і адзін раз трэцяе), сярэбраны прызёр агульнага заліку Кубка свету 2007/2008, бронзавы прызёр чэмпіянату свету 2011 года.

• Пасля перамогі на Алімпіядзе стаў тварам гадзіннікавага брэнда «Прамень».

• Перанёс некалькі аперацый да алімпійскай перамогі ў Сочы і яшчэ адну пасля яе.

• У цяперашнім сезоне ўздымаўся на п'едэстал на чатырох з шасці этапах Кубка свету — «золата» ў Маскве, «серабро» ў Лэйк-Плэсідзе і дзве «бронзы»: у кітайскім Сакрэт-Гардэне і амерыканскім Дзір-Вэлі.

• Бацька траіх дзяцей.

Ала Цупер

• Нарадзілася ў горадзе Роўна (Украіна).

• Скончыла Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці «трэнер-выкладчык».

• Пазнаёмілася з будучым мужам у трэнажорнай зале.

• У 33 гады спартсменка нарадзіла першае дзіця і на паўтара года спыніла трэніроўкі, прызнаецца, што ў спорт яе вярнуў муж.

• Вольны час любіць праводзіць на рыбалцы, захапляецца вязаннем.

• Шматразовая пераможца этапаў Кубка свету.

• Удзельніца пяці запар зімовых Алімпіяд (1998, 2002, 2006, 2010, 2014).

• На Гульнях у Сочы, дзе стала алімпійскай чэмпіёнкай, Цупер з цяжкасцю прайшла кваліфікацыю. У трэцім вырашальным фінале ўдала выканала свой скачок бэк-фул-фул-фул, атрымаўшы 98,01 бала. Усе тры канкурэнткі, якія выступалі пасля яе, сарвалі свае скачкі.

• Медаль Цупер стаў першым для Беларусі ў жаночым фрыстайле.

• Пасля Алімпіяды-2014 Цупер адкрыла свой бізнес — краму італьянскай пліткі.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: Імёны, якімі мы ганарымся

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».