Вы тут

Як папярэдзіць рак


Заўтра адзначаецца Сусветны дзень барацьбы з ракавымі захворваннямі. Праблема злаякасных новаўтварэнняў актуальная для ўсіх краін. Штогод у свеце рак дыягнастуюць у 14 мільёнаў чалавек.


Беларусь адносіцца да краін з сярэднім тэмпам росту ракавых захворванняў. Паводле інфармацыі загадчыка аддзела арганізацыі супрацьракавай барацьбы РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава Паўла Маісеева, штогод амаль у 50 тысяч беларусаў выяўляюць злаякасныя новаўтварэнні. Летась ад анкалагічных хвароб у Беларусі памерла каля 17 тысяч чалавек.

— Можна пачуць выказванні, што нас паглынае ракавая чума, але я з гэтым не згодны, — адзначыў Павел Маісееў. — Важна найперш не тое, колькі чалавек захварэла, а колькі памерла. А смяротнасць ад злаякасных новаўтварэнняў у нас знаходзіцца на другім месцы пасля сардэчна-сасудзістых захворванняў. А ў такіх краінах, як ЗША, Канада, большасці краін Заходняй Еўропы яна выйшла на першае месца.

Дарэчы, спецыялісты сцвярджаюць, што няма доказаў, нібыта на рост ракавых захворванняў уплывае блізкасць Чарнобыльскай АЭС. Даказана пакуль такая сувязь з пухлінамі толькі адной лакалізацыі — шчытападобнай залозы.

Сярод прычын вялікай распаўсюджанасці раку спецыялісты называюць рост працягласці жыцця. Наша краіна — не выключэнне. Сярэдняя працягласць жыцця ў нашых жанчын складае 79 гадоў, у мужчын — 69. І чым старэйшы чалавек, тым вышэйшая рызыка захварэць на рак. Яшчэ адна прычына тоіцца ў нашым ладзе жыцця.

— Не сакрэт, што сёння ў нас не ў пашане фізічная актыўнасць і правільнае харчаванне. Затое шкодныя звычкі вельмі распаўсюджаныя, — кажа Павел Маісееў. — Трэба памятаць, што 70 % раку лёгкага наўпрост узнікае ад курэння. 40 % іншых пухлін таксама звязаны з курэннем, але апасродкавана. Невялікую колькасць, не больш за 7 %, складаюць тыя пухліны, якія маюць генетычную прыроду. Як бачым, многае залежыць ад прафілактыкі. Большасць рэкамендацый сусветных арганізацый накіравана менавіта на прафілактыку. Выдаткоўваць вялікія грошы на лячэнне запушчаных выпадкаў бесперспектыўна.

Як сцвярджаюць медыкі, 40 % ракавых пухлін можна папярэдзіць. Крыўдна, што дагэтуль у нашай краіне выяўляецца шмат так званых пухлін візуальнай лакалізацыі. Яны даступныя для выяўлення падчас агляду ўрача. Пры гэтым амаль 13 % беларусаў, хворых на рак, памірае менавіта ад такіх новаўтварэнняў. Гэта сведчыць пра тое, што многія хворыя не звяртаюць увагу на свой арганізм.

— Дагэтуль сустракаюцца жанчыны, якія прыходзяць на прыём да доктара з 3—4 стадыяй пухліны малочнай залозы. Гэтак жа сустракаюцца хворыя з ракам скуры, у якіх ледзь не штодзень на галаве ці тулаве прагрэсіруе пухліна, і яны з гэтым нічога не робяць. Многае залежыць ад саміх нас, ладу жыцця і нашай увагі да арганізма, — падкрэсліў Павел Маісееў.

Каб папярэдзіць рак

Спецыфічных супрацьракавых дабавак не існуе. А метады прафілактыкі такія ж, як і ў іншых агульнасаматычных захворванняў. Паводле слоў загадчыка кафедры анкалогіі БелМАПА Аляксандра Жукаўца, даследаванні паказалі, што змяніўшы лад жыцця чалавека, можна на 40 % знізіць верагоднасць анкалагічных захворванняў. Яшчэ на 20 % зменшыць захваральнасць дапаможа лячэнне інфекцыйных хвароб. Як вядома, 15 % ракавых пухлін узнікае менавіта ад іх. Вірус папіломы чалавека выклікае рак шыйкі маткі, бактэрыя Хелікабактэр пілары — галоўны ўзбуджальнік гастрытаў і язваў страўніка, якія вядуць да раку, гепатыт В і С таксама прычына анкалагічных хвароб.

Аднак не ўсе хваробы можна папярэдзіць. Калі рак усё ж узнік, важна выявіць яго на нулявой, першай ці другой стадыях. 80 % такіх хворых папраўляюцца, а з некаторымі відамі пухлін, своечасова знойдзеных, шанцы паправіцца ёсць абсалютна ва ўсіх. У прыватнасці, гэта датычыць раку прастаты.

Паводле слоў намесніка дырэктара па навуковай рабоце РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава Сяргея Краснага, з 2007 года ў Беларусі пачалі ўкараняць скрынінгавыя праграмы. Яны дазваляюць выявіць чатыры віды раку: шыйкі маткі, прастаты, тоўстай кішкі і малочнай залозы. Цяпер вядуцца даследаванні па новых скрынінгавых праграмах, якія дазволяць выяўляць рак страўніка і лёгкіх.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Скрынінг — шанц на жыццё без раку

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».