Вы тут

Чым здзівіць «Славянскі базар у Віцебску» сёлета?


У дырэкцыі самага маштабнага на постсавецкай прасторы фэсту расказалі пра тое, чым здзівіць XXVІІ Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». Ён пройдзе з 12 па 16 ліпеня. Дадатковыя мерапрыемствы, як і заўсёды, запланаваны да адкрыцця і пасля закрыцця.


Кустурыца прыедзе. А Белучы?

Напэўна, многія могуць запытаць: ну што новага можна на «Базары» ўбачыць? За столькі гадоў каго толькі з артыстаў і калектываў там не было! Высветлілася, што сёлета рыхтуюцца прыняць «базарных навічкоў», але ж якіх!

У прыватнасці, у Летнім амфітэатры ўпершыню пацешаць публіку Эмір Кустурыца і яго «The No Smokіng Orchestra» («Аркестр, які не курыць»), музыкант і кампазітар Горан Брэгавіч з «The Weddіng & Funeral Band» («Вясельны і пахавальны аркестр»). Цікава, што спадар Кустурыца возьме ўдзел у паказе свайго фільма «На млечным шляху». У карціне, як вядома, знялася Моніка Белучы. Зразумела, прыхільнікі яе творчасці і прыгажосці былі б рады і яе прыезду...

Раней ніколі не выступаў у Віцебску і рок-гурт «Мумій Троль», які, безумоўна, збярэ поўную залу галоўнай канцэртнай пляцоўкі.

Кіраўнік дырэкцыі фестывалю Аляксандр СІДАРЭНКА на прэс-канферэнцыі перыядычна інтрыгаваў і «адбіваўся» ад назойлівых пытанняў наконт таго, хто яшчэ з зорак будзе ўдзельнічаць у фэсце. З таямнічай усмешкай падкрэсліваў, што «сюрпрызы будуць». Маўляў, усё раскажа, але не сёння...

Даўно чакаюць цыркачоў

Добра, што ў арганізатараў заўсёды шмат цікавых ідэй, яны адкрытыя і для прапаноў. У прыватнасці, прапрацоўваецца магчымасць правесці цыркавы міні-фестываль.

Чацвёрты раз правядуць фестываль вулічнага мастацтва «На сямі вятрах». І зноў на вуліцах і плошчах Віцебска адбудуцца інтэрактыўныя праекты вулічных тэатраў, музыкантаў, перформераў, артыстаў і лялечных тэатраў . Дарэчы, у гэтым годзе першы маленькі — пяцігадовы — юбілей у праекта «Лялечны квартал».

Больш стане падзей і падчас традыцыйнага «Дня моладзі». Эпіцэнтр гэтага праекта — плошча Перамогі. Там плануюць арганізаваць тое, чаго раней не было, значна пашырыцца геаграфія ўдзельнікаў.

Падары «Базар» блізкім!

З 1 лютага пачаўся продаж падарункавых сертыфікатаў наміналам у 10, 20, 30, 50 і 100 беларускіх рублёў. Абмяняць іх на білеты можна будзе з 23 лютага па 18 ліпеня. Як разважае дырэктар фэсту, сертыфікаты, бадай, — самы лепшы падарунак каханым, родным, бо тыя змогуць самі выбраць нешта для прыемных уражанняў.

Рэалізацыя білетаў на праекты фестывалю будзе праходзіць у тры этапы. Першыя паступяць у продаж 23 лютага. Старт другога этапу продажу білетаў на ўсе праекты ў Летнім амфітэатры запланаваны на 23 сакавіка. На трэцім этапе — білеты на праекты на іншых фестывальных пляцоўках. Дата будзе агучана дадаткова.

Пра падрабязнасці таго, якім будзе фестываль, «Звязда» яшчэ раскажа. Нагадаю, што Віцебск — сталіца фестываляў. І сёлета, працягваючы традыцыю супрацоўніцтва, плануецца правесці ІV Міжнародную канферэнцыю «Фестывальны рух. Традыцыі і інавацыі».

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Загаловак у газеце: І зоркі з аркестрамі

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.