Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» расказваем пра паражэнне тэнісістаў у Кубку Дэвіса, пра поспехі барцоў і вынікі беларускіх майстроў малой ракеткі на еўрапейскім топ-турніры.


1. Тэнісісты зборнай Беларусі прайгралі камандзе Аўстрыі з агульным лікам 0:5 у матчы першага круга групы І Еўра-Афрыканскай зоны Кубка Дэвіса.

У першы дзень матча Ілья Івашка саступіў Геральду Мельцэру, а Дзмітрый Жырмонт Дамініку Ціму. У суботу парная сустрэча таксама завяршылася на карысць аўстрыйцаў, а Ілья Івашка гэтым разам саступіў Дамініку Ціму. У заключным адзіночным паядынку Яраслаў Шыла прайграў у двух сэтах Дэнісу Новаку.

6—7 красавіка зборная Аўстрыі сустрэнецца з тэнісістамі Расіі ў барацьбе за выхад у плэй-оф Сусветнай групы. Беларусы восенню будуць весці барацьбу за права застацца ў першай групе Еўра-Афрыканскай зоны Кубка Дэвіса.


2. Шэсць узнагарод заваявалі беларускія барцы на міжнародным турніры катэгорыі Гран-пры ў Заграбе. У фінале вагавой катэгорыі 130 кг Іосіф Чугашвілі аказаўся мацнейшы за Рамазана Сары з Турцыі. На найвышэйшую прыступку п'едэстала таксама падняўся Казбек Кілаў, які ў катэгорыі 77 кг быў мацнейшы за харвата Дамініка Этлінгера.

Яшчэ тры беларускія атлеты сталі сярэбранымі прызёрамі. Віктар Сасуноўскі (вагавая катэгорыя 82 кг) уступіў у вырашальнай сутычцы Божа Старчэвічу з Харватыі, Максім Кажарскі (60 кг) не змог справіцца ў фінале з Віргілам Мунцяну з Румыніі, Сяргей Старадуб (97 кг) прайграў Адаму Варге з Венгрыі. Бронзавую ўзнагароду турніру ў гэтай жа катэгорыі (97 кг) выйграў беларус Аляксандр Грабовік.


3. Аліна Талай заняла чацвёртае месца на міжнародным турніры серыі ІAAF World Іndoor Tour 2018 у нямецкім Карлсруэ. У забегу на 60 м з бар'ерамі ў фінале яна паказала вынік 7,88 сек, палепшыўшы сваё дасягненне зімовага сезона (нагадаем, у канцы студзеня Талай перамагла на турніры ў Берліне з вынікам 7,89 сек). Пераможцай стала амерыканка Шэрыка Нэлвіс — 7,80 сек. Наступны старт для Аліны Талай адбудзецца 6 лютага ў Дзюсельдорфе.


4. Уладзімір Самсонаў заняў 4-е месца на еўрапейскім турніры топ-16 па настольным тэнісе, які прайшоў у швейцарскім Мантрэ. У паядынку за «бронзу» беларус саступіў ва ўпартай барацьбе датчаніну Ёнатану Гроту з лікам 3:4. А да гэтага абыграў шведа Крысціяна Карлсана — 4:3, у чвэрцьфінальным паядынку перамог яшчэ аднаго шведскага спартсмена Матыяса Карлсана — 4:1, а ў паўфінале саступіў свайму адвечнаму саперніку немцу Ціма Болю — 2:4.

Вікторыя Паўловіч выбыла з барацьбы пасля стартавай сустрэчы, саступіўшы шведцы Мацільдзе Экхальм — 0:4. Пераможцай жаночага турніру стала румынка Бернадэт Сеч.


5. Мінскія «Цмокі» саступілі ў чарговым паядынку Адзінай лігі ВТБ. Пятае паражэнне на турніры каманда пацярпела ў Казані ў гульні з адным з галоўных фаварытаў Уніксам — 62:87. У складзе мінчан самым выніковым стаў Дэвон Садлер, які набраў 11 ачкоў.

Пасля 13 праведзеных сустрэч у мінчан 17 ачкоў, яны па-ранейшаму знаходзяцца на 7-м месцы ў турнірнай табліцы. Наперадзе краснадарскі клуб «Лакаматыў-Кубань» — 26 ачкоў, на адзін бал менш у Унікса, па 24 ачкі маюць «Зеніт» і маскоўскі ЦСКА. У наступную нядзелю, 11 лютага, маскоўскія армейцы на пляцоўцы «Мінск-Арэны» стануць чарговымі сапернікамі «Цмокаў» у Адзінай лізе ВТБ.

Да гэтага матча «Цмокі» правядуць заключны паядынак другога групавога этапу Кубка ФІБА-Еўропа. У сераду, 7 лютага, яны прымуць у Мінску чарнагорскі «Морнар».

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: Цяпер — толькі барацьба за права застацца

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Шлях да сэрца вандроўніка ляжыць праз страўнік

Шлях да сэрца вандроўніка ляжыць праз страўнік

Як развіваецца гастратурызм у Беларусі?

Жыллё

Што змянілася ў парадку рэгістрацыіі жыллёвай нерухомасці?

Што змянілася ў парадку рэгістрацыіі жыллёвай нерухомасці?

Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.