Вы тут

Прафсаюзны тураператар сёння прапануе каля 500 маршрутаў


Уявіце толькі: прафсаюзны тураператар сёння прапануе каля 500 маршрутаў! Прычым беларусы і госці нашай краіны змогуць выбраць для сябе не толькі новыя напрамкі. Прадстаўнікі туріндустрыі шукаюць розныя падыходы да падачы экскурсій, насычаюць іх інфармацыяй, аздабляюць анімацыяй.


Старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Міхаіл Орда падчас адкрыцця турыстычнай выставы «Прафтур-2018».

Шпарка пачаў развівацца прамысловы турызм. Як падчас адкрыцця турыстычнай выставы «Прафтур-2018» заўважыў старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Міхаіл Орда, сёння экскурсіі на разнастайныя прадпрыемствы дазваляюць падаваць людзям цікавую інфармацыю, пазіцыянаваць нашу вытворчасць, а таксама выконваюць прафарыентацыйную функцыю для школьнікаў. Паглядзець, як ствараецца магутная тэхніка, адзенне і абутак, пакаштаваць ласункі на кандытарскіх фабрыках, патрапіць на самы буйны ў свеце завод па вытворчасці алмазаў, даведацца, як варыцца піва і ствараюцца льняныя тканіны, выдзьмуваецца шкло, патрымаць у руках злітак толькі што адлітага золата на ювелірным заводзе — усё гэта стала магчыма дзякуючы новаму трэнду ў турыстычнай галіне.

— Мы і раней займаліся вытворчым турызмам, але сёлета істотна ўзмацнілі гэты кірунак і прапануем экскурсіі больш чым на 50 найбуйнейшых прадпрыемстваў Беларусі, — паведаміла начальнік упраўлення турысцка-экскурсійнай работы і турыстычных паслуг кампаніі «Беларустурыст» Наталля ШЧАПАЛКІНА. — Навінкі сезона — экскурсія на ювелірны завод «ZОRKА», на смеццеперапрацоўчыя заводы ў Брэсце і Гродне. Сярод прадпрыемстваў, якія могуць наведаць турысты, — Тураўскі малочны камбінат, «Гомсельмаш» і Мінскі аўтамабільны завод, трыкатажныя фабрыкі, вытворчасць цацак маркі «Палессе». А яшчэ мы водзім экскурсіі за кулісы цырка, Мінскага тэатра оперы і балета і Гродзенскага тэатра.

Трэба сказаць, што калі раней «Беларустурыст» у асноўным прапаноўваў адпачынак унутры краіны, сёння ён запрашае турыстаў да мора ў Затоку, што недалёка ад Адэсы.

— Мы адкрываем дарогу да мора, прычым не толькі з Мінска ці Брэста, але і з самых маленькіх гарадоў нашай краіны. Аўтобусы паедуць на поўдзень Украіны ў Адэскую вобласць, — паведаміла генеральны дырэктар прадпрыемства Людміла Сянькоўская. — А для замежных гасцей мы распрацавалі ўнікальную карту, якая называецца «Беларусь: крок за крокам» і куды нанесены 18 маршрутаў. Выкарыстоўваючы яе, турыст можа сам спланаваць сваё падарожжа: напрыклад, пачаць яго з аднаго маршруту, пасля даехаць да пэўнага гарадка і змяніць напрамак.

Арганізатар анімацыйнай праграмы Аляксандр Мельнікаў запрашае на «Парсюк-шоу».

Паверце, сёння турызм ужо можна выбіраць на смак, колер і нават водар.

Сёлета прапануецца цудоўны набор тураў выхаднога дня, прычым не трэба чакаць лета, каб трапіць у падобнае падарожжа. Можна выправіцца па ўражанні ўжо ў наступную суботу. Звярніце ўвагу на навінкі — інтэрактыўныя экскурсіі ў Магілёве і Гомелі — гэта сапраўднае падарожжа ў часе і прасторы, вы трапіце на старажытны баль, будзеце вывучаць мову веера і кветак.

У падарожжах турысты не проста назіраюць за разнастайнымі касцюміраванымі шоу, але і самі становяцца актыўнымі ўдзельнікамі. Напрыклад, дом адпачынку «Лагойскі» прапануе вечар у казацкім стане, дзе можна навучыцца карыстацца шашкай, у Оршы турысты патрымаюць у руках сярэднявечную зброю, а на Браслаўшчыне іх задзейнічаюць у квэсце «Востраў скарбаў». А чаму не паўдзельнічаць у дранік-фэсце ці не павучыцца варыць сапраўдную юшку? Дарэчы, калі вы неабыякавыя да «гастранамічных» падарожжаў, звярніце ўвагу на новую анімацыйную экскурсію «У гасцях у пані Пышкі» на базе турысцка- аздараўленчага комплексу, што знаходзіцца за чатыры кіламетры ад Гродна. Між іншым, менавіта тут вас навучаць рабіць пышную бабку.

Фірмовыя каўбаскі, крывянкі і вантрабянкі можна пакаштаваць не на адной экскурсіі. Калі ж я паспрабавала выведаць хоць які-небудзь рэцэпт у загадчыцы вытворчасці турбазы «Лясное возера» Яніны ЯНУШКІ, жанчына пажартавала: «Усё трымаем у сакрэце, але абавязкова прыязджайце да нас, каб паласавацца такімі прадуктамі, якія не купіш ні ў адной краме. Усё робім уласнымі рукамі: самі сала солім, паляндвіцу сушым, морсы з брусніцаў і марошкі гатуем». Прынамсі, на гэтую базу трэба завітаць яшчэ і для таго, каб пазнаёміцца з паляўнічымі традыцыямі, у час анімацыйнай праграмы «Парсюк-шоу» турысты ў тым ліку ўдзельнічаюць у майстар-класе па разбіранні свежыны.

Патрапіць на вячэру ў сярэднявечным антуражы, пакаштаваць знакамітую аршанскую шпанку (моцны напой на зёлках) можна на адной з найстарэйшых беларускіх турысцка-аздараўленчых баз «Орша». Штогод тут прапануюць разнастайныя праграмы, сярод найноўшых — «Паданні маёнтка Браўды», завязаная на любоўнай гісторыі мясцовага пана. «Нашы анімацыйныя праграмы разлічаны на дзве гадзіны, людзі знаёмяцца з Сярэднявеччам, традыцыямі і легендамі, спрабуюць сябе ў ролі рыцараў, развучваюць старадаўнія танцы, прымяраюць даспехі. Акрамя таго, на тэрыторыі комплексу ёсць вяровачны парк «Форт Баярд», трэнажорная зала, аказваюцца медыцынскія паслугі», — падзяліўся дырэктар унітарнага прадпрыемства турысцка-аздараўленчага комплексу «Орша» Раман ШТЫРХУНОЎ.

Такі можа быць смак турызму.

Кажуць, некалі на беразе Лосвіда жыў пан, які забаўляўся тым, што па першым лёдзе на санях вёз гасцей па возеры. Але ён ведаў, што насамрэч на другі бераг можна перабрацца па патайной сцежцы. Праходзілі тут і французы — па адной з легендаў, быццам бы ў гэтых мясцінах схаваныя скарбы Напалеона. Перайсці цераз возера па падводнай дарозе, а таксама пашукаць скарб прапануе работнік унітарнага прадпрыемства «Віцебск-турыст» Аляксандр КАВАЛЁЎ, ён жа «пан Анісім». І хоць возера Лосвіда лічыцца адным з самых глыбокіх на Віцебшчыне, на незвычайнай сцежцы, што пракладзена цераз яго, глыбіня не больш за паўметра.

Архіўныя матэрыялы, якія расказваюць пра сярэднявечныя аптэкарскія сады, аказаліся запатрабаванымі пры падборы калекцый і планіроўкі новага экскурсійнага аб'екта на Мядзельшчыне — аптэкарскага саду. На яго тэрыторыі ёсць і ўнікальная хатка бабулі-траўніцы. Наведаць сад можна з красавіка да лістапада, тут так падабраны кампазіцыі, каб заўсёды былі квітнеючыя расліны. Адна з іх — марознік — можа распусціцца яшчэ ў сакавіку, а пры цёплай зіме нават у лютым. Тых, хто выбіраецца сюды ў маі, чакае прыемны сюрпрыз — квітнее алея сакуры. Наогул, тут можна пабачыць каля 200 відаў раслін, якія выкарыстоўваліся ў народнай медыцыне, у тым ліку і вельмі рэдкія. На экскурсіі вы адкрыеце многія сакрэты зёлак, зможаце дакрануцца да іх, сарваць, расцерці, адчуць асаблівы водар і, канешне, пачастуецеся смачнай і карыснай гарбатай.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».